фото28 жнiўня — дзень нараджэння Генадзя Бураўкiна. Нават не верыцца, што яшчэ аднаму выдатнаму нашаму паэту — 70. Звычайна прыкмячаеш толькi свой узрост, а чужому здзiўляешся — як усё-такi бягуць гады…

Дзяўчаткi майго юнацтва,

Зялёнай, бяссонай пары…

Змаглi вы такiмi ж застацца.

А я — беззваротна стары.

Так пiсаў Бураўкiн ужо ў другой палове 90-х. А ў 2004-м выдаў паэтычную кнiгу з вельмi сiмвалiчнай назвай — “Жураўлiная пара”.

Цяпер пiша “Лiсты да запатрабавання” — здаецца, з разлiкам на будучае, хай не сёння i нават не заўтра яны будуць прачытаны i асэнсаваны — проста калi-небудзь. I адначасова пiша ўспамiны.

Успамiны ў маладосцi цi ў сярэднiя гады не пiшуць — за iх бяруцца, калi трэба паспяшацца… Дай Бог, шаноўны Генадзь Мiкалаевiч, яшчэ доўгiх Вам гадоў жыцця, бо калi Вашы вершы, Ваша душэўная праца запатрабаваная, значыцца, i жыццё павiнна доўжыцца.

— Шаноўны Генадзь Мiкалаевiч, давайце пачнём з юнацтва. Цi памятаеце Вы, як пачыналася Ваша паэтычныя бiяграфiя? Я вось у фондах аднаго лiтаратурнага архiва-музея знайшоў разгляд супрацоўнiкамi часопiса “Маладосць” Вашых першых вершаў. — Вы яшчэ ў школу хадзiлi. Напэўна, Вы ўсмiхнецеся, калi прачытаеце цяпер гэтыя водгукi…

— Думаю, што гаварыць пра пачатак паэтычнай бiяграфii ў школьныя гады будзе залiшне гучна — проста было юначае захапленне вершаваным словам, наiўнае жаданне далучыцца да творчасцi. Паэзiя, так бы мовiць, была тут нi пры чым, бо яшчэ далёка наперадзе было i зацiкаўленае вывучэнне лiтаратуры, i адчуванне, а потым i разуменне складанасцi i адказнасцi пiсьменнiцкай справы. Маладосцеўскiя “рэцэнзii”, якiя я атрымлiваў з Мiнска, нярэдка былi дастаткова суровымi i горкiмi, i тое, што яны не адбiлi ў мяне цягi да рыфмавання, вызначалася, вiдаць, найперш добразычлiвасцю iх аўтараў (а былi гэта такiя высокiя прафесiяналы i слаўныя людзi, як Янка Брыль, Вера Палтаран, Мiкола Аўрамчык), i безагляднай хлапчукоўскай смеласцю. Першыя мае вершы надрукавала полацкая абласная газета “Бальшавiцкi сцяг” (былi тады i Полацкая вобласць, i такая газета), калi я вучыўся ў Расонскай сярэдняй школе. Пасля былi Полацкая СШ № 1 i публiкацыi ў “Чырвонай змене” i нават “Полымi”. Аднак пачаткам творчасцi я гэта не называў бы — былi далёкiя подступы да таго, за што я ўжо гатовы несцi адказнасць як аўтар.

— Агульнавядома, што Ваша бiяграфiя багатая на падзеi. Калi браць у храналагiчным парадку, Вы былi i намеснiкам галоўнага рэдактара “ЛiМа”, i карэспандэнтам газеты “Правда”, затым — галоўным рэдактарам часопiса “Маладосць”, а з 1978 года — старшынёй Дзяржаўнага камiтэта па тэлебачаннi i радыёвяшчаннi, i амаль чатыры гады пражылi ў Нью-Йорку — у якасцi пастаяннага прадстаўнiка рэспублiкi пры ААН, а пасля вяртання на Беларусь сталi намеснiкам мiнiстра культуры i iнфармацыi. I пры гэтым працягвалi пiсаць вершы. Цi не перашкаджаў увесь гэты час Бураўкiн-чыноўнiк Бураўкiну-паэту?

