Леанід Калядзінскі,

У 1318 годзе Віцебскі сталец займае Яраслаў Васільевіч — апошні уладар удзельнага Віцебскага княства. Князь Альгерд, 22-гадовы сын вялікага князя Гедыміна з суседняга Вялікага Княства Літоўскага, вырашае ўзяць шлюб з віцебскай князёўнай Марыяй. У Яраслава Васільевіча няма сыноў, і пасля смерці Віцебскай зямлёй мусіць валадарыць муж ягонай дачкі Марыі.

Пасля смерці бацькі Гедыміна Альгерд стане на чале ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, да якого, натуральна, далучыць і "пасаг" жонкі Марыі — Віцебскую зямлю. Але гэта будзе наперадзе. А пакуль на двары 1318 г., і на чале світы складам не менш за харугву Альгерд пад'язджае да Віцебска.

Што ўяўляў сабой Віцебск той пары?

Горад на дзесяці гектарах

У канцы ХІІІ ст. Віцебск, як і большасць усходнеславянскіх гарадоў таго часу, меў трохчасную структуру, якая складалася з дзяцінца, на якім меўся княжацкі двор, размешчаны на старажытным гарадзішчы, вядомым пад назвай "Замкавая гара"; вакольнага горада, які паўкальцом ахопліваў дзяцінец з поўдня; і неўмацаванага пасада, што знаходзіўся на правым беразе р. Віцьба, насупраць дзяцінца. Акрамя таго, у гэты ж час наўкола Віцебска мелася і сельская акруга, найбліжэйшая з якой размяшчалася на супрацьлеглым беразе Дзвіны.

Вялікі князь літоўскі Гедымін (злева) і яго сын Альгерд.

Дзяцінец Віцебска да часу прыезду сюды князя Альгерда быў абнесены магутным абарончым валам, насыпаным з зямлі, і арміраваны драўлянай субструкцыяй. Перыметр вала складаў 770 м. Шырыня яго ў аснаванні была 14 м, а вышыня 6 м. Стромкасць схілаў – у межах 45-50 градусаў.

На тое, каб умацаваць валы, было высячана дрэваў з плошчы ў 12-14 га. Гэта ў два разы было больш за вакольны горад Віцебска на пачатку XIV ст. Узводзіліся гэтыя ўмацаванні на працягу чатырох гадоў, з 1136 па 1140 гг. Па грэбню вала ішоў вастракол.

 

Віцебская княжна Марыя. Карціна Ігара Дурава.

Што тычыцца вакольнага горада Віцебска, дык, на думку даследчыка гэтай часткі старадаўняга Віцебска Т. Бубенькі, ён да XIV ст. не меў штучных умацаванняў.

У Віцебску той пары меліся тры храмы. Царква Св. Міхаіла стаяла на Замкавай гары ля княжацкага дворышча. Цэрквы Звеставання (альбо добра вядомая сёння Дабравешчанская царква) і Св. Праскевы Пятніцы мясціліся на вакольным горадзе.

Нашы падарожнікі міналі ўязныя брамы вакольнага горада і дзяцінца і па вуліцы, якая стромка падымалася па схілу Замкавай гары, накіроўваліся да княжацкага двара. Вуліца, па якой ішоў (або ехаў на кані) Альгерд, была складзена з сасновых бярвенняў. Шырыня вуліцы, што вяла на княжацкае дворышча, была каля 2 м. Маставая, па якой узбіраўся Альгерд, была ўзведзена за 10 гадоў да яго прыезду ў 1307-1311 гг. Некаторыя ўчасткі гэтай вуліцы ўжо прыйшлі ў непрыдатнасць, патрабавалі рамонту і былі заменены бярвёнамі з разабраных пабудоў.

