Сёння, 26 лістапада, споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Ці можна сказаць штосьці новае пра таго, пра каго сказана, здаецца, ужо ўсё? Журналіст і вядомы даследчык літаратуры Сяргей Шапран знайшоў невядомыя лісты Уладзіміра Караткевіча да Васіля Быкава другой паловы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў.

«Грэшнік Васіль-Касы» і чатыры «чарцюкі»
Сярод лістоў Васіля Быкава да Уладзіміра Караткевіча, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ёсць адзін дзіўны ліст без даты, у якім Быкаў не падобны да сябе:
«Валодзя, даражэнькі, што здарылася?
У чым гэта я правінаваціўся, каго я абараняю, за каго заступаюся — нічога не разумею.
Пытаўся ў Аляксея — і ён не разумее. Можа б вы растлумачылі спярша, а ўжо потым кідалі каменні, білі палкамі, секлі розгамі ды і чацвертавалі.
Але перад гэтым апошнім паводле ўсіх параграфаў сучаснай юрыспрудэнцыі вы павінны выслухаць маё апошняе слова.
Ваш грэшнік Васіль-касы.
P. S. А ўсё роўна люблю вас — усіх чатырох чарцюкоў і не баюся, бо і вы таксама не можаце мяне не любіць, бо я люблю вас і г. д., і да т. п.».
Тут жа на палях ліста — жартаўлівыя быкаўскія малюнкі.
Не ліст, а суцэльны рэбус! Адзінае, што можна дакладна сцвярджаць, што Аляксей — гэта Аляксей Карпюк, гродзенскі празаік, з якім Быкаў быў у сяброўскіх стасунках, калі жыў у Гродне. Значыцца, ліст можа быць датаваны не пазней за 1977 год, калі Быкаў перабраўся ў Мінск. Але хто тыя «чарцюкі»? Першы, зразумела, Караткевіч, а яшчэ тры? І пра якую віну размова, за якую тыя «чарцюкі» на чале з Караткевічам гатовыя кідаць у Быкава каменні, біць яго палкамі, секчы розгамі ды чацвертаваць? Галаву зломіш, а не здагадаешся…

Адгадка адшукалася сама сабой, і знайшлася яна ў блаславёнай Гародні, адкуль «грэшнік Васіль-касы» і пісаў Караткевічу. У гродзенскай частцы архіва Васіля Быкава, што зберагаецца ў малодшага сына пісьменніка, у мяху з дзясяткамі іншых лістоў захавалася і напісанае рукой Караткевіча кароценькае пасланне за чатырма подпісамі:
«Быкаў!
Дарэмна ты заступаешся за людзей, якія гэтага не патрабуюць. Заступайся ты, браце, за тых людзей, якія за цябе памруць.
З прывітаннем:
Ул. Караткевіч
Вяч. Адамчык
Адам Мальдзіс
Мікола Прашковіч».
Ліст без даты, які, зрэшты, не шмат што праясняе. Хіба толькі тое, што тры іншыя «чарцюкі» — гэта празаік Вячаслаў Адамчык, літаратуразнавец і блізкі Караткевічаў сябар Адам Мальдзіс ды Мікола Прашковіч, таксама літаратуразнавец.
Пра апошняга, мусіць, трэба сказаць асобна. У 1974-м ён быў звольнены з Інстытута літаратуры імя Я. Купалы па абвінавачванні ў беларускім нацыяналізме. Так званай справай «групы Прашковіча» (у яе склад уваходзілі археолаг М. Чарняўскі, мастацтвазнавец С. Міско, мовазнаўцы В. Рабкевіч і А. Каўрус, літаратуразнавец А. Пяткевіч) займаўся беларускі КДБ. Прычынай пераследу стала папулярызацыя рукапіса ўкраінскага даследчыка Уладзіміра Дзюбы «Інтэрнацыяналізм, або Русіфікацыя», у якім паказвалася, што пад выглядам інтэрнацыяналізму ў саюзных рэспубліках насаджаецца цынічная і нахабная русіфікацыя. КДБ імкнуўся «прышыць» тады справу і Караткевічу, але безвынікова, хоць ён не раз удзельнічаў у зборах «групы Прашковіча».
Аднак пра якіх людзей размова, на абарону якіх паўстаў Быкаў? Караткевіч памёр у 1984-м, Адамчык — у 2001-м, Прашковіч трагічна загінуў у 1983-м — згарэў падчас пажару ў бацькоўскай хаце. З падпісантаў ліста Мальдзіс адзіны, хто можа адказаць, што ж меў на ўвазе ягоны сябар Уладзімір Караткевіч.