— Безумоўна, перашкаджаў. Ды яшчэ як! Мае салiдныя дзяржаўныя пасады “ўкралi” ў мяне не менш за паўдзесятка кнiжак вершаў. Толькi-толькi ў шасцiдзесятыя-сямiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя прыйшло пэўнае ўмельства, нейкае “месца” ў лiтаратурным страi, а тут на мяне абрынулiся штодзённыя чынавенскiя клопаты, пасяджэннi, стосы папер з грыфамi “Сакрэтна” i “Для службовага карыстання”, сустрэчы з самымi рознымi людзьмi, калi трэба прымаць рашэннi, браць на сябе адказнасць за чужы лёс… Ой, як гэта нялёгка!.. Адзiнае, што супакойвала i суцяшала, — усё, чым я займаўся, было звязана з беларускай культурай, з Бацькаўшчынай. I часта прыносiла, пафасна кажучы, сапраўдную грамадзянскую радасць — напрыклад, калi адкрывалася i набiрала моцы нацыянальная тэлепраграма, калi прадстаўнiцтва ў Нью-Йорку стала першым дыпламатычным прадстаўнiцтвам суверэннай Рэспублiкi Беларусь, калi ўдавалася “прабiць у друк” новыя аповесцi Васiля Быкава цi “Я — з вогненнай вёскi…” Алеся Адамовiча, Янкi Брыля i Уладзiмiра Калеснiка… Можа, сёння той-сёй гэтага i не памятае цi не хоча прыгадваць, але гэта было! I да таго ж нейкiм чынам адгукалася ў вершах. Ва ўсякiм разе, бясследна для творчасцi не праходзiла… Вядома, хацелася, трэба было пiсаць болей i лепей. Але так ужо складвалася жыццё…

— У 1995 годзе Вы сталi супрацоўнiкам часопiса “Вожык”. Як гэта можна патлумачыць — пасля такiх пасад i раптам — “Вожык”? Калi па шчырасцi, цi не было тады закранута Ваша самалюбства?

— Калi па шчырасцi — было. За плячыма ў мяне да таго часу быў вопыт (i, здаецца, грунтоўны i паспяховы) “мiнiстэрскай” працы, было добрае веданне замежнага жыцця (чатыры аанаўскiя гады не прайшлi ж марна), былi неблагiя асабiстыя кантакты не толькi з выдатнымi прадстаўнiкамi iнтэлiгенцыi былога Савецкага Саюза, а i з не апошнiмi людзьмi ў Чэхii, Фiнляндыi, Iталii, Венгрыi, Кiтаi. Усё гэта можна было ўжыць на карысць самастойнай, незалежнай Беларусi. Аднак досвед мой аказаўся не запатрабаваны, ва ўсякiм разе для тых, хто вызначаў i вызначае “генеральную лiнiю”. I на маёй “чыноўнай” кар`еры быў пастаўлены вялiзны чорны крыж. Урэшце я вярнуўся да журналiстыкi. I, далiбог, зусiм не шкадую.

— Дарэчы, кажуць, што з пасады старшынi Камiтэта па тэлебачаннi Вас знялi з-за таго, што Вы далi прамы эфiр Зянону Пазьняку? Цi так гэта?

— Дакладна адказаць не бяруся, бо не я ж прымаў рашэнне. Сапраўды, карыстаючыся правам кiраўнiка, я даваў прамы эфiр у неспакойныя днi славутай “перабудовы i галоснасцi” Зянону Пазьняку, i не толькi яму. Былi вострыя перадачы i пра Курапаты, i пра вiльнюскi з`езд БНФ, i пра разгон мiрнага мiтынгу каля мiнскiх Маскоўскiх могiлак. Так што пiльным iдэалагiчным наглядчыкам з ЦК КПБ пры жаданнi прычапiцца было да чаго. З пасады, калi ўжо быць абсалютна дакладным, мяне не здымалi — вылучылi на iншую, дыпламатычную працу.

— I яшчэ такi цiкавы факт: калi Вы вярнулiся з Нью-Йорка ў Мiнск, Вам прапанавалi нейкую высокую пасаду, але пры адной умове — калi Вы прынародна адмовiцеся ад сяброўства з Васiлём Быкавым. Вы адказалi на гэта: “Перадайце вашаму ўсемагутнаму патрону, што на свеце няма i не будзе такiх пасад, за якiя я мог бы прадаць сяброўства з Васiлём”. Цi былi ў Вашым жыццi падобныя выпадкi — калi Вам прапаноўвалi пайсцi супраць уласнага сумлення?

