Вольга ХВОІН,

Праваабаронца і былы следчы пракуратуры Алег Воўчак ужо чатыры гады здымаецца ў кіно як акцёр масавых сцэн. Пра шчырыя слёзы акцёраў, ролю мары ды каштоўнасць беларускіх акцёраў на ўкраінскім рынку кінематографа Алег распавёў для "Тут і цяпер".

Паміж ліцадзеем і пракурорам

Гісторыя з кіно пачалася многа год таму: падчас службы ў войску Алег, як актыўны камсамолец, ладзіў розныя вечарыны, навагоднія святы, пісаў сатырычныя сцэнары для самадзейных пастановак. Пасля арміі паўстала пытанне "кім быць?". Душа Воўчака вагалася паміж акцёрствам і "нармальнай мужчынскай прафесіяй": хацелася і ў ліцадзеі, і ў пракуроры. Перамагло апошняе, і Алег паступіў на юрфак.

Пасля вайсковага, юрыдычнага ды праваабарончага досведу ногі прывялі абаяльнага Алега да студыі "Беларусьфільм", дзе ён запісаўся ў акцёры масавых сцэн. За чатыры гады Алег Воўчак зняўся больш чым у сарака фільмах, але, па яго словах, найбольш яскравымі былі 10—15 карцін ды шэсць эпізадычных роляў.

Дакументальны фільм 'Дзеці ксяндза Шаплевіча'. Я ў ролі самога ксяндза Станіслава Шаплевіча

— Я не толькі іграю нейкую ролю, але маю магчымасць кантактаваць з творчымі людзьмі, маю стымул да вывучэння гісторыі. Ды і чаго хаваць — такая праца дазваляе пераключыцца з праваабарончай дзейнасці, атрымаць іншыя эмоцыі, — знаходзіць абгрунтаванне свайму захапленню праваабаронца.

Мінулае не адпускае

Відаць, па прычыне прафесійнай біяграфіі Алега Воўчака часцей бяруць здымацца ў ролі вайскоўцаў, афіцэраў. Было некалькі роляў бандытаў, аператыўнікаў, іграў ролю фізрука, доктара, кантрабандыста, каханка...

Кажуць, што дзяўчаты звычайна мараць сыграць Джульету, а вось Воўчак хацеў бы сыграць ролю прафесійнага, абаяльнага, закаханага, чуллівага пракурора: "Прэстыж гэтай прафесіі надта знізіўся, таму добра было б зняць фільм з такім персанажам".

Фільм пра расійскіх паліцэйскіх 'Клянёмся абараняць'. Я супрацоўнік паліцыі

— Каго не хацеў іграць, дык гэта фашыстаў. Аднойчы давялося іграць завадатара бандытаў — таксама не надта прыемна было. А вось роля кантрабандыста Сяргея Пясецкага была цікавай, працаваў з задавальненнем, бо гэта рознабаковая, неардынарная асоба, — распавядае Алег.

Дакументальны фільм 'Палюбоўнік Вялікай мядзведзіцы'. Я ў ролі беларуска-польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага

Што дае выжыць "Беларусьфільму"

Алег адзначае, што беларускія акцёры масавых сцэн у расійскай кінаіндустрыі лічацца прафесійнымі (асноўныя працадаўцы для акцёраў, канечне, расіяне).

— У мяне ўжо ёсць знаёмыя сцэнарысты, — асцярожна хваліцца Алег. — Ведаеце, сярод акцёраў масавых сцэн беларуская масоўка добра вядомая. Прыкладна сорак чалавек рэгулярна запрашаюць здымацца ў расійскія, украінскія стужкі. І я сярод іх. Вось нядаўна праходзіў кастынг на ролі гусараў. Многія думаюць, што наша праца — гэта забаўка. Але насамрэч акцёры масавых сцэн працуюць па-сапраўднаму. Чаму да нас едуць расіяне? Бо наша масоўка ўмее іграць ролі, умее падыграць асноўным акцёрам. Аператар, перш чым выставіць сцэну, атрымлівае фотаздымкі акцёраў масоўкі і з іх выбірае, каго паставіць побач з вядучым акцёрам, каб людзі гарманічна глядзеліся ў кадры. Цяпер, калі я гляджу кіно, то звяртаю ўвагу на тое, як арганізавана масоўка, і бачу, калі людзі не вельмі ўдала паводзяць сябе ў кадры.

Фільм 'Навігатар'. Я лекар радзільнага дома

Праваабаронца і акцёр масавых сцэн па сумяшчальніцтве распавядае пра серыяльныя ганарары і падкрэслівае, што "расійскае кіно сёння дазваляе выжыць і "Беларусьфільму", і беларускім акцёрам". За адказнасць да справы ды неразбэшчанасць, паводле яго ацэнак, сёння для масавых сцэн і на вядучыя ролі ў серыялах бяруць ледзь ці не 90% беларускіх акцёраў. Па беларускіх мерках, заробак у акцёраў атрымліваецца неблагі.