Віцябляне жылі па сядзібах

Паабапал вуліц размяшчаліся сядзібы гараджан. Як выглядалі яны на той час? На некаторай адлегласці ад жытла размяшчалася клець, а прамежак паміж імі займаў хлеў. Насупраць гэтых збудаванняў таксама маглі знаходзіцца хлеў і клеці. У плане ўвесь гэты комплекс утвараў замкнёны або "вяночны" двор, унутраная прастора якога вымошчвалася дошкамі. Сядзібная забудова Віцебска канца ХІІІ – пачатку XIV ст. пацвярджаецца і пісьмовымі крыніцамі таго часу (Ліст рыжскіх купцоў віцебскаму князю Міхаілу 1271-1289 гг.), дзе згадваецца слова "падвор'е" – сядзіба.

Насціл вулічнай маставой XIV ст. Віцебск, Верхні замак, раскопкі М. Ткачова і
Л. Калядзінскага. 1977 г.

Як выглядалі жытлы таго часу? У XIV-XV стст. жытлы Верхняга замка Віцебска мелі плошчу 36-42 кв. м. (Параўнайце з плошчай сваёй кватэры). Падлога ў такіх жытлах як правіла выраблялася з масіўных дыляў або аполкаў, пакладзеных на чатыры лагі-пераводзіны.

Пад вуглы зруба падводзілі масіўныя калоды дыяметрам 35-40 см і даўжынёй каля метра. Дзверы жытлаў узводзіліся на ўзроўні 4-6 вянка. У гэты час пры жытлах уводзіліся рамкава-каркасныя збудаванні, якія з'яўляліся асновай крытай галерэі двухпавярховай пабудовы. Графічная выява такога збудавання ("Дом Горскага") ёсць на знакамітым плане Віцебска 1664 года.

У склад сядзібы ўваходзілі клеці – памяшканні для захавання збожжа, і хлявы. Хлявы ў канцы ХІІІ – пачатку XIV ст. найчасцей выконваліся ў слупавой тэхніцы, вядомай у традыцыйным побыце беларусаў пад назвай "у шулы". Аснову пабудовы ўтваралі ўкапаныя па вуглах слупы, у якіх меліся прадольныя пазы для закладкі сцен дошкамі. Памеры гэтай пабудовы былі 1,8х4,8 м. Уваход у пабудову быў зроблены з поўдня. І ў гэтым мелася пэўная рацыя: у летнюю пару сонца магло прасушваць прастору памяшкання, дзе стаяла жывёла.

Рэканструкцыя жытла ў Віцебску сярэдзіны XIV ст. паводле С. Сергачова і
Л. Калядзінскага.

Колькі чалавек магло жыць на тэрыторыі Верхняга замка Віцебска, скажам, у канцы ХІІІ ст.? Паводле падлікаў даследчыкаў, на 1 га дзяцінца горада ХІІ-ХІІІ стст. магло прыходзіцца да 200 чалавек. Улічваючы, што дзяцінец Віцебска, на аснове якога сфармаваўся Верхні замак, меў плошчу 4 га, то яго насельніцтва магло складаць да 800 чалавек.


Чатыры літры малака на дзень

У канцы ХІІІ – пачатку XIV ст. галоўнае месца ў статку хатніх жывёл насельніцтва Верхняга замка Віцебска займала буйная рагатая жывёла (54%). На другім месцы былі свінні – 43%, і затым дробная рагатая жывёла – 21%. На долю коней прыходзілася ўсяго 13% ад усяго пагалоўя статку.

Рэшткі сядзібнай забудовы на Верхнім замку Віцебска. Археалагічныя раскопкі М. Ткачова і Л. Калядзінскага. 1978 г. Паўночны бок раскопа.

Як выглядала хатняя жывёла на той час? Значная яе частка была маларослай. Так рост быдла ў холцы быў усяго 94-125 см, авечкі – 51-60 см. Такая з'ява будзе выглядаць натуральна, калі прыгадаць, што свядомы адбор і селекцыя сельскагаспадарчай жывёлы ў Паўночнай Еўропе пачаліся толькі ў XVII-XVIII вв.

Несумненна, што буйная рагатая жывёла прызначалася і для атрымання малака. Ускосным доказам гэтага могуць служыць знаходкі рэшткаў бандарнага посуду: донцаў і клёпак ад вёдраў з прамым вусцем, якія адносіліся да падойнікаў.

