Кастусь Лашкевіч,

На 64-м годзе з жыцця пайшоў брытанец Расэл Портэр (Russell Porter), які зрабіў вялікі ўнёсак ў развіццё двухбаковых стасункаў паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй. Пра гэта карэспандэнту TUT.BY паведаміў шматгадовы старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі.

Сэрца Портэра спынілася яшчэ 27 красавіка. 11 траўня яго пахавалі ў вёсцы Толсхант-Найц, паблізу ад горада Мэлдан (графства Эсэкс).

“Справай апошніх год жыцця Расэла Портэра было наладжванне двухбаковых стасункаў паміж ягоным горадам Мэлдан і беларускім Брэстам, асабліва – усталяванне кантактаў паміж навучальнымі ўстановамі двух гарадоў. Не кажучы ўжо пра тое, колькі часу, высілкаў і ўласных грошай ён выдаткаваў дзеля праекта выставы гістарычных фатаграфій Брэсцкай крэпасці, якая праехала па ўсёй Вялікабрытаніі”, - адзначыў Джым Дынглі.

Вялікі аматар гісторыі Другой сусветнай вайны, Портэр упершыню наведаў Брэсцкую крэпасць у лютым 2009. Уражаны беларускім мемарыялам, ён вырашыў падзяліцца пабачаным з суайчыннікамі. Вынікам ягоных высілкаў стала выстава "Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фотаздымках", якая адлюстравала 170-гадовую гісторыю легендарнай цытадэлі ад закладкі першага каменя да сёння. У верасні 2009 пры падтрымцы пасольства Беларусі экспазіцыя з больш за 60 копій фотаздымкаў з фондаў музея абароны Брэсцкай крэпасці адкрылася ў Мэлдане. Пасля яе пабачылі жыхары Брыстоля, Глазга, Кардыфа, Нотынгема, Ліверпуля, Кембрыджа і іншых гарадоў Вялікабрытаніі. Фінішавала выстава ў "Доме Пушкіна" у Лондане.

Портэр, які размаўляў на арабскай, рускай, галандскай і нямецкай мовах, браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Мэлдана. Летась яго абралі ў склад рады акругі Мэлдан.

Яшчэ ў красавіку Портэр разам з дзевяццю іншымі дарадцамі і настаўнікамі мясцовых школ наведаў з візітам Брэст. Як паведамляе сайт This is Total Essex, беларускі ўрад быў настолькі ўражаны энтузіязмам брытанца, што меў намер зрабіць яго сваім консулам ў Вялікабрытаніі. Але гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца. 
-55%
-12%
-20%
-30%
-33%
-20%
-25%
-10%
-20%