175 дней за решеткой. Катерина Борисевич
Коронавирус: свежие цифры
  1. В Израиле в результате ракетной атаки погибла уроженка Беларуси
  2. Авиакомпании отменяют рейсы в Тель-Авив из-за боевых действий. «Белавиа» летит
  3. Лукашенко подписал указ о застройке 10 квадратных километров на севере Минска
  4. Флаги везде, «супермитинги» и «неотданная любимая». Как власть отвечала на идеи оппонентов
  5. Лукашенко говорил, что «несогласных» студентов нужно отчислить, а парней отправить в армию. Где эти ребята сейчас?
  6. Мангал под навесом уже не в тренде. Вот как круто белорусы обустраивают свои террасы и беседки
  7. Марии Колесниковой предъявили окончательное обвинение
  8. В Беларуси становится все больше алкомаркетов
  9. Суарес почти 20 лет счастлив с одной женщиной (встретил ее в 15 и влюбился с первого взгляда)
  10. Какие симптомы указывают на пограничное расстройство личности. Объясняет психотерапевт
  11. Мозырский НПЗ уходит в июне на ремонт. А что будет делать «Нафтан»?
  12. «Таких цен никогда не было». Древесина ставит рекорды по стоимости во всем мире. А что у нас?
  13. «Патэлефанавалi з пытаннем, цi ўпэўненая я ў бяспецы маiх дзяцей». Зоркі — пра паўгода ў эміграцыі
  14. 14 мая будут судить студентов, которые уже полгода находятся в СИЗО. Рассказываем про обвиняемых
  15. Проездные в Минске теперь можно записывать на карту самому. Посмотрели, как это работает
  16. Налоговая в суде выясняет с Тихановским, должен ли он заплатить налог с тех самых найденных за диваном 900 тысяч долларов
  17. «Родителям сказал, что пойду пожить к другу». Студент отсидел три месяца, услышал приговор и сбежал за границу
  18. «Мы останемся без работы и зарплаты». БМЗ просит европейских партнеров не вводить санкции
  19. Уволенному директору Оперного театра нашли новую работу
  20. Ozon зарегистрировал в Беларуси юрлицо. Что обещает белорусам российский маркетплейс
  21. Что, если перед прививкой от COVID выпить жаропонижающее «для профилактики»? Ответы на вопросы о вакцинации
  22. Биолог рассказал, как вырастить богатый урожай капусты. Вот пять правил
  23. Как под Барановичами спасают дворец Радзивиллов — копию итальянской виллы на озере Комо (нет, не той что Соловьева)
  24. Срок действия справок и других документов продлили еще на полгода
  25. «В соседнем городе ракета попала в жилой дом». Белоруски о жизни в Израиле во время бомбежки
  26. Белорус принял участие в «спецоперации» и лишился более 200 тысяч долларов
  27. Прогноз: «Без урегулирования политического кризиса экономика будет терять миллиарды в год»
  28. «По приказу премировали людей». В лидском стройтресте рассказали, зачем раздавали деньги на 9 Мая
  29. Белорусские хоккеисты проиграли Казахстану, не забросив ни одной шайбы
  30. В Минске начинают судить студентов, которые уже полгода сидят в СИЗО. В деле — 12 обвиняемых


Гісторык Генадзь Кісялёў валодаў талентам ператвараць навуковыя манаграфіі ў захапляльныя творы, дзякуючы якім многія далучаліся да беларушчыны. Людміла Рублеўская расказвае ў газеце «Звязда», як Кісялёў пазнаёміўся з Караткевічам і дапамог яму абараніць раман «Каласы пад сярпом тваім».

Геннадий Киселев. Фото: zviazda.by
Генадзь Кісялёў. Фота: zviazda.by

Гасцяванне ў Вільні

22 лютага 1967 года ў Мінску адбылося аб’яднанае пасяджэнне Cакратарыята, секцый прозы і крытыкі Саюза беларускіх пісьменнікаў пад старшынствам Івана Мележа. На гэтае мерапрыемства Кісялёў прыехаў адмыслова — з Вільнюса, дзе працаваў у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР. На пасяджэнні вырашалі лёс рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Гэта цяпер «Каласы» называюць самай прадаванай кнігай года ў Беларусі, а вядомыя людзі краіны бяруць удзел у чытцы гэтага твора на тэлекамеру. А тады вырашалася пытанне, ці выдаваць раман асобнай кнігай. Былі зацятыя праціўнікі гэтага. Тым больш Максім Лужанін напісаў закрытую рэцэнзію па заказе выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе на 74 старонках выказаў свае заўвагі. Асноўная — паказваецца не жыццё народа, а лёс княскай эксплуататарскай сям'і.