Колькі малака магла даваць карова на той час? Непасрэдных дадзеных у нас для гэтага няма. Але ўскосна, мы пра гэта меркаваць можам. Якім чынам?

Так, па вызначэнні спецыялістаў, сярэдняя вага буйной рагатай жывёлы ў гарадах Старажытнай Русі, пры росце ў холцы 100-110 см, была 10-12 пудоў, або 160-192 кг. Рост буйной рагатай жывёлы для Верхняга замка Віцебска ХІІІ-XIV стст., паводле дадзеных археозаолагаў, быў у сярэднім 110 см. А гэта азначае, што вага буйной рагатай жывёлы з Верхняга замка Віцебска ў ХІІІ-XIV стст. была таксама 160-192 кг.

Віцебск, Верхні замак. Археалагічныя раскопкі М. Ткачова і
Л. Калядзінскага. 1978 г. Паўднёвы бок раскопа.

Паводле дадзеных сялянскай гаспадаркі пачатку ХХ ст., буйная рагатая жывёла мясцовай пароды (беларуская чырвоная) важыла 18 пудоў, або 282 кг, і давала ў дзень усяго 6 л малака. Буйная рагатая жывёла з Верхняга замка Віцебска была ў параўнанні з вышэй прыведзенымі паказчыкамі ў 1,5 разы меншай па масе. Можна меркаваць, што і надоі малака ў яе былі ў столькі ж разоў меншыя, або 4 л.

Пра тое, што ўжыванне малочных прадуктаў у харчаванні на той час, у прыватнасці, сметанковага масла, было адносна рэдкай з'явай, сведчыць той факт, што за ўсе гады раскопак Ноўгарада Вялікага было знойдзена толькі адна накрыўка ад посуду для збівання масла.

Мясны рацыён

Што тычыцца мяснога забеспячэння ў харчаванні, дык ад 30 да 90% мяса, што спажывала насельніцтва гарадоў, давала паляванне. Сярод паляўнічых трафеяў насельніцтва Верхняга замка былі лось (39%), алень (38%), зубр (26%). Цікава адзначыць, што памеры ласей у той час былі блізкія да параметраў сучасных відаў. А вось памеры аленяў і зубраў былі буйнейшымі.

Што тычыцца коней, дык асноўная частка іх мела сярэднія памеры. Рослыя коні з вышынёй у холцы 144-152 см складалі толькі 26,67%. Значную частку коней, да 96%, складалі старыя асобіны, што з'яўляецца доказам іх выкарыстання як транспартна-цяглавай сілы. І толькі трохі больш за 6% касцявых рэшткаў коней носяць сляды ўжывання іх у ежу, што магло адбывацца ў неспрыяльны для насельніцтва Верхняга замка час (бяскорміца, аблога і інш.).

Ну і каб завяршыць агляд жывёльнага свету, адзначым, што ў астэалагічнай калекцыі Верхняга замка Віцебска пачатку XIV ст. прысутнічаюць 28 костак сабак і адна костка ката.

Вопратка віцябляніна

Як выглядаў жыхар Верхняга замка на пачатку XIV ст.? У некаторай ступені меркаваць пра гэта можна на падставе знаходак, якія выяўлены падчас раскопак на Верхнім замку Віцебска.

Рэканструкцыя мужчынскага строю ХІІІ ст. паводле А. Брайчэўскай. Скураныя похвы для нажа з раскопак у Віцебску.

Так, на мяжы Верхняга і Ніжняга замкаў былі выяўлены амаль цэлая світа і рукавіца ХІІІ ст., а ў раскопе 1978 г. сабрана вялікая калекцыя скуранога абутку.

Світа мела тунікападобны крой, доўгія рукавы. Яна апраналася праз галаву, у сувязі з чым на грудзях мела глыбокі да пояса разрэз, які зашпільваўся на вялікія касцяныя гузікі.

