ГА “БАЖ” атрымала адказ на свой запыт адносна лёсу фотаальбомаў. Выглядае на тое, што яны яшчэ маюць шанец вярнуцца да ўладальнікаў.

З ліста вынікае, што Ашмянская мытня падазравала альбомы ў наяўнасці “экстрэмізму” і перадала на экспертызу ва Упраўленне ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама.

Ідэолагі экстрэмізму ў кнізе не ўгледзелі, але знайшлі “неадпаведнасць дзяржаўнаму стандарту”, на падставе чаго прызналі альбом незаконнай друкаванай прадукцыяй.

Між тым “пры адсутнасці ў інфармацыйнай прадукцыі заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці... дадзеная прадукцыя вяртаецца органу, які затрымаў... дадзеную прадукцыю для яе вяртання ўладальніку”, – піша намеснік начальніка мытні па праваахоўнай рабоце Уладзімір Данілевіч.

Праўда, дадае ён, альбомы дагэтуль мытнікам не вярнулі, у сувязі з чым яны накіравалі ідэолагам ліст-нагаданне. “Пры паступленні друкаваных выданняў у Ашмянскую мытню ўладальнікам дадзеных выданняў будзе паведамлена ў пісьмовым выглядзе”, – гаворыцца ў лісце.

“Пакуль рана казаць, якім чынам складзецца лёс альбомаў, – мяркуе намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. – Але складваецца ўражанне, што супрацоўнікі мытні цяпер задумаліся пра законнасць іх вынятку. Відавочна, у першую чаргу мытню цікавіла, ці не з’яўляюцца альбомы “экстрэмісцкай прадукцыяй”, і менавіта па адказ на гэтае пытанне яны звярнуліся ў выканкам. Выканкам назваў альбомы “незаконнай прадукцыяй”, спаслаўшыся на парушэнне дзяржстандартаў. Але, па-першае, у адпаведнасці з законам “Аб тэхнічным нармаванні і стандартызацыі” (арт. 20) на сёння дзяржстандарты “з’яўляюцца добраахвотнымі для прымянення”. Па-другое, выканкам не з’яўляецца органам, які ўпаўнаважаны назіраць за выкананнем дзяржстандартаў...”

Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, юрыст не выключае: калі б інцыдэнт не выклікаў гучнага розгаласу, фотаальбомы маглі б ціха знішчыць.





Нагадаем, што 41 фотаальбом з фотаздымкамі мінулагодняга конкурсу "BELARUS PRESS PHOTO" забралі 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе "Каменны лог" у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.

У канцы лістапада Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавала Васюковіча, што "друкаваная прадукцыя - BELARUS PRESS PHOTO ў колькасці 41 асобніка на падставе вынікаў правядзення мытнай экспертызы прызнаецца незаконнай (не адпаведнай Дзяржаўнаму стандарту РБ СТБ 7.4-2009 "Выданні. Выходныя звесткі") і падлягае знішчэнню.

Гэтая інфармацыя ўзрушыла не толькі беларускую, але і міжнародную грамадскасць.

На пачатку снежня ГА “БАЖ” накіравала афіцыйны запыт начальніку Ашмянскай мытні Івану Нівяркевічу, каб высветліць, на якой падставе і кім праводзілася мытная экспертыза, хто і на якой падставе прыняў рашэнне аб знішчэнні альбомаў і ці былі яны ў выніку знішчаныя.
-15%
-45%
-20%
-10%
-10%
0066856