
Акрамя галоўнага сімвала беларускай кухні, на выставе шмат сонца. Салярная сімволіка назіраецца ў скульптурнай серыі “Поўдзень”, “Світанак”, “Зварот да сонца”. А яшчэ Аляксей стварыў незвычайную “фортачку” для думак і два троны. Адзін з іх – “князь”, другі – “княгіня”. Развагі выклікаюць і жывапісныя творы мастака. Асабліва “Прыбітая музыка”.
Праз некалькі дзён, 4 чэрвеня, Аляксею споўніцца 34 гады. У Віцебск ён прыехаў з маленькага і ўтульнага горада Гарадка. У ягоным маленстве яшчэ не было кампутараў, і хлопцу давялося вучыцца маляваць на паперы. “У ход ішло ўсё, што траплялася пад руку: аркушы, нататнікі, сшыткі і канспекты старэйшых братоў, кулінарная кніга маці… Тады я зразумеў, што за мастацтва даводзіцца пакутваць”, – кажа мастак.

Аляксей скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава. Але свой першы скульптурны аб’ект стварыў яшчэ ў пяць гадоў. Гэта была лодачка з кары, выструганая сцізорыкам. Потым пайшлі сурвэткі з часопісных аркушаў, посуд з гліны, замкі з пяску… А вось на метал дзіцячых сілаў не хапала. Але з цягам часу ён адолеў і гэты складаны матэрыял. Зараз, пры стварэнні скульптур, мастак часта камбінуе дрэва і метал. Працы А.Яўсеева знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Ізраілі, Аўстрыі, Германіі, Егіпце і іншых краінах. Таленавіты мастак пастаянна ўдзельнічае ў разнастайных гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных арт-праектах.