Рукавіца, мяркуючы па памерах, 14х24 см, была мужчынскай. Яна, як і світа, была сплецена з тоўстых шарсцяных нітак. Пра астатнія дэталі мужчынскага строю можна меркаваць з урыўка берасцяной граматы рубяжа ХІІІ-XIV стст., знойдзенай у Віцебску ў 1959 г., дзе ўзгадваюцца "пóрты".

Шпора ХІІІ-XIV стст. з Верхняга замка Віцебска.

На галаве магла быць шапка з лямцу, кшталту беларускай магеркі. Шапка падобнага выгляду вядома па раскопках у Брэсце. На Верхнім замку Віцебска адносна часта сустракаліся кавалкі лямцу, з якога маглі вырабляць такія шапкі.

Мужчынскі скураны абутак мог быць прадстаўлены ботамі і чаравікамі. Боты мелі вышыню халявы ад 13 да 25 см, часам нават да 29 см і сшываліся з дзвюх палавінак або рабіліся з суцэльнага кавалка скуры. Нос бота мог быць акруглы і завостраны. На некаторых экзэмплярах захаваліся фрагменты фарбы зяленавата-жоўтага колеру. Большасць абутку мела даўжыню падэшвы 25-27 см, часам да 28 см.

У Віцебску сярод статняга быў выяўлены скураны пояс канца ХІІІ ст., сабраны з дзвюх частак. Зашпільваўся ён на буйную металічную спражку. У поясе зроблены адтуліны, да якіх падвешваліся похвы для нажа і гаманец. Гаманец мог мець грушападобную форму.

Чым харчаваўся гараджанін?

Калі б хтосьці з падарожнікаў увайшоў у жытло, то ў поле яго зроку трапіла б глінабітная печ, якая мясцілася ў бліжнім ад увахода вуглу. Выкарыстанне кафлі, нават самых ранніх узораў – гаршкападобнай, для аздаблення печы, яшчэ не было вядома. Яна з'явіцца ў Віцебску толькі праз стагоддзе.

Медная патэльня канца XIII ст. з раскопак Верхняга замка Віцебска, 1978 г.

Пры святле лучыны або лучын, устаўленых у лучнік, можна было разглядзець што-нішто з хатняга начыння.

Кухонны посуд пачатку XIV ст. прадстаўлены ў асноўным глінянымі гаршкамі. У гэты час гаршчок мае выразны выступ – рабро – які рабіўся па плечыку посуду. Да рэдкага, калі не сказаць унікальнага, віду кухоннага посуду адносіцца знойдзеная медная патэльня на 4,5 л, якая загінула ў пажары 1335 года. Патэльня доўгі час знаходзілася ва ўжытку. Сведчанне таму – дзесяць заплатак з лістоў медзі на ёй. Больш шырока карысталіся жалезнымі патэльнямі. Дзве такія патэльні сустрэты ў напластаваннях больш ранняга часу.

Сталовы посуд быў прадстаўлены ў асноўным вырабамі такарнай вытворчасці. Гэта міскі, чашы, талеркі. Талеркі былі дыяметрам па 30-32 см і па форме вельмі нагадвалі сучасныя. У адной з пабудоў археолагі знайшлі драўляную талерку, на донцы якой, са знешняга боку, быў выразаны салярны сімвал – пяцікутная зорка.

Елі драўлянымі лыжкамі. Жалезныя двузубыя відэльцы з'явяцца ў Віцебску не раней за XVII ст. Цікава заўважыць, што сярод знаходак альгердава часу ёсць лыжкі з глыбокай лопасцю – для ўжывання вадкай стравы, і з мелкай – для сухой стравы.

Ужывалі ежу расліннага паходжання: кашу з проса або грэчкі. Аб ужыванні мясной ежы сведчаць косткі свойскіх і дзікіх жывёл, якія маюць сляды рубкі сякераю і рэзання нажом – кухонныя адкіды. 

Часовы навес над раскопам 1982 года, прызначаным пад музеяфікацыю.

