Кругозор


Алена Штраль,

Як вынікае з перапіскі мясцовых аматараў даўніны з дзяржаўнымі ўстановамі рознага ўзроўню, “грошай няма” ўжо амаль 15 гадоў. Дакладней, з тае самае пары, як апошніх насельнікаў помніка архітэктуры адтуль выселілі, а рэстаўрацыю так і не пачалі.

Гісторык Юрый Копцік і былая музейная супрацоўніца Тацяна Вароніна вядуць перапіску з гарадскімі і абласнымі ўладамі, Міністэрствам культуры, пракуратурай ды іншымі ўстановамі ўжо некалькі год. Іх мэта – дамагчыся ўжо калі не рэстаўрацыі, дык хаця б кансервацыі парэшткаў помніка архітэктуры “да лепшых часоў”.

 

Зрабіць гэта паводле заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны мусіць уласнік будынка – Віцебская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, бо ў 2006 годзе гарадскія ўлады пазбавіліся ад адказнасці за гаротны стан помніка архітэктуры ХVIII стагоддзя, перадаўшы яго праваслаўным вернікам. Тады ж было абвешчана, што ў адрэстаўраваным кляштары будзе адчынены жаночы праваслаўны манастыр.

 

“На наш чарговы зварот у Міністэрства культуры мы атрымалі чарговую адпіску. Маўляў, міністэрства паводле звароту ў Генеральную пракуратуру – а мы “дабраліся” ужо і датуль – гатовае спагнаць з гаспадароў. Дакладней, Віцебскай епархіі БПЦ выдалі прадпісанне, каб распачыналі працы па кансервацыі. А вінаватых у парушэнні заканадаўства, загадвае Міністэрства культуры, каб пакараў Віцебскі аблвыкакам. Усё гэта мы ўжо “праходзілі”: прадстаўнік праваслаўнай царквы кажа, што ў іх няма грошай, хаця паўсюдна ў Беларусі ўзводзяцца новыя храмы з залачонымі купаламі”, — гаворыць Юры Копцік.

Апошнімі днямі ў будынку жылога корпуса базылянскага кляштара пачалі забіваць вокны. У двары ляжаць дошкі, іх пілуюць — і нібыта нешта робіцца.

“Пазабіваць вокны – гэта не самае галоўнае! Унутр будынка цяпер не палезуць нават бамжы, бо там няма падлогі, адна голая зямля, дый тая з лужынамі. Трэба ратаваць сцены, каб яны не разбураліся, а таму першая неабходнасць – гэта накрыць помнік архітэктуры хоць нейкім дахам. Не цыратай, як зрабілі на адным кавалку сцяны, а менавіта дахам, каб спыніць разбурэнне ад снегу і дажджу! Таму патрэбныя не “паказушныя” захады па кансервацыі, а сапраўдныя”, — кажа Тацяна Вароніна.

 

Менавіта пад цяжарам снегу ў 2004 годзе абваліўся дах над кляштаром базылянаў, і мясцовыя ўлады вырашылі, што ўзнаўляць яго – неабавязкова. Калі ў 2008 годзе ў Оршы праводзілі рэспубліканскія “Дажынкі”, паўразбураны будынак “замаскіравалі” камуфляжнай сеткай – няйначай узялі напракат у бліжэйшай вайсковай частцы. Бо пасля святкаванняў сетка знікла, і парэшткі помніка архітэктуры зноў паўсталі перад вачыма аршанцаў і гасцей горада.

Усе звароты грамадскасці да ўладаў, а пасля бяздзейнасці апошніх – у пракуратуру сканчваліся адным: загадамі “выправіць становішча” да сканчэння чарговага года - 2005-га, 2006-га, 2007-га, 2008-га, 2009-га, 2010-га, 2011-га… Праблема плаўна “перасунулася” на 2012-ты.

Некалі двухпавярховы будынак кляштара базылян быў цэнтрам развіцця ўніяцтва ў рэгіёне. Быў ён не толькі цэнтрам адукацыйным і духоўным, але ж і архітэктурным. Царква Пакрова Багародзіцы манастырскага комплексу ўзносілася над горадам амаль на 40 метраў у вышыню і была бачная далёка за яго межамі…У 1969 годзе яна была разбурана, а ў 2005 годзе на падмурку царквы мясцовая міліцыя распачала будаўніцтва ізалятара часовага ўтрымання. Грамадскімі сіламі будаўніцтва ўдалося перанесці, у выніку падмуркі не былі пашкоджаныя. Але цяпер на вачах ва ўсяго горада гіне помнік беларускага барока ХVIII стагоддзя, які ацалеў нават у савецкія часы. Яшчэ ў 1989 годзе тут былі майстэрні аршанскіх мастакоў — