/

На старажытных мапах хапае памылак і недакладнасцяў, якія можна патлумачыць тагачаснай тэхналогіяй працы. Мапы рабіліся на вока і ні пра ніякую адпаведнасць рэальным прапорцыям і каардынатам геаграфічных аб’ектаў казаць не прыходзілася. Але адкуль на поўдні Беларусі з’явілася мора, каля Глыбокага — вялікае возера, а на захадзе Беларусі — высокія горы? Каб адказаць на гэтыя пытанні, TUT.BY пазнаёміўся са старажытнымі мапамі і адначасова высветліў, калі старажытныя картографы ўпершыню пазначылі Мінск.

Адкуль на Палессі з’явілася мора?

На сённяшні дзень Беларусь з’яўляецца адной з самых вялікіх краін у Еўропе, якая не мае прамога выхада да мора. Але так было не заўсёды.

Пачалося ўсё з Герадота. Менавіта ў ягоных працах 2500 гадоў таму з’явілася першая згадка пра вялікае возера-мора, якое знаходзілася на поўначы ад Скіфіі - антычнай дзяржавы, што існавала на тэрыторыі сучаснай Украіны і поўдня Расіі.

У 1154 годзе арабскі географ Аль-Ідрысі ўпершыню размясціў на мапе агромністы вадаём паміж Чорным і Балтыйскім марамі. На яго працы поўдзень знаходзіўся зверху (туды ж трапіла Чорнае мора), а поўнач — знізу (там трэба шукаць фрагмент Балтыйскага). Мапа Ідрысі не можа пахваліцца дакладнасцю і адпаведнымі прапорцыямі геаграфічных аб’ектаў, таму месца, дзе знаходзіўся вадаём, вызначыць цяжка. Адны даследчыкі лічаць, што пад назвай возера Тэрмі (на мапе «buhaire termi») хаваецца бассейн ракі Прыпяць са шматлікімі балотамі (а горны масіў сярод вадаёма — гэта Мазырскае ўзвышша). Іншыя сцвярджаюць, што гэта і ёсць тое знакамітае мора Герадота. Дарэчы, мапа Аль-Ідрысі знакамітая яшчэ і тым, што на ёй упершыню ў гісторыі быў адзначаны горад Мінск (на мапе «muniska»).

Частка мапы Аль-Ідрысі з выявай «беларускага мора», 1154 год. Крыніца: bigmapblog.com
Частка мапы Аль-Ідрысі з выявай «беларускага мора», 1154 год. Крыніца: bigmapblog.com

Вялікія вадаёмы на месцы мора Герадота з’яўляліся і пазней. Напрыклад, на мапе Усходняй Еўропы пачатку XVI стагоддзя (у тыя часы гэты рэгіён называлі Сарматыяй) у якасці вытока Дняпра пазначана вялікае возера, змешчанае ў раёне Палесся. Дарэчы, тэрыторыю сучасных Украіны, Польшчы і Беларусі тут перасякаюць горныя храбты, якія на сучасных мапах адсутнічаюць.

Мапа Сарматыі. Трохкутны вадаём у правай часцы малюнка – гэта Азоўскае мора. Балтыйскае мора зверху да XVI стагоддзя называлася па рознаму у тым ліку і Сармацкім акіянам як на мапе. Крыніца: fama.ua
Мапа Сарматыі. Трохкутны вадаём у правай часцы малюнка — гэта Азоўскае мора. Балтыйскае мора зверху да XVI стагоддзя называлася па-рознаму, у тым ліку і Сармацкім акіянам як на мапе. Крыніца: fama.ua

Каля Слуцка — возера Крона

На больш позніх картаграфічных дакументах мора ператварылася ў Сармацкае возера. На мапе Усходняй Еўропы, створанай венецыянцам Джакома Гастальдзі ў 1562 годзе, яно выглядае як вельмі вялікі вадаём, побач з якім знаходзяцца яшчэ некалькі азёр меншага памеру. Разам яны ўтвараюць водную сістэму, якая, па сутнасці, ляжыць на мяжы водападзелу паміж Чорным і Балтыйскім марамі і з’яўляецца вытокам многіх рэк. Цікава, што на тэрыторыі сучаснай Украіны Гастальдзі намаляваў так званае Амадоцкае возера, якое, як і Сармацкае, бясследна знікне з мап у XVIII стагоддзі.

