WWW.TUTBY.NEWS - наш запасной адрес на случай, если TUT.BY не открывается


Настасся Храловіч,

Жывапіс сёння цікавіць не толькі калекцыянераў, але і ў цэлым людзей нябедных. Адныя набываюць што папрасцей, падарыць шэфу, іншых вабяць дарагія рамы, якія ўдала ўпішуцца ў інтэр’ер. Карэспандэнтка "НН" абышла сталічныя галерэі і пацікавілася цэнамі на карціны. Найдаражэйшыя творы размешчаныя ў парадку павелічэння цаны.

7. Наталля Разуменка. "Лістапад". 11 535 000 рублёў
Галерэя "Славутыя майстры"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

"Карціна выканана ў тэхніцы ляўкасу з прыёмамі калажнасці, — распавядае мастачка. — Такім спосабам пішуць часта іконы. Асабіста мне ён дапамог больш цікава і аб’ёмна раскрыць тэму мінулага Мінска і ўсёй Беларусі. Гэты твор і яшчэ некаторыя складаюць выставу "Старыя паштоўкі" — гэта своеасаблівыя замалёўкі з мінулых жыццяў, розныя пакаленні знойдуць там знаёмыя для сябе вобразы".

6. Аляксей Хацкевіч. "Рыбін эрас". 13 280 000 рублёў
Галерэя "Падземка"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

"Апошнія два гады карціны з рыбамі чамусьці вельмі папулярныя, — усміхаецца дырэктар галерэі Алена Рысакова. — Не ведаю, чаму, бо цяпер і не год рыбы нават... Прыходзяць і пытаюцца: "Якія ў вас ёсць карціны з рыбамі?" Звычайна творы вісяць у нас тры месяцы. Калі не прадаюцца, то аўтар іх забірае і нясе ў іншую галерэю. "Рыбін эрас" у нас ужо два месяцы, людзі падыходзяць, цікавяцца, але менавіта гэтую пакуль не набываюць".

Карціны маладых аўтараў тут каштуюць ад 500 тысяч. Некаторыя маглі б каштаваць у разы болей, але прозвішчы мастакоў пакуль нягучныя, таму і прадаюцца карціны танней, кажа спадарыня Рысакова. Купляюць карціны беларускіх мастакоў і замежнікі. "Не так даўно прыязджалі галандцы, для іх 500 тысяч — гэта проста смешна, калі перавесці ў еўра, яны шмат чаго ў нас набылі, усё згрэблі ў машыну і павезлі. Вельмі частыя пакупнікі ў нас — расейцы, асабліва падчас майскіх святаў. Вось рыхтуемся да іх наплыву..."

5. Пейзаж Эдуарда Рымаровіча. "Адліга". 14 720 000 рублёў
Галерэя "Артблік"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

Карціна напісаная алеем, у галерэі знаходзіцца другі месяц. Прадавачка падказвае, што пакупнікі пейзажам цікавяцца, але пакуль не набываюць — часам чалавек мусіць "саспець" для такой досыць дарагой рэчы.

"Гэта ў цэнтральных галерэях больш іншаземцаў ходзіць, а нашы пакупнікі — у асноўным беларусы, — кажа дырэктарка Ганна Каралёва. — Купляюць ці на падарункі, ці сабе ў кватэру творы коштам да 5 мільёнаў. Калекцыянеры таксама прыходзяць, але радзей. Апошнім часам у іх з’явілася тэндэнцыя — набываць працы моладзі, напэўна, з надзеяй пасля прадаць даражэй, калі мастак праславіцца".

4. Пейзаж Ігара Бархаткова. "Конік на раллі" ("Лошадка на пашне"). 25 950 000 рублёў
Галерэя "ЛаСандр-арт"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

"Калі мы выстаўляем кошт карціны, абавязкова ўлічваецца і статус мастака, і тэмы, на якія ён малюе, і якасць твора, — распавядае дырэктар Ларыса Бортнік. —Таму цэны выразна размяжоўваюць тыя карціны, якімі мастак увойдзе ў гісторыю мастацтва, і тыя, якімі ён зарабляе на жыццё. Напрыклад, калі папрасіць музеі выставіць цэны на тыя творы, якія экспануюцца ў іх цяпер, — мы б, напэўна, з глузду з’ехалі! Таму што гэта ўжо — набытак цэлай краіны. А тое, што можна пабачыць у галерэях і ­салонах, больш арыентавана на фінансавыя магчымасці пакупніка.

У аднаго і таго ж мастака ёсць танныя і дарагія карціны. Прычым апошнія ён зберагае для якой­-небудзь юбілейнай персанальнай выставы, бо разумее, што ў гэтых карцінах ён дасягнуў пэўнага майстэрства, і такія карціны ён імкнецца не прадаваць.

Але калі выйсця няма, прадаць магчыма ўсё. Бо ў прынцыпе, прадаецца ўсё, што купляецца, і на кожны тавар ёсць свая цана. Нават калі мастак грудзьмі кладзецца — "Не, я гэта нізавошта не прадам!" — у пэўны момант усё роўна з’явіцца чалавек, які прапануе суму, ад якой мастак не зможа адмовіцца.

Калі казаць пра пакупнікоў, дык тых, хто можа набыць твор за 10-20 мільёнаў, зусім няшмат. Гэта не абавязкова калекцыянеры, але пасля такой сур’ёзнай пакупкі могуць і стаць імі, калі ў іх прачнецца цікавасць да мастацтва. Звычайна бяруць мільёнаў да васьмі. Людзі зрабілі рамонт, набылі дарагую мэблю, прыходзяць і просяць падабраць ім твор — бо сцяна вольная, а дызайнер сказаў, што тут павінна быць карціна ў вельмі дарагой раме. З такім падыходам часта прыходзяць не да мастацтва, а да спажывання, але калі ў гэтага спажыўца інтэлект вышэйшы за сярэдні, ён можа стаць калекцыянерам і ацаніць тое, што ён набыў. Яны кажуць пра раму, бо ім трэба дапаўненне да інтэр’ера.

