![]() |
Крэатыўны дырэктар прасторы "ЦЭХ" Андрэй Лянкевіч падчас адкрыцця выставы. |
Праекты для выставы адбіралі тры куратары, якія шукалі праекты лацінаамерыканскіх фатографаў па ўсім свеце. Крэатыўны дырэктар прасторы "ЦЭХ" Андрэй Лянкевіч кажа, што гэта выстава для яго – нібы свята і магчымасць паглядзець, як за 100 гадоў развівалася фатаграфія ў Лацінскай Амерыцы.
"Тут ёсць праекты ад дакументальных, прадстаўленых чорна-белай фатаграфіяй, да абсалютна сучасных, якія паказваюць, куды рухаецца фатаграфія. Ёсць новая візуальная мова. Адзін з такіх прыкладаў, якія я вельмі люблю, – калі фатограф стварае фотаздымак, не зрабіўцы ні аднаго фотаздымка сам. Чалавек сядае за камп'ютар, складае фотаздымкі – і ў канцы мы атрымліваем выяву, якая з'яўляецца фатаграфіяй".
Выстава праходзіць пры падтрымцы Дзяржаўнага музейна-выставачнага комплексу "РОСИЗО" Міністэрства культуры Расіі, Фонду развіцця і падтрымкі мастацтва "Айрыс" і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Праект мексіканскага фатографа Яна Сміта прысвечаны аварыі на Фукусіме. Аўтар сабраў трыпціхі і прадставіў іх у традыцыйным японскім стылі.


Падчас адкрыцця выставы Андрэй Лянкевіч адзначыў праект "Мова адзення" Т’ягу Каэллю і Рэжыс Дуартэ: "Гэта ілюстрацыя свету заходняй цывілізацыі, у якой мы жывём. Злева мы бачым людзей рэальных, якія існуюць у рэальнасці, на сваім працоўным месцы. А з іншага боку фатограф працуе ў пары з сапраўдным фэшн-дызайнерам, які стварае моду, адзенне. З дапамогай яго ў студыі ствараецца вобраз за некалькі гадзін, калі чалавек ператвараецца ў неіснуючую асобу. Мара становіцца рэальнасцю. Гэта сапраўдная ілюстрацыя таго, што адбываецца з намі".

Алехандра Альмараз з Аргентыны не зрабіў сам ніводнага здымка для праекта "Прэзідэнты". Ён накладваў партрэты кіраўнікоў дзяржавы адзін на адзін і атрымаў новы, універсальны.





Дакументальны праект аргентынца Дэвіда Муноза расказвае гісторыю вёскі, у якой месца чалавека займае прырода.

Як адзначыў Андрэй Лянкевіч падчас адкрыцця фотавыставы, гэта сваеасаблівая рэпетыцыя прасторы "ЦЭХ" перед Месяцам фатаграфіі, які будзе ў кастрычніку. Чакаецца, што на фестываль праекты прыедуць з усёй Еўропы.
Выстава даступна штодзённа ў прасторы "ЦЭХ" з 12.00 да 22.00 да 19 ліпеня.
Адрас: г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, 2 паверх.
Уваход: 25 000.