Амаль паўстагоддзя доўжыцца вяртанне імя Напалеона Орды на яго малой радзіме ў Іванаўскім раёне. Тут, на Берасцейшчыне, у вёсцы Варацэвічы знаходзілася радавая сядзіба Ордаў. Тут прайшло і дзяцінства слыннага мастака і кампазітара. Падрабязнасці - у матэрыяле «Радыё Свабода».

Фото: svaboda.org

Цяпер у Варацэвічах пабудаваны музей, карцінная галерэя. У раённым цэнтры на галоўнай плошчы гораду ўстаноўлены помнік Напалеону Орду. А вось аднаўленне радавой сядзібы зацягнулася. У лістападзе наступнага году даўгабуду споўніцца 10 гадоў. Але да гэтага часу будынак толькі на этапе ўзвядзення фасаду.

Вяртанне імя Напалеона Орды

Яшчэ ў савецкія часы жыхар вёскі Варацэвічы Рыгор Сыраватка пачаў шукаць звесткі пра Напалеона Орду. Настаўнік, стваральнік і першы дырэктар адзінай беларускамоўнай школы ў Іванаве правёў істотную працу, каб вярнуць памяць пра славутага земляка на радзіму.

Фото: svaboda.org
Помнік Напалеону Ордзе ў Іванаве

«Недзе ў 70-я гады ў мяне ўзнікла цікавасць да роду Ордаў. Частка зямлі ў Варацэвічах здаўна называлася Ардоўскай, было паняцце „Чырвоны двор“. Але дакладных не было нейкіх звестак пра месцазнаходжанне радавой сядзібы знакамітага Орды. Потым неяк мне трапілася публікацыя Паўла Дробава пра Напалеона Орду, — прыгадвае Рыгор Сыраватка. — Мы пачалі апытваць мясцовых людзей. Шукаць звесткі».

Збор інфармацыі цягнуўся не адзін год. Рыгор Сыраватка кажа, што вымушаны быў змяніць месца працы. Таму адкладваў на потым дакументы. Але ў выніку ўдалося дасягнуць істотнага прагрэсу.

Фото: svaboda.org
Будаўніцтва радавой сядзібы Напалеона Орды каля Варацэвічаў

«Пазьней мне ўдалося скантактавацца з гісторыкам і фалькларыстам Станіславам Цярохіным. Мы шмат разоў сустракаліся ў Варацэвічах, шукалі звесткі ў Мінску. Зрушылася справа пасля таго, калі польскі бок перадаў у Нацыянальную бібліятэку, якая тады насіла імя Леніна, некалькі альбомаў Орды. Я звязаўся з бібліятэкай, і нам удалося зрабіць першыя фотакопіі прац слыннага земляка і прывезці іх на яго малую радзіму, — распавядае Рыгор Рыгоравіч. — Потым сваю справу і свае доследы я перадаў Надзеі Раманюк, якая тады была дырэктаркай раённай бібліятэкі ў Іванаве. Яна пачала ціснуць на мясцовыя ўлады. Так усё і закруцілася».

Дзесяць гадоў ад устаноўкі помніка да ўзвядзення музею

Але на справе ўсё расцягнулася не на адно дзесяцігоддзе. Помнік Напалеону Орду паставілі толькі ў 1997 годзе. Вобраз мастака ўвасобіў у бронзе скульптар Ігар Голубеў.

Рыгор Сыраватка расказаў, што помнік чакаў устаноўкі ажно чатыры гады пасля стварэння. А калі ўжо стаяў і чакаў афіцыйнага адкрыцця, яго сапсавалі вандалы — адрэзалі мэталічную руку Орды. Скульптары аператыўна адрамантавалі помнік.

Фото: svaboda.org
Музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Далей справа з ушанаваннем імя Орды не зрушвалася ажно дзесяць гадоў. У 2007 годзе, калі адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння Напалеона Орды, стварылі карцінную галерэю. У музеі распавядаюць, што прыклалі вялізныя намаганні для таго, каб стварыць музей.

