Вылучэнне Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію стала сапраўднай з’явай у беларускай літаратуры. 20 лютага ў Чырвоным касцёле адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная гэтай падзеі. Журналістам, у прыватнасці, быў прадстаўлены беларуска-англійскі варыянт зборніка "Ксты", падрыхтаваны адмыслова для Нобелеўскага камітэта.

"Мы маглі б запрасіць заняцца перакладам амерыканцаў ці англічан. Аднак гэта адняло б шмат часу, акрамя таго спецыялістаў, якія добра ведаюць беларускую мову, за мяжой ня так і шмат", - распавёў адзін з рэдактараў англійскай версіі зборніка "Ксты Юрый Стулаў. Таму перакладам займаліся беларусы (Іван Бурлыка, Марыля Васючэнка, Вольга Гапеева, Зміцер Занеўскі, Мікола Савіцкі, Алена Таболіч, Алена Шчука), а вось да рэдактарскай працы ўжо былі далучаны носьбіты англійскай мовы - Сцюарт Артур Рэкс, Джэймс Торсан (ЗША) і Джым Данаван (Велікабрытанія).

З мэтай афіцыйна аформіць вылучэнне Рыгора Барадуліна на прэстыжную ўзнагароду напрыканцы студзеня Юрый Стулаў наведаў Стакгольм. Нобелеўскі камітэт застаўся задаволены дакументамі, прадстаўленымі беларускім бокам, і выдаў аргкамітэту па вылучэнні Барадуліна спецыяльнае рэгістрацыйнае пасведчанне. Дарэчы, у Стакгольме Юрый Стулаў таксама даведаўся што ў спісе намінантаў на Нобелеўскую прэмію таксама прысутнічае пісьменніца Святлана Алексіевіч. Хто і калі вылучыў яе на Нобеля, дакладна невядома.

"Ёсць такі стэрэатып, што сталы век - гэта час драматургаў і празаікаў. Але ж у выпадку з Рыгорам Барадуліным мы назіраем, што справа не ва ўзросце, а ў росце, - зазначыў крытык і літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. - Зборнік "Ксты" не мае канфесійнай абмежаванасці. У ім аўтар здолеў злучыць зямное і універсальнае. Свет гэты беларусацэнтрычны, і разам з тым свет гэты зразумелы ўсім".

Пятро Васючэнка нагадаў, што згодна з завяшчаннем Альфрэда Нобеля, прэмія па літаратуры прысуджаецца "за стварэнне ідэалістычнага па змесце і высокамастацкага твора". Кніга "Ксты", на яго погляд, поўнасцю адпавядае гэтым патрабаванням.

Сам Рыгор Барадулін лічыць, што "Нобелеўская прэмія - гэта варажба". Аднак паэт упэўнены, што яго прадстаўленне на ўзнагароду дапаможа свету больш даведацца пра Беларусь. "Я хачу падзякаваць за працу перакладчыкаў і рэдактараў зборніка, - зазначыў Рыгор Іванавіч. - Кожны з іх таксама дастойны прэміі".

Кніга выдадзена, перакладзена на англійскую мову, на чарзе - яе прэзентацыі як у Беларусі, так і за яе межамі. У бліжэйшы час яны адбудуцца ў Іванаве, Баранавічах. Запланаваныя таксама паездкі ў Літву, Латвію, Польшчу. Па словах старшыні аргкамітэта па вылучэнні Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію, пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, на сакавік запланавана буйная прэзентацыя для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу.

Як паведаміў Юрый Стулаў, аргкамітэт кантактуе таксама са Стакгольмам, каб Рыгор Барадулін меў магчымасць сустрэцца з сваімі шведскімі калегамі. Верагодна, візіт паэта ў Стакгольм, будзе прымеркаваны да дваццатай гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. Яшчэ адна мэта, якая стаіць перад аргкамітэтам, - выдаць англійскі варыянт "Ксты" у замежных (хутчэй за ўсё, універсітэцкіх) выдавецтвах. Дарэчы, цікавасць да перакладу зборніка на свае мовы ўжо праявілі італьянскія, нямецкія, японскія, украінскія і польскія літаратары.

Віктар ПАЗЬНЯКОЎ
-10%
-23%
-50%
-15%
-35%
-30%
-16%
-70%
-25%