Партал TuzinFM і фонд «Вяртанне» абвяшчаюць новы сезон конкурса «Заспявай». Маладым музыкам ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў прапануюць абраць верш і напісаць да яго музыку. Пераможца атрымае ў падарунак грашовы прыз — 1500 рублёў, а таксама запіс сінгла і сольны канцэрт.

Відэа: TuzinFM

Сёлета арганізатары конкурса адмовіліся ад традыцыйных намінацый «Кавер», «Замежны пераклад» і вырашылі засяродзіцца толькі на «Паэзіі». Напісаць музыку неабходна да аднаго з вершаў, якія належаць лаўрэатам і пераможцам літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Паэзія». Выбар багаты — 25 паэтычных зборнікаў.

Прадзюсер конкурса Сяргей Будкін распавядае: зроблена гэта для таго, каб шчыльней пазнаёміць сучасных беларускіх музыкаў з сучаснай беларускай паэзіяй і наадварот.

— Можна сказаць, пайшлі на эксперымент. Каб болей расказаць пра прэмію «Дэбют» і спалучыць дзве плыні, якія рэдка перасякаюцца: сучасную беларускую паэзію і сучасную беларускую музыку. Раней мы таксама прапаноўвалі пісаць музыку менавіта на сучасную паэзію. Аднак у якасці сучасных паэтаў часам абіралі Купалу, Коласа, Багдановіча, Труса… Кнігі, адзначаныя на прэміі «Дэбют», — гэта паэзія нашых дзён, напісаная тут і цяпер, акурат яна можа быць асабліва сугучнай з музыкай нашых дзён. Таму мы і прапануем маладым творцам звяртацца да яе.

Паўдзельнічаць у конкурсе можа любы зацікаўлены музыка ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў. Досвед і музычная адукацыя ролі не іграюць. Асабліва на конкурсе вітаюцца заяўкі ад школьнікаў старэйшых класаў і студэнтаў першых курсаў.

Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы з шасці асобаў, у якое ўвойдуць сябры аргкамітэта конкурса і запрошаныя эксперты-музыкі. У выніку галасавання журы будуць адабраныя паўфіналісты, якія атрымаюць магчымасць удзельнічаць у адукацыйнай сесіі. Крытэрыі выбара найлепшых: адметны вакал, арыгінальная музычная падача, гарманічнае спалучэнне музыкі і слова.

Пасля адукацыйнай сесіі пройдзе жывое праслухоўванне, па выніках якога будуць абраныя тры фіналісты конкурса, якія атрымаюць магчымасць запісаць песню ў студыі і выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых выканаўцаў. Пасля канцэртаў будзе названы пераможца прэміі, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 беларускіх рублёў.

— Удзельнікаў чакае насычаная адукацыйная праграма: лекцыі, майстар-класы, практычныя заняткі па вакале, праца над візуальным вобразам, нэймінгам, самапрэзентацыяй. Таксама мы будзем вучыць музыкаў як прадаваць сваю музыку і ладзіць канцэрты.

Трое беларускіх музыкаў — Паліна Рэспубліка, RE1IKT і Leibonik — у якасці эксперымента ўжо спрабавалі зрабіць верш песняю. У выніку атрымалася намацаць тры зусім розныя мелодыі.

Відэа: TuzinFM

Падаць заяўку на конкурс можна па спасылцы. Дэдлайн — 21 кастрычніка.

Конкурс праводзіцца з 2014 года. Яго пераможцамі ў розныя гады станавіліся гурт Naviband, Віталь Варанко, Leibonik, Pauline, а ў журы ўваходзілі Лявон Вольскі, Валерый Дайнека, Ігар Варашкевіч, Андрэй Хадановіч, Алег Хаменка, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская і іншыя.

{banner_819}{banner_825}
-70%
-25%
-20%
-45%
-80%
-10%
-10%
-20%
-15%
0065444