«Сам музей Орды быў пабудаваны за кошт сродкаў UNESCO на тэрыторыі былой Варацэвіцкай школы. 9 месяцаў будавалі, яшчэ столькі ж часу пайшло на тое, каб сабраць экспанаты для музею, — расказалі ў музеі Напалеона Орды. — 349 тысяч еўра пайшло на будаўніцтва музею, 39 тысяч з гэтай сумы выдаткаваў мясцовы бюджэт. Для нашага раёну гэта проста вялізныя сродкі».

Фото: svaboda.org
Куфар, які, верагодна, кранаў сваімі рукамі Напалеон Орда

У музеі прызнаюцца, што цяпер для набыцця экспанатаў бюджэтных сродкаў амаль не выдзяляецца. Зрэшты, у самым музеі няма арыгіналаў прац Напалеона Орды. Але сярод экспанатаў чатыры рэчы, да якіх дакранаўся Напалеон Орда. Гэта куфар; завесы з уваходных дзвярэй у радавым доме Орды; абраз, які сям’я Ордаў падарыла царкве, і крыж, што цяпер знаходзіцца ў касцёле Іванава.

Узнаўленне радавой сядзібы расцягнулася амаль на 10 гадоў

Праз два гады пасьля будаўніцтва галерэі распачаліся работы ў аднаўленні радавой сядзібы Напалеона Орды. На месцы, дзе знаходзіўся дом, у 2004 годзе правялі археалагічныя раскопкі. Праўда, істотных вынікаў яны не далі: знайшлі толькі аскепкі посуду.

Фото: svaboda.org
Аднаўленне радавой сядзібы Напалеона Орды каля Варацэвічаў

На месцы, дзе раней знаходзілася радавая сядзіба Напалеона Орды, работы па аднаўленні дома згодна з малюнкамі мастака распачаліся ў лістападзе 2009 году.

Але пакуль узведзена толькі «каробка» будынка. У музеі мастака кажуць, што гэтыя праблемы абумоўленыя галоўным чынам тым, што праект фінансуецца толькі за кошт мясцовага бюджэту.

Акрамя таго, перашкодай з’яўляецца і тое, што будаўнічыя тэхналогіі часоў Орды забытыя. Дах на радавой сядзібе ўжо патрабуе рамонту.

Фото: svaboda.org

Цяпер будаўнікі на сядзібе Напалеона Орды ўстаўляюць вокны. Рабочыя кажуць, што пакуль працуюць штодня. Але, як толькі закончацца грошы, то і работы спыняцца.

Фото: svaboda.org

«Грошай вельмі мала. Вось нешта даробім, і потым ізноў будзе стаяць даўгабуд. Работы і так цягнуцца з 2009 году. А калі завершацца, дык і невядома», — кажуць будаўнікі.

Напалеон Орда варты ўшанавання

Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская кажа, што Напалеон Орда — асоба, вартая ўшанавання. Паводле эксперта, Орда захаваў для нас беларускі краявід нават не толькі ў плане мастацкага ўвасаблення. Мастак фіксаваў аўтэнтыку, асаблівасць нашай архітэктуры. Ён пакінуў значны след у гісторыі Беларусі, перакананая Лаўроўская, таму яго радавая сядзіба павінна быць адноўленая.

«Я заўважыла шмат недарэчнасцяў пры будаўніцтве. Адна з іх — якасць. Акрамя гэтага адзначу і праблему нашай эканомікі. У Беларусі няма сістэмы падтрымкі такіх праектаў. Усё, што пералічваюць прыватныя структуры на аднаўленне культурнай спадчыны, усё роўна абкладаецца падаткамі. Няма эканамічнай зацікаўленасці ў фінансаванні культурных праектаў, — кажа Ірына Лаўроўская. — Таму мы мусім або шукаць за мяжой грошы, альбо аб’яўляць нейкую гучную дзяржаўную праграму».

{banner_819}{banner_825}
-14%
-22%
-30%
-90%
-15%
-40%
0062760