— Зноў жа — усё ў рэальнасцi было зроблена i больш хiтра, i больша подла. Калi я вярнуўся вясной 1994 года з Амерыкi, тагачасны “гаспадар” краiны Вячаслаў Кебiч гарантаваў мне пасаду мiнiстра культуры. Былi ад яго, дарэчы, i iншыя высокiя прапановы. А потым раптам ён (а дакладней — ягоныя ўплывовыя дарадцы) перадумаў i пачаў гаварыць нават пра мой датэрмiновы выхад на пенсiю. Вось у тыя днi i сустрэўся мне мой “камсамольскi” знаёмы, якi быццам бы вельмi даверлiва i неафiцыйна паведамiў, што ў мяне можа быць неверагодна высокая пасада, калi я публiчна, у друку, адмоўлюся ад сяброўскiх адносiн з Васiлём Быкавым. У адказ я i сказаў тое, што ты прыгадаў… Падобныя выпадкi, хоць i не такiя цынiчныя, са мною здаралiся i раней. Праўда, пасля беспаспяховых “спроб” iнтрыганы i хiтруны з кiраўнiчых кабiнетаў больш ужо не патыкалiся: ведалi — нумар не пройдзе.

- Як друкаваліся аповесцi ў “Маладосцi” ў той час, калi Вы былi галоўным рэдактарам? Гэта ж 70-я гады, яшчэ ў памяцi былi шумныя кампанii шальмавання Быкава ва ўсесаюзным друку 60-х гадоў. Цi былi заўвагi да яго аповесцяў у цэнзараў?

— Аповесцi праходзiлi па-рознаму. Нiводная, праўда, не iшла “як па масле”. Цэнзура Быкава чытала з асаблiвай прыдзiрлiвасцю. Але ж i мы з Васiлём Уладзiмiравiчам былi не лыкам шытыя, баранiлiся ўпарта i вынаходлiва. Часам пераконвалi цэнзараў, часам нешта ўступалi. Так было, напрыклад, з “Яго батальёнам”, “Пайсцi i не вярнуцца”. Дарэчы, аповесць “Мёртвым не балiць” спярша была надрукаваная ў “Маладосцi”, калi галоўным рэдактарам працаваў Пiмен Панчанка, i прайшла дастаткова спакойна. Гром грымнуў, калi яе ў перакладзе на рускую мову змясцiў лiберальны “Новый мир” Твардоўскага.

— А цi былi Вы знаёмыя з Твардоўскiм, бо менавiта ж ён падпiсаў у друк перад адыходам з “Нового мира” пераклад на рускую мову Вашай паэмы “Хатынскi снег”, якая i прынесла Вам першую ўсесаюзную вядомасць?

— На жаль, з Аляксандрам Трыфанавiчам асабiста знаёмы я не быў. Бачыў здалёк, шмат аб iм чуў — ад Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкi, Васiля Быкава. Любiў i люблю ягоную выдатную лiрыку, непаўторнага “Васiля Цёркiна”. I вельмi даражу фактам, што сярод матэрыялаў, якiя, адыходзячы з “Нового мира”, падпiсаў у друк Твардоўскi, быў i пераклад маёй паэмы “Хатынскi снег”. Гэта для мяне на ўсё жыццё адна з самых высокiх ацэнак напiсанага.

— Лёс падараваў Вам знаёмства i сяброўства з многiмi таленавiтымi i знакамiтымi людзьмi. Каго з iх сёння Вы прыгадваеце добрым словам у першую чаргу?

— Вось сапраўды, за што я вечна ўдзячны лёсу i Богу, дык за тое, што яны далi мне шчасце быць знаёмым i нават сябраваць з многiмi выдатнымi, таленавiтымi людзьмi. Розныя перыяды былi ў нашых адносiнах, але я ганаруся, што многiя гады быў поблiз з Пятром Клiмуком i Уладзiмiрам Кавалёнкам, Пiменам Панчанкам i Iванам Мележам, Вiктарам Астаф`евым i Андрэем Вазнясенскiм, Радзiмам Гарэцкiм i Уладзiмiрам Платонавым, Уладзiмiрам Мулявiным i Вiктарам Туравым, Дзмiтром Паўлычкам i Раманам Лубкiўскiм, Гаўрылам Вашчанкам i Леанiдам Шчамялёвым, Уладзiмiрам Багамолавым i Валянцiнам Аскоцкiм, Эдуардам Ханком i Iгарам Лучанком, Яраславам Еўдакiмавым i Вiктарам Манаевым, Андрэем Макаёнкам i Аркадзем Куляшовым, Нiлам Гiлевiчам i Уладзiмiрам Някляевым… Асаблiвае месца ў маiм сэрцы i маёй памяцi займаюць Васiль Быкаў, Мiкола Матукоўскi, Рыгор Барадулiн, Валянцiн Болтач, Сяргей Законнiкаў, Вiктар Казько. Пакiнулi свой непаўторны след у маiм некароткiм жыццi i Кiрыла Трафiмавiч Мазураў, Пётр Мiронавiч Машэраў, Аляксандр Нiчыпаравiч Аксёнаў, Аляксандр Трыфанавiч Кузьмiн… I яшчэ многiм хачу я з удзячнасцю пакланiцца. Без iх я быў бы iнакшы.

