фотоРыгор Барадулін афіцыйна вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Як паведаміў "Белорусским новостям" кіраўнік ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні Уладзімір Някляеў, усе неабходныя дзеля гэтага дакументы былі накіраваныя ў Шведскую акадэмію літаратуры на мінулым тыдні. Кандыдатурныя заяўкі гэтая ўстанова прымае да першага лютага.

"Згодна з працэдурай, неабходна, каб прэтэндэнта вылучылі не менш за тры літаратурныя арганізацыі, — распавёў Уладзімір Някляеў. — Кандыдатуру Рыгора Барадуліна падтрымалі беларускі ПЭН-цэнтр, расейскі ПЭН-цэнтр і Саюз пісьменнікаў Украіны. Мы таксама вялі перамовы з некаторымі пісьменніцкімі суполкамі з краін Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы, аднак яны ў гэтым годзе падтрымалі іншага кандыдата".

Нагадаем, што шэраг духоўных асоб, пісьменнікаў, мастацтвазнаўцаў выступілі з ініцыятывай вылучэння Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію пасля прэзентацыі ў чэрвені минулага года новага зборніка паэта "Ксты". У гэтую кнігу ўвайшлі духоўныя і філасофскія вершы Барадуліна розных гадоў. Сам Рыгор Іванавіч кажа, што да свайго вылучэння ставіцца спакойна, бо разумее: любая прэмія — гэта латэрэя.

Працэдура вызначэння Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры суправаджаецца атмасферай поўнай сакрэтнасці. У бліжэйшыя месяцы Нобелеўскі камітэт разгледзіць заяўкі. У красавіку будуць абраныя дваццаць прэтэндэнтаў на прэмію. У кастрычніку гэты спіс скароціцца да пяці прозвішчаў, пасля чаго шляхам галасавання будзе вызначаны новы ўладальнік літаратурнага Нобеля. Памер Нобелеўскай прэміі складае 10 мільёнаў шведскіх крон (прыкладна 1 мільён 300 тысяч долараў).

Па словах Уладзіміра Някляева, зусім не абавязкова, што Нобелеўскім лаўрэатам стане літаратар, вылучаны ў гэтым годзе: "Акадэмія разглядае кандыдатуры за некалькі гадоў. Да прыкладу, ужо не адзін год у статусе прэтэндэнтаў знаходзяцца расейскі пісьменнік Андрэй Бітаў і паэтэса Бэла Ахмадуліна. Андрэй Вазнясенскі ўвогуле быў вылучаны на Нобеля раней за Іосіфа Бродскага, які атрымаў прэмію ў 1987 года. Больш за тое, Бродскага вылучалі за паэзію, а Нобелеўскі камітэт адзначыў яго эсэістыку".

У мінулым годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў брытанскі паэт і драматург Гаральд Пінтэр. "У сваіх п’есах ён прыадчыняе бездань, якая ляжыць пад марнасцю паўсядзённасці, і ўрываецца ў вязніцы прыгнёту", — зазначыў тады Нобелеўскі камітэт.

Віктар ПАЗЬНЯКОЎ
-20%
-25%
-25%
-10%
-10%
-10%
-10%
-10%
-20%