Пошукам праху Францыска Скарыны ў Чэхіі і пераносу яго на Радзіму, у касцёл Святых Сымона і Алены, узяліся святары гэтага храма на чале з ксяндзом-пробашчам Уладзіславам Завальнюком. Каб дапамагчы іх даследаванням, прафесар Адам Мальдзіс прапанаваў пачаць пошукі ў Чэхіі.

Як піша даследчык у газеце «Звязда», Францыск Скарына памёр і быў пахаваны ў Чэшскім Крумлаве.

Каб абгрунтаваць сваю гіпотэзу, Мальдзіс цытуе артыкул скарыназнаўцы Вячаслава Чамярыцкага. Згодна апошняга, у 1535 годзе Скарына вярнуўся (напэўна ж з двума сынамі, Сімяонам і Францішкам) «у Прагу, дзе ўладкаваўся вучоным садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе, які тады закладваўся. У садзе чэшскага караля Фердынанда І Скарына прапрацаваў да лета 1539-га. Дзе ён жыў і чым займаўся пасля гэтага, мы не ведаем. У Чэхіі (магчыма, у Паўднёвай) беларускі гуманіст знайшоў свой вечны спачын. <…> Сімяон Скарына (сын першадрукара. — Заўв. TUT.BY) у 1570-я гады жыў у Паўднёвай Чэхіі і таксама займаўся лекаваннем і садоўніцтвам (вядома ж, пры замку. — Заўв. Адама Мальдзіса). Другі сын першадрукара Францішак загінуў у 1541 годзе ў Празе ў час пажару. Нашчадкі Сімяона Скарыны жылі ў Чэхіі і Славакіі».

Як піша Адам Мальдзіс, адзін з далёкіх нашчадкаў нашага першадрукара, Ежы Скарына, жыў у сталіцы Мексікі, займаўся там таксама друкарствам. У адным з лістоў даследчык спытаў у яго: што азначае, калі Францыск Скарына сапраўды перад смерцю «жыў у Паўднёвай Чэхіі», у старэйшага сына? Ён адказаў мне, што гэта быў Чэскі-Крумлаў, цэнтр нібы незалежнага герцагства.

Як піша ў «Звяздзе» Адам Мальдзіс, у Чэскім-Крумлаве ёсць усяго два касцёлы. Адзін, у акружаным мурамі кляштары, адпадае як «ведамасны», закрыты. Другі — у імя Святога Віта, парафіяльны, гатычны па стылі, стаіць на беразе-паўвостраве Влтавы і якраз паблізу замка, асвечаны яшчэ задоўга да прыбыцця абодвух Скарынаў. Парафіяльным ён стаў у 1329-м, а пасля перабудовы яшчэ раз быў асвечаны ў 1439 годзе. Скарынаў, як адказных прызамкавых асоб, маглі хаваць, прытым з належнымі надмагіллямі, толькі там.

Аднак далейшая гісторыя прыдворнага і парафіяльнага касцёла імя Святога Віта развівалася, як сведчаць крыніцы, пакручаста. У 1583 годзе ён стаў месцам пахавання прадстаўнікоў Рожмбергскага дома, у 1591 годзе быў адміністрацыйна перададзены ордэну езуітаў, які, напэўна ж, усходніх славян не дужа шанаваў. Прытым у прэсвітэрыі ад надмагілляў, размешчаных нават у цэнтры касцёльнай залы, стала цесна. Таму новая ўладальніца замка, Марыя Эрнесціна фон Эгенберг, у 1717 годзе загадала іх вынесці (але куды, на якія могілкі?). Быў складзены спіс надмагілляў, які, сведчаць крыніцы, адзін захаваўся. Таму можа паслужыць каардынатамі ў пошуках праху нашага першадрукара. Аднак аказваецца, план графіні не быў тады выкананы: яна памерла ў 1719 годзе. Нават у 1750 годзе надмагільныя таблічкі з чырвонага мармуру ўсё ж віселі на сценах пры ўваходзе ў «капэлу» Яна Непамуцкага.

Адам Мальдзіс выказвае меркаванне, што гэтыя таблічкі могуць вісець у касцёле і цяпер. Таму ён прапануе пачаць пошукі ў Чэскім-Крумлаве.

{banner_819}{banner_825}
-15%
-10%
-28%
-21%
-20%
-20%
-10%