Алег Дзярновіч,

Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" дае свой плён. Прынамсі, у Крэўскім замку. Гэтымі кастрычніцкімі днямі ў самай вялікай вежы замка, вядомай як Княская ці Кейстутава, ідуць археалагічныя даследаванні.

Фота: Алег Дзярновіч
Руіны Княскай вежы Крэўскага замка XIV ст.
Фота Алега Дзярновіча

Апроч ардынарных для помнікаў архітэктуры Позняга Сярэднявечча знаходак, раскопкі сезона 2012 года даюць незвычайныя матэрыялы. Гэта фрагменты фрэсак, якімі ў вялікакняскія часы былі аздобленыя жылыя пакоі замка. Першыя іх парэшткі выявіў у пластах разбурэнняў Княскай вежы яшчэ ў 1990 годзе археолаг Ігар Чарняўскі.

Сценавы роспіс — звычайная рэч для тагачасных княскіх рэзідэнцый.

Даследчыкі ХІХ ст. апісвалі рэшткі фрэскавага роспісу ў руінах унутраных памяшканняў Троцкага замка Вітаўта. Тыя фрэскі былі выкананыя ў візантыйскай традыцыі. Крэўскія ж — гатычныя. 

Гэта дзіўна, бо Крэўскае княства належала Альгерду, а потым яго сыну Ягайлу. Гэтыя князі мелі наймацнейшыя сувязі з праваслаўным светам.

Можна меркаваць, што фрэскі ў Крэве стварылі ганзейскія майстры, запрошаныя яшчэ бацькам Альгерда, князем Гедымінам. Бо пры ўдзеле нямецкіх муляраў паўставалі першыя мураваныя замкі-кастэлі ВКЛ — Крэўскі, Лідскі, Медніцкі. Да таго часу ўласнай традыцыі пабудовы мураваных замкаў у Вялікім княстве не было.

Каб быць зусім дакладным, крэўскія фрэскі варта вызначаць як сценапіс. Бо фрэска — гэта нанясенне фарбаў на вільготную тынкоўку. У Крэве ж распісвалі сухую.

Але фарбы ў Крэўскім замку былі выкарыстаныя не зусім звычайныя. Мова, у прыватнасці, ідзе пра "егіпецкую сінюю". Гэтая фарба была добра вядомая ў антычную эпоху. Яе вынайшлі ды першапачаткова прадукавалі ў Старажытным Егіпце. Потым "егіпецкая сіняя" пашырылася па ўсім антычным свеце, але ў Сярэднявеччы сакрэт яе рэцэптуры быў страчаны.

Фрагмент роспісу Крэўскага замка. Фота Алега Дзярновіча.
Фрагмент роспісу Крэўскага замка. Фота Алега Дзярновіча

Гісторыкі мастацтва мяркуюць, што гэтую рэдкую фарбу аднавілі італьянскія майстры эпохі Рэнесансу. Але вось нечаканасць. Хімікі, якія даследавалі крэўскія фрэскі, сцвярджаюць, што на іх нанесеная ў тым ліку адна з версій "егіпецкай сіняй". А крэўскія фрэскі датуюцца XIV ст. — нашмат пазней за Антычнасць, але раней за час аднаўлення фарбы ў рэнесанснай Італіі.

Калі гэтыя высновы пацвердзяцца наступнымі знаходкамі, мы будзем мець справу з сенсацыяй у сферы гісторыі мастацтва.

Замак у Крэве — узор вельмі архаічнай мадэлі фартыфікацыйнага збудавання. Кастэля — праект замка, які ўзыходзіць яшчэ да часоў Рымскай імперыі. Гэта прастакутнае ўмацаванне, абнесенае сценамі з баявымі галерэямі. Куты яго ўзмоцненыя вежамі.

На Захадзе кастэлі ў пазнейшую эпоху перабудоўвалі, у пачатковым выглядзе яны не захаваліся. Кастэлі ж Вялікага княства былі дзяржаўнымі замкамі, а дзяржаве заўжды бракавала грошай…

Унізе, пад шматкутнікам, — сляды той самай
Унізе, пад шматкутнікам, — сляды той самай "егіпецкай сіняй". Фота Алега Дзярновіча.

Крэва не мадэрнізоўвалася ў пазнейшыя эпохі і захавала старажытную структуру. Разбураная Княская вежа данесла да нас і першапачатковыя роспісы.

Магчыма, сакрэт насычанай сіняй фарбы, якая ўзыходзіла да "егіпецкай сіняй", захоўваўся сярод ганзейскіх майстроў. Праз іх жа гэтая фарба і трапіла ў Крэва. З мястэчка з разбураным замкам Крэва, такім чынам, пераўтвараецца ў важнае для гісторыі культурных кантактаў месца.

{banner_819}{banner_825}
-50%
-50%
-45%
-20%
-50%
-35%
-20%
-15%
-50%
-80%