— Можа быць, справа звязаная з Сіняўскім і Даніэлем, — адразу выказаў здагадку Адам Іосіфавіч, ледзь толькі прачытаў ліст. — Бо помню, як мы неяк былі з Валодзем у Гродне, выступалі па лініі бюро прапаганды мастацкай літаратуры, і прыйшла запіска з пытаннем пра Сіняўскага і Даніэля. Валодзя быў вельмі адмоўна настроены супраць абодвух, нават адбылася тады сутычка. Караткевіч жа ў Маскве вучыўся, і больш за нас ведаў паднаготную гэтай справы.
— Аднак, мяркуючы па змесце ліста, Караткевіч не асуджаў Быкава…
— Ён, відаць, так напісаў, бо сабралася кампанія… А дзе ж яна магла сабрацца? Ліст адкуль адпраўлены?
— З вуліцы Чарнышэўскага.
— На Чарнышэўскага жылі Караткевіч і Адамчык. І, мусіць, у той дзень прыйшоў Прашковіч. Ён быў самы малады сярод нас. І яго вельмі хвалявала беларускае пытанне. Прашковіч заўсёды быў максімалістам: або белае, або чорнае. Калі б ён дабраўся да ўлады, ён бы ўсе мінусы памяняў на плюсы, а ўсе плюсы — на мінусы. Ён быў максімалістам у добрым сэнсе слова…

Што ж датычыць справы Сіняўскага і Даніэля, помню, Валодзя гаварыў: навошта лезці ў чужыя справы? Бараніць трэба найперш сваіх. І, канешне, ён быў ініцыятарам гэтага ліста, бо гэта ягоны почырк. І час якраз падыходзіць, бо і Быкаў яшчэ малады — Караткевіч не стаў бы пісаць такі ліст Быкаву ў 1970-я, а тым больш у 1980-я гады. Гэта быў яшчэ той перыяд, калі мы да ўсяго ставіліся з цялячым энтузіязмам.
Гэткім чынам пазл, як кажуць, склаўся. Размова ідзе пра падпісанне Васілём Быкавым калектыўнага ліста ў абарону расійскіх літаратараў Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, якія ў 1966 годзе былі прыгавораны да сямі і пяці гадоў зняволення адпаведна паводле 70-га артыкула Крымінальнага кодэкса — за антысавецкую агітацыю і прапаганду і распаўсюд антысавецкай літаратуры.
Справа Сіняўскага і Даніэля мела гучны розгалас. Па сутнасці, яна азначала заканчэнне хрушчоўскай адлігі, пачатак брэжнеўскіх «прымаразкаў» і паступовую рэсталінізацыю савецкага грамадства. У гэты час у цэнтральных газетах друкаваліся калектыўныя і асобныя лісты з асуджэннем «паклёпнікаў», а ўслаўлены расійскі пісьменнік, лаўрэат Сталінскай, Ленінскай і Нобелеўскай прэмій Міхаіл Шолахаў заявіў з трыбуны партыйнага з’езда, што «„оборотни“ Синявский и Даниэль „аморальны“» і што «приговор недостаточно суров».

