/

Дзевяноста гадоў таму ў БССР назіраўся бум выдавецкай справы. На хвалі беларусізацыі і ліквідацыі непісьменнасці адзін за адным паўставалі новыя беларускія перыядычныя выданні. Часопісы для дзяцей, для моладзі, для жанчын, выданні пісьменніцкіх калектываў і краязнаўчых арганізацый. Каб прыцягнуць увагу чытачоў, рэдакцыі стараліся зрабіць яскравыя і запамінальныя вокладкі для сваіх выданняў. У гэтым матэрыяле TUT.BY раскажа, хто з вядомых асоб трапляў на вокладкі беларускіх часопісаў, і пакажа розныя беларускія прыклады графічнага дызайну 1920-х гадоў.

Часопіс для сялянскай моладзі

Першы нумар часопіса «Малады араты», 1925. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ)

Адным з самых першых выданняў новай генерацыі стаў часопіс «Малады араты», які выдаваўся толькі два гады (з 1925 па 1926) і выходзіў два разы на месяц. На старонках выдання асвятлялася жыццё сялянскай моладзі, ішла агітацыя за ўступленне ў камсамол, а таксама «рэкламавалася» служба ў беларускіх палках Чырвонай Арміі, якія фарміраваліся за кошт беларускіх прызыўнікоў і афіцэраў, выпускнікоў Беларускай вайсковай школы ў Мінску.

Вокладкі «Маладога аратага» афармляліся збольшага мастацкімі літаграфіямі і радзей фотаздымкамі. Цікава, што адным з мастакоў-афарміцеляў часопіса быў фінскі творца Алексантэры Ахола-Вало, які ў 1918 годзе дабраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію і пасля заканчэння савецка-польскай вайны застаўся жыць у Савецкай Беларусі. У 1930-м ён з’ехаў з БССР у Фінляндыю, дзе пражыў да 1997 года.

 

«Малады араты», № 12, 1925 год. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 13, 1925. Нумар прысвечаны гадавіне са дня смерці Уладзіміра Леніна. Крыніца: НББ

 

Скарынаўскі нумар часопіса «Малады араты». У 1925 годзе ў БССР актыўна адзначалася 400-годдзе беларускага друку. Крыніца: НББ

 

Таварыш Мікалай Чаплін (1902−1938) — генеральны сакратар Усесаюзнага камсамола. «Малады араты», № 6, 1926. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 7, 1926. На вокладцы малюнак беларускага мастака-графіка Генадзя Змудзінскага. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 8, 1926. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 9, 1926. Калаж з назваў беларускіх выданняў сярэдзіны 1920-х гадоў. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 10, 1926. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 11, 1926. На вокладцы малюнак фінскага мастака Алексантэры Ахола-Вало. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 14, 1926. Крыніца: НББ

 

«Малады араты», № 8, 1926. Яшчэ адна праца Ахола-Вало. Крыніца: НББ

 

Як выглядаў савецкі «Касмаполітан»?

Першы нумар часопіса «Беларуская работніца і сялянка» выйшаў у 1924 годзе. Але ў адрозненне ад «Маладога аратага» выпуск жаночага выдання працягваецца дагэтуль пад назвай «Алеся». Часопіс выдаваўся жаночым аддзелам ЦК Кампартыі Беларусі, у ім часта змяшчаліся матэрыялы пра грамадскае і палітычнае жыццё жанчын у БССР, тлумачылася савецкае заканадаўства, размяшчаліся гаспадарчыя і медыцынскія парады, рэцэпты і нават давалася інфармацыя пра спосабы кантрацэпцыі.

Першы нумар часопіса «Беларуская работніца і сялянка», 1924 год. Крыніца: НББ

У афармленні вокладак таксама выкарыстоўваліся малюнкі. Адметным перыядам у жыцці часопіса быў 1927 год, калі галоўным мастаком часопіса стаў Генадзь Змудзінскі (1897−1938). Ягоныя выдатныя графічныя працы і выбітны дызайн вокладак вылучалі «Работніцу і сялянку» сярод іншых часопісаў таго часу.

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 10, 1925. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 13, 1925. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 11, 1926. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 16, 1926. Вокладка ў тэхніцы фотакалажа, аўтар П. Гуткоўскі. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 3, 1927. На вокладцы фота з былой харальнай сінагогі Мінска, дзе праходзіў з’езд Саветаў. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 4, 1927. На вокладцы малюнак Генадзя Змудзінскага. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 5, 1927. Малюнак Змудзінскага. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 9, 1927. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 10, 1927. Афармленне святочнай вокладкі Генадзя Змудзінскага. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 11, 1927. Крыніца: НББ

 

«Беларуская работніца і сялянка», № 12, 1927. Крыніца: НББ

 

Чытво для самых маленькіх

«Беларускі піонэр» — яшчэ адзін часопіс 1920-х гадоў, які перажыў усе наступныя ліхалецці і існуе да нашых часоў пад назвай «Бярозка». Першы выпуск «Піонэра» з’явіўся з друкарні ў 1924 годзе, выходзіў часопіс два разы на месяц. Публікаваліся на ягоных старонках апавяданні і вершы для дзяцей ад вядомых беларускіх пісьменнікаў, лісты ад юных піянераў, гумарыстычныя зацемкі і графічныя гульні, у кожным нумары мелася навуковая старонка, на якой зразумелай мовай тлумачыліся розныя з’явы прыроды і адкрыцці апошніх часоў.

