Аляксандра Дынько,

Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org
11 кастрычніка Лявон Вольскі збірае ў Вільні тры тысячы беларусаў на канцэрт "Vilnia.Volia.Volski". Прадставіць публіцы апошні "бескампрамісны" альбом "Грамадазнаўства" па-ранейшаму можна толькі ў суседняй сталіцы.

"Мы не рвемся ў "Мінск-Арэну". Некаторыя ёсць падставы думаць, што вернуцца ўсе гэтыя спісы і што яны далёка нікуды не пайшлі. Кірунак думак людзей, якія адказваюць за культуру, абсалютна зразумелы", — кажа Лявон Вольскі.

Таму канцэрт адбудзецца ў Teatro Arena, а ў якасці бонусу да квітка ўжо традыцыйна абяцаюць бясплатныя візы.

"Мы і не хацелі заблытаць нашага слухача і паказваць, што нам нешта дазволена, — тлумачыць Лявон. — Бо народ і так заблытаны цалкам. Прыходзіць на канцэрт, пасьля высвятляецца, што канцэрт адмяняецца, трэба здаваць квіткі. То "ой, можна", а пасля — "ой, ужо нельга". І мы будзем карыстацца вось гэтай схемай, якую прыдумаў наш прадусар — праводзіць канцэрты ў Вільні".

У Беларусі паслухаць "Грамадазнаўства" ўжывую і ў вялікай залі немагчыма, і невядома, калі будзе магчыма.

"Ну, хіба толькі на хутары якім прыватным можна, — кажа Лявон. — Ведаю, што ў адным беларускім горадзе будуецца незалежная прыватная канцэртная зала на 200 чалавек. Думаю, там будзе можна прэзентаваць. Калі толькі перад канцэртам залю не замініруюць", — смяецца ён.

Чаго чакае ад канцэрту сам музыка і чаго чакаць тым, хто толькі збіраецца набыць квіток, — Лявон Вольскі распавёў Радыё Свабода.

"Канцэрт будзе падзелены на дзьве часткі. Адна — гэта канцэптуальная прэзентацыя альбома "Грамадазнаўства". Другая — гэта песні розных гадоў майго аўтарства, папулярныя раней і цяпер. "Паветраны шар", "Тры чарапахі", можа, "Я нарадзіўся тут".

Яшчэ не ведаем, што будзе на пачатку, бо звычайна новую праграму ставяць наперадзе, а старыя хіты — у другую частку. А мы вось нешта напружана думаем, не ведаем, як зрабіць.

"Настальгічная" частка канцэрту — гэта 22–23, а можа, і болей песень. І "Грамадазнаўства" — яшчэ 11 песень. Так што гэта будзе паўнавартасны, я спадзяюся, магутны канцэрт. Мы ўсё робім, каб усё атрымалася з боку апаратуры, святла, эфектаў і так далей. І ўжо пачаўся рэпетыцыйны працэс".

Шматтысячныя выезды беларусаў у суседнюю Вільню на канцэрты забароненых на радзіме музыкаў спачатку яшчэ захоўвалі пратэстны драйв. Цяпер гэта ўжо збольшага забаўляльнае падарожжа з бясплатнымі візамі і магчымасцю разам з добрай музыкай на тры дні апынуцца ў Еўропе. Лявон кажа, што плюсы і мінусы гэтай сітуацыі ўраўнаважваюцца:

"Мінусы такія, што трэба ехаць у іншую краіну. Гэта сур'ёзныя выдаткі. Калі б мы гралі тут, у Мінску, то прыехаць з хаты на саўнд-чэк ці загадзя аплаціць арэнду і там рэпетаваць — гэта ўсё роўна не такія вялікія выдаткі, як усе пераезды, аплаты страховак, жытла і гэтак далей.

Да таго ж "Грамадазнаўства" мы будзем граць арыгінальным складам з нарвежскімі музыкамі. І нам з басістам Алесем-Францішкам Мышкевічам трэба будзе за некалькі дзён пад'ехаць туды на рэпетыцыйны перыяд, досыць напружаны. Мы з імі не рэпетавалі.

Ну, а плюс — гэта тое, што не трэба сябе стрымліваць. Баяцца таямнічых людзей з таямнічым дакументамі. Якія абавязкова тут у Беларусі прыйдуць, стануць палохаць адміністрацыю, і яна будзе ўся белая бегаць і прасіць не крычаць "Жыве Беларусь".

Перад канцэртам там можна набыць піва. Я не за тое, каб народ піў алкаголь перад канцэртам, але рок-канцэрт і піва — гэта арганічна, гэта не мы прыдумалі. А ў нас забаронена піць на фестывалях. І таму людзі пачынаюць піць гарэлку ў аўтобусах па дарозе на канцэрт, і на сам канцэрт ужо прыяжджаюць у неадэкватным стане. Там гэтага няма. Там людзі ўсе спакойныя, усё ж Еўропа.

Таму і сам пачуваешся вальней, і публіка вальнейшая. Гэтым плюсам варта скарыстацца, нягледзячы на ўсе выдаткі".

На сайце мультымедыйнага рэсурса 34mag.net, дзе 25 сакавіка з'явілася "Грамадазнаўства", пазначана, што яго спампавалі больш за шэсць з паловай тысяч чалавек. Рэдактары выдання кажуць, што каб даведацца колькасць тых, у чые вушы трапіў альбом, лічбу можна смела памножыць на тры. Вольскі ацэньваць поспех альбома пакуль не бярэцца.

"Пакуль мы не правядзем канцэрт, нельга меркаваць, якая на яго рэакцыя, — кажа ён. — Водгукі вельмі розныя. Для некаторых гэты радыкальны фармат вельмі непрыемны. Людзі ўжо адаптаваліся да навакольнай рэчаіснасці. А некаторыя і іншай рэчаіснасці не бачылі, а толькі гэтую. Я разумею, што некаторым непрыемна слухаць такія рэчы, якія гучаць у "Грамадазнаўстве". І я чакаў, што будзе вострая крытыка з боку, так скажам, "народных мас".

"Але, як ні дзіўна, ёсць і пазітыўныя водгукі. Досыць шмат,
— тут Вольскі ізноў смяецца.

"Як яно пайшло па інтэрнэце, ужо незразумела. Гэта ж бясплатна, і адсачыць немагчыма. Альбом, безумоўна, некамерцыйны, — адказвае ён на просьбу ацаніць поспех у лічбах. — Калі параўноўваць з польскімі музыкамі, гэта, безумоўна, не вельмі шмат. А для нас, можа, і нармальна. І добра... Вельмі... Паглядзім на канцэрце. Калі збяром залу, значыць, спадабалася". 
-20%
-20%
-23%
-22%
-50%
-10%
-30%
-10%
-20%
-40%
0066856