Аляксандра Дынько,

Беларускаму рок-музыканту Лявону Вольскаму прысуджана прэмія Freemuse Award 2016. Гэтую прэмію з 2008 года атрымліваюць людзі і арганізацыі, якія зрабілі выбітную працу дзеля «свабоды музычнага выказвання».

8 мая Лявон Вольскі ў Стакгольме атрымае прэмію Freemuse Award 2016. Арганізатары прэміі казалі, што Вольскі працягвае традыцыю музыкаў, якія «становяцца сімваламі рухаў за грамадзянскія правы, выказваючы праз сваю музыку расчараванне і надзею». Лявона назвалі «іконай беларускай музыкі», а яго песні - «гімнамі».

У гэты момант у Беларусі на новы альбом Вольскага сабралі 79% сродкаў. А кіраўніцтва канцэртнай залы «Мінск» нядаўна адмовіла сябрам музыкі, якія хацелі правесці канцэрт у памяць Лявонавай жонкі - Ганна адышла ў іншы свет 23 сакавіка.

Фота з сайта svaboda.org
Фота з сайта svaboda.org

Напярэдадні адʼезду ў Стакгольм Радыё «Свабода» сустрэлася з Лявонам Вольскім у Мінску.

— Наколькі гатовы новы альбом? Які ён? І што яшчэ трэба зрабіць, каб ён выйшаў?

— Трэба грошы прысылаць для таго, каб ён выйшаў. Большая частка гатовая. Я надоечы быў у Вільні, запісаў яшчэ чатыры песні. Альбом велізарны, там 16 песень: восем цяжкіх, восем лёгкіх. Гэта канцэпцыя, якую выпрацавалі Снорэ (Снорэ Бэргерудам — саўндпрадзюсар, з якім Вольскі супрацоўнічае), я і Ганна пару месяцаў таму. Вырашылі, што гэта будзе цікава, каб паказаць мяне з розных бакоў. Што я магу і раўці, а магу і пра каханне спець ціхую песню.

— Цяжкія па змесце ці па музыцы?

— Па змесце там усё цяжкае. Асабліва «лёгкія» песні. Там суцэльная дэпрэсія, нават не ведаю чаму, бо пісалася гэта ўсё ў Швейцарыі, дзе мы былі з Ганнай перад Калядамі. Хацелі зрабіць усё як мага хутчэй. І я пісаў ва ўзмоцненым рэжыме. Рабіў дэма і адразу накіроўваў да Снорэ, а ён прымаў ці не прымаў. Некалькі не прыняў, але ўсё ж такі атрымалася напісаць 8 на 8. Дзіўнавата, можа, але з гэтым альбомам вырашана было ісці не па правілах шоу-бізнэсу.

— І якія цяпер правілы?

— Цяпер такія правілы, што альбомы павінны быць кароткія. Бо народ «стамляецца» слухаць. Слухае пачатак першай песні, пачатак другой — і ўсё… Ёсць, канечне, нармальныя людзі, меламаны. Але я вам першай распавядаю пра гэта, ніхто пра гэта не ведае.

— Я ўдзячная.

— І прома таксама досыць нетыповае. Але пра гэта я ўжо не буду распавядаць, бо гэта закуліссе. Сам падыход да раскруткі альбома іншы, хоць для чаго яго раскручваць, таксама не зразумела.

Мы хацелі ў Вільні зрабіць чарговае «грандыёзнае» шоу ўвосень, калі скончыцца «мёртвы сезон». Але ні з пушчы ні з поля МЗС Літвы вырашыў адмовіць у візавай падтрымцы і болей не працягваць гэтую практыку. Ёсць такі варыянт, што я пайду на прыём да амбасадара і ён асабіста вырашыць дазволіць, бо ён мае такія паўнамоцтвы. Але сама тэндэнцыя сумная вельмі.

Гэта для нас адзін з удараў апошняга часу. Міхалку, напрыклад, удалося выбіць візавую падтрымку. Калі «этыленгліколь стаў цячы ў Палацы спорту», пасля гэтага яму вырашылі дапамагчы.

— У гэтага альбома ёсць нейкі мэсэдж?

— Адкрытага мэсэджа, як у папярэдняга альбома, няма. Гэты альбом больш паэтычны. Там грамадска-палітычныя тэмы, сацыяльныя. Я гэтым займаюся ўсё жыццё і не магу ад гэтага адмовіцца. Але там ёсць і чыстая паэзія.

— Снорэ разумее, пра што вы пішаце?

— Не. Потым просіць перакласці. Тут была зусім іншая справа, таму што трэба было тэрмінова напісаць вельмі шмат дэма, каб Снорэ пачаў іх там апрацоўваць. Таму я дасылаў яму абсалютна пілотныя тэксты. А потым усе песні былі перапісаныя. Гэта ў мяне першая практыка, бо я ніколі за два месяцы не пісаў такую велізарную колькасць песень. І не «Саўку ды Грышку», а за якія ты будзеш несці сапраўдную адказнасць перад усімі.

— За якія песні вы ўжо панеслі адказнасць?

— У «Мроі» была такая песня «Я рок-музыкант». Я панёс за яе адказнасьць. Там закос пад моладзевы пафас, а многія людзі лічылі, што гэта кіраўніцтва да дзеяння. Нічога добрага не атрымалася. Калі заснаваў «Крамбамбулю», мне прыводзілі ў прыклад «Я рок-музыкант» — маўляў, «казаў адно, а цяпер?..».

— Мне, ведаеце, рэзюмэ да вашай музычнай прэміі нагадала рэзюмэ да Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

— Але гэта далёкія прэміі. Я ведаю, што ёсць такая скандынаўская ініцыятыва. Знаёмы з каардынатарам — Уле Рэйтаў. Ён некалькі разоў прыязджаў на мае канцэрты чамусьці…

— Ніхто ж яго не прымушаў, я думаю.

— Ніхто, безумоўна. Ён і ў Вільні быў на апошнім канцэрце. Але што ў іх ёсць нейкая прэмія, я не ведаў, быў вельмі здзіўлены.

— Раз вас ужо назвалі «сімвалам змагання за грамадзянскія правы», то што вам падаецца найбольш важным? Зразумела, што адзін чалавек не можа змагацца «за ўсё».

— Мяне заўсёды хвалюе свабода. Большую частку свайго жыцця я пражыў у таталітарным грамадстве. Спачатку ў Савецкім Саюзе, потым у гэтай краіне. Мне гэта заўсёды не падабалася. З дзяцінства, шчыра кажучы. Я пачаў з гэтым змагацца праз творчасць. Значная частка маіх песень прысвечаная свабодзе, змаганню з жыццём паводле хлуслівага кодэксу і ўсімі непрыемнымі атрыбутамі савецкай улады, якія пераняла цяперашняя Беларусь. Безумоўна, можна ад гэтага абстрагавацца, але ў мяне не атрымліваецца, шчыра кажучы. Я спрабаваў - і не атрымліваецца.

Фота з сайта svaboda.org
Фота з сайта svaboda.org

— Як вы на цяперашні жыццёвы момант фармулюеце для сябе, што такое свабода?

— Як гэта ні смешна гучыць, для мяне істотныя дэмакратычныя каштоўнасці. Свабода для мяне — гэта… ці вы заўважалі, што, напрыклад, у немцаў прынята казаць тое, што ты думаеш? У мяне шмат нямецкіх сяброў. І яны не будуць дзейнічаць паводле такога кодэксу, як у нас — аднаму адно, другому другое. Розныя людзі ёсць, але ў нас у масе такое — на працы адно, дома іншае, пакрасьці нешта — без праблем. Мне падаецца, што такое грамадства — яно хворае. Не падаецца, а дакладна. І бліскучай будучыні не будзе з такімі паводзінамі ў людзей у масе. Я спрабую гэта неяк змяніць праз тое, што мне дадзена.

— Я вось назіраю за тым, што адбываецца ва Украіне. І там адбыўся пералом, сышла ўлада, якую лічылі вінаватай у парушэнні дэмакратыі, у карупцыі, а праблемаў стала яшчэ больш. І яны не на ўзроўні ўлады — прэзідэнтаў, чыноўнікаў, міністраў, а на ўзроўні людзей — яны проста не разумеюць, як жыць інакш. Яны не разумеюць, як можна не даваць хабар кожнаму…

— А што, у нас не так? З хабарам у нас такая самая сітуацыя. Проста гэта замоўчваецца. Вы давалі калі-небудзь хабар?

— Ваў, не згадаю, хіба пры нараджэнні дзяцей… І гэта вельмі даўно і нібыта не зусім хабар…

— А я даваў, напрыклад. У мяне калісьці пасадзілі цесця. Ён быў дырэктарам Інстытута геадэзіі. Гэта група рызыкі, як вы разумееце. Штосьці з чымсьці не супала — указ з дэкрэтам. Ён быў пасаджаны. Сказаў нам: такому і такому чалавеку трэба даць такую і такую суму.

— Вялікая сума?

— Вялікая. Не сотні тысяч, але для нас тады гэта была вялікая сума. Анечка думала-думала і вырашыла, што трэба, напэўна, даць, раз ён сказаў. Яна прыехала і чалавеку ў машыне перадала грошы. І я не ведаю, ці яму сапраўды скасцілі тэрмін, ці гэта выпадковасць. Ён усё роўна адседзеў паўтара ці два гады. І даішніку я аднойчы даваў грошы, у чым страшна раскайваюся.

— Я, напэўна, не раблю ўражання чалавека, з якога можна нешта ўзяць…

— Але яны з любога возьмуць. Ёсць такая катэгорыя людзей, якія «ўсё для дома, усё для сямʼі».

— Калі вярнуцца да будучыні. Вы таксама часта кажаце пра яе і часта па-рознаму — то аптымістычна, то песімістычна…

— Я паглядзеў свае выказванні 2005 года, там проста кашмарнае інтэрв'ю. Там я быў на піку «Крамбамбулі». А гэта, ведаеце, такое — не заўважаеш, што вакол адбываецца. Ты ўвесь час займаешся гэтым гастрольным чосам. То едзеш у тур, то граеш «заказнякі». Тады гэта было прынята, вельмі шмат было карпаратыўных канцэртаў. І там такая «зорка» дае інтэрв'ю — «жызнь удалась, які я маладзец…».

— Але ж так і было на той момант?

— Дык праз год ужо ўсё зачынілася. Забаранілі. Як ні дзіўна, практыка забаронаў прывяла да патрэбнага ўладам выніку. Народ натуральна адвык ад канцэртаў тут, і ўсё.

— А практыка «чосу» які досвед вам дала?

— Аніякага. Толькі што вялікі канцэртны досвед. Як працаваць з голасам, калі шмат канцэртаў, як з публікай працаваць. Таму што ў юнацтве і маладосці я баяўся гаварыць з публікай наагул. Нейкія комплексы былі. А потым распрыгонілася пасля «Крамбамбулі». Менавіта пасля карпаратыўных канцэртаў, як ні дзіўна. Такую публіку трэба падымаць. Яны не прыйшлі на твой канцэрт «па квітку». Палова ўвогуле не ведае, хто ты такі стаіш на сцэне. Добрая школа была. Цікава, калі IT-кантора наймае «Мінск-Арэну» і тры тысячы каўбасіцца. І там без праблем і «Жыве Беларусь», і ўсё такое. Цяпер наогул усё гэта легла. Грошай няма ў людзей. Але я ўжо ўсё ўмею.

— Быў такі роспачны ваш артыкул напрыканцы мінулага года. Вы напісалі, што музыкі перасталі быць прарокамі. Гэта пра беларускіх музыкаў?

— Думаю, гэта сусветная тэндэнцыя.

— Але памёр Боўі - і без яго кепска.

— Боўі геніяльны выканаўца са старой гвардыі. А музыка паступова ідзе ў сферу абслугі. І нават рок-музыка. Проста займае нейкую нішу. Раней, асабліва для савецкіх людзей, гэта была амаль што рэлігія. Пачынаючы з «Бітлз» і далей. Нават айчынныя выканаўцы — «Крама», «Уліс». Гэта былі тыя, хто ведае і гаворыць больш, чым могуць сабе дазволіць іншыя. А цяпер нейкае такое — патанцаваць… Але, можа, я пагарачыўся.

— Але вы пісалі, што вам трэба прызвычаіцца да гэтага часу. І як?

— У гэтым часе ўсё па-іншаму. Трэба прызвычаіцца да сваёй ролі ў гэтым усім. Калі новы альбом пампуе 20−30 тысяч, то гэта досыць сумныя вынікі. Гэта адзін стадыён. Хоць, можа, я змрочна гляджу на рэчы, бо я ў дэпрэсіі.

— Паводле цяперашняга заканадаўства вы дармаед?

— Безумоўна. Безумоўна. Хоць я чалец творчага саюзу — можа, залічыцца?

— Падатак будзеце плаціць?

