![]() |
Прэзентацыя "Мовы" ў віцебскім бітлз-клубе "Чердачок" |
"Мова" ў арыгінале выдадзена па-беларуску. Але ёсць і рускамоўная версія. Учора атрымаў першую прапанову ад знанага перакладчыка перакласці на англійскую. Дапушчаю, што гучанне твора будзе інтэрнацыянальным. У кастрычніку я еду ў Франкфурт-на-Майне, дзе праходзіць самы буйны ў свеце кніжны кірмаш, і буду там рабіць прэзентацыю "Мовы", - распавёў Віктар Марціновіч.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі першая прэзентацыя яго новага рамана прайшла менавіта ў Віцебску: "Гэта значны, адметны для мяне горад". (Марціновіч абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Віцебскі авангард (1918-1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка" - TUT.BY).
У Мінску крыху раней, 10 верасня, была аўтограф-сесія, на якой пісьменнік толькі падпісваў кнігі. Віцебская сустрэча адбылася, як зазначыў спадар Марціновіч, дзякуючы настойлівасці і энергічнасці каардынатара грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" на Віцебшчыне Уладзіміра Булаўскага. У беларускай сталіцы прэзентацыя твора запланавана пазней.
У друк ужо пайшоў другі наклад твора. "Першы наклад быў рэкордным для сучаснай беларускай літаратуры - тысяча асобнікаў. Прычым ён разышоўся па Беларусі без усялякай рэкламы, дадатковых высілкаў, прэзентацый, замоўленых рэцэнзій - усяго за паўтары тыдні. Гэта фенаменальны тэмп", - не без гонару сказаў аўтар.

Пісьменнік заінтрыгаваў тых, хто яшчэ не чытаў раман:
- Гэты твор вельмі супярэчлівы, трохі скандальны. І нягледзячы на тое, што ён мае моцны сюжэт, гэта не сюжэтная літаратура. Хаваючыся пад абліччам моўнага "баевіка", тэкст спрабуе адказаць на балючыя пытанні, якія наспелі ў нашым грамадстве. Асноўнае з іх - мова. Я паспрабаваў асэнсаваць гэту праблему ў катэгорыях навуковай фантастыкі.
Дзея твора адбываецца ў Мінску ў 4741 годзе па кітайскім календары. Мінск больш не сталіца Беларусі. Тэрыторыя, якую мы зараз называем Беларуссю, з'яўляецца часткай паўночна-заходніх зямель саюзнай расійска-кітайскай дзяржавы. Слова "Беларусь" забыта. "Мы ўсе рускія людзі", - кажуць нам героі тэксту.
У гэтым свеце задаволеных людзей, для якіх шопінг стаў рэлігіяй, ёсць нешта, што знаходзіцца пад поўнай забаронай. Гэта "нешта" ёсць мова. Праз мяжу цягаюць нейкія скруткі і распаўсюджваюць іх у падполлі. Людзі "падсаджаны" на мову, яны спажываюць яе, каб атрымаць кайф. Пры гэтым ёсць свет дзяржнаркакантролю, які спрабуе змагацца з распаўсюдам моўнага наркотыку. У кнізе два героі, адзін з іх - скончаны доўбень (ён "даўбіцца" мовай), і просты "чувачок", які цягае мову праз мяжу. І ў пэўны момант у руках кантрабандыста апынаецца каштоўны скарб. Гэта адно са значэнняў слова "любоў".
Пасля Віктар зачытаў кароткі фрагмент з рамана. Прызнаўся, што робіць гэта ўпершыню і, магчыма, у апошні раз: "Бо ў меня вельмі дрэнна атрымліваецца чытаць тэксты". І патлумачыў прычыну такой прэм'еры: "Мой сябар Альгерд Бахарэвіч кажа, што гэта важны момант - калі тэкст запускаецца. А сёння мы маем справу з беларускім запускам кніжкі. І ад таго, як ты правядзеш з ёй пэўныя містычныя дзеянні, залежыць, як яна паплыве".
![]() |
Віктар Марціновіч - не толькі паспяховы сучасны беларускі пісьменнік. Ён яшчэ і прыгожы мужчына, аб чым, пэўна, здагадваецца і сам. |
На сустрэчы можна было набыць раман на беларускай і рускай мовах, атрымаць аўтограф і, натуральна, задаць пытанні пісьменніку. Некаторыя з іх мы прапануем увазе нашых чытачоў.
- Чаму ўсё ж тэмай кнігі стала мова?
- Пры тым, што я заклікаю беларусаў валодаць рускай і англійскай мовамі - каб быць сучасным чалавекам, пэўныя рэчы можна сказаць толькі па-беларуску.
- Калі вы самі адчулі смак беларускай мовы?
- Для мяне беларускі свет пачаўся са спробы напісаць раман па-беларуску. У 2011 годзе я напісаў "Сцюдзёны вырай". І калі я яго пісаў, то мог сказаць толькі некалькі сказаў па-беларуску.
- А што падштурхнула да першых крокаў у беларушчыне?
- На той момант я сустрэў дзяўчыну, якая ўразіла мяне беларускасцю, апантанасцю, беларускім светам. Яна распавяла мне некалькі гісторый: пра тое, што адбывалася пасля Плошчы ў 2010 годзе, пра сваіх сябровак, пра сябе, пра мову. І ўсё гэта - у прыгожа-балючым кантэксце. Пасля гэтага я як звар'яцеў. І ў апошнія гады спрабую зрабіць беларускую літаратуру цікавым прывабным праектам.
Рэзананс атрымаў ужо першы раман Віктара Марціновіча - "Паранойя" (2009). Твор пра каханне, напісаны ў жанры reality-антыўтопіі, быў перакладзены на англійскую, фінскую, нямецкую мовы і выдадзены ў ЗША, Фінляндыі і Германіі.
Аповесць "Табу" ў 2010 годзе была перакладзеная на англійскую мову і апублікаваная ў зборніку Best European Fiction 2011.
Другі раман "Сцюдзёны вырай" (2011) упершыню ў беларускай літаратуры быў выдадзены ў выглядзе інтэрнэт-рэлізу. У 2012 годзе кніга прынесла Марціновічу літаратурную прэмію "Дэбют" імя Максіма Багдановіча ў намінацыі "Проза".
Трэці раман - гангстарская трагікамедыя "Сфагнум" (2013) - увайшоў у спіс расійскай прэміі "Нацыянальны бестселер". Па-руску выйшаў у выглядзе інтэрнэт-рэлізу, па-беларуску - у друкаванай версіі.