Мапа Гастальдзі 1562 году. Сармацкае возера знаходзіцца ў цэнтры малюнка. Крыніца: raremaps.com
Мапа Гастальдзі 1562 года. Сармацкае возера знаходзіцца ў цэнтры малюнка. Крыніца: raremaps.com

На мапе ВКЛ, выкананай Герардам Меркатарам, знакамітым фламандскім картографам, можна пабачыць, што Сармацкае возера знаходзілася на тэрыторыі паміж Валкавыскам і Пінскам. На мапе таксама бачна возера Крона («Crono lago») каля Слуцка, з якога, як лічылася ў тыя часы, браў пачатак Нёман.

Мапа ВКЛ Меркатора складзеная ў канцы 1590-я актыўна тыражыравалася і ў пачатку XVII стагоддзя. Крыніца: lithuanianmaps.com
Мапа ВКЛ Меркатора, складзеная ў канцы 1590-х, актыўна тыражыравалася і ў пачатку XVII стагоддзя. Крыніца: lithuanianmaps.com

Ужо ў канцы XVII стагоддзя Сармацкае возера і возера Крона знікаюць з усіх дакументаў. На іх месцы картографы пачынаюць маляваць вялікую сістэму балот, якая на мапах цягнецца ўздоўж усёй Прыпяці. Зрэшты, у іх здараліся і рэцэдывы: так, на французскай мапе 1787 года каля Пінска зноў з’яўляецца невядомае возера.

Мапа Рэчы Паспалітай 1696 года. Паміж Валкавыскам і Пінскам цяпер бачная сістэма балот, якая цягнецца далей на ўсход. Крыніца: lithuanianmaps.com
Мапа Рэчы Паспалітай 1696 года. Паміж Валкавыскам і Пінскам цяпер бачная сістэма балот, якая цягнецца далей на ўсход. Крыніца: lithuanianmaps.com
Мапа з французскага атласу 1787 года. На ўсход ад Пінска намалявана вялікае возера і ў басейне Прыпяці прысутнічае некалькі безыменных азёр, якіх на сучасных мапах там няма. Крыніца: davidrumsey.com
Мапа з французскага атласу 1787 года. На ўсход ад Пінска намалявана вялікае возера, і ў басейне Прыпяці прысутнічае некалькі безыменных азёр, якіх на сучасных мапах там няма. Крыніца: davidrumsey.com

Адкуль на картах з’явіліся гэтыя аб’екты? Дакладнага адказу няма. Існуе некалькі тэорый. Згодна адной з іх, мора Герадота і пазней Сармацкае возера — гэта рэшткі ледавіковага шчыта, які растаў пасля заканчэння апошняга ледавіковага перыяду каля 10 тысяч гадоў да н.э. Талая вада накапілася ў Палесскай нізіне і ўтварыла вялікі па плошчы, але неглыбокі вадаём. Мора Герадота было прэснае і не мела сувязі з сусветным акіянам. З цягам часу яно паступова высыхала, бо не мела сілкавання водамі рэк, як іншыя вялікія азёры. Магчыма, да часоў антычнасці захавалася нейкая частка таго мора, якая да сярэднявечча ператварылася спачатку ў сістэму неглыбокіх азёр, а затым у забалочаную мясцовасць.

Сучасныя даследчыкі паспрабавалі рэканструяваць меркаваны выгляд Палесскага мора з дапамогай спадарожнікавых тапаграфічных здымкаў Зямлі, якія з вялікай дакладнасцю былі выкананыя ў 2000 годзе. Такую рэканструкцыю зрабіў мазыранін Дзяніс Бабаеў, які на тапаграфічным здымку Палесся запоўніў нізіны віртуальнай вадой да адзнакі ў 135 м над узроўнем мора (мяркуецца, што гэта была вышыня вады старажытнага мора). Такім чынам утварыўся вялікі вадаём, на берагах якога апынуліся амаль усе старажытныя гарады беларускага Палесся: Пінск, Столін, Мазыр і іншыя.

