Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Віктар Сямашка,

2 сакавіка 2014 года пайшоў у іншы свет вялікі паэт Рыгор Барадулін. На знак памяці і на даніну пашаны да гэтага светлага чалавека Tuzin.fm сабраў 12 самых яскравых песен, напісаных на яго словы.




"Песня — раўнівая паненка. За ўзаемнасць патрабуе душу. Песня — асоба самадастатковая і непаўторная ў сваім выяўленні!" Так лічыў Рыгор Барадулін. Паэт пакінуў па-за сабой ня толькі каля сотні кнігаў, але і мноства песень. Яго вершы паклалі на музыку барды і рокеры, эстраднікі і вядучыя акадэмічныя кампазытары. Абраны тузін спеваў ад дзядзькі Рыгора вашай увазе.

1. "Трэба дома бываць часцей" (Р. Барадулін — І. Лучанок, выконваюць Данчык і Л. Барткевіч)

Гэты радок Рыгора Барадуліна даўно стаў крылатым. Ён знаёмы, бадай, кожнаму беларусу. Сваю ролю сыграла і музыка Ігара Лучанка. Песня сталася сапраўдным шлягерам, а ў версіі Данчыка і Барткевіча ледзь не нацыянальным гімнам. Запіс адбыўся ў 1989 годзе ў Нью-Ёрку.



2. "Зорка босая" (Р. Барадулін — А. Камоцкі, выконвае А. Камоцкі)

З імем Барадуліна звязаная практычна ўся дыскаграфія Алеся Камоцкага. Асобныя альбомы ўвогуле цалкам пакладзеныя на словы дзядзькі Рыгора — "Зорка спагады", "Баляжы", "Вяровіца". У некаторых альбомах Камоцкага паэт дэклямуе ўласныя вершы — "Віно дажджоў", "Псалмы". Між спадарамі Рыгорам і Алесем быў моцны ня толькі творчы, але і сяброўскі звяз. Яны нават супольна выдавалі кнігі. А сярод песень адным з найлепшых узораў супрацы стала "Зорка босая". Новая версія песні ўпрыгожыла кружэлку Алеся Камоцкага "9" (2009). "У спадара Алеся шмат якасцяў. Назаву толькі дзве: шчырасць і сціпласць. Гэта па-крывіцку", — такую ацэнку свайму спеваку і сябру даў Барадулін.



3. "А ў цёмным лесе" (народная, выконвае Рыгор Барадулін)

Менавіта з падачы Алеся Камоцкага быў запісаны адзіны сольны (!) дыск Рыгора Барадуліна "Гойкнуў баравік" (2000). Кружэлка змяшчае ажно 56 трэкаў і лічыцца вялікім рарытэтам. Зрэшты, да шырокага распаўсюду яна і не прызначалася. Дзядзька Рыгор a capella выконвае песні ды прыпеўкі з роднае Вушаччыны. У альбоме дэманструюцца рэдкія ўзоры народнае эратычнае паэзіі.



4. "Пані трошкі ў гадах" (Р. Барадулін — Зм. Вайцюшкевіч, выконвае Зм. Вайцюшкевіч)

Як аўтар усіх тэкстаў і чытальнік, Рыгор Барадулін быў задзейнічаны ў запісе альбома Змітра Вайцюшкевіча "Паравоз кахання" (2004). Паэт прапанаваў кароткія вершаваныя ўступы да кожнае песні. Прыкладна палова альбома таксама мае сэксуальны падтэкст (першы варыянт назову — "Каханне да заікання"). Аднак асноўным хітом кружэлкі стала менавіта "Пані трошкі ў гадах". Некаторыя крытыкі потым іранічна зазначалі, што песня ўзростава адпавядае асноўнай аўдыторыі Змітра. Дарэчы, менавіта Барадулін даў імёны яшчэ двум альбомам Вайцюшкевіча — "Паравіны году" (замест нарматыўнага "поры году") і "Тое, што трэба". А яшчэ пара спеваў на словы народнага паэта трапіла на кружэлку "Калыханкі" (2007).



5. "Зоркі" (Р. Барадулін – Зм. Вайцюшкевіч, выконваюць Czeremszyna & Todar)

Яшчэ адным паспяховым плёнам Барадуліна з Вайцюшкевічам стала песня "Зоркі". Яна нечакана набыла вялікую вядомасць на Падляшшы. Да таго спрычыніўся мясцовы фольк-гурт Czeremszyna. Выйшаў сумесны альбом "Чэрэмшыны" са Змітром "Тодарам" Вайцюшкевічам. Песня "Зоркі" выдатна ўпісалася ў лэмкоўскі і палескі фальклёр. "Для мяне працаваць са Змітром было вялікім гонарам. Мне здаецца, то цяпер менавіта ён з'яўляецца ўвасабленнем сучаснае беларускае музыкі", — казаў Рыгор Іванавіч.