Караткевіч сам звярнуўся ў Саюз пісьменнікаў, каб крытыкі вынеслі вердыкт…

Чаму Генадзь Кісялёў не мог не прыехаць?

Сустрэліся яны з Караткевічам у Вільнюсе, куды пісьменнік прыехаў, каб збіраць матэрыял для рамана «Каласы пад сярпом тваім». Кісялёў успамінаў першую сустрэчу ў архіве: «Я бачыў яго здалёку, мелькам. Быў ён тады хударлявы, таму падаўся больш высокім, як потым. Надта сур’ёзны, засяроджаны і нейкі прасветлены. Мне падалося нават — „не от мира сего“. Тады мы з ім не пазнаёміліся, хоць імя яго я збольшага ведаў і нейкую цікавасць да яго меў».

Пазнаёміў Адам Мальдзіс, завязалася сяброўства. Кісялёў дапамагаў збіраць звесткі аб паўстанні 1863 года. Караткевіч зваў яго «Кісялявічусам» і не раз гасцяваў у ягонай кватэры. Вось што ўспамінае Адам Мальдзіс:

«У Вільнюсе мы найперш пайшлі да Генадзя Кісялёва, які жыў тады з маці ў старым, ледзь не рэнесансным дворыку па вуліцы Гедрыса. Амаль насупраць было кафэ „Бочу“, якое Валодзя тут жа зарыфмаваў:

Па дарозе ў „Бочу“

Нікуды не збочу.

А чуць далей Дамініканскія муры, дзе Каліноўскі сядзеў у вязніцы, і Святаянскія муры, дзе яго арыштавалі.

Аднапакаёвая кватэра Кісялёвых, вялікая, але цемнаватая і халаднаватая, таксама нагадвала не то турэмную камеру, не то манастырскую келлю. Казалі, што раней тут жыла самая вучоная віленская манашка, а ўсе сцены пакоя былі абстаўлены кнігамі. Кніг хапала і цяпер, асабліва пра паўстанне 1863 года. І Караткевіч, ледзь увайшоўшы і павітаўшыся, ужо ўхапіў нешта ажно не адарваць, нават у час вячэры.

Назаўтра Кісялёў і яго сябар, гісторык Бікуліч, павялі нас у Святаянскія муры шукаць той дом і тыя сходы, на якіх здраджаны Кастусь Каліноўскі спакойна сустрэў са свечкаю ў руцэ царскіх жандараў, кажучы ім, што ён Вітажэнец. Апісанні сучаснікаў доўга не сходзіліся з рэальнасцю, бо прайшоў не адзін капітальны рамонт. Але нарэшце ў „дворыку Міцкевіча“ канчаткова і цвёрда ўстанавілі: гэта было тут, у двухпавярховым флігелі справа. Усцешаны Караткевіч прапанаваў усім пайсці ў „Дайнаву“, вялікі і мадэрновы рэстаран, упрыгожаны паганскімі ідаламі, пляцёнкай і свяцільнікамі-„павукамі“. Валодзя жартам прасіў абмяняць яму ну хоць куточак з „Дайнавы“ на які літоўскі па назве горад Ашмяны ці Ліду».

Вядома ж, на даследаванні Кісялёва істотна паўплывала старажытная Вільня… Тут ён сустракаўся з легендарнай Зоськай Верас, сябраваў з яе сынам Антонам, чый бацька, Фабіян Шантыр, беларускі публіцыст і грамадскі дзеяч, быў расстраляны яшчэ ў 1920-х. Нездарма пасля, у 1981 годзе, на 50-годдзе Кісялёва, калі той даўно ўжо будзе жыць у Мінску, Караткевіч і ягоная жонка падораць яму партрэт Кастуся Каліноўскага аўтарства беларускага мастака Пётры Сергіевіча, з якім Кісялёў сябраваў у Вільнюсе.

У адной з гутарак Уладзімір Караткевіч скажа:

«Перш за ўсё я імкнуўся праўдзіва перадаць дух таго складанага і супярэчлівага часу. Узнавіць дэталі мне дапамаглі архіўныя дакументы. Часам яны пацвярджалі тое, да чаго я ўжо раней дайшоў інтуіцыяй. Прывяду адзін прыклад, але не з „Каласоў…“, а з „Нельга забыць“. У пралогу да рамана расказваецца аб трагічнай гібелі паўстанца 1863 года Грынкевіча. Пісаў я гэтыя старонкі, пераважна абапіраючыся на мясцовыя паданні. Потым жа, на маё ўласнае здзіўленне, Генадзь Кісялёў паказаў мне ў Вільнюскім архіве дакументы пра рэальнага Грыневіча, расстралянага пры тых жа акалічнасцях, што і апісаныя мною ў рамане».

