Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара,

Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч
Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч
“Фарпост культуры ў спальным раёне”, як назвала галерэю Шчамялёва, што ў Серабранцы, гаспадыня, прымаў гасцей – маладых беларускіх літаратараў. У адной залі сабраліся пісьменнікі-дэбютанты, перакладчыкі-пачаткоўцы, а таксама ўжо вядомыя вузкаму колу аўтары.

Дыпломамі за ўдзел у конкурсе Саюза беларускіх пісьменнікаў “Экслібрыс” будучыню беларускай літаратуры ўзнагароджвалі “зубры” пісьменства: паэты Андрэй Хадановіч і Віктар Жыбуль, празаікі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч і Людміла Рублеўская. Акрамя вышэй названых літаратараў, сябрамі журы конкурса былі Эдуард Акулін, Аксана Данільчык, Ірына Багдановіч, Міхась Скобла.
 
На конкурс прыйшло больш за 100 твораў, 35 з якіх сябры журы адзначыла тым ці іншым чынам. Прысутныя ды адсутныя пісьменнікі-пачаткоўцы падзяліліся на тры катэгорыі: бронзавую, срэбную ды залатую. Першую склалі тыя, хто атрымаў заахвочвальныя дыпломы, у другой групе апынуліся фіналісты конкурса, а “золата” атрымалі пераможцы “Экслібрыса”.
 
Сябры журы як маглі падтрымлівалі тых, каму не “пазаліацілі ручку”. Вядучы вечара Андрэй Хадановіч некалькі разоў упарта адзначаў, што галасаванне журы было аб’ектыўным (творы былі не пад імёнамі, а пад нумарамі), але ў той жа час досыць суб’ектыўным (кожны прытрымліваўся ўласнага літаратурнага густу). “Мы маем поўнае канстытуцыйнае права на памылку. Мы можам лажаць”, - абнадзеіў прысутных Хадановіч.
Пачалі па завядзёнцы з “бронзавай часткі”. З пятнаццаці літаратараў, якіх сябры журы “заахвоцілі”, да “фарпоста культуры” дабралася ўсяго некалькі чалавек. Сярод іх Раман Абрамчук, Марына Верабей, Ганна Гараніна, Вольга Чайкоўская, досыць вядомая паэтка, аўтарка зборніка вершаў “Лупы”. Сярод тых, хто да “фарпоста” не даехаў, была знакамітая паэтка Валерыя Кустава.
 
Віктар Жыбуль, які адкрываў “срэбную частку” вечара, таксама не стрымаўся і пачаў падбадзёрваць тых, хто не дабраўся да золата. Андрэй Хадановіч нават мусіў яго спыніць: “Віця, пачытаў бы ты нам што-небудзь…” Віктар агучыў колькі вершаў. Між іншым, ён зрыфмаваў “Пегасамі” з “ні фіга сабе”. За такую трапную, удалую рыфму Андрэй Хадановіч нават прапанаваў уганараваць Віктара заахвочвальным дыпломам.
 
Але ўганаравалі не Жыбуля, а фіналістаў конкурса “Экслібрыс”. Іх, як і “бронзавых” пісьменнікаў, было пятнаццаць. Свае тэксты прачыталі паэты Ганна Рудак, Алена Беланожка, якая прыйшла “без распрананняў”, Алесь Емяльянаў, перакладчык Андрэй Вылінскі. Аляксандра Дварэцкая ад прэзентацыі вершаў ухілілася: “Я ня ведаю, што сказаць. Я саромеюся!”, затое празаік Сяргей Календа распавёў пра праект “Кантынентальны сняданак”, у якім ён апісаў жыццё сталічных гатэляў. Там пра прастытутак, сэкс-турызм ды туркаў. “Тут назіраецца сюжэтны раздрызг”, - абазначыў сваю свежую прозу Календа. Празаік Павел Капанскі падзякаваў арганізатараў вечара за “пякельныя крэкеры” ды прачытаў неадназначнае апавяданне пра фею ды беляшы. Перакладчык Андрэй Касцюкевіч прачытаў пераклад Шарля Бадлера. Абсалютна новымі імёнамі для сябраў журы і для публікі сталі дэбютанты Антось Уласенка ды Алесь Яшчанка.

“Залатую” пяцёрку канкурсантаў, пераможцаў “Экслібрыса” адкрывала Людміла Рублеўская. Яна па традыцыі адзначыла, што няма чаго перажываць тым, хто не перамог: “Месца на конкурсе – гэта не кляймо. Я хачу, каб вы працягвалі сур’ёзна працаваць, пісаць па-беларуску”.
Пераможцамі сталі перакладчыца Ганна Янкута, якая не змагла прыйсці на ўганараванне, полацкі паэт Алесь Замкоўскі, перакладчыца Юлія Цімафеева, якая выступіла як празаік пад псеўданімам Вера Стромава, паэт Антон Рудак. Апошні прачытаў канцэптуальны верш “Серабранка” (нагадаю, што вечарына адбывалася менавіта ў гэтым спальным раёне Мінска). Абсалютным пераможцам конкурса стала перакладчыца Алеся Башарымава. Яна набрала максімальную колькасць балаў.
 
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч адзначыў, што гэта першы конкурс сярод маладых пісьменнікаў і перакладчыкаў, які ладзіць саюз. Плануецца, што канкурс стане рэгулярным. Таксама ў планах СБП – школа маладога літаратара, якая пачне працаваць восенню.
 
Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

Алесь Пашкевіч і Эдуард Акулін
Алесь Пашкевіч і Эдуард Акулін

Людміла Рублеўская
Людміла Рублеўская

Сяргей Календа
Сяргей Календа

Вольга Чайкоўская
Вольга Чайкоўская

Антон Рудак
Антон Рудак

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

Алесь Замкоўскі
Алесь Замкоўскі
{banner_819}{banner_825}
-23%
-15%
-20%
-30%
-11%
-20%
-20%
-25%