Вікторыя Семяновіч, фота Валерыя Картуля,

Яшчэ тры гады таму здавалася немагчымым аднавіць вытворчасць слуцкіх паясоў. Знакамiтыя сiмвалы нашай краiны ткаліся з тонкіх шаўковых, залатых і сярэбраных ніцяў, i сакрэт iх вырабу ведалi толькi ў другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Сёння ўжо зроблены чатыры копіі двух старажытных рарытэтаў. Кожны пояс сатканы ў двух варыянтах: з выкарыстаннем золата і яго штучнага заменніку — метаніту. Як атрымалася разгадаць сакрэт славутых паясоў, парталу Prof-Press.by расказаў кандыдат мастацтвазнаўства, дырэктар Музея стражытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука.

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by 
Даведка
 
Першапачаткова беларуская шляхта насіла паясы, якія прывозілі з Усходу: з Персіі, Асманскай імперыі і Кітая. У сярэдзіне XVIII стагоддзя князь, вялікі гетман літоўскі Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька вырашыў адкрыць мануфактуру па вытворчасці паясоў у сваіх землях. Спачатку фабрыка паясоў, альбо персіярня з'явілася ў Нясвіжы, але потым была перанесена ў Слуцк. У 1758 годзе Міхаіл Казімір Радзівіл заключыў дамову са знакамітым майстрам, армянінам Аванесам Маджаранцам (больш вядомы як Ян Маджарскі), і той наладзіў вытворчасць паясоў з шаўковых і залатых ніцяў. З цягам часу слуцкія паясы сталі настолькі папулярнымі, што іх пачалі капіраваць нават у французскім Ліёне. Але ўжо ў 30-я гады XIX стагоддзя слуцкія паясы пачынаюць "выміраць". Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1831 годзе на тэрыторыях, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, было забаронена насіць шляхецкі касцюм са слуцкім поясам. З таго часу мануфактура прыйшла ў заняпад і ў хуткім часе закрылася.
 
"Ідэя адраджэння старажытных прыёмаў ткацтва слуцкай мануфактуры, стварэння копій славутых слуцкіх паясоў цікавіла мяне даўно, але пачынаць працу ў гэтым напрамку было нялёгка. Трэба было вырашыць шмат розных пытанняў, якія тычыліся тэхналогіі вытворчасці, абсталявання, стварэння інфраструктуры, — гаворыць Барыс Андрэевіч. — Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ідэю атрымалася рэалізаваць. Слуцкія паясы — яскравы прыклад таго, як дзяржава мэтанакіраванна ўкладвае намаганні і сродкі ў адраджэнне культурнай спадчыны народа".

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by

Амаль праз 300 гадоў пасля пачатку вытворчасцi слуцкiх паясоў прэзiдэнт Беларусi iнiцыяваў яе адраджэнне на прамысловай аснове. У лістападзе 2012 года Савет міністраў зацвердзіў дзяржпраграму адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця выпуску нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады. На яе рэалізацыю запланавалі выдаткаваць звыш 20 млрд рублёў.
 
Розныя спецыялісты займаліся аднаўленнем вытворчасці слуцкіх паясоў. Так, вучоныя-мастацтвазнаўцы НАН Беларусі збіралі і вывучалі рарытэтныя вырабы, стваралі канцэпцыю іх рэстаўрацыі. Ім дапамагалі мастакі і дызайнеры. Супрацоўнікі віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта распрацавалі ўнікальны камп'ютэрызаваны ткацкі станок, які пасля быў выраблены нямецкай фірмай. Вытворчасць эксклюзіўнай прадукцыі наладзілі спецыялісты фабрыкі "Слуцкія паясы".

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
 
"Важна было не толькі ўзнавіць знешні выгляд паясоў, паўтарыць іх памеры, адметныя арнаменты, але і "перакласці" ручное ткацтва на машыннае, — распавядае Барыс Лазука. — Не адразу атрымалася знайсці прадпрыемства, якое б узялося за такую працу. Абурала нежаданне асобных "спецыялістаў" што-небудзь мяняць у наладжанай вытворчасці, паспрабаваць убачыць у вырашэнні задачы паўтарыць слуцкі пояс больш шырокую перспектыву — аднавіць нацыянальны брэнд. Часам у роспачы пытаўся сам у сабе: як жа так, у XVIII стагоддзі двое майстроў на ручным станку ткалі пояс, а ў пачатку XXI стагоддзя — немагчыма? Да нашых дзён не захавалася ні малюнкаў, ні чарцяжоў станкоў, прыстасаванняў, ні апісанняў тэхналогіі ткацтва, па якой працавалі слуцкія майстры. Даводзілася разгадваць іх сакрэты, вывучаючы характар перапляцення ніцяў у старажытных тканінах, унікальныя прыёмы, якія дазвалялі атрымліваць асабліва каштоўныя, так званыя "літыя" золататканыя паясы. Дарэчы, нам трэба было рэканструяваць калісьці ўжытковыя рэчы, якім цяпер больш за 250 гадоў і якія страцілі свае першапачатковыя тоны і фарбы. Нават на ўнікальным станку не адразу атрымалася выткаць дакладную копію слуцкага пояса. Доўгі час вытворцы не маглі дабіцца пэўнай шчыльнасці тканіны — сапраўдны шаўковы пояс вельмі тонкі. У нас ён атрымоўваўся грубым, жорсткім. Не трымала лінію і кромка пояса, а колеры арнаментаў адрозніваліся ад арыгінала. Навуковы савет строга ацэньваў копіі слуцкіх паясоў і неаднаразова забракоўваў фрагменты тканіны, сатканыя на фабрыцы. Пасля шматлікіх экперыментаў вытворцам усё ж такі ўдалося атрымаць неабходную якасць. І калі напрыканцы мінулага года са станка была знята першая копія слуцкага пояса — гэта было сапраўднае свята".

