Коронавирус
Выборы-2020
Коллапс с водой в Минске


Таццяна Жук, Марына Ліс /

23 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, класіка беларускай літаратуры Пімена Панчанкі (1917−1995). TUT.BY высветліў, як паэт трапіў у Іран, падзяліўся цікавымі фотаздымкамі з бібліятэчных сховішчаў, а таксама хрэстаматыйнымі вершамі паэта.

Пімен Панчанка, 1970-я гады

Месца нараджэння — Рэвель

Бацькі Панчанкі паходзілі з вёскі Гедэйкі Ашмянскага павета Віленскай губерніі. Як і многія тагачасныя беларускія сяляне, яны яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны з’ехалі ў Прыбалтыку ў пошуках заробку. Пасяліліся ў Рэвелі (зараз Талін). Там знайшлі працу на судабудаўнічым заводзе. А неўзабаве 23 жніўня 1917 года тут з’явіўся на свет і будучы народны паэт.

У 1921 годзе маці з дзецьмі пераехала ў Бягомль, дзе ўладкаваўся на працу бацька. Ён працаваў дзясятнікам, аб’ездчыкам, прарабам, ляснічым. Тут, у вярхоўях ракі Беразіны, за 75 кіламетраў на поўнач ад горада Барысава, прайшло дзяцінства Пімена Панчанкі. Непасрэдная сувязь з навакольнай прыродай мела станоўчы ўплыў на фарміраванне яго характару, светапогляду. Як прызнаваўся Панчанка, для беларускіх хлопчыкаў лес — гэта першая школа, зялёная энцыклапедыя. Не аднойчы маленькі Пімен ездзіў разам з бацькам на пасадку лесу, на новыя яго распрацоўкі, з цікавасцю назіраў за працай лесарубаў, возчыкаў, сплаўшчыкаў.

У Бягомлі Панчанка атрымаў сямігадовую адукацыю. У 13 гадоў упершыню трапіў у Мінск як дэлегат першага Усебеларускага слёту піянераў. З Бягомля сям’я пераехала ў Бабруйск, дзе бацькі ўладкаваліся на працу на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Некаторы час там працаваў рабочым і шаснаццацігадовы Пімен. Потым юнак скончыў 6-месячныя курсы па падрыхтоўцы ў ВНУ ў Горках, а пазней — аднагадовыя педагагічныя курсы ў Бабруйску.

Лясы нырнулі ў хмары шэрыя,
Прыкрыўшы голлем птушанят.
А ты смяялася, не верыла,
Што будзе дождж, што будзе град.

Углыб, углыб усё імчалася
І за сабой мяне вяла;
Хавала вочы і смяялася
І нейкай дзіўнаю была.

А гром рыкаў ужо раз’юшана
За кожнай елкай і сасной.
І прашаптала ты ўзрушана:
«Што ж нам рабіць, харошы мой?»

А елка, хітрая і цёмная,
У сховішча пазвала нас.
Я вочы цёмныя, бяздонныя
Так блізка ўбачыў першы раз.

Завесілі нас ліўні белыя,
Загінуў свет, дарог няма.
І да мяне, заўжды нясмелая,
Ты прыгарнулася сама.

Стагналі дрэвы мнагарукія,
Ламаўся з грукатам прастор,
І сэрцы ў лад грымотам грукалі,
І бліскавіцы секлі бор…

Забуду ўсё: сяброў і вершы я,
Ды зберагу да скону дзён
Гарачых вуснаў шчырасць першую,
Ігліцы пах і ліўня звон.

«Лясы нырнулі ў хмары шэрыя…»

Цягам пяці гадоў (1934−1939) Пімен Панчанка настаўнічаў у Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе выкладаў мову і літаратуру і адначасова завочна вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, які скончыў у 1939-м. Праца сельскага настаўніка была вельмі напружанай. Акрамя выкладання ўрокаў у школе трэба было весці вялікую пазакласную, лектарскую і грамадскую работу, напрыклад удзельнічаць у перапісе насельніцтва, жывёлы, землеўпарадкаванні.

Першы надрукаваны верш «Ураджайнае». Альманах «Ударнікі». 1934. Вып. 3

Падчас вакацый Панчанка прыязджаў у Мінск. Наведваў заняткі ў інстытуце, а таксама тэатры, кіно, кнігарні, бібліятэкі. Перачытаў усіх класікаў, якія ўваходзілі ў абавязковую інстытуцкую праграму, а таксама і пазапраграмную літаратуру. Але, як сам прызнаваўся, не мог спатоліць літаратурны голад. Прыярытэтамі для творцы тае пары былі «Ціхі Дон» Шолахава і «Разгром» Фадзеева, «Хаджэнне па муках» Аляксея Талстога і артыкулы Максіма Горкага, а таксама цікавілі Ніцшэ і Бабель, вабіла паэзія Маякоўскага, Багрыцкага, Святлова, Твардоўскага, Аляксандра Пракоф’ева (не блытаць з кампазітарам Сяргеем Пракоф’евым), Гейнэ, Рэмбо і іншых.

