Александр Куллинкович. Фото - photo.bymedia.net25 жніўня адбыўся яшчэ адзін "свабодны" канцэрт у парку Дружбы народаў, што побач з плошчай Бангалор. Карэспандэнт "Белорусских новостей" там быў — слухаў беларускую музыку і глядзеў, які настрой зараз пануе сярод маладых аматараў року.

Адразу просіцца параўнанне гэтага канцэрта з ранейшым, які адбыўся на тым самым месцы 18 сакавіка. Быў адзін маленькі эпізод на тым, вясновым, канцэрце: публіку папрасілі ўзняць над галавою рукі далонямі ўверх. Здавалася б — дробязь, але гэта самая дробязь уразіла як нішто іншае ў той вечар. Некалькі тысяч чалавек, якія адначасова дэманструюць сваю безабароннасць і адкрытасць, свой мірны настрой і адсутнасць нядобрых намераў — вось, глядзіце, нашыя раскрытыя далоні, чытайце нашыя лініі жыцця, мы не сціскваем кулакі, мы не нясем нічога дрэннага. На канцэрце ж учора такіх момантаў, уражанняў і сімвалаў заўважана не было.

Канешне, тлумачанне гэтаму відавочна: калі ў сакавіку аматары беларускага року сабраліся ў парке Дружбы народаў, яны чакалі не толькі добрай музыкі, але і нейкага натхнення, чагосьці, што павінна было ўмацаваць іх надзеі на перамены. А ўчора, нягледзячы на тое, што і надвор’е было лепей ("плюс 20" замест "мінус 10", і многія маладыя бацькі бралі з сабою маленькіх дзетак, нават ў калысках), і нагода сабрацца была (25 жніўня — пятнадцатыя ўгодкі надання Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі моцы канстытуцыйнага закону), ніякіх "надзей" — у сакавіцкім сэнсе — не было. Людзі прыйшлі, каб паслухаць выдатных музыкаў. І калі забыць пра вясновыя "мары аб нечым большым" і ставіцца да канцэрта менавіта як да падзеі музычнага жыцця Мінску, то нельга не прызнаць, што падзея адбылася выдатная.

Першымі выступалі маладыя музыкі з гурта "Band A", потым выйшлі ліцэісты "Партызанская школа", за імі — гурт "PLAN" (менавіта яго маглі чуць наведвальнікі фотавыставы "За свабоду і незалежнасць", што пачала сваю працу на дзень раней). А палове сёмай на сцэну выйшла "Крама", якая гэтым выступам адзначыла свае 15-годдзе, і прэзентавала адну з новых песень, якая войдзе ў наступны альбом гурта (папярэдняя назва — "Слухай мяне — застанешся жывы").

Потым — невялікае палітычнае адступленне: на сцэну выйшаў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і звярнуўся да публікі з палымянай прадмовай. Пасля гэтага канцэрт працягваўся яшчэ дзве с паловай гадзіны. Спявалі вядучы канцэрту Аляксандр Памідораў (гурт "Памідор/OFF"), "NeuroDubel", "Таварыш Маўзэр" і "N. R. M.".

Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі арганізатараў, што ўздыманне бел-чырвона-белых сцягоў не дазволена, а іх з'яўленне над галавамі слухачоў будзе прычынай спынення канцэрту. Арганізатары гэтуюФото - photo.bymedia.net інфармацыю данеслі да публікі ў самым пачатку канцэрта… Але нельга папракнуць народ невынаходлівасцю. Не ўздымаць сцягі? Добра, сцягі — не будзем, але хто ж забароніць узняць чыровна-белы парасон над галавою, хто забароніць надзець чырвона-белую кепку, куртку, шалік?.. Але, калі выступаў "N. R. M.", менавіта сцягі ўсё ж з’явіліся над галавамі слухачоў, і канцэрт нават прайшлося спыніць на некаторы час. Урэшце, сцягі прыбралі, і канцэрт працягваўся.

Усе гэтыя моманты са сцягамі і сімволікай не маюць дачыненння да гэтага мерапрыемства, калі ўспрымаць яго як звычайны рок-канцэрт. Але парадокс у тым, што рок-канцэрты тутэйшых музыкаў у нас рэдка бываюць "звычайнымі", і амаль кожны з іх нясе ў сабе нешта большае за звычайныя спевы.

У той жа час трэба адзначыць, канцэрт быў добра арганізаваны, на выпадак дажджу над пультам гукарэжысёра паставілі тэнт, прадугледзілі лавачкі для слухачоў. Але, як паказвае вопыт, якасць канцэрта і ўражанні, якія застаюцца пасля, зусім не залежаць ад надвор’я і тэхнічных сродкаў.

Тамаш КАРЭНІН
-50%
-10%
-19%
-30%
-10%
-10%
-20%
-47%
0066856