«Гэты раман — значная з’ява»

Падчас абмеркавання лёсу «Каласоў» выступленне Генадзя Кісялёва аказалася самым аўтарытэтным. Вось як яно гучала (у стэнаграме яно падаецца на рускай мове)

«Г.КІСЯЛЁЎ: Раман У. Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім“ з’яўляецца, бадай, першым буйным шматпланавым гістарычным раманам у беларускай літаратуры […]. Тым больш нам варта да гэтага твора праявіць беражлівае, уважлівае стаўленне, беражлівы падыход. Як кожны гістарычны раман, яго непазбежна варта ацэньваць з двух пунктаў гледжання: у мастацкіх адносінах і, па-другое, наколькі правільна адлюстроўваюцца […] гістарычныя падзеі.

Што датычыцца ацэнкі рамана „Каласы пад сярпом тваім“ у мастацкіх адносінах, то, я думаю, усе дружна пагодзяцца са мной, што раман напісаны выдатна. Уладзімір Караткевіч — выдатны мастак, выдатны майстар слова. Усё, пра што ён піша, ён гэта ярка, выразна бачыць і таму ўмее перадаць карціны, створаныя яго ўяўленнем, умее данесці іх да чытача. Другое пытанне: наколькі правільна адлюстроўвае гістарычныя ён падзеі […] у сваім рамане?

Першая кніга рамана ахоплівае вялікі прамежак часу — з канца 40-х гадоў да 1861 года, да самага пярэдадня паўстання 1863 года… Мне прыйшлося падняць нямала матэрыялаў па паўстанні 1863 года […], і я магу сказаць, што Уладзімір Караткевіч вельмі правільна разабраўся ва ўсіх складаных супярэчнасцях гэтай эпохі, якую ён адлюстроўвае. Ён добра знаёмы з дакументамі, яму дапамагае ў многіх выпадках выдатная інтуіцыя мастака […]. Могуць спытаць, чаму аўтар абраў героем свайго рамана сына князя, хіба людзі з такой высокай лесвіцы хадзілі да народа? Мы ведаем: бывалі такія факты, і пісьменнік-дэмакрат Альгерт Абуховіч паходзіў з буйных памешчыкаў […]. Аўтару важна паказаць сувязь свайго любімага героя Алеся Загорскага з народам, што ад народа ён запазычыў свае найлепшыя рысы. Гэтае дзядзькаванне неабходна было аўтару, каб абмаляваць цікавую постаць дзеда Алеся Загорскага — старога Вежы. Ён — вальтэр’янец, чалавек незалежны, заўзяты ненавіснік усякага цемрашальства і рэлігіі. Нездарма аднаго свайго ўнука ён пакінуў у праваслаўі, а іншага хрысціць па каталіцкім абрадзе. Такі чалавек цалкам мог успомніць аб старым звычаі дзядзькавання і аддаць унука на выхаванне селяніну […].

Можа ўстаць пытанне такім чынам: а ці не занадта аўтар малюе моцным нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі ў той час? Такога папроку аўтару зрабіць нельга, бо 1863 год — гэта цікавы год, год імкнення рэвалюцыянераў зліцца з народам. І ў Беларусі гэта выявілася ў тым, што найлепшыя прадстаўнікі шляхты, якія былі апалячаныя, цалкам пераходзілі на бок народа. Асабліва добра я гэта зразумеў, калі, займаючыся біяграфіяй Арцёма Вігдарэўскага, выявіў яго словы, што „з беларушчынай я не разбратаўся, можа быць, дарэмна марную на яе сілы. Што ж рабіць? Нічога, пакамкаць шапку“ […]. Калі я працаваў над біяграфіяй Арцёма Вігдарэўскага і пасля таго, як „Полымя“ надрукавала ў скарочаным выглядзе раман Караткевіча, я здзівіўся, як Караткевіч, не будучы знаёмы з гэтымі матэрыяламі, мог уявіць сабе карціны грамадска-палітычнага жыцця таго часу. Я, вядома, мог бы назваць тыя ці іншыя невялікія адхіленні аўтара ад гістарычнай ісціны, але прынцыповых заўваг у гэтым плане ў мяне няма. Усё гэта дробязі, якія лёгка выправіць пры самай невялікай рэдакцыі.

На завяршэнне я павінен сказаць, што раман Караткевіча — трэба гэта падкрэсліць — працяты гуманізмам, напісаны з яркіх інтэрнацыяналістычных пазіцый, працяты душэўным святлом, душэўнай чысцінёй аўтара. Гэта значная з’ява ў беларускай літаратуры, вялікі ўклад у беларускую літаратуру […]».

Раман удалося адстаяць, «Каласы» былі выдадзеныя — хоць аўтару давялося пайсці на кампрамісы, скарачаць, пагаджацца з праўкамі.

-40%
-8%
-90%
-25%
-5%
-50%