6. "Белая яблыня грому" (Р. Барадулін — Л. Вольскі, выконвае Л. Вольскі)

Верш Рыгора Барадуліна 1977 году даў імя, пэўна, найлепшаму сольнаму альбому Лявона Вольскага разам з галоўным хітом кружэлкі. Паэт паслухаў той дыск адным з першых, яшчэ да прэзентацыі. Лявон Вольскі ўзгадвае: "Дзіўна, што гэтая песня — хіт, бо яна атрымалася недзе паміж вальсам і блюзам. Давялося дэфармаваць вершаваны памер. Але Рыгор Іванавіч застаўся вельмі задаволены". На думку Лявона, у вершы закадаваныя этапы чалавечага жыцця. У гітарным сола можна пазнаць "Белавескую пушчу" "Песняроў".



7. "Пісьмо беларускіх партызан" (Р. Барадулін — Ул. Мулявін, выконваюць "Песняры")

Як сведчаць хронікі, Уладзімер Мулявін звяртаўся да паэзіі Рыгора Барадуліна толькі аднойчы — падчас працы над праграмай "Праз усю вайну" (1985). Праграма складалася з вершаў менавіта тых паэтаў, хто пабачыў Другую сусветную на ўласныя вочы. Тым тлумачыцца і жорсткі натуралізм у многіх эпізодах альбома, нават быццам бы жартоўных, як у выпадку з Барадуліным. Адзначым, што сучасны БДА "Песняры" мае ў рэпэртуары кампазыцыю "Свет" — расейскамоўную адаптацыю яшчэ аднаго твору Барадуліна.



8. "Когда возьмет тоска (Калі возьме туга)" (Р. Барадулін — Я. Глебаў, выконвае А. Аўчыньнікаў)

Два вершы Рыгора Барадуліна гучаць на расейскай мове ў фільме "Прошлогодняя кадриль" (1978) у выкананні Аляксандра Аўчыннікава. Усю музыку да гэтае меладрамы напісаў Яўген Глебаў. "Загана адна ў Яўгена — пісаць ён ня ўмее дрэнна", — засведчыў у эпіграме дзядзька Рыгор. Па словах удавы кампазітара Ларысы Глебавай, яны добра сябравалі. Барадулін неаднойчы заходзіў ў госці да Глебава разам з Караткевічам. Арыгінальны саўндтрэк да згаданага фільму нядаўна адшукаўся ў сямейным архіве Глебавых. Песня публікуецца ўпершыню.



9. "Памяці маці" (Р. Барадулін — Ул. Кур'ян, выконвае В. Пархоменка)

Увогуле, шмат хто з акадэмічных кампазітараў звяртаўся да Рыгора Барадуліна — Вагнер, Смольскі, Наско, Алоўнікаў, Сонін, Залётнеў… Ягоныя вершы набываюць выгляд араторыяў і вакальна-сімфанічных паэмаў. Да прыкладу, Уладзімер Кур'ян стварыў такую паэму паводле твору "Памяці маці", далучыўшы спявачку Валянціну Пархоменку і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестар Беларусі.



10. "Жаўранак кахання" (Р. Барадулін — Т. Грыневіч, выконвае Т. Грыневіч)

Удзельніца Дзяржаўнага камэрнага хору Таццяна Грыневіч уключыла гэты спеў у зборнік беларускіх рамансаў "Шыпшына" (2011). Верш быў узяты са зборніку "Anima" — дзясятай па ліку кнігі Рыгора Барадуліна, якую выдаў мінскі Чырвоны касцёл. Не сакрэт, што ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк падчас імшы часта цытуе вершы Барадуліна.



11. "Будзьма" (Р. Барадулін — Э. Зарыцкі, выконвае Я. Навуменка)

У рэпэртуары эстраднага спевака Якава Навуменкі меліся дзве песні на словы Рыгора Барадуліна. Прычым, да адной з іх — "Колькі год Беларусі" — Навуменка самастойна напісаў музыку. А песьня "Будзьма" пабачыла свет яшчэ да з'яўлення аднайменнае грамадзкае кампаніі. Яна ўвайшла ў сольны альбом Навуменкі 2006 году: "Хай жа на гэтым сустрэнемся свеце перад сустрэчай на тым…"



12. "Фарфор" (Р. Барадулін — А. Грахоўская, выконвае Dream-band "Агатка")

Найноўшы і вельмі лfканічны ўзор спяванае паэзіі Рыгора Барадуліна. Dream-band "Агатка" змясціў гэтую песню ў сеціве 26 лютага, неўзабаве пасля 79-га дня народзінаў паэта. Музыку склала стваральніца бэнду Аляксандра Грахоўская, вядомая таксама сваім ўдзелам у фольк-тэатры "Госціца".



Дадамо, што яшчэ некалькі добрых песень на словы Рыгора Барадуліна можна адшукаць у серыі "Беларускі хрысціянскі хіт" (часткі 1, 3, 5). На бардаўскай сцэне выконваюцца шматлікія ягоныя пераклады замежных аўтараў. Акром таго, Рыгор Барадулін паспеў паўдзельнічаць як дэкламатар у стварэнні кружэлкі "Галасы…" (праект Сяргея Панізніка ды Глеба Лабадзенкі). Ягоныя вершы на гэтым дыску прадстаўленыя ў дзвюх версіях: голасам літаратара ва ўзросце Хрыста (1968) і прызнанага жывога класіка (2009).
-20%
-20%
-30%
-56%
-20%
-50%
-90%
-10%
-10%
-10%