Рэканстуркцыя Сармацкага мора ад Дзяніса Бабаева. Крыніца: vk.com/dratutialfa
Рэканструкцыя Сармацкага мора ад Дзяніса Бабаева. Крыніца: vk.com/dratutialfa

Гіганцкае возера каля Глыбокага

Калі пра мора Герадота ў гістарычнай літаратуры хапае згадак, то пра наступны аб’ект інфармацыі амаль няма. І гэта вельмі дзіўна. Бо, калі верыць мапам XVIII стагоддзя, каля горада Глыбокае цяперашняй Віцебскай вобласці існавала возера, большае па плошчы за сучаснае Вілейскае вадасховішча.

Упершыню яно з’яўляецца ў мапе 1613 года, выдадзенай у Амстэрдаме па замове магната Мікалая Радзівіла Сіроткі (той самай, на якой Сармацкае возера знікае, ператварыўшыся ў шэраг палесскіх балот).

Сістэма азёр на поўдні ад Дзвіны, якая ўключае ў тым ліку і Глыбоцкае возера, на мапе 1613 года. Крыніца: imago.by
Сістэма азёр на поўдні ад Дзвіны, якая ўключае ў тым ліку і Глыбоцкае возера, на мапе 1613 года. Крыніца: imago.by

А найбольш выразна Глыбоцкае возера выяўлена на мапе Рэчы Паспалітай, зробленай італьянскім картографам Рыцца-Заноні ў 1772 годзе, незадоўга да першага падзела краіны. Згодна з ёй, на ўсходзе ад Глыбокага знаходзілася вялікае Y-падобнае возера, якога на сучасных мапах у тых месцах няма. Згодна з Заноні, тое возера ўваходзіла ў вялікую сістэму азёраў разам з возерам Пліса, Псуя, Доўгае і іншымі. Па форме возера нагадвала сучаснае Вілейскае вадасховішча, а па плошчы, відавочна, перавышала яго.

Вялікае возера на усход ад Глыбокага на мапе Заноні 1772 года. Крыніца: wdl.org
Вялікае возера на усход ад Глыбокага на мапе Заноні 1772 года. Крыніца: wdl.org

Згодна з мапамі сярэдзіны XVIII стагоддзя, па ўскраінах возера праходзіла мяжа паміж рознымі ваяводствамі Рэчы Паспалітай: у 1731 годзе — Віцебскім і Мінскім, у 1745-м — Віленскім, Полацкім і Мінскім. На мапе Рыцца-Заноні на ўсходзе возера таксама пункцірам праведзена мяжа ваяводстваў.

Межы ваяводстваў і Глыбоцкае возера на мапе 1731 года. Крыніца: lithuanianmaps.com
Межы ваяводстваў і Глыбоцкае возера на мапе 1731 года. Крыніца: lithuanianmaps.com
Межы ваяводстваў на расійскай мапе 1745 года. Крыніца: runivers.ru
Межы ваяводстваў на расійскай мапе 1745 года. Крыніца: runivers.ru

Глыбоцкае возера сустракаецца на мапах заходніх картографаў амаль да канца XIX стагоддзя. Але на расійскіх знікае значна раней. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Глыбоччына разам з іншымі беларускімі землямі адышла да Расійскай Імперыі. Рускія картографы пры складанні мапаў новых земляў ніякага возера ў гэтых мясцінах ужо не знайшлі. Прыкладам таму могуць служыць мапы Мінскай губерніі 1821 і 1830 гадоў, на якіх ад меркаванага Глыбоцкага возера не засталося і сляда.

