Як вывучыць беларускую "з нуля"? CityDоg.by паразмаўляў з людзьмі, якія зрабілі гэта, і знайшоў некалькі карысных адрасоў.

Томаш Бладынец
30 гадоў, жыве ў Польшчы, працуе ў будаўнічай кампаніі

Мяне даўно цікавіла Беларусь, і з часам я адчуў: калі хачу сябраваць з беларусамі, трэба ведаць іх мову. Вучыў самастойна: слухаў беларускамоўныя песні, завучваў іх на памяць, карыстаўся словамі з іх, шмат размаўляў з людзьмі па інтэрнэце. Бывала, узнікалі кур’ёзы, асабліва калі карыстаўся словамі, якія гучаць падобна да польскіх, але значаць нешта зусім іншае. Аднойчы, напрыклад, я сказаў, што “ў Польшчы зімой небяспечна, бо з дахаў дамоў звісаюць соплі, спадаюць і забіваюць людзей”. Акрамя таго, шмат беларускіх нармальных словаў па-польску значаць нешта непрыстойнае, як хаця б "разбірацца" ці "суткі".
 
У Мінску я быў, карыстаўся толькі беларускай мовай, не заўсёды мне на гэтай мове адказвалі, але заўсёды рэагавалі вельмі пазітыўна. Быў нават цікавы выпадак: у вас за ўваход у музей беларусам і замежнікам трэба плаціць па-рознаму. Замежнікі, канешне, плацяць больш. А вось мне дазволілі заплаціць як беларусу, таму што я гаварыў па-беларуску. Канешне, у музеі ведалі, што я паляк, але ім было вельмі прыемна, што я размаўляю на іх роднай мове.


 
Максім Бялоў
26 гадоў, жыве ў Мінску, выкладчык БДУ

Я нарадзіўся ў сям’і рускага вайскоўца, жыў у Беларусі, але да ўсяго беларускага ў сям’і было даволі грэблівае стаўленне. Таму і ў школе да вывучэння мовы я падыходзіў вельмі абыякава. А калі паступіў ва ўніверсітэт на фізфак, высветлілася, што ўся матэматыка выкладаецца па-беларуску. Па-беларуску размаўляў і фізрук. Таму мне давялося вучыць мову мэтанакіравана. За два месяцы вывучыў! Дапамог сусед па пакоі ў інтэрнаце: ён добра ведаў беларускую, даваў мне кнігі, перакладаў незразумелыя рэчы. Памятаю, чытаў апавяданні Адама Глобуса – і проста, і цікава. А праз два месяцы я так вывучыў беларускую, што перайшоў на яе цалкам.
 
Быў нават казус: мой навуковы кіраўнік сказаў, што не разумее, калі я размаўляю па-беларуску. А я адмовіўся пераходзіць на рускую. І мы, напэўна, месяц размаўлялі па-англійску.
 
Тэхнічныя тэрміны сапраўды складана перакладаць на беларускую, не ва ўсіх ёсць адэкватныя адпаведнікі, таму сёння я больш карыстаюся рускай мовай. Але, калі абараню кандыдацкую, думаю, перайду на выкладанне па-беларуску.


Патэрсан Франко
24 гады, жыве ў Бразіліі, лінгвіст

Калі я толькі трапіў у Беларусь, то не думаў вучыць беларускую мову, бо ніхто на ёй не размаўляе. Але потым падумаў: я ж лінгвіст і магу вывучыць яе, тым больш што яна рэдкая і ніхто ў Бразіліі яе не ведае. А яшчэ мая жонка з Беларусі, і яна ведае маю мову, партугальскую. Таму, мне падаецца, цалкам нармальна, што я вывучаю яе мову. У партугальскай і беларускай, дарэчы, ёсць шмат падобных словаў. Напрыклад, мапа (mapa), мэта (meta), цыбуля (cebola), колер (cor), рацыя (razão) і гэтак далей... Дарэчы, выраз "мець рацыю" па-партугальску таксама будзе ter razão (ter – мець).

 

Дзе вучыць беларускую мову ў Мінску?


Таварыства беларускай мовы

Пры Таварыстве беларускай мовы ёсць курсы двух тыпаў.
Першы – клуб “Прамова”, для тых, хто ведае беларускую мову, але дрэнна на ёй размаўляе. Паседжанні адбываюцца па серадах (звычайна кожную другую сераду) а 18.00.
 
Другі тып заняткаў: курсы для тых, хто не валодае беларускай мовай і хоча яе вучыць. Найбліжэйшы занятак – 19 кастрычніка ў 19.30.
 
Уваход на ўсе заняткі вольны, але вы можаце пакінуць ахвяраванне ў адпаведнай скрынцы.
Дзе: вул. Румянцава, 13.
Тэл.: +375 17 284 85 11.


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

На філалагічным факультэце БДУ на Маркса ёсць курсы для беларускіх грамадзян, але фактычна гэта не курсы мовы, а курсы падвышэння кваліфікацыі, таму доўжацца яны цэлы год: 1 семестр каштуе 2 900 000, а другі – 5 100 000 рублёў.
 
Пры БДУ ёсць курсы і для замежных грамадзян. У залежнасці ад інтэнсіўнасці яны могуць доўжыцца ад 2 тыдняў да 10 месяцаў, а каштуюць – ад 230 да 1400 даляраў.
 
Дзе: вул. К. Маркса, 31.
Тэл.: +375 17 380 39 45.
Дзе: пр-т Незалежнасці, 4.
Тэл.: +375 17 209 53 22.


Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт

У МДзЛУ ідзе набор у группу беларускай мовы. Заняткі – два разы на тыдзень з 19.00 да 21.00, поўны курс – 4 месяцы. 64 гадзіны з выкладчыкам лінгвістычнага ўніверсітэта каштуюць 1 800 000 беларускіх рублёў.
 
Дзе: Вул. Захарава, 21.
Тэл.: +375 17 284 81 51.
 


Рэпетытар


Прапановаў на рынку хапае: выкладчык можа прыязджаць да вас, ці вы будзеце ездзіць да яго. Праграма складаецца індывідуальна. Кошт: ад 4 да 10 даляраў за 45 хвілін.
 
Спасылкі:
Вывучэнне беларускай мовы онлайн. На сайце шмат карысных спасылак: на беларускія падручнікі і слоўнікі, кнігі ў перакладзе на беларускую. Ёсць спасылка на сайт, дзе сабраныя самыя простыя беларускія фразы з гукавым суправаджэннем. Можна слухаць і паўтараць.
 
Праект "дзіцячая заМова" – 100 малюнкаў пра тонкасці беларускай мовы. Будуць карысныя тым, хто ведае ці вывучае беларускую мову, але мае цяжкасці з ужываннем некаторых словаў ці выразаў.
 
Фота з асабістых архіваў герояў.
 
-20%
-30%
-15%
-10%
-15%
-50%
-45%
-10%
-20%
-10%