— Не, гэта варʼяцтва. Мне 10 год забараняюць граць канцэрты, а я да іх на каленях папаўзу даведку прасіць. І плаціць я не буду. Хай яны судзяць мяне. Мне, парушаючы свой жа закон, забараняюць граць канцэрты. З «гастролькамі» яны яшчэ фармальна маюць права. Але некалькі гадоў забаранялі, калі было абсалютна ліберальнае канцэртнае заканадаўства. Яны проста тэлефанавалі ў клуб. А калі клуб упарціўся і праводзіў канцэрт, назаўтра прыходзіла праверка, і 20 мільёнаў штрафу. Усе выдатна зразумелі, што гэтых выканаўцаў запрашаць не варта. Хоць і народ збіраецца, але штрафы большыя. І пасля гэтага я яшчэ павінен плаціць ім грошы?

Гэта трэба піярыць па ўсім свеце. У нас прынята так: забаранілі музыкаў, і яны сядзяць і маўчаць, чакаюць, пакуль ім дазволяць іграць. Бо лічаць, што калі яны будуць піярыць, то ім тады ўжо ніколі не дазволяць. Гэта абсалютна дзікая сітуацыя. Міхалок наўпрост да іх ідзе (просіць дазволіць канцэрт. — АД). Яны з ім сустракаюцца, нешта гавораць, паціскаюць руку. А потым «этыленгліколь пацёк».

— Будзеце звяртацца ў камісію пры Мінкульце, каб прызналі вас «творцам»?

— Лічыць ці не лічыць кампазітарам… Нотная грамата… у 21 стагоддзі? Нотная грамата робіцца так: набіраеш на клавіятуры песню, націскаеш гузік — і з друкаркі выходзяць ноты. Вось і нотная грамата. Я так рэгіструю ў Польшчы свае творы. Хай мяне судзяць, я згодны. Хай будзе паказальны працэс.

— Вы спадзяваліся, што канцэрт у памяць Ганны дазволяць?

— Гэта нейкае дзікунства зусім. Сапраўды, зала (КЗ «Мінск». — АД) калісьці для нас шмат значыла. Першымі яе «ўзялі» Зміцер Вайцюшкевіч з «Крыві». Раней беларускія выканаўцы сольнымі канцэртамі такіх залаў не збіралі. А пасля мы пачалі штурм — і «Крамбамбуля», і «Н.Р.М.». Практычна культавае месца зрабілася. Нягледзячы на саўковасць усяго персаналу, які пасля канцэрту дружна выганяў нас з грымёркі: «Давайце, давайце, мы зачыняемся». Калі праводзіць, то, безумоўна, там.

Я адразу казаў Шаблінскаму, што так і будзе. Для іх само прозвішча ўжо як чырвоная ануча для быка. І нішто не можа гэта памяняць. З гэтымі забаронамі ў адносінах да мяне і да Міхалка, думаю, нічога не зменіцца.

Яны бачаць, што ім за гэта не толькі нічога не будзе, але і, наадварот, пахваляць, падвышэнне дадуць. Такія пільныя, малайцы. Упільнавалі. Не далі заразе гэтай…

— Калі пазнаёмілася з вашай дачкой Адэляй, яна тады была яшчэ падлеткам, але зрабіла на мяне ўражанне самастойнага і спакойнага чалавека. Заўжды хацела спытаць: чаму яна вас навучыла?

— Яна ў Катавіцах, вучыць польскую мову. Ездзіў да яе не так даўно. Нармальна жыве, там выдатны парк, шпацыруе. Навучыўся ў яе такому хрысціянскаму стаўленню да жыцця — раз так ёсць, так, значыць, і трэба. Не атрымалася — так і трэба. Раней я вельмі нервова ставіўся да такіх рэчаў - што павінна атрымацца. А яна — «не, дык не». Мы кожны дзень стэлефаноўваемся. Будзе вучыцца на менеджара культуры, мас-медыя ў Любліне. У гэтай краіне — непатрэбная прафесія. Такой не існуе.

— Што памяняецца для вас у музыцы, пасля таго як Ганна сышла?

— Я баюся пра гэта думаць. У сэнсе пісання песень мала што зменіцца. А вось у вельмі істотнай частцы прасоўвання, арганізацыі канцэртаў, стратэгіі, тактыкі… Я сам сёе-тое навучыўся рабіць, але таленту няма. А тут трэба яго мець. У Ганны ён быў. Гэта таксама творчасць, разумееце? Я пакуль проста не хачу пра гэта думаць.

— Не будзем пра гэта гаварыць?

— Не.

{banner_819}{banner_825}
-80%
-10%
-10%
-30%
-30%
-10%
-20%
-55%
-10%