Малады фатограф Максім Сарычаў адкрыў уласную выставу ў сваім пад’ездзе звычайнага шматпавярховіка ў Малінаўцы. Цяпер на шэрых сценах поруч з паштовымі скрынямі распавядаецца гісторыя гарадскіх прытулкаў для бяздомных жывёлаў.
 
Хлопец вывесіў здымкі на першым паверсе свайго пад’езда, а на дзвярах суседніх пад’ездаў расклеіў абвесткі пра выставу, праўда, большасць з іх адразу зніклі. На адзін вечар просты пад’езд ператварыўся ў арт-пляцоўку. Здымкі правіселі ўвесь вечар каля паштовых скрыняў у звычайным малінаўскім доме.

"Ёсць прастора прыватная, ёсць публічная, а пад’езд — прастора нічыйная, гэта прастора дыфузіі, яна ўжо і не прыватная, але яшчэ і не публічная. У гэтым праекце мы імкнемся прасачыць за рэакцыяй публікі. Трапляецца, безумоўна, і абыякавая рэакцыя, але адсутнасць рэакцыі — гэта таксама цікавая тэма", — кажа куратарка выставы Вольга Сазыкіна.





"Трэба рабіць такое як мага больш, бо нам сапраўды не стае альтэрнатыўных выставачных прастораў", — кажа мастак і пісьменнік Аляксей Талстоў, што не прамінуў такую незвычайную выставу.
 
Выстава распавядае пра дапамогу бяздомным жывёлам, а здымкі рабіліся ў двух мінскіх сабачых прытулках, якія існуюць выключна на валанцёрскіх пачатках. Сабачы прытулак — гэта добры прыклад салідарнасці людзей, іх самаарганізацыі, як людзі аб’ядноўваюцца на глебе любові да жывёлаў. Часцяком гэтага вельмі не стае, і мы нават не ведаем, як клічуць нашых суседзяў", — лічыць фатограф.
 
Некаторыя мясцовыя жыхары, пабачыўшы абвесткі, прыйшлі паглядзець на фота, і часцяком не самі, а са сваімі сабачымі гадаванцамі.

"Выдатна зроблена! Напэўна, будзе хоць крыху меней бязлітаснасці. Бо шмат людзей да жывёлаў ставяцца жорстка, і гэта вельмі дрэнна", — адгукнуўся адзін з такіх наведвальнікаў.
 
Максім Сарычаў не ўпершыню займаецца сацыяльнымі тэмамі, у 2011 годзе ён зладзіў праект пра маладзёнаў, якіх затрымалі "па справе анархістаў", некаторыя здымкі выстаўляліся ў Інстытуце імя Гётэ ў межах выставы "Штодзённасць". А сёлета Макс атрымаў узнагароду за трэцяе месца на "Прэс-фота Беларусі" ў катэгорыі "Прырода" са здымкамі з палявання. Бяздомных жывёлаў Сарычаў пачаў здымаць у межах аднаго майстар-класа, тэма яго зацікавіла, і ён працягнуў займацца ёй. Не хацелася здымаць абы-што, хацелася закрануць сацыяльную праблему. А праходзіць выстава ў пад’ездзе, таму што тут амаль ува ўсіх жыхароў ёсць сабакі, і гэта тэма іх закранае. Справа ў тым, што большасць жывёлаў, якія апынуліся на вуліцы, — iх выкінулі самі гаспадары", — тлумачыць Сарычаў.
 
Фатограф рыхтуе буйны праект, і гэтая выстава ў пад’ездзе з’яўляецца ягоным пачаткам.
 
"Гэта толькі пачатак вялікага праекту пра бяздомных жывёлаў. Тут адлюстраваны толькі адзін бок: як можна дапамагаць жывёлам. Ёсць яшчэ некалькі бакоў: што для гэтага робяць улады, можна таксама падрабязней распавесці пра людзей, якія гэтым займаюцца".
 



 



 

 

 

 
 
 
 

 
 
 
Фотаздымкі: Юля Fox
-80%
-26%
-50%
-50%
-20%
-40%
-25%
-25%
0071695