/ фото: Игорь Матвеев,

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску рыхтуецца адкрыць новы творчы сезон. Для аднаго са старэйшых тэатральных калектываў у краіне ён стане ўжо 89-м па ліку.

Валерый Анісенка, (злева направа) актрысы Таццяна Ліхачова і Ірына Цішкевіч

Сезон распачнецца 4 кастрычніка. Як і заўсёды - камедыяй "Несцерка". Гэта ўжо візітная картка коласаўцаў: спектакль ідзе на віцебскай сцэне больш за 70 год.

З нагоды адкрыцця сезону дырэктар - мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Валерый Анісенка зладзіў традыцыйную прэс-канферэнцыю. На ёй ішла размова пра рознае. Аднак больш пра сумнае і балючае.

Жыллёвыя ўмовы коласаўцаў

"Пытанне, якое проста баліць. У тэатры вельмі складанае становішча з узроставым складам трупы. У нас катастрафічна не хапае моладзі. Трэба запрашаць і акцёраў сярэдняга пакалення.

Вось маладой актрысе патрэбен на сцэне каханак. Самы малады, атрымліваецца, я? Са сцэны павінны ісці энергія. Тэатр без мэтанакіраванай энергіі мёртвы!



Але маладым спецыялістам патрэбна жыллё. А нам выдаткавалі толькі чатыры койкамесцы. Я сам паехаў паглядзеў там умовы. Там спаць можна толькі стоячы! А побач сям'я, з маленькім дзіцём. Прычым спецыялісты жывуць у пакоі ўдвух - такія нормы. Гэта жах! Так нельга. Нам павінны даць інтэрнат, хаця б "крыло" у ім на 8-10 пакояў. На жаль, горад не дапамагае ніяк",
- агучыў праблему Валерый Анісенка. 

Чаму губернатар ды мэр не ходзяць у тэатр?

Тэма, якую даўно абмяркоўваюць паміж сабой усе прадстаўнікі віцебскага арт-бамонду і якую ніхто не наважваўся выказаць услых, усё ж такі была ўзнята.



Смеласці хапіла ў Валерыя Анісенкі: "Я вельмі хацеў бы, каб і горад, і вобласць павярнуліся тварам да нас. Але яны робяць выгляд, што нас няма. Я ведаю, што мне так казаць непатрэбна, што я забіваю цвікі ва ўласную труну. Але я не магу гэтага не сказаць. Фінансаванне скарацілася рэзка. І я разумею, і мы неяк выжываем. Але рабіць выгляд, што тэатра няма...

За 2,5 гады нікога з кіраўніцтва горада і вобласці ў нас не было, акрамя Ларысы Аленскай і Наталлі Шыянок
(суадносна намесніца начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і начальніца такога ж аддзела гарвыканкама - TUT.BY).

"Віцебску не хапае тэатральнага фестываля"

Даўняя мара Валерыя Анісенкі - каб у Віцебску "прапісаўся" ўласны тэатральны фестываль. І пачатак ужо пакладзены - у ліпені, падчас "Славянскага базару", каля музея-сядзібы Ільі Рэпіна "Здраўнёва" адбыўся начны паказ спектакля "Макбет". Пастаноўка пад адкрытым небам надзвычай уразіла гледачоў.

"Віцебску не хапае тэатральнага фестываля. А "Здраўнёва" - гэта манок. Уявіце, вось паставіць там 10 палатак, арганізаваць палявую салдацкую кухню - і ўсё, вырашана праблема з жыллём, харчаваннем. Прыехаў, жыві тыдзень у палатцы. На абед - першае, другое і кампот. Усё, што яшчэ трэба!

І ў нас ужо пыталіся: а што, які спектакль, мы рыхтуем на наступны год? І я ведаю які, але пакуль не скажу. Было б добра, каб яшчэ прыехаў хто - калектывы з Беларусі, Украіны, Польшчы... 3 кастрычніка мы хацелі зноў у "Здраўнёва" сыграць "Макбета". Але я, як палкаводзец, пабаяўся пакласці там усю сваю армію - бо будзе ўжо дужа халодна",
- распавёў Валерый Анісенка. 

"Бездань" планаў на сезон

Як заўжды, у Валерыя Анісенкі шмат творчых планаў. Журналісты толькі і паспявалі іх запісваць.