Фільм 'Цёмны бок месяца'. Я фізрук. Разам са мной беларуская актрыса Настасся Баброва

Не богі ў кіно здымаюцца

— Мяне ўразіла сустрэча з Фёдарам Бандарчуком. Я думаў, што ён сапсаваны славай, фанабэрысты. Калі Бандарчук быў тут на здымках, я падышоў да яго, пагаварыў пра фільм "9 рота", выказаў падзяку, бо я быў у Афганістане і ў гэтай стужцы ўсё праўда. Бандарчук абсалютна нармальна паставіўся да мяне. Гэта прыемна. Вельмі падкупляе шчырасць, калі бачна, што чалавек радуецца, пазітыўна ўспрымае станоўчы водгук. Сяргей Макавецкі вельмі далікатны, мяккі чалавек. Ніна Усатава якая на экране, такая і ў жыцці. Мой асабісты досвед паказвае, што нават вядомыя акцёры — нармальныя людзі, без лішняга гонару і пыхі.

Цяпер Алег здымаецца ў 12-серыйным кінапраекце пра Васіля Сталіна "Сын бацькі народаў" па сцэнарыі расійскага драматурга Эдуарда Валадарскага. У фільме ён іграе ролю афіцэра з блізкага акружэння, то бок часта з'яўляецца побач з Васілём Сталіным у кадры. Воўчак вельмі эмацыянальна распавядае пра гэтую стужку, пра тое, як перачытаў матэрыялы пра трагічнае жыццё сына правадыра народаў і колькі новага для сябе адкрыў.

— Некаторыя рэчы ўбачыў у новым ракурсе, — дзеліцца перажываннямі Воўчак. — Напрыклад, што такое сям'я, ці нясуць дзеці адказнасць за бацьку, што бацька мусіць думаць пра будучыню сваіх дзяцей пасля сваёй смерці. Нават для акцёра масоўкі важна зразумець, якую атмасферу ён павінен перадаваць. Менавіта праз кіно я многа для сябе адкрыў.

Распавядае пра сваё захапленне маладым акцёрам Гела Месхі (ён акурат і іграе Васіля Сталіна), пра шчырасць пачуццяў на здымачнай пляцоўцы: "аднойчы на здымках Марына Аляксандрава спявала песню пра вайскоўцаў, і гэта выклікала слёзы — нават не трэба было карыстацца адмысловымі сродкамі, так натуральна ўсё атрымалася". І пра расчараванні акцёрскай прафесіі: "калі здымаецца многа эпізодаў, але ў фінальны варыянт уваходзіць далёка не ўсё".

Прашу Алега сыграць мізансцэну ў ролі афіцэра. Усмешлівы праваабаронца праз хвіліну змяняе паставу, погляд, тэмбр голасу і тэмп маўлення. Далібог, мурашкі па скуры ад адчуванняў, што перад табой іншы чалавек!

Фільм 'Не сыходзь'. Я ў ролі адваката. Са мной акцёр расійскага кіно Андрэй Фёдараў

Не пайду я ў пракуроры

Калі слухаеш аповеды Воўчака пра здымкі ў кіно, то ў які раз пераконваешся, што мары мусяць здзяйсняцца — тады чалавек будзе шчаслівым, вочы яго будуць ззяць ад прагі да жыцця.

Алег гаворыць, што ёсць выпадкі, калі акцёры масоўкі пачынаюць выконваць паўнавартасныя ролі. Як ёсць здольнасці і тваё імя заўважылі, то можна скончыць акцёрскія курсы і адбыцца ў прафесіі. Некаторыя пераязджаюць у Расію, ва Украіну. Цікава, што беларусы на ўкраінскім кінарынку запатрабаваны асабліва тады, калі трэба сыграць расіяніна ды больш-менш чыста па-руску сказаць (многія ўкраінцы не могуць справіцца з акцэнтам).

— Эх, хто ведае, мо як усталюецца ў Беларусі дэмакратыя, то не пайду я ў пракуроры, а пайду ў акцёры, — усміхаецца Алег, разважаючы пра сваю будучыню. — Хаця за час акцёрства я зразумеў, што ў нас няма спецыялістаў, якія працуюць у галіне аўтарскіх правоў, абароне інтэлектуальнай уласнасці. Таму, магчыма, змяню спецыялізацыю і ў гэтым кірунку.

Серыял 'Пацалунак Сакрата'. Я разам з калегам па здымачнай пляцоўцы ў танцы

-10%
-50%
-10%
-18%
-40%
-20%
-10%
-10%