Гатавалі розныя стравы з рыбы. І гэта зразумела: у праваслаўным календары 190 дзён посныя. У напластаваннях канца ХІІІ – пачатку XIV ст. находзілі косткі і луску шчупака, судака, ляшча, язя, акуня, сама, жэраха. Мяркуючы па костных рэштках, даўжыня некаторых асобін судака была больш за паўметра, а шчупака каля метра.

У якасці ласунка ўжываліся мёд, лясныя арэхі і ягады. Гэтая выснова мае рэальнае археалагічнае пацвярджэнне. Знойдзены кавалачак воска ў днішчы бандарнага посуду для захавання мёду. Даследчыкі знаходзілі насенне пладоў лясной маліны, лісток чарніц, шалупінне ад лясных арэхаў, костачкі вішань.

Сёння няма нават ускосных дадзеных пра штучнае развядзенне дрэў вішні у Віцебску. Таму хутчэй насельніцтва збірала ягады вішні звычайнай або кіслай (Cenasus vulgarius), якая ўзнікла ў выніку натуральнай гібрыдызацыі дзікай чарэшні і стэпавай вішні.

Віцебскія прыгажуні

Спадарожнік князя Альгерда мог кінуць кароткі позірк на кагосьці з жанчын або дзяўчат тагачаснага Віцебска. І гэтага б хапіла, каб заўважыць што-нішто з упрыгажэнняў. Так, на запясцях у некаторых жанчын яшчэ можна было ўбачыць шкляныя бранзалеты. На адным з пальцаў рукі жанчыны - бронзавы пярсцёнак, выраблены з дроту, з невялікім патаўшчэннем пасярэдзіне, на якім зроблена імітацыя кручэння.

Шыфернае праселка з надпісам "MAPHNO".

На жанчыне маглі быць каралі з сіняга шкла шарападобнай формы. Адна з такіх пацерак акурат паходзіць са слоя канца ХІІІ – пачатку XIV ст. Мы нават можам меркаваць, як звалі гэтую жанчыну. У напластаваннях гэтага часу знойдзена шыфернае праселка з надпісам "MAPHNO".

На поясе ў жанчыны ў скураным футарале маглі вісець самшытавы грэбень і маленькае люстэрка ў драўлянай аправе, схаванае ў скураны чахольчык круглай формы.

Самшытавы грэбень з выявай фантастычнага барса. ХІІІ–XIV ст.

Жанчына магла быць абута ў чаравікі, упрыгожаныя вышыўкай з каляровых нітак. Але, калі яна належала да заможных гараджанак, яе чаравікі маглі быць аздоблены складаным арнаментам. Адзін з такіх чаравікаў знойдзены намі ў напластаваннях канца ХІІІ ст.

Што рабілі ў вольны час?

Мог звярнуць увагу спадарожнік Альгерда і на тое, як насельнікі Верхняга замка бавяць свой час. Сярод іншага ім была вядома гульня ў шахматы і шашкі.

Так, шахматная фігура "рух" або "ладдзя", знойдзеная ў напластаваннях мяжы ХІІІ-XIV стст., была выразана з косці. Стрыжань фігуры зроблены з дрэва. Такое камбінаванае спалучэнне – косць і дрэва – акрамя як на Верхнім замку Віцебска, больш нідзе не сустракаецца сярод шахматных рарытэтаў гэтага часу. Шашка ХІІІ-XIV стст. выразана з ружовага кварцу. Яна паўсферычнай формы, вышынёй 13 мм і дыяметрам у аснове 26 мм.

Шахматная фігурка ладдзя, XIII-XIV ст. Віцебск, Верхні замак. Раскопкі 1977 г. М. Ткачова і
Л. Калядзінскага. Знайшоў Ігар Цішкін.

Дапоўніць вобраз тагачаснага жыцця маглі і гукі дуды – валынкі, якая была знойдзена ў напластаванні ХІІІ ст. Памеры меха дуды – 25х29 см. Зверху ў яго меліся два соплы шырынёй 4 см і даўжынёй 5 см, а таксама адтуліна дыяметрам 6,5 см, прашытая па акружнасці.