Асабліва цікавым і карысным для Панчанкі было наведванне Дома пісьменніка, дзе можна было ўбачыць і паслухаць жывых класікаў беларускай літаратуры — Купалу і Коласа, пазнаёміцца з іншымі беларускімі літаратарамі. Тым больш што і сам Пімен ужо трымаў паэтычнае пяро: у 1934 годзе ў альманаху «Ударнікі» пад псеўданімам Алесь Загорны была апублікавана яго першая паэтычная спроба — верш «Ураджайнае», а ў 1938-м убачыла свет і першая кніга паэта пад назвай «Упэўненасць», якая змяшчала 31 верш. У тым жа 1938 годзе, вясной, ён быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў.

Карэспандэнт з Ірана

Скончыўшы інстытут, Панчанка пераехаў у Мінск. А ў 1939-м быў прызваны ў армію, апынуўся ў Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе служыў у армейскай газеце. У 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва пры Савеце народных камісараў БССР выпусціла яго другі паэтычны зборнік «Вераснёвыя сцягі».

Пімен Панчанка, 1946 г.

Там жа, у Беластоку, яго напаткала і Другая сусветная вайна. Спачатку Панчанка працаваў у франтавой газеце «Красноармейская правда», а з ліпеня, калі была створана газета «За савецкую Беларусь», стаў яе супрацоўнікам. Па ўспамінах пісьменніка, калектыў рэдакцыі быў невялікім, але зладжаным: Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Ілля Гурскі, Пятро Глебка, Васіль Барысенка і А. Стаховіч. Пазней да іх далучыліся прыехаўшыя з Масквы Максім Танк, Пятрусь Броўка і Алесь Кучар.

Са сваёй газетай пісьменнікі-журналісты пабывалі пад Смаленскам і Вязьмай, Гомелем і пад Варонежам. У гады вайны Панчанка працаваў таксама карэспандэнтам газет «За свабодную Беларусь» (1942, Калінінскі фронт), «Героический штурм» (1943, Паўночна-Заходні фронт), прымаў удзел у рабоце Пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі ў жніўні 1942 года.

Пімен Панчанка сярод удзельнікаў Пленума Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі. 1942 г., жнівень

У гады вайны ўбачылі свет зборнік франтавых вершаў паэта «Тебе, Беларусь!» (1942) у перакладзе на рускую мову, паэтычная кніга «Дарога вайны» (1943) і шмат вершаў, што друкаваліся на старонках армейскіх і франтавых газет.

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.

Не ён, а другія ішлі ў атаку,
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі
І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам
На заваёваным рубяжы.

А ён свае косці з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну аддзёр,
Зваліўся на травы, і стала балюча
І травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляцелі з валдайскіх азёр.

«Герой»

«Дарога вайны». Зборнік вершаў. 1943 г.

У 1944 годзе ваеннага журналіста Пімена Панчанку накіроўваюць у складзе частак Чырвонай Арміі ў Іран, дзе ён прабыў два гады. Уражанні аб знаходжанні ў гэтай краіне склалі змест цыкла вершаў пад назвай «Іранскі дзённік».

Фрагмент пісьма Максіма Танка ад 30 ліпеня 1945 года з водгукам на цыкл вершаў «Іранскі дзённік»
Пімен Панчанка, 1940−1950-я гады

Вярнуўшыся на радзіму, пісьменнік працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Советская Отчизна» (цяпер «Нёман»), «Маладосць». У 1966 годзе быў абраны сакратаром Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, членам Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1968), з 1989 года стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Шмат карыснага зрабіў Панчанка як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1959−1967, 1971−1990) і як старшыня Рэспубліканскага камітэта абароны міру. У якасці прадстаўніка ад Беларусі пісьменнік прымаў удзел у рабоце XIII сесіі Генеральнай Ассамблеі ААН (1958). Уражанні ад Амерыкі знайшлі сваё паэтычнае адлюстраванне ў зборніках «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964).

Службовыя пасведчанні
Пасведчанне дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. 1959 г.

Прызнанне і ўзнагароды

Пімен Панчанка і старшыня Камітэта прыхільнікаў міру Канады, лаўрэат Сталінскай прэміі «За укрепление мира между народами» (1952) Джэймс Эндзікот. [1960-я] гг.
«Родная мова». Верш. Чарнавы аўтограф. 1986 г.
Пімен Панчанка, 1963 г.

Але галоўным для Панчанкі ўсё ж такі была творчасць. Ён увесь час думаў аб адказнасці паэта. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: «У наш складаны суровы час сорамна займацца вершаванымі забаўкамі, засядацельскай мітуснёй, корпацца ў мішуры прывіднай славы і дробязных крыўдаў. Для мяне самае каштоўнае ў паэзіі - праўда жыцця, праўда пачуццяў маіх сучаснікаў, чалавечнасць».