Першы нумар часопіса «Беларускі піонэр». Крыніца: НББ

Дарэчы, менавіта са старонак часопіса «Беларускі піонэр» вядзе свой адлік знакаміты беларускі гумарыстычны часопіс «Вожык», першыя выпускі якога з’яўляліся на старонках «Піонэра» ў якасці жартаўлівага ўкладыша. Над вокладкамі часопіса працавалі беларускія мастакі-графікі Пётра Гуткоўскі і Янка Кашкель, а таксама фін Алексантэры Ахола-Вало.

 

«Беларускі піонэр», № 2, 1925. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 11, 1925. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 4, 1926. На вокладцы літаграфія мастака Янкі Кашкеля. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 11, 1926. На вокладцы малюнак Я. Кашкеля. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 6, 1927. Нумар прысвечаны жыццю ў Заходняй Беларусі. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 7, 1927. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 8, 1927. Вокладка ў стылі фотакалажа. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 17, 1927. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 18, 1927. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 20, 1927. Нумар прысвечаны 10-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 3, 1928. На вокладцы памежны пераход на мяжы БССР і Другой Рэчы Паспалітай. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 6, 1928. На вокладцы літаграфія Ахола-Вало. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 18, 1928. У якасці афармлення вокладкі абраны фотаздымак. Крыніца: НББ

 

«Беларускі піонэр», № 15, 1929. Памяняўся шрыфт напісання назвы часопіса. Крыніца: НББ

 

«Асьвета», «Наш Край», «Полымя» — сціплае афармленне, багаты змест

Не ўсім выданням хапала сродкаў на мастацкае афармленне вокладкі, таму некаторыя часопісы мелі даволі сціплы выгляд. Але тым не менш і тут рэдакцыі стараліся вылучыцца, выкарыстоўваючы арыгінальныя шрыфты ці звяртаючыся да нацыянальных арнаментаў.

«Асьвета», № 5, 1925. Шрыфт Скарыны і беларускі арнамент на вокладцы. Крыніца: НББ

Так, напрыклад, у 1925 годзе ў гонар 400-годдзя беларускага друку часопіс Народнага камісарыята асветы БССР «Асьвета» выпускаўся з надпісамі на вокладцы, выкананымі шрыфтом Скарыны. У наступныя гады выданне некалькі разоў мяняла свой дызайн.

«Асьвета», № 8, 1927. Памяняўся шрыфт. Крыніца: НББ

 

«Асьвета», № 11−12, 1929. Чарговая змена дызайну вокладкі. Крыніца: НББ

Часопіс «Наш край» выдаваўся Цэнтральным бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры (будучай Акадэміі навук) з 1925-га па 1933 год.

«Наш край», № 1, 1926. У афармленні вокладкі выкарыстаны арнамент з кніг Францыска Скарыны. Крыніца: НББ

У ім друкаваліся цікавыя гістарычныя звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, публікаваліся даследчыя працы беларускіх навукоўцаў і лісты рэгіянальных краязнаўцаў. У 1929 годзе аўтары часопіса распрацавалі шэраг экскурсійных маршрутаў па буйных гарадах БССР: Мінску, Віцебску і Оршы. Над дызайнам вокладкі і афармленнем зместу «Нашага краю» працаваў знакаміты беларускі мастак-графік Анатоль Тычына (1897−1986).

«Наш край», № 10−11, 1926. На вокладцы беларускі народны арнамент. Крыніца: НББ
«Наш край», № 12, 1927. На вокладцы літаграфія Анатоля Тычыны. Крыніца: НББ
«Наш край», № 12, 1928. На вокладцы распрацаваны А. Тычынам лагатып выдання. Крыніца: НББ

 

Выгляд часопіса «Полымя», старэйшага літаратурнага выдання Беларусі, за дзесяцігоддзі змяняўся неаднойчы. Першы нумар, які выйшаў у 1922 годзе, мог пахваліцца надзвычай мінімалістычнай вокладкай, якую ўпрыгожваў толькі арыгінальны шрыфт. Пазней «Полымя» звярнулася да больш кансерватыўнага дызайну вокладак. Літары, якія скакалі нібы языкі полымя, зніклі з афармлення часопіса.

«Полымя», № 3−4, 1923. Крыніца: НББ
«Полымя», № 4, 1926. Крыніца: НББ

Сялянскі каляндар і чатыры дзяржаўныя мовы БССР

У 1920-я гады ў БССР афіцыйна быў замацаваны статус дзяржаўнай за чатырма мовамі: беларускай, рускай, польскай і ідыш. Большасць часопісаў таго часу выходзіла па-беларуску, але былі і чатырохмоўныя выданні. Напрыклад, часопіс «Трыбуна мастацтва». Вокладка часопіса першапачаткова афармлялася на чатырох мовах, але потым стала двухмоўнай.

 

«Трыбуна мастацтва», № 1, 1925. Крыніца: НББ

 

«Трыбуна мастацтва», № 3, 1925. Крыніца: НББ

 

«Трыбуна мастацтва», № 11, 1925. Крыніца: НББ

 

Да ліку багата ілюстраваных перыядычных выданняў можна аднесці і настольны сялянскі каляндар, які штогод з 1927-га выпускаўся газетай «Беларуская вёска». Вокладкі такіх каляндароў афармлялі многія вядомыя беларускія мастакі-графікі.

0062760