Знаходка рэшткаў дуды была ў пэўным сэнсе сенсацыяй, бо нідзе, акрамя як на Верхнім замку Віцебска, больш не сустрэта. А пісьмовыя згадкі пра гэты музычны інструмент на тэрыторыі Усходняй Еўропы вядомы толькі з XV ст.!

Княжацкі двор на Замкавай гары

На вялікі жаль, матэрыялаў для якога-небудзь меркавання ў нас мізэрна мала. Замкавая гара была зруйнавана яшчэ ў канцы ХІХ ст. У пэўнай меры мы можам толькі разважаць пра царкву Св. Міхаіла, якая знаходзіліся на княжацкім дворышчы.

Віцебск, Замкавая гара. 1895 год. Археалагічныя раскопкі Аляксея Сапунова.

Віцебскі храм Св. Міхаіла быў узведзены ў тэхніцы змешанай муроўкі. Падлога царквы ўяўляла сабой маляўнічую кампазіцыю, выкладзеную з керамічных плітак стрэлападобнай формы, пакрытых палівай травяніста-зялёнага і ярка-жоўтага колераў. Алтар храма быў аздоблены залачонай мазаікай.

У драўляныя пераплёты было ўстаўлена дыскападобнае шкло. Скрозь гэтыя шыбы ў памяшканне струмяніліся промні зеленаватага святла, граючы на жоўта-зялёных стужках падлогі і залачоным фоне алтара.

Княжацкі двор на Замкавай гары ў Віцебску з царквой Св. Міхаіла. Фрагмент карціны Ігара Дурава "Віцебскія замкі ў XIV ст."

Цьмяна-шэры, з цынкавых пласцін купал храма кантрасціраваў на блакіце віцебскага неба з бел-чырвона-белымі радамі плінфы і вапняковай рошчыны, з якой складаліся сцены храма.

Уявіць больш дакладна аблічча гэтага храма мы не можам. Верагодна, што ў агульных рысах ён нагадваў некаторыя храмы Чарнігава, дойліды якога зрабілі адпаведны ўплыў на фармаванне полацкай (віцебскай) архітэктурнай школы.

Мураваны замак

Праз два гады пасля гэтых падзей, у 1320 г., Яраслаў Васільевіч памірае. Віцебскі сталец займае Альгерд, які далучае землі Віцебскага княства да ўладанняў Вялікага Княства Літоўскага. І з гэтага часу на горад ускладаецца вялікая стратэгічная роля ва ўсходняй палітыцы дзяржава. З гэтай нагоды Альгерд на пачатку 30-х гадоў XIV ст. пачынае будаўніцтва мураваных умацаванняў, якое было завершана ў 1351 г. ужо другой жонкай Альгерда, цвярской князёўнай Ульянай, якая "замок Витебский и вежу змуровала <…> и муром округ обвела з баштами вынеслыми и вежами".

На думку некаторых даследчыкаў, на Верхнім замку Віцебска нібыта магла стаяць асобна пастаўленая вежа, тыпу германскага бергфрыду. Але гэта толькі меркаванні, заснаваныя выключна на сціслым летапісным паведамленні.

"Нарожная" вежа Ніжняга замка Віцебска XIV ст. Яе падмуркі захаваліся і экспануюцца ў выставачным комплексе "Духаўскі круглік". Рэканструкцыя паводле раскопак М. Ткачова і Т. Бубенькі.

На будаўніцтва новых умацаванняў пайшоў валунны камень, на які багата віцебская ваколіца і сёння. Гэтыя ўмацаванні ўяўлялі сабой магутную сцяну, складзеную з валуноў памерамі 44-50х 70-80 см на рошчыне з вапны. Прастора паміж шчокамі сцяны забутоўвалася дробным каменем і бітай цэглай. Сцяна прайшла па грэбню вала ХІІ-ХІІІ стст. і была паглыблена ў вал на 0,5 м. Таўшчыня сцяны ў аснове мела 3 м.