Больш за тое, неўзабаве было пастаўлена і пытанне аб крымінальнай адказнасці за з’яўленне заяў у заходнім друку. Гэткім чынам з боку тых, хто адкрыта падтрымаў Сіняўскага і Даніэля, гэта быў мужны ўчынак. А падобных лістоў - калектыўных ці асобных на адрас прэзідыумаў Вярхоўных Саветаў СССР і РСФСР, у Маскоўскі гарадскі суд, а таксама ў Вярхоўныя суды СССР і РСФСР — было больш за дваццаць. Але ніводзін не быў апублікаваны.
Пад адным з іх значыўся і подпіс Васіля Быкава. Праўда, сам пісьменнік ніколі не згадваў гэта. І толькі ягоны сябар — расійскі літаратуразнавец Валянцін Аскоцкі засведчыў мімаходам ва ўспамінах: «Як высветлілася, незалежна адзін ад аднаго мы падпісалі і той жа ліст па „справе“ Сіняўскага-Даніэля. „Я рады, што і тут мы разам“, — сказаў Васіль, даведаўшыся аб маім „падпісанстве“».
Прачытаўшы гэта яшчэ ў рукапісе, я адразу звярнуўся за падрабязнасцямі да аўтара — з Валянцінам Дзмітрыевічам мы пазнаёміліся на пахаванні Васіля Быкава і ліставаліся ледзь не да самай яго смерці. Неўзабаве пошта прынесла пісьмовы адказ В. Аскоцкага:
«Перадгісторыя ліста ў абарону Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля наступная. Быў пленум Саюза пісьменнікаў СССР. У перапынку я стаяў і размаўляў з Васілём, калі да нас падышоў Васіль Аксёнаў, з якім я асбіста знаёмы яшчэ не быў, і, адвёўшы Васю на два крокі ўбок, сказаў досыць гучна — так, што я пачуў: „Калі згодны, падпішы“. Я бачыў, як Васіль прачытаў старонку тэксту (ліст быў невялікі, у тры, памятаецца, абзацы), падышоў да століка ў фае ЦДЛ, схіліўся і моўчкі, без каментароў, падпісаў. Міма праходзіў Яўген Еўтушэнка (ён не ўмее гаварыць ціха, неўсхвалявана), які вымавіў прыкладна такую тыраду: нельга яе (гэта значыць уладу) пакідаць у спакоі, спускаць ёй усё з рук, хай ведае і нашу думку!

Пры ўсёй, здавалася б, празрыстасці сітуацыі, я, тым не менш, так і не зразумеў, пра што ідзе гаворка. Але ўвечары таго ж дня Васіль, калі быў у мяне дома (помніцца, што з Алесем Адамовічам), распавёў, што за ліст ён падпісаў. Пасля яго сыходу, ноччу, я вырашыў далучыцца да падпісаўшыхся і таму раніцай паехаў дадому да Анатоля Гладзіліна, які сябраваў з Аксёнавым, каб даведацца, у каго зараз ліст і дзе яго можна падпісаць. Аказалася, што ўсе тры экзэмпляры тэкста з подпісамі былі ў яго. Я тут жа падпісаў. Васіля ў тыя дні я больш не бачыў, і пра мой подпіс ён даведаўся не ад мяне, а па „Голасе Амерыкі“.
Ліст быў, паўтаруся, кароткі, энергічны. Яго сутнасць: ніхто з тых, хто падпісаўся, не ўхваляе ўчынкаў асуджаных, усе лічаць, што над імі патрэбен пісьменніцкі „суд гонару“, суд жа крымінальны не ідзе на карысць аўтарытэту краіны. З „падпісантаў“ памятаю яшчэ Аксёнава, Гладзіліна, Еўтушэнку, Фазіля Іскандэра…
Наўрад ці варта сёння здзіўляцца „палавіністасці“ гэтага ліста — яна добра ілюструе дух таго часу і ўзровень грамадскай свядомасці, хай нават апазіцыйнай. Да прыкладу, Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, які адмовіўся падпісаць „калектыўку“ сакратарыята СП СССР у падтрымку суда крымінальнага, тым не менш называў асуджаных не інакш як „мазурыкамі“ і таксама дапускаў магчымасць суда грамадскага…»
Гэтая спасылка Валянціна Аскоцкага на галоўнага рэдактара самага ліберальнага ў 1960-я гады часопіса «Новый мир» растлумачвае, між іншым, паводзіны не толькі Твардоўскага, але і Караткевіча разам з трыма іншымі «чарцюкамі».
«Прачытаць больш, чым прачытана, не здолеюць нават крыміналісты»

