фото11 траўня ў культавым кіеўскім клюбе “44” прайшла прэзэнтацыя новае плыткі гурта КРАМБАМБУЛЯ з аднаіменным назовам.

Гэту падзею прадусарскі корпус каманды чакаў і рыхтаваў на працягу года. Леташнія перамовы зь вядомым украінскім лэйблам “Лавіна-music”, які пасьпяхова выдае знакамітых ВВ, ОКЕАН ЭЛЬЗІ і г.д., не прынесьлі аніякіх вынікаў. Аднак міні-тур КРАМБАМБУЛІ па краіне ў лютым гэтага года прадэманстраваў, што ва Ўкраіне гурт ведаюць, любяць і чакаюць.

Украінскім “апекуном” КРАМБАМБУЛІ стала кампанія “MOON-records”, якая зьяўляецца ўкраінскім прытулкам і для беларуса Сярогі.

- Для Ўкраіны мы зрабілі адмысловую плытку, — распавядае прадусар гурта Ганна Вольская, — якая ня ўбачыць сьвет на тэрыторыі Беларусі. Было б глупствам зараз выдаваць там нешта новае — пакуль ва Ўкраіне вельмі актуальна менавіта наша цяперашняя праграма. Таму мы вырашылі зрабіць так званы “the best”, куды ўвайшлі гіты зь першых трох кружэлак і мультымедыйны трэк зь відэакліпамі, тэкстамі і фотаздымкамі.

Адмысловай была зроблена і вокладка плыткі: у кожную кружэлку ўкладзеныя папяровыя лялькі крамбамбульцаў вытворчасьці Лявона Вольскага, якія магчыма будзе ня толькі выразаць, а таксама і перапранаць у розныя вясёлыя касьцюмы. Дзеля прэзэнтацыі складанкі крамбамбульцы падрыхтавалі шмат беларускіх сюрпрызаў. Па-першае, усех запрошаных на прэс-канфэрэнцыючакала дэгустацыя старажытнага беларускага напою “Крамбамбуля”. Гледачам, у сваю чаргу, каманда прадэманстравала фільм “Колер каханьня”, адмыслова да якога КРАМБАМБУЛЯ пісала саунд-трэк.

- Было бачна, што на гэты раз наведнікі клюба прыйшлі менавіта на канцэрт КРАМБАМБУЛІ, — падзяліўся пасьляканцэртнымі ўражаньнямі вакаліст і ідэйны натхняльнік гурта Лявон Вольскі. — Людзі вельмі жвава рэагавалі на назвы песень, падпявалі нам і нават без маёй дапамогі сьпявалі некаторыя рэфрэны. Хтосьці з прыхільнікаў нават разьвярнуў перад сцэнай вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.

19-га траўня КРАМБАМБУЛЯ зноў наведае Кіеў. Удзень, разам з дзясяткам гуртоў з розных краінаў Эўропы, каманда зьявіцца на Труханавым востраве на вялікае пляцоўцы “ЭўраТабару” — open-air фэстывалю, які праходзіць у Кіеве ў межах “Эўрабачаньня-2005”.

А ўвечары гурт вольме ўдзел у вядомым стогадзінным фэстывалі ў клюбе “44”. Па словах арганізатара і ўладальніка клюбу, у гэтым годзе мерапрыемства мае намер трапіць у “Кнігу рэкордаў Гінэса” як самы буйны non-stop фэстываль. Запрашэньне паўдзельнічаць у гэткае гучнае падзеі КРАМБАМБУЛЯ атрымала ад кіраўніцтва “44” адразу пасьля лютаўскага выступу ў Кіеве.
{banner_819}{banner_825}
-55%
-20%
-10%
-25%
-20%
-20%
-10%
-10%