Сяргей Гезгала,

Нарэшце ёсць пэўнасць: арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага вернецца ў Беларусь. На зварот Нацыянальнага банка з просьбай паспрыяць адгукнулася фінансавая кампанія "Альпары".

Яна ахвяруе 30 тысяч даляраў. Менавіта столькі грошай бракавала да поўнай сумы.

Прыватныя ахвярадаўцы дагэтуль сабралі 76 мільёнаў рублёў. Яшчэ 4500 даляраў унёс прыватны прадпрымальнік з Магілёва, які пажадаў застацца невядомым. Нарэшце, 100 тысяч расійскіх рублёў выдаў беларус з Расіі Павал Бераговіч — адзін з самых шчодрых мецэнатаў беларускай культуры.

Ідэя студэнта-гісторыка Андрэя Радкова зрэалізавалася дзякуючы энэргіі маладога дырэктара Магілёўскага гістарычнага музея Аляксея Бацюкова.

Нагадаем, што Музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для выкупу Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года, арыгінальнага выдання. Гэта важная гістарычная рэліквія — той вывераны закон узгадаваў у беларусах выключную законапаслухмянасць, што ператварылася ў нацыянальную рысу.

Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Дадзены асобнік ацэнены на $45 тыс.

Пры гэтым частку грошай (10%), паводле папярэдняй дамоўленасці з прадаўцом, неабходна сабраць цягам двух тыдняў у якасці заставы. Рэшту сумы трэба будзе пералічыць цягам трох месяцаў.

Ва ўсім свеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданняў Статута, з іх 29 адносяцца да выдання 1594–1595 гадоў. Знаходжанне гэтых асобнікаў: Вялікабрытанія (1), Літва (6), Польшча (6), Расія (11), Украіна (5), а ў Беларусі няма ніводнага. Як прыватнымі асобамі, так і дзяржаўнымі інстытутамі краіны ўжо рабіліся спробы выкупіць асобнікі Статута, аднак беспаспяхова. .

Статут ВКЛ — найвышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы ВКЛ.

Па сутнасці, гэта была сярэднявечная Канстытуцыя, якая дзейнічала на ўсіх землях сучаснай Беларусі і была адной з самых прагрэсіўных у Еўропе. Статут паўплываў на станаўленне нацыянальнай прававой думкі, а таксама на юрыдычныя традыцыі суседніх краін — Расіі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і інш. Магчыма, менавіта дзякуючы яму беларусы адрозніваюцца вялікай павагай да права.

Статут 1588 года распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і быў выдадзены за яго асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.

У цяперашні час вядома пра тры выданні Статута — 1588, 1592–1593 і 1594—1595 гг. Дарэчы, рэальны шанец на поспех у дабрачыннай акцыі ёсць. Бо магілёўцы ўжо дапамаглі летась папоўніць фонды музея гісторыі Магілёва рарытэтам — фаліянтам "Часоўніка", датаваным 1773 годам.

-46%
-20%
-5%
-10%
-10%
-20%
-10%