1962 год. У 5−6-м нумарах часопіса «Полымя» пад назвай «Нельга забыць» апублікаваны Караткевічаў раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Ужо ўвосень з крытычнай рэцэнзіяй «Пошукі, знаходкі, страты» на старонках «Звязды» выступіў напаўзабыты сёння Якаў Герцовіч.
Выпускнік Камуністычнага інстытута журналістыкі, сталы супрацоўнік часопіса «Вожык», Якаў Бенцыянавіч меў устойлівую рэпутацыю крытыка-«пагромшчыка». Яго літаратурны густ фарміраваўся ў сталінскія 1930-я, што і прадвызначыла накіраванасць, з дазволу казаць, літаратурна-крытычнай дзейнасці - ён нярэдка зыходзіў са спрошчаных вульгарызатарскіх схемаў. Рыгор Барадулін гэтак «увекавечыў» гэтае імя:
Герцовіч Якаў горка плакаў:
Жыць мала, а не ўсіх абкакаў.
«Абкакаў» — гэта і пра Караткевіча, бо Герцовіч неаднойчы выступаў са знішчальнай крытыкай на адрас пісьменніка, якая, па сутнасці, на пэўны час вызначала далейшы лёс Караткевічавых твораў - яны не друкаваліся ці некалькі гадоў, ці некалькі дзесяцігоддзяў. Да прыкладу, у той самай рэцэнзіі 1962 года Герцовіч абвінаваціў аўтара рамана «Нельга забыць» у другараднасці, кніжнасці, у тым, што галоўны герой і яго таварышы — адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест савецкага мастацтва і яго ідэйная накіраванасць.
У той час у СССР паднялася хваля барацьбы з «фармалізмам», якую спарадзіла рэзкая крытыка першым сакратаром ЦК КПСС Хрушчовым маскоўскіх мастакоў падчас наведвання іх выставы. Гэта справакавала паўсюднае «паляванне на ведзьмаў», у тым ліку ў саюзах пісьменнікаў. І Герцовіч наўпрост трымаў нос па ветры, абвінаваціўшы Караткевіча ў «фармалізме». У выніку раман — ужо падрыхтаваны да друку асобным выданнем — быў забаронены і выйшаў толькі праз дваццаць гадоў і, зноў жа, не пад аўтарскай назвай «Леаніды не вернуцца да Зямлі».

Пра гэты раман, пра яго незайздросны лёс і пісаў Уладзімір Караткевіч Васілю Быкаву ў пачатку 1970-х:
«<…> Я ведаў, што гэта так. Яшчэ з тых часоў, калі „Дружба народов“ адмовілася ціснуць ненадрукаваныя ў Мінску „Леаніды“. А чорт бы іх усіх з іхняй падвойнай турмою, з якой не вылязеш, не паступіўшыся кавалкам добра калі шкуры, а то ж, часам, і душы… Наставілі рагатак і - радасці поўныя порткі! І што яны знайшлі такое ў добрай кнізе? Хіба толькі тое, што добрая, што ў душы адчуваюць: у дадзенай сітуацыі былі б не з тымі, мучанымі-перамучанымі ад пачатку дзён да канца, а з штурхачамі цурбана. <…>
Новая кніга пакуль перанесена на 72 г., а магчыма, і пойдзе пад нож дзякуючы рэцэнзіі Герцовіча і яго даносу ў саюз (пэўна, будуць разбіраць)<…>».
Трэба казаць, што не ў традыцыі Караткевіча было пісаць пустыя лісты. Яго эпісталярый — гэта канцэнтрат думак, падзей і пачуццяў, гэта спрэс жыццяпісу і ўрадлівая глеба для ягоных біёграфаў. Да таго ж почырк! Караткевіч пісаў так каліграфічна-уборыста, што яго рукапісная старонка — ледзь не старонка на друкарскай машынцы. А згаданы ліст да Быкава — не адна, а ажно дзве старонкі! Ліст, пра які ніхто не ведае. Пераязджаючы напрыканцы 1977 года з Гродна ў Мінск, Быкаў пакінуў яго, мабыць, з прычыны забыўчывасці - разам з іншымі лістамі, што больш за трыццаць гадоў захоўваліся ў падвале…

Ён мог бы стаць, без перабольшання, літаратурнай сенсацыяй, гэты ліст. Яго друкавалі-перадрукоўвалі б, на яго спасылаліся б, калі гаворка заходзіла пра Караткевіча і яго шматпакутны раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Яно абавязкова так было б, каб не адно «але» — калі б вітанне «Даражэнькі Васіль» і два працытаваныя абзацы (пасярэдзіне першай старонкі і на адвароце) не былі тым нямногім, што засталося ад няшчаснага ліста: сінія чарнілы ад вільготнасці беззваротна сплылі і, як ні намагайся, прачытаць больш, чым прачытана, не здолеюць нават крыміналісты.