Мінчанка напісала ліст у Мсціслаўскі райвыканкам і прапанавала перанесці драўляную хату музея Максіма Гарэцкага з Малой Багацькаўкі ў раённы цэнтр. На яе погляд, гэта дапаможа як мага большай колькасці людзей далучыцца да творчасці вядомага беларускага пісьменніка.

Максім Гарэцкі. Магшот з асабістай справы НКУС. 1930 год. Пазней класік беларускай літаратуры быў расстраляны

Вёска Малая Багацькаўка — месца нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. У 1993 годзе да 100-годдзя з дня яго нараджэння ў вёсцы быў адкрыты музей. Да 2009-га гэты дом з’яўляўся рэспубліканскай маёмасцю. Але як патлумачыла «Звяздзе» намеснік дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Анастасія Кальцова, цяжка абслугоўваць будынак на такой адлегласці. Таму апошнія шэсць гадоў установа з’яўляецца філіялам раённага гісторыка-археалагічнага музея. Ад Мсціслава да вёскі Малая Багацькаўка — 26 кіламетраў.

Як піша «Звязда», музей абслугоўваецца па заяўцы, загадчыца трэці месяц як хварэе. За шклом на акне вісіць аб’яўка з нумарам тэлефона мсціслаўскага музея. Па ім можна дамаўляцца наконт экскурсій. Калі знаходзяцца жадаючыя, экскурсавод едзе з горада. Але, як сведчыць дырэктар установы Людміла Кірыенка, за апошнія тры месяцы журналіст «Звязды» — другая наведвальніца пасля мінчанкі, якая напісала зварот.

Акрамя музея, іншых сацыяльных аб’ектаў у Малой Багацькаўцы няма. У вёсцы наогул засталося ўсяго некалькі хат.

Намеснік дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Анастасія Кальцова заявіла «Звяздзе», што ў выпадку пераезду парушаецца аўтэнтыка і канцэпцыя музея. Паводле яе слоў, «Максім Гарэцкі нарадзіўся менавіта ў Багацькаўцы, а не ў Мсціслаўлі. На жаль, праблема з утрыманнем такіх музеяў існуе. Той жа Літаратурны дом-музей Петруся Броўкі, які з’яўляецца нашым філіялам, знаходзіцца за 250 кіламетраў ад Мінска, на хутары. Народу туды дабрацца цяжка, бо дарога дрэнная. Улічваючы, што цяпер з грашыма напружанне, трэба правільна арганізаваць лагістыку. Каб акупіць праезд, трэба рабіць дарагія білеты. Гэта таксама непапулярная мера. Наогул, калі музеі паміраюць, баліць душа».

Адмоўна паставіўся да магчымага пераезду і акадэмік Радзім Гарэцкі, пляменнік пісьменніка. «Мне хацелася б даведацца, як усё ж такі гэта будзе, — пракаментаваў ён гэтую сітуацыю «Звяздзе». — На душы дагэтуль непрыемны асадак ад таго, што знеслі дом у Горках, дзе жыў Максім Гарэцкі. Там бывалі такія знакамітыя людзі XX стагоддзя, як Юрка Гаўрук, Якуб Колас, Паўліна Мядзёлка. На будынку мелася памятная дошка, што там жыў Максім Гарэцкі. Але дом знеслі, і нічога не засталося. Абяцалі паставіць памятны знак, аднак яго дагэтуль няма. Тут таксама не ведаю, што атрымаецца. Ды і як гэта наогул успрымаць? Які ж гэта будзе музей Гарэцкага, калі ён нарадзіўся ў вёсцы? Там яго асяроддзе. Уяўляеце, што было б, калі б музей з Міхайлаўскага перанеслі ў Пскоў?»

А вось дырэктар раённага музея Людміла Кірыенка выступае за пераезд музея. «Можна было б праводзіць болей адкрытых урокаў для школьнікаў, ды і колькасць наведвальнікаў павялічылася б, — патлумачыла яна сваю пазіцыю «Звяздзе». — Тым больш, што ў біяграфіі Максіма Гарэцкага ёсць перыяд, звязаны з Мсціславам, калі ён у будынку мужчынскай гімназіі разам з Якубам Коласам вёў курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў».

Як адзначыў «Звяздзе» старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васіль Віцюноў, «калі музей перавезці ў Мсціслаў, будзе больш карысці і рацыянальней будуць выкарыстоўвацца бюджэтныя сродкі на яго ўтрыманне і захаванне. Багацькаўка — бесперспектыўная вёска, хутка там зусім не застанецца жыхароў. Не кожны яшчэ пагодзіцца ехаць за 25 кіламетраў, каб наведаць гэты музей. Ды і ахова, і само напаўненне музея былі б больш грунтоўнымі, калі б ён знаходзіўся ў горадзе. Раённаму музею, на балансе якога знаходзіцца філіял, таксама было б прасцей. Штат у яго невялікі, рук на ўсё не хапае. Ну, а месца, дзе зараз знаходзіцца музей і якое з’яўляецца радзімай Максіма Гарэцкага, павінна быць адзначана памятным знакам. Яго выгляд і форму таксама трэба абмяркоўваць. Але ўсё будзе залежыць, як вырашыць насельніцтва раёна і краіны, у тым ліку Міністэрства культуры. На падставе гэтых меркаванняў і будзе прымацца рашэнне».

{banner_819}{banner_825}
-21%
-50%
-80%
-51%
-20%
-20%
-10%
-10%
-10%
-50%