У часопісе «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» выйшаў вялікі артыкул пра Курапаты — месца, дзе былі забітыя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Аўтар — кандыдат гістарычных навук, археолаг Вадзім Кошман. «Радыё Свабода» сабрала асноўныя тэзісы з яго публікацыі «Урочышча Курапаты (Брод) у святле археалагічных даследаванняў».

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Сцісла

У Курапатах расстрэльвалі ахвяраў палітычных рэпрэсій у 1937−1940 гадах. Гэта рабілі органы НКВД. Археолагі маюць усе пацверджанні гэтай інфармацыі.

Немцы падчас акупацыі ў 1941−1944 гадах нікога ў Курапатах не расстрэльвалі.

Колькасць ахвяраў забітых у Курапатах пакуль немагчыма вызначыць, але гэта не 102 тысячы.

Курапаты трэба даследаваць далей неінвазіўнымі метадамі, гэта значыць без рыдлёвак.

«Патрэбен запыт грамадства на персаніфікацыю ахвяраў»

На пачатку матэрыялу аўтар Вадзім Кошман адзначае «палітызаванасць» тэмы Курапатаў у некаторых публікацыях, а таксама наракае на «закрытасць» дакументаў следства, якое вялося аб расстрэлах у Курапатах.

Вадзім Кошман піша пра неабходнасць ідэнтыфікацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій не толькі ў Курапатах, але і ў іншых месцах, дзе расстрэльвалі людзей:

«На нашу думку, у выпадку з месцамі масавых рэпрэсій акцэнт трэба рабіць на тым, што гэтыя невядомыя людзі забітыя ў выніку злачынства дзяржавы супраць іх. Неабходны сфармаваны грамадствам крыміналістычны запыт на ўстанаўленне дадзеных усіх ахвяраў і прыняцце мер па іх ідэнтыфікацыі», — піша аўтар.

І прыводзіць прыклад Латвіі і Украіны як краінаў, якія адкрылі архівы НКВД і звесткі пра рэпрэсіі.

«Некаторых ахвяраў забіралі з дому і адразу везлі на расстрэл у Курапаты»

У навуковым артыкуле Вадзім Кошман піша пра знойдзеныя ў ахвяраў рэчы, «не характэрныя для арыштантаў». Гэта значыць, што некаторыя забітыя ў Курапатах людзі ехалі адразу з дому, а значыць, іх расстрэльвалі, мінаючы рэпрэсіўныя судовыя органы.

Аўтар таксама згадвае знойдзеную дужку ад паляўнічай стрэльбы і дзясяткі капсюляў ад той жа стрэльбы. Гэты набор не характэрны для арыштанта нават пры ўмове, што яго забралі з дому. Гэта можа сьведчыць пра выпадковую ахвяру — паляўнічага, які міжволі ўбачыў расстрэл. Але гэта, на думку гісторыка, толькі версія.

«102 тысячы расстраляных — завышаная лічба»

Не менш за 102 тысячы расстраляных, а магчыма, у 2 разы болей — такая лічба ахвяраў называлася ў даследаваннях Зянона Пазняка. У артыкуле Вадзіма Кошмана гэтая лічба ставіцца пад сумнеў. Паводле дакументаў урадавай камісіі, якая працавала ў Курапатах у 1989 годзе, ніжняя мяжа колькасці ахвяраў - «не менш за 30 тысяч чалавек».

У артыкуле гаворыцца пра дакладна знойдзеныя парэшткі 950 чалавек у 15 пахаваннях. Паводле Вадзіма Кошмана, «падаць пераканаўчую лічбу колькасці ахвяраў на падставе археалагічных даследаванняў немагчыма». У матэрыяле ўсё ж называецца лічба гісторыка Уладзіміра Адамушкі - 28 425 чалавек, якія «былі расстраляныя ў БССР у 1935−1940 гадах». А таксама называецца лічба 7,5 тысячы чалавек, якім прысудзілі ў Мiнску расстрэл у 1937−1938 гадах.

«Курапаты трэба даследаваць далей неінвазіўнымі метадамі»

Каб далей даследаваць урочышча Курапаты, гісторык Вадзім Кошман прапануе выкарыстоўваць неінвазіўныя метады (геасканэр і фасфатны метад), што дазволіць устанавіць рэальную колькасць анамалій рэльефу і масавых пахаванняў.

Такі мэтад дазволіць не чапаць рэльеф помніка. Такая спроба ўжо рабілася ў 2016 годзе, але пацярпела няўдачу з прычыны «металічнага смецця ў зямлі».

У Курапатах не расстрэльвалі немцы, а таксама не расстрэльвалі палякаў з «беларускага катынскага спісу»

Вадзім Кошман прыходзіць да высновы, што дадзеныя раскопак не сведчаць пра расстрэл у Курапатах падчас акупацыі ў 1941−1944 гадах савецкіх палонных ці дэпартаваных яўрэяў. Таксама няма звестак пра польскіх афіцэраў (так званы «беларускі катынскі спіс» з 3870 польскіх вайскоўцаў). На аб’екце ёсць артэфакты, звязаныя з савецка-польскай вайной 1919−1920 гадоў, а таксама з функцыянаваннем тут ціру пасля Другой сусветнай вайны.

Знойдзеныя артэфакты пацвярджаюць, што ў Курапатах органы НКВД у 1937−1940 гадах расстрэльвалі людзей.

«Цікавасць да Курапатаў і ахвяраў рэпрэсій расце»

У сваім артыкуле гісторык адзначае, што «у апошнія гады павялічылася цікавасць грамадства да Курапатаў і ў цэлым да пэрыяду палітычных рэпрэсій у Беларусі». Але таксама піша, што «да цяперашняга часу захоўваецца канфлікт паміж дзяржаўным і грамадскім падыходам да тэмы мэмарыялізацыі Курапатаў».

Паводле артыкула Вадзіма Кошмана «Урочышча Курапаты (Брод) у святле археалагічных даследаванняў».

-10%
-51%
-55%
-20%
-20%