АРТ Сядзіба

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама забараніла канцэрт гурта "AMAROKA", які планаваўся на 5 чэрвеня ў клубе "Re:Public". Гурт планаваў на ім прэзентаваць свой новы альбом "Virus".

Гэта ўжо другая адмова гурту ў гастрольцы на гэты канцэрт. Першая была ў пачатку траўня выказаная намеснікам кіраўніка ідэалагічнага ўпраўлення Мядзьведзевым Сяргеем Уладзіміравічам у вуснай форме. Тады ён патлумачыў, што творчасць "AMAROKA" можа падпадаць пад прапаганду вайны ці экстрэмізму ды ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Віталіна Рудзікава
Чыноўнік спасылаўся на 5-ты пункт 2-й главы з ўказа прэзідэнта №257 аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, які выглядае так:

Забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў:
- якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасці;
- якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян;
- з парушэннем патрабаванняў гэтага Палажэння і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў.

Гурт не спыніў працу і падаў чарговую заяўку на атрыманне гастрольнага пасведчання, далучыўшы тэксты песень, якія будуць выконвацца на гэтым канцэрце. Але гэтым разам быў атрыманы пісьмовы адказ ад першай намесніцы ідэалагічнага ўпраўлення Рудзікавай Віталіны Уладзіміраўны.

У адказе гаворыцца, што згодна з тым жа пунктам 5 главы 2 "Палажэння аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў" зацверджанага ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №257 ад 05.06.2013 у выдачы гастрольнага пасведчання для правядзення канцэрта гурта "AMAROKA" адмоўлена.



Забарону каментуе лідар гурта Зміцер Афанасенка"Для мяне гэта не дзіва, відаць чыноўнікі спалохаліся, што гэта за гурт, які сам без іх ведама пачаў набываць папулярнасць. Але ж забароны былі заўжды, і "Машину Времени" забаранілі ў свае часы ў Маскве, а яны з-за гэтага набылі яшчэ большую папулярнасць. Не думаю што ім атрымаецца паўплываць на працэс, творца вышэй за любыя забароны. Мы заяўляем нашую рашучую нязгоду з рашэннем мінскага аддзелу ідэалогіі і просім не рабіць нам перашкодаў і перагледзець рашэнне".

Гурт не спыніў сваю працу і праз некалькі дзён прэзентуе сінгл "Па венах", а ў сярэдзіне чэрвеня новы альбом "Virus". Таксама "AMAROKA" рыхтуецца да серыі летніх канцэртаў, праўда пакуль што не ў Беларусі, а толькі за мяжою.

Менеджар гурта Павел Белавус, які падаваў дакументы на "гастрольку" і размаўляў з адказнымі за гэтае рашэнне чыноўнікамі, дадае: "Як забаранілі, так і дазволяць. Мы ж з вамі ведаем, што гэта не першы раз у нашай краіне, у сусветнай гісторыі. Забараняюць лепшых, яскравых, якія вераць у тое, што робяць. Нам нават прыемна, што сваімі дзеяннямі чыноўнікі паставілі "AMAROKA" ў адзін шэраг з лепшымі і паважанымі беларускімі выканаўцамі і гуртамі, якія не раз траплялі ў "чорныя спісы". Некаторыя ўжо не адзін год, як "Ляпісы" напрыклад, не могуць выступіць у Беларусі. Гэтыя гурты застануцца ў гісторыі, застануцца ў сэрцах прыхільнікаў, а гэтыя чыноўнікі хутка знікнуць з пасадаў бясследна. І хто іх узгадае? Ніхто!"

А пакуль усім сваім прыхільнікам гурт дорыць відэаверсію выступу на канцэрце ў Варшаве, які адбыўся падчас вяснова тура каманды па Польшчы.

У дадатак Зміцер Афанасенка параіў чыноўнікам бліжэй пазнаёміцца з творчасцю гурта, паглядзець іх пяшчотныя кліпы "Разрываеш" і "Губляю каханне", якія прысвечаныя рамантычным пачуццям: "Спадзяюся, што гэтыя нашыя працы растопяць халодныя ідэалагізаваныя сэрцы чыноўнікаў і яны ўсім аддзелам прыйдуць на наш наступны канцэрт у Мінску".  

{banner_819}{banner_825}
-50%
-10%
-20%
-21%
-50%
-50%
-30%
-20%
-30%
-20%
0063297