Па перыметры сцяны, якая апаясвала Верхні замак, было ўзведзена восем вежаў. Іх памеры ў аснове былі 7х7 і 8,8х8,8 м. Знешні схіл вала быў вымашчаны булыжнікам. Верхнія часткі вежаў, сутарэнні, а таксама вуглы адкосаў у праёмах сцен і вежаў выкладываліся з цэглы, кожная вагой па 7 кг.

Акурат такая ж цэгла ўжывалася і ў мурах замкаў Гродна, Ліды і Крэва. Да гэтага часу адносіцца і ўзвядзенне каменных палат Альгерда, пра якія згадвае Мацей Стрыйкоўскі. Яны былі ўзведзены ў гатычным стылі, які на той час дамінаваў у мураваным дойлідстве замкаў Беларусі.

Віцебскія замкі XIV ст. Мастак Ігар Дураў, 2013 г. Публікуецца ўпершыню. Від з цяперашняй Успенскай гары.

Камяніцы Верхняга замка XIV ст. пакрываліся ўжо керамічнай дахоўкай. Яна мела паўцыркульную форму дыяметрам 12-15 см і вышынёй 5,2-5,7. У асобных выпадках захаваўся і шып для мацавання гэтай дахоўкі.

Абсалютны аналаг абарончым збудаванням Верхняга замка па тэхніцы і матэрыялу вядомы па раскопках Ніжняга замка Віцебска, дзе былі выяўлены абарончая сцяна і вежа таго ж часу. Агульная даўжыня мураваных умацаванняў Верхняга і Ніжняга замкаў, якія складалі адзіную сістэму абароны Віцебска, дасягала 1,7 км.

Вялікае Княства Літоўскае і эканамічны рост Віцебска

1393 год. Мяцежны князь Свідрыгайла бароніцца за мурамі віцебскіх замкаў ад кааліцыі Вітаўта, Скіргайлы і смаленскага князя Юрыя Святаславіча. Быў узяты Ніжні замак. Затым, Вітаўт "заточив дела в церкви мурованной в Нижнем замку, розбивал мур замку Вышнего беспрестанно". Відаць, у час гэтай кананады моцна пацярпела царква Св. Міхаіла, якую ў наступныя часы аднавілі ўжо ў драўляным выглядзе на колішнім мураваным падмурку.

У 1396 г. Вітаўт зноў штурмаваў Віцебск, дзе чарговы раз знайшоў прытулак Свідрыгайла. У 1435 г. за мурамі Віцебска Свідрыгайла хаваўся ўжо ад войска Вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. У 1437 г. віцябляне мусілі прызнаць уладу Жыгімонта.

Альгерд, вялікі князь літоўскі, і яго другая жонка Юліянія Цвярская.
Карціны Ігара Дурава.

У канцы жыцця Вітаўта на старонках летапісу з"явяцца радкі: "Видбеск – три стены каменные…". Што меў на ўвазе летапісец, сёння ўжо цяжка сказаць. Але, як нам падаецца, пад першаю сцяной можна разумець умацаванні Ніжняга замка, пад другой – Верхняга, а трэцяя сцяна праходзіла па краі Замкавай гары з яе напольнага боку. За выключэннем бадай што Гродна, ні адзін з гарадоў Беларусі не меў тады такіх магутных умацаванняў.

Але археалагічныя даследаванні Старога замка Гродна канца ХІІІ – пачатку XIV ст. ілюструюць яго заняпад, што было выклікана крыжацкімі паходамі. З іншага боку матэрыялы даследаванняў Віцебска таго часу прэзентуюць высокі ўзровень матэрыяльнай культуры Верхняга замка.

Часы Альгерда — гэта ўсплёск эканамічнага жыцця Віцебска. Горад увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а на ўсходніх рубяжах дзяржавы тады панавала зацішша.

Артыкул апублікаваны ў серыі праекта "Віцебск: папулярнае мінулае".
{banner_819}{banner_825}
-70%
-15%
-15%
-25%
-30%
-35%
0063385