Сёлета адзначыць 80-гадовы юбілей народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і тэатральнай прэміі Беларусі "Крышталёвая Паўлінка" Тадэвуш Кокштыс. На Коласаўскай сцэне ён працуе 56 гадоў. Тэатр рыхтуе яму падарунак - спектакль Паўла Адамчыкава "Бездань" па творы Рэя Брэдберы. Пастаноўка раней была ў рэпертуары тэатра, а зараз яе аднаўляюць. Юбіляр выконвае ў ёй галоўную ролю. Ён жа і пераклаў інсцэніроўку на беларускую мову. Прэм'ера "Бездані" адбудзецца 2 лістапада.

Тадэвуш Кокштыс: "Тэатр заўсёды ідзе супраць ветру. І тады ён будзіць у чалавеку самае патаемнае, жывое".

Яшчэ адна юбілейная падзея - 5 кастрычніка. Дзень нараджэння святкуе вядомы артыст Пятро Ламан. Ён выйдзе на сцэну ў вобразе Дзеда ў спектаклі "Пахавайце мяне за плінтусам" Паўла Санаева (пастаноўка  Валерыя Анісенкі). Гэта праца коласаўцаў з'яўляецца адным з прэтэндэнтаў на атрыманне Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Новы сезон будзе багаты на прэм'еры. З віцебскімі артыстамі зноў жадаюць актыўна працаваць запрошаныя рэжысёры з імем. Сяргей Кулікоўскі мае намер паставіць спектакль "Дзедзечкаў сон" паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, мастацкі кіраўнік арлоўскага тэатра "Вольная прастора" ("Свободное пространство") Аляксандр Міхайлаў плануе здзейсніць у Віцебску пастаноўку "Лекара мімаволі" па аднайменным творы Жана-Баціста Мальера.

Да 70-годдзя Перамогі рыхтуецца спектакль "Не пакідай мяне" па Аляксею Дудараву. Яго паставіць Валерый Анісенка. Плануе ён зрабіць і падарунак адмыслова для віцебскага студэнцтва - спектакль "Белы анёл" па п'есе Дзіяны Балыка. "У нас студэнцкі горад, але студэнты ў тэатр не ходзяць, мо, таму што няма за што хадзіць. Хочацца зрабіць для іх спектакль з адгалоскамі музыкі і паэзіі", - сказаў мастацкі кіраўнік.

Прэс-канферэнцыі Валерыя Анісенкі заўсёды падобныя на "тэатр аднаго акцёра". Гутаркі атрымліваюцца разняволеныя, сяброўскія, шчырыя і цікавыя.

Па замове Анісенкі зараз "пішуць п'есу пра князя Альгерда". Нагадаем, што ў чэрвені ў горадзе на Дзвіне паставілі конны помнік гэтай слыннай асобе ў віцебскай гісторыі.

Праз два гады Коласаўскі тэатр адзначыць паважаны юбілей - 90-годдзе. Да гэтай даты Анісенка хоча паставіць "Каласы пад сярпом тваім" паводле Уладзіміра Караткевіча. "Для мяне гэта праграмны спектакль. У ім будзе ўдзельнічаць уся трупа, а таксама студэнты віцебскага каледжа культуры і мастацтваў. Ведаю пачатак і заканчэнне спектакля. Над астатнім трэба думаць. Гэта вялікая работа, і яна вельмі падыходзіць для Коласаўскай сцэны - прыгожай, глыбокай, аб'ёмнай", - адзначыў кіраўнік віцебскага тэатра.

Загадчык літаратурна-драматычнай часткі драмтэатра Алесь Замкоўскі: "Коласаўцы так часта звяртаюцца да твораў Караткевіча, бо Караткевіч - люстра нацыі, беларус да апошняй косткі".  

Валерый Анісенка ўсцешаны, што ў Коласаўскім тэатры неўзабаве з'явіцца і новы малады рэжысёр - такую адукацыю хутка атрымае артыстка Ірына Цішкевіч.

Ірына Цішкевіч

Не забываюць у тэатры і пра моладзь, будучую прафесійную змену. У тэатральнай гасцёўні 3 кастрычніка (19.00) адбудзецца паэтычная вечарына "Не забараняй сабе марыць..." (пастаноўка Уладзіміра Мядзведзева). Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтаў прачытаюць вершы беларускіх і замежных паэтаў, а таксама творы вагантаў - вандроўных студэнтаў  XI-XIII стагоддзяў.
-10%
-50%
-50%
-17%
-21%
-10%
-50%
-85%