Коронавирус
Выборы-2020
Коллапс с водой в Минске


Сяргей Балай,

Знакамітыя сваім самагонам Старыя Дарогі, тым не менш, цікавыя не толькі эксперыментамі па стварэнні "вогненнай вады", але і самым буйным прыватным музеем у Беларусі. Фотарэпартаж "Салiдарнасцi" з месца, якое пакідае ашаламляльнае ўражанне.

фото

Яго адметнасць у тым, што музей імя Анатоля Белага цалкам – ад ганку і да столі – распавядае пра Беларусь: ад сівых вякоў і да найноўшага часу.

Яшчэ з 1997 году ў Старых Дарогах дзейнічае паўнавартасны музей Беларушчыны з вялізнай экспазіцыяй. Больш за 1700 разнастайных экспанатаў, шмат з якіх з'яўляюцца сапраўднымі рарытэтамі, падрабязна распавядаюць пра самыя розныя галіны беларускай гісторыі. Пад дахам прыватнага музея, пабудаванага ў простай сялянскай хаце, можна ўбачыць Леаніда Шчамялёва ці Алеся Марачкіна, першавыданні Быкава, рарытэтныя дакументы часоў стварэння БНР, ці ўнікальны збор з шасціста медальёнаў. Усе карціны і творы мастацтва, прадстаўленыя ў экспазіцыі, – арыгіналы.

фото

Заснаваў музей у 1997 годзе вядомы беларускі калекцыянер, мастацтвазнаўца, кіраўнік культурна-асветніцкага клубу "Спадчына" Алесь Белы. Менавіта ён разам са сваякамі заснаваў на тэрыторыі звычайнай вясковай сядзібы Старадарожскі нацыянальна-мастацкі музей. У 2011 годзе Анатоль Белы пайшоў з жыцця, але яго справу працягвае жонка Ала Белая і пляменнік Міхаіл Анатольевіч.




Каб трапіць у музей дастаткова стэлефанавацца з Міхаілам Белым. Наведвальнікаў не было з восені, таму гаспадар раней адпрошваецца з працы і сустракае на аўтобусным прыпынку, каб правесці экскурсію нават для аднаго чалавека.

– Апошні раз госці прыязджалі ў верасні, – кажа Міхаіл Анатольевіч. – Я працую, і да таго ж трэба даглядаць музей. Патрэбны цэлы дзень, нават каб прыбраць, змесці пыл.



Сапраўды, каб даглядзець 500 кваратных метраў экспазіцыі, трэба шмат высілкаў. Кіраўнік музея Ала Белая шмат часу праводзіць ў Мінску па стане здароўя. Таму гасцей і прымае Міхаіл, рукамі якога ў музеі шмат што зроблена.




Не заўважыць прыкменты будынак з бюстамі Ларысы Геніюш, Максіма Багдановіча і Кастусем Каліноўскім на фасадзе проста немагчыма. Прайсці наўпрост ад чыгуначнай станцыі можна за лічаныя хвіліны – музей месціцца амаль у цэнтры горада. На падворку валун з высечанай Пагоняй і перакрыжаванымі мячамі, якія сімвалізуюць перамогу пад Грунвальдам.




Побач яшчэ адзін з адлітымі выявамі Быкава, Каліноўскага, Касцюшкі, Багдановіча. Дошка ля ўваходу з барэльефамі заснавальнікаў БНР. Побач з імі браты Луцэвічы, а на суседняй сценцы – цытата з Францішка Багушэвіча.





Распавядаць пра экспазіцыю бадай што бессэнсоўна. Лепей прыехаць і ўбачыць на ўласныя вочы залю гісторыі Беларусі з партрэтамі ўсіх князёў ВКЛ і іх радаводам, пазнаёміцца з экспазіцыяй "Змагарная Беларусь", што сабрала выявы Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Эміліі Плятэр, герояў Слуцкага збройнага чыну.






Літаратурны аддзел утрымлівае больш за 400 экспазіцыйных адзінак, прысвечаных Васілю Быкаву. Асобныя экспазіцыі прысвечаныя Францішку Скарыне, Ефрасінні Полацкай, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу.

– Да пэўнай колькасці экспанатаў давялося прыкласці рукі, ды і музей патрабуе дагляду. Ацяпленне праведзена, але ж бывае парве трубу – і пад пагрозай апынаюцца каштоўныя экспанаты, – распавядае Міхаіл Белы. – Да таго ж даводзіцца быць экскурсаводам. Канешне, Анатоль Яўхімавіч ведаў кожны экспанат на памяць, мог распавядаць гадзінамі пра кожную карціну, кожную статую і кніжку. А я для сябе зрабіў адмысловы канспект, каб тое-сёе не забыцца, – усміхаецца цяперашні гаспадар музея.




Мясцовыя ўлады не дапамагаюць, але і не перашкаджаюць. Пасля смерці Анатоля Белага цікавасць да экспазіцыі праяўляў мясцовы краязнаўчы музей, але сваякі працягнулі справу заснавальніка.

– Тут так шмат зроблена сваімі рукамі: так прырос сэрцам да гэтага месца, што нават думак не ўзнікае, каб пакінуць, перадаць камусьці, – працягвае Міхаіл Белы і шкадуе, што госці сталі прыязджаць рэдка. – Разумею, што ад Мінска мы далекавата, але ці знойдзеш такую экспазіцыю ў тым жа Мінску?



Сапраўды, толькі на беглы агляд экспазіцый без экскурсіі, разглядванне таго, за што вока зачапілася, ды фотаграфаванне, пайшло не менш за две гадзіны. У сталіцу беларускага самагонаварэння турыстаў можна весці на цэлы дзень толькі ў музей Белага.

– Была ў нас думка з Анатолем Яўхімавічам зрабіць у лазні экпазіцыю, прысвечаную і гэтаму аспекту жыцця Старых Дарог, – з усмешкай кажа гаспадар. – Можна было б частаваць гасцей тутэйшым брэндам – сапраўднай старадарожскай самагонкай, слава пра якую ідзе далёка за межы райцэнтру.




Па словах экскурсавода, адметнасць мясцовага напою – гэта досыць высокі градус, не менш за 55 "абаротаў", і пры тым мяккі смак.

– Сакрэт у тым, што мясцовы напой гоніцца з бульбы, да таго ж усе вытрымліваюць строгі тэхналагічны працэс і гоняць толькі для ўласнага ўжытку. Калі вас пачастуюць – лічыце – пашанцавала.

Але і без мясцовай самагонкі музей пакідае ашаламляльнае ўражанне. Для тых, хто цікавіцца Беларуссю, наведаць музей проста неабходна.



Каб трапіць у музей, дастаткова патэлефанаваць гаспадарам і дамовіцца пра час экскурсіі (мабільны нумар 8-029-199-40-01). Вам не адмовяць. За ўваход плаціць не трэба (але за ахвяраванні гаспадары будуць удзячныя).

Дабрацца да Старых Дарог можна на маршрутцы, альбо электрычкамі з перасадкай у Асіповічах.
-11%
-10%
-10%
-20%
-20%
-15%
-10%
-36%
-20%
-15%
-20%
-5%