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
 
Цікавосткі
 
Даўжыня слуцкага пояса — ад 3 да 4,5 метра, шырыня — 30-40 см. Звычайна даўжыня раўнялася дзесяцікратнай шырыні пояса.
 
На вытвочасць аднаго пояса было патрэбна каля 50-100 г золата ці срэбра, а не 500-700 грамаў, як часам можна пачуць.
 
Слуцкія паясы не мелі адвароту, іх можна было насіць на любы бок. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохчастковыя паясы, у якіх кожны бок быў падзелены на дзве часткі рознага колеру, і уладальнік мог выкарыстоўваць пояс у розных жыццёвых сітуацыях.
 
У знакамітым вершы "Слуцкія ткачыхі" Максіма Багдановіча ёсць дзве памылкі. Па-першае, дзяўчаты не ткалі паясы. За станкамі сядзелі выключна мужчыны, бо праца была вельмі цяжкая. Жанчыны рыхтавалі ніткі: шаўковыя ніці абкручвалі танюткім залатым дротам. Гэта была ювелірная работа, якую маглі выконваць толькі тонкія жаночыя пальцы. Па-другое, ткаць "забыўшыся" рука ніяк не магла — у станок запраўляліся ніткі, адпаведныя пэўнаму малюнку.
 
На слуцкіх паясах усходнія ўзоры паспяхова спалучаюцца з выявамі родных васількоў, астраў, лісцеў клёну і дубу, а таксама з элементамі беларускага арнаменту.
Цяпер у беларускіх дзяржаўных музеях захоўваецца толькi 18 старажытных слуцкіх паясоў (з улікам больш-менш значных фрагментаў). Колькі іх ў прыватных калекцыях і за мяжой — дакладна невядома, магчыма некалькі тысяч. Між тым вучоныя мяркуюць, што толькі на слуцкай мануфактуры, якая існавала з 1757 па 1848 год, было выраблена каля пяці тысяч паясоў. А іх ткалі не толькі ў Слуцку, але і ў Нясвіжы, Гродне, Ружанах, Кракаве, пад Варшавай і нават у сусветнавядомым "шоўкаткацкім горадзе" Ліёне.

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
 
У Слуцку створаны Музей гісторыі Слуцкіх паясоў, які ў хуткім часе адчыніць свае дзверы для першых наведвальнікаў. А вось кафе, аформленае ў старажытным стылі, ужо працуе. З'явіліся ў горадзе і дзве скульптуры Сяргея Гумілеўскага: "Адраджэнне слуцкага пояса" ў выглядзе ажурнай кветкі і фігура "Ткач". Яны размешчаны ля ткацкай фабрыкі, якая разам са слуцкімі паясамі атрымала новае жыццё.
Нядаўна Слуцкі краязнаўчы музей набыў у калекцыянера пояс айчыннай вытворчасці з шаўковых, сярэбраных і пазалачоных ніцяў за 90 тыс. даляраў. Увогуле, кошт такога рарытэта цяпер можа дасягаць 300 тыс. даляраў і болей. А ў XVIII стагоддзі за слуцкі пояс трэба было выкласці суму грошай, роўную гадавой зарплаце афіцэра тагачаснай арміі ці кошту невялікага маёнтка.

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
 
"Слуцкія паясы праславілі беларускую культуру, вытворчасць на ўвесь свет. Іх смела можна параўнаць з такімі знакамітымі здабыткамі еўрапейскага мастацтва, як венецыянскае і багемскае шкло, мейсенскі і кітайскі фарфор, вытворчасць якіх працягваецца і цяпер, — кажа Барыс Андрэевіч. — Але ў крытыкаў можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: навошта ўкладваць столькі дзяржаўных сродкаў у стварэнне копій паясоў, калі няма шляхты ды і мода на кунтуш (старажытнае адзенне ў выглядзе кафтана з шырокімі адкіднымі рукавамі) прайшла? Адразу растлумачу, што копіі слуцкіх паясоў, у якіх да драбнюткіх дэталяў будзе скапіраваны арыгінал, складуць толькі дзясятыя долі ад выпускаемай прадукцыі. Астатняе — разнастайныя копіі, у вытворчасці якіх будуць выкарыстоўвацца не толькі натуральныя шаўковыя, залатыя і сярэбраныя ніці, а таксама штучны шоўк і заменнікі каштоўных металаў альбо іншыя матэрыялы, якія дазволяць аднавіць знешні вобраз пояса. Такая прадукцыя будзе запатрабавана шырокім колам спажыўцоў. Слуцкія паясы з'явяцца не толькі ў музеях краіны, яны стануць цудоўным падарункам, які з годнасцю можна будзе прэзентаваць замежным афіцыйным дэлегацыям. Павінна з'явіцца і сувенірная прадукцыя па матывах слуцкіх паясоў. Можна вырабляць абрусы і сурвэткі, посуд, шкатулкі, габелены, вітражы, кафлю, элементы адзення з фрагментамі старажытных узораў, якія ўпрыгожвалі "галовы" (завяршэнні) паясоў, іх бардзюры".

Фота: Валерый Картуля, www.prof-press.by
 
У планах вучоных НАН Беларусі — стварыць поўны навуковы каталог, у якім будуць адлюстраваны ўсе дайшоўшыя да нашых дзён слуцкія паясы, каб вытворцы маглі рабіць з іх копіі, а мастакі, дызайнеры натхняліся новымі вобразамі.
 
-30%
-10%
-10%
-15%
-25%
-10%
-25%
-50%
-20%