Расійская мапа 1721 года на якой няма не толькі Глыбоцкага возера, але і самога Глыбокага (відаць картографам гэты горад падаўся занадта малым для згадкі). Крыніца: karty.by
Расійская мапа 1821 года, на якой няма не толькі Глыбоцкага возера, але і самога Глыбокага (відаць, картографам гэты горад падаўся занадта малым для згадкі). Крыніца: karty.by

Адкуль Глыбоцкае возера з’явілася на мапах? Магчыма, з-за банальнай памылкі картографа, які гіпатэтычна прыняў балоцістыя мясцовасці на ўсходзе ад Глыбокага за вялікае возера і гэтак абазначыў яго на сваёй мапе. Іншыя картографы (асабліва еўрапейскія) без праверкі пачалі капіраваць гэты вадаём з мапы на мапу.

Зрэшты, Глыбоцкае возера сапраўды калісьці магло існаваць на гэтым месцы. Магчыма, яно мела ледавіковае паходжанне і з цягам часу высахла, ператварыўшыся ў балота. А вялікая забалочаная ненаселеная тэрыторыя на ўсходзе ад Глыбокага сапраўды існуе і добра бачная на сучасных касмічных здымках.

Цёмна-зялёныя забалочаныя мясціны на ўсходзе ад Глыбокага на мапах Google
Цёмна-зялёныя забалочаныя мясціны на ўсходзе ад Глыбокага на мапах Google

Замест гары Дзяржынскай — храбты ля Гродна

Беларусь лічыцца выключна раўніннай краінай. Нашыя ўзвышшы не перавышаюць чатырох соцен метраў вышыні (нагадаем, што гара Дзяржынская, самая высокая ў Беларусі, мае 345 метраў вышыні). Тым не менш, на ранніх сярэднявечных мапах на тэрыторыі Беларусі можна пабачыць цэлыя горныя храбты, што праходзяць праз усю краіну. Адзін з прыкладаў такіх мап ужо быў прыведзены вышэй (памятаеце мапу Усходняй Еўропы пачатку XVI стагоддзя?). Але існуе і больш наглядная мапа 1507 года, на якой прысутнічаюць ажно два паралельныя горныя ланцугі на тэрыторыі паміж Полацкам і Лідай.

«Rissei montes» працінаюць цяперашнюю Беларусь наскрозь на мапе 1507 года. Крыніца: imago.by
«Rissei montes» працінаюць цяперашнюю Беларусь наскрозь на мапе 1507 года. Крыніца: imago.by

Цікава, што ўжо на больш позніх мапах таго ж XVI стагоддзя горныя храбты з тэрыторыі Беларусі знікаюць. У наступныя стагоддзі горы ў нас на мапах будуць з’яўляцца кропкава. Так, напрыклад, на мапе 1770 года Гродна будзе наўпрост аточана гарамі. Магчыма, такім чынам мастак хацеў выявіць на мапе Гродзенскае ўзвышша, ці картографа моцна ўразілі пакручыстыя нёманскія берагі ў межах горада. Так ці інакш, Гродна на мапе нямецкага географа Тобіаса Латэра выглядае ўзнёсла ў прамым і пераносным сэнсах.

Горы вакол Гродна на мапе 1770 года. Крыніца: lithuanianmaps.com
Горы вакол Гродна на мапе 1770 года. Крыніца: lithuanianmaps.com

Адкуль на старажытных мапах з’явіліся горы? Магчыма, такім чынам сярэднявечныя картографы хацелі паказаць тыя невялікія ўзвышшы, што ўсё ж такі ёсць у Беларусі. Але на мапах ХІХ стагоддзя яны выглядаюць ужо больш прыстойна і падобна да рэальнасці. Так, на мапе 1835 года ўжо можна прасачыць контуры сапраўднага Мінскага ўзвышша.

Контуры пагоркаў вакол Мінска на мапе 1835 года з большага адпавядаюць рэальнаму Мінскаму ўзвышшу. Крыніца: davidrumsey.com
Контуры пагоркаў вакол Мінска на мапе 1835 года з большага адпавядаюць рэальнаму Мінскаму ўзвышшу. Крыніца: davidrumsey.com
{banner_819}{banner_825}
-10%
-44%
-25%
-15%
-20%
-20%
-25%
-10%
-20%