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

Гэта ластавак шчабятанне,

Звон світальны палескіх крыніц,

Сінь чабору і барвы зарніц,

І буслінае клекатанне.

Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —

Адрачэцца ад мовы народ, —

Папрашу я і сонца, і неба:

Мне не трэба ні славы, ні хлеба,

Асудзіце на безліч нягод.

Толькі месяцаў назвы пакіньце,

Назвы родныя роднай зямлі,

Пра якія з маленства ў блакіце

Бор шуміць і пяюць жураўлі:

Студзень — з казкамі снежных аблокаў,

Люты — шчодры на сіні мароз,

Сакавік — з сакатаннем і сокам

Непаўторных вясновых бяроз,

Красавік — час маланак і ліўняў,

Травень — з першым каханнем, сяўбой,

Чэрвень — з ягаднаю зарой,

Ліпень — з мёдам,

З пшаніцаю — жнівень,

Спелы яблычны верасень,

Светлы кастрычнік

У празрыстасці чыстай, крынічнай,

Лістапад — залаты лістапад,

Снежань — першы густы снегапад…

Ці плачу я, ці пяю?..

Восень. На вуліцы цёмна…

Пакіньце мне мову маю,

Пакіньце жыццё мне!

Родная мова

" Я гаварыў занадта гучна…". Верш. Аўтограф. 1974 г.

На рахунку Пімена Панчанкі звыш 30 зборнікаў, выдадзеных у розныя часы. Некаторыя з іх былі адзначаны дзяржаўнымі і літаратурнымі прэміямі: Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за паэму «Патрыятычная песня» (1959), Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы за зборнік вершаў «Пры святле маланак» (1968), Дзяржаўнай прэміяй СССР за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок?» (1981).

Меднастволы, як вылiты, высiцца бор,
Зацвiтае на ўзлессi блакiтны чабор,
Заглядзелася сонца ў люстра азёр, -
Гэта ты, мая Беларусь!

Сiнi ранак. Дзяўчына збiраецца жаць,
На плячы маладзiк - серабрысты серп,
А наўкол налiўныя сады ляжаць,
Бурштыновыя яблыкi ў расе, -
Гэты ты, мая Беларусь!

Я нямала прайшоў за вайну дарог,
А цябе такой непаўторнай збярог…
Бой мацнее!
Я хутка к табе прыйду,
Да грудзей набалелых тваiх прыпаду,
Пакланюся лясам i палеткам шырокiм.
Толькi цяжка праходзiць апошнiя крокi
Да цябе, мая Беларусь!

Толькi страшна мне думаць пра тую хвiлiну,
Калi гляну ў вочы я роднай краiне.
Буду хату шукаць - а знайду руiны,
Буду мацi гукаць - адгукнецца магiла
На пагосце старым пад вярбою пахiлай.

Што ж, якой ты нi будзеш - i ноччу, i раннем,
Я пазнаю цябе, я не здраджу табе.
Перанесла ты гора i катаваннi
I зрабiлася мне даражэй i радней.

Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны лiст твой распраўлю рукою старанна.
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвiла
I ў шчасцi расла,
Дарагая мая Беларусь!

«Зварот»

«Где ночует жаворонок?». Зборнік вершаў у перакладзе на рускую мову, фрагмент вёрсткі. 1983

Але Панчанка быў не толькі выдатным паэтам. Яго пяру належыць вялікая колькасць злабадзённых публіцыстычных выступленняў у друку, глыбокіх літаратурна-крытычных артыкулаў. Як справядліва адзначалі крытыкі, уся яго творчасць была своеасаблівым выразнікам дум і спадзяванняў эпохі.

Пімен Панчанка, 1963 г.

Панчанка вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў Шылера, Міцкевіча, Пракоф’ева, Суркова, Масэнкі, Нагнібеды, Эміна і іншых паэтаў. Шматлікія пераклады твораў самога паэта на розныя мовы народаў свету сведчаць аб яго папулярнасці і па-за межамі Беларусі.

У 1973 годзе яму было прысвоена высокае званне народнага паэта Беларусі, а ў 1994-м паэт быў абраны Ганаровым акадэмікам НАН Беларусі.

Пімен Панчанка, 1977 г.

Пімен Емяльянавіч Панчанка пайшоў з жыцця 2 красавіка 1995 года. У Мінску адна з вуліц носіць яго імя. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зберагаецца асабісты архіў пісьменніка.

З жонкай Зояй Кірылаўнай і ўнучкай Ксюшай. 1980-я гг.
З Ю. Ванагам. 1968 г.
З Янкам Брылём. 1962 г.
-15%
-10%
-40%
-30%
-50%