Пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Зміцер Герасімовіч прэзентавалі англамоўнае выданне сваёй кнігі "Краіна Беларусь", якая пабачыла свет 10 гадоў таму.

Фота: Радыё Свабода

Па-англійску кніга называецца "This Country Called Belarus" і мае сваёй мэтавай аўдыторыяй замежнікаў, таму на імпрэзу былі запрошаныя найперш прадстаўнікі дыпламатычных місій і замежных арганізацый.

На імпрэзе казалі, што кніга "Краіна Беларусь" даўно чакала выйсця да англамоўнага чытача, бо адна з мэтаў яе стварэння — паказаць непарыўнасць еўрапейскай і беларускай гісторыі, літаратуры, архітэктуры, прэзентаваць беларусаў як еўрапейскую нацыю. Большую частку ілюстрацый для выдання аўтары знаходзілі ў Літве, Польшчы, Аўстрыі, Ватыкане. Усяго ў "Краіне Беларусі" — больш за 2000 ілюстрацый.

"У кожнай цывілізаванай дзяржаве чалавек мае дакумент, які сведчыць пра ягоную асобу, які паведамляе імя, дату і месца нараджэння, звесткі пра тое, дзе ён жыве. Такі дакумент звычайна называецца пашпартам. На маю думку, своеасаблівы пашпарт павінна мець і сама дзяржава. І гэты пашпарт павінен сведчыць пра тое, калі і дзе ўзнікла дзяржаўнасць на гэтых землях, павінен вызначаць яе часавыя, гістарычныя і культурныя каардынаты, — адзначыў Уладзімір Арлоў. — Аднак пашпарт звычайна ўтрымлівае звесткі не толькі на адной мове. Для таго каб карыстацца ім належным чынам, трэба, каб іншыя нацыі таксама маглі прачытаць тое, што там напісана. Менавіта з такой думкаю мы з мастаком Змітром Герасімовічам працавалі над выданнем".

Фота: Радыё Свабода

Кнігу "Краіна Беларусь" прымусіў загаварыць па-англійску знакаміты брытанскі беларусіст прафесар Джым Дынглі, які сам не змог прыехаць на прэзентацыю.

У Мінск прыехала яго жонка Эля, перадала прысутным словы свайго мужа з нагоды выхаду ў свет кнігі:

"Калі мяне папрасілі перакласці кнігу на англійскую мову, я адчуў і гонар, і вялікую трывогу. Як, напрыклад, дамагчыся, каб назва краіны Вялікае княства Літоўскае надалей не заблытала англамоўнага чытача, не пераканала яго, што ВКЛ насялялі выключна продкі сучасных жыхароў Літвы? Існавала праблема і з тым, каб знайсці дакладныя англійскія адпаведнікі шматлікім відам зброі, а таксама кіроўным пасадам, якія існавалі ў ВКЛ. Як паказаць дзеячоў, якія вядомыя заходнікам як персанажы польскай гісторыі, беларусамі? Таму я нават і не перакананы, што ўсё перакладзена слушна".

Рэдактар Зміцер Санько параўнаў падзею з выхадам у 16 стагоддзі "Хронікі еўрапейскай Сарматыі", якую напісаў Аляксандр Гваньіні на лаціне. З гэтай кнігі адукаванае еўрапейскае грамадства ўпершыню пазнаёмілася з гісторыяй нашай краіны:

"Кніга, якую мы прэзэнтуем сёння, выконвае тую самую функцыю, толькі ўжо ў нашым часе. Знаёміць еўрапейцаў з малазнаёмай краінай у цэнтры Еўропы".

"Краіна Беларусь" таксама выйшла на рускай мове. 
{banner_819}{banner_825}
-20%
-25%
-15%
-31%
-10%
-14%
-30%
-15%