Можна, вядома, у такім выпадку сказаць чалавеку: "Мы ўвогуле рамамі не гандлюем, у нас тут творы мастацтва". Але магчыма і зайсці з іншага боку, сказаць: "Раму вы пасля падбераце, спачатку паглядзіце, які твор падабаецца вам больш". Калі ставіцца да людзей зычліва, іх магчыма навярнуць у сваю веру, паставіць іх тварам да мастацтва.

Зараз, на жаль, няшмат увагі надаецца эстэтычнаму выхаванню ў школе, культура не прывіваецца. Гісторыю мастацтваў звычайна выкладае той, хто і сам яе як след не ведае. Веды ў гэтым накірунку даюць настолькі малыя і настолькі перакошаныя, што нельга сказаць, быццам бы нашыя людзі выхоўваюцца з густам да візуальнага мастацтва. Адсюль мы не назіраем сёння культуры набыцця карцін.

Да таго ж, у апошнія гады пакупніцкая магчымасць знізілася, мы гэта адчуваем. Крызіс прывёў да таго, што цэны на спажывецкія тавары падняліся мінімум утрая. А калі людзі прыходзяць у галерэю, яны кажуць: "Крызіс, трэба паніжаць цэны на карціны!" А вы паспрабуйце так паскардзіцца, калі каўбасу набываеце — падыдзіце, скажыце гэта прадавачцы! Чаму мастак, які набывае сёння ў тры разы даражэй фарбы і іншыя матэрыялы, павінен зніжаць цану? Як яму тады жыць? Ён прыходзіць у краму так, як і астатнія, набываць тую ж каўбасу, якая падаражэла ўтрая.

Але ж мастацтва тым і розніцца ад спажывецкіх тавараў — няма неабходнасці набываць карціны штодня. Таму, калі сапраўды ёсць жаданне, магчыма на сапраўды варты твор выдаткаваць нямала грошай".

3. Леанід Шчамялёў. "Сакавіцкі снег". 27 000 000 рублёў
Галерэя "Канцэпцыя"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

"У мастака за ўсё жыццё бывае некалькі карцін, якія ён трымае пры сабе, — распавядае дырэктар Лідзія Страх. — Гэта пэўнага кшталту багаж, як самая лепшая выстава, і ён яе не прадае. Але галерэйная справа цяпер цяжкая, датацый ні ад каго няма, таксама няма ў нас мецэнатаў. Карціна Шчамялёва — адна з самых вялікіх па памеры — вісіць у нас ужо даволі даўно. Бо ў асноўным набываюць карціны за 4—5 мільёнаў. А тое, што перавышае 12—15 мільёнаў, бяруць рэдка".

2. Аляксей Лунёў. Дыптых Total Zero. 33 000 000 рублёў
"Галерэя Ў"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

Работа была створаная для праекта "Мультыплікацыі" ў 2010. Цана аўтара часта расце, калі ён бярэ ўдзел у выставах ці праектах. Гэтая праца ўдзельнічала ў "Радыусе нуля" летась і ў традыцыйнай выставе прыватных калекцый у Маскоўскім цэнтры сучаснага мастацтва. Таксама яна апублікаваная ў двух каталогах. Некаторыя эксперты абазначаюць гэтую працу і яшчэ адну — "Нічога няма" аўтарства таго ж Лунёва — знакавымі творамі канца "нулявых".

Дыптых знаходзіцца ў Маскве, але ён па-ранейшаму на балансе галерэі, гэта значыць, у любы момант яго магчыма набыць. Калі замовяць, транспарціроўка з Расіі адбудзецца ў гэты ж дзень.

"Што тычыцца цаны, дык для дыптыха гэта няшмат, — кажа дырэктарка галерэі Валянціна Кісялёва. — Можа, для беларускага пакупніка і не зусім даступна, але на Захадзе ці ў той жа Расіі 2,5—3 тысячы даляраў за дыптых ці графіку таго ж памеру — нават мала.

Некаторыя кажуць пра падобныя працы: "Ну што тут такога, чаму яна павінна каштаваць столькі?" І — не паверыце! — прыво­дзяць у прыклад т.зв. галерэю ў ГУМе, дзе вісяць рэпрадукцыі. Гэта, вядома, пытанне адукацыі і выхавання. Некаторыя не разумеюць, што твор сучаснага мастака — гэта ідэя, якая транслюецца ад аўтара гледачу з дапамогай пэўных выяўленчых сродкаў.

На дыптых Лунёва мы пакуль не падымаем цэны — вельмі хацелася б, каб гэты твор застаўся ў Беларусі".

1. Пейзаж Валяр’яны Жоўтак. Без назвы. 49 000 000 рублёў
Галерэя "Беларт"

Фота: Настасся Храловіч, Наша Ніва

"Традыцыйна высокія цэны на работы мастакоў, якіх ужо няма сярод жывых, — тлумачыць намесніца дырэктара галерэі "Беларт" Ірына Небышынец. — У нашай галерэі гэта працы Паўла Масленікава, Валяр’яны Жоўтак, Мікалая Валунца. Пасля таго, як мастак сышоў, працы робяцца ўнікальнымі. Валяр’яна Жоўтак — гэта нашая беларуская мастачка, класік пейзажнага жывапісу, некаторыя яе працы экспануюцца і ў Нацыянальным мастацкім музеі".
-20%
-23%
-15%
-10%
-25%
-25%
-20%
-40%