Выдавецтва «Папуры» выпускае 13 новых тамоў серыі «Мая беларуская кніга». Сярод аўтараў - Кастусь Тарасаў, зноў Уладзімір Караткевіч, Янка Маўр, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў і Эліза Ажэшка.
Абноўленае выданне ўключае шмат гістарычных твораў, а ў поўны спіс уваходзяць: «Мёртвым не баліць» і «Жоўты пясочак» Васіля Быкава, «Крывавы патоп», «Скарбы князёў Радзівілаў» і «Тры жыцці княгіні Рагнеды» Кастуся Тарасава, «Зброя» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча, «Амок» і «Чалавек ідзе» Янкі Маўра, «Полацкая шляхта» Вайніслава Казіміра Суліма-Савіч-Заблоцкага, «Кароль у Нясвіжы. 1784» Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, «Родныя дзеці» і «Сказ пра Лысую гару» Ніла Гілевіча і «Хам» Элізы Ажэшка.
Раней было выдадзена 38 кніг, сярод якіх апавяданні Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, вершы Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча ды іншых выдатных аўтараў.
Прэзентацыя новых тамоў адбудзецца 5 кастрычніка ў 18.30 у Музеі Багдановіча ў Траецкім прадмесці. У прэзентацыі возьмуць удзел сябры рэдакцыйнай рады серыі Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Уладзімір Сіўчыкаў, Міхась Тычына, спадкаемцы і сваякі нашых класікаў Мікола і Сяргей Гілевічы, Алена Сінкевіч, Андрэй Фёдараў, якія распавядуць пра новыя кнігі, падзеляцца ўспамінамі пра іх аўтараў.
У музычнай частцы імпрэзы выступіць Лявон Вольскі - унук перакладчыка рамана Майсея Кульбака «Зельманцы» Віталя Зэйдэль-Вольскага.
Выдавецтва «Папуры» — партнёр сумеснага праекта з TUT.BY пра беларускую лiтаратуру.
Кнігі былі выдадзеныя ў фармаце покет-бук, што дазволіла чытачам набываць асобнікі нават у крызісны час, калі далёка не кожная беларуская сям’я можа дазволіць сабе збор твораў у цвёрдым дарагім пераплёце.
Мiсiя «Папуры» — выдаваць карысныя для людзей кнiгi, якiя дапамагаюць вучыцца, удасканальвацца, развiвацца, быць паспяховымi, здаровымi, шчаслiвымi.
Серыя «Мая Беларуская Кнiга» — адзiн з апошнiх i выбiтных зборнiкаȳ выдавецтва.
Чытайце таксама:
В магазины на всех парах: как печатаются книги белорусских классиков