— Ведаю, што Вы зараз працуеце адразу над дзвюма кнiгамi — паэтычнай “Лiсты да запатрабавання” i над кнiгай успамiнаў. Калi можна так паставiць пытанне: што лягчэй пiшацца? Што больш патрабуе эмацыянальных затрат — паэзiя цi мемуарная проза?

— Сёння мне ўжо ўсё пiшацца нялёгка. Аляксандр Сяргеевiч Пушкiн мудра казаў, што “года шалунью-рифму гонят”. Ды i ўспамiны патрабуюць агромнiстых “выдаткаў” — i фiзiчных, i эмацыянальных. Так што дай Божа завяршыць гэтыя вельмi важныя для мяне кнiгi.

— Дарэчы, калi быў яшчэ жывы Васiль Быкаў, Вы неяк сказалi, што зразумелi, чаму Васiль Уладзiмiравiч вырашыў пiсаць успамiны — таму, што адчуў, што пастарэў. “А я яшчэ не адчуваю сябе старым!” — сказалi Вы тады. I вось прайшло некалькi год, i Вы таксама ўзялiся за ўспамiны.

— Ад гадоў не ўцячэш. I да мяне прыйшла пара нешта падсумаваць, на нешта азiрнуцца, аб нечым задумацца, а аб нечым i пашкадаваць. Жыццё — яно ўсё ж мудрае. Толькi б яго хапiла хаця б на галоўнае…

— Генадзь Мiкалаевiч, прабачце, калi ласка, што нагадваю пра гэта, але пасля той малавясёлай гiсторыi, калi ў Вас спынiлася сэрца ў той час, калi ў Мiнiстэрстве юстыцыi вырашаўся лёс Саюза беларускiх пiсьменнiкаў i калi Вы апынулiся на мяжы памiж жыццём i смерцю, цi перагледзелi Вы неяк свае адносiны да гэтага самага жыцця?

— Не думаў я пра гэта. Проста стала да трагiчнага ясна, якое яно нетрывалае, зямное жыццё наша, як iм трэба даражыць i як многа не паспеецца ўжо зрабiць з таго, што мог бы, калi б быў у свой час больш працавiты, больш абачлiвы i больш удачлiвы. Але ж не ўсё залежыць ад самога, i не ўсё на гэтай зямлi ўладкавана разумна i справядлiва… А пажыць яшчэ хочацца…

— Дарэчы, на Вашыя вершы напiсана не адна песня. Мабыць, самая вядомая з iх — “Вечаровая, зачарованая”, якую Вы прысвяцiлi сваёй жонцы Юлii Якаўлеўне. Аднак цi спявалi Вы калi сваёй жонцы Вашыя вершы-песнi?

— Як гэта таму-сяму не здасца дзiўным, я ў iнтымных справах дастаткова стрыманы i сарамлiвы. У адносiнах да любiмых людзей я залiшне строгi да слоў. Таму i Юлii сваёй спяваў куды радзей, чым яна таго заслугоўвала. Хай ужо велiкадушна мне даруе…

— У адным з Вашых раннiх вершаў ёсць такiя радкi: “Сёння я незвычайна радасны. Ну, не хлопец — усмешка адна…”. А як бы Вы сёння сказалi пра сябе — праз амаль пяцьдзесят год пасля таго, як напiсаўся гэты верш?

— Сёння я, на жаль, заклапочаны i сумны. Не згiнаюся пад цяжарам гадоў, але i прыкiдвацца маладым i нястомным не збiраюся. З надзеяй гляджу на дзяцей i ўнукаў, вельмi спадзяюся на духоўнае адраджэнне роднай Беларусi. I тайна паўтараю (баючыся, цi маю на гэта права) радкi святога для мяне Янкi Купалы:

Я адплацiў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў на свабоду,

Зваў з цемры да святла.


Уносiў гэтым долю

Сваю для ўсiх дабра,

А болей… Што ж там болей

Жадаць ад песняра?!.

Сяргей ШАПРАН
-30%
-10%
-25%
-15%
-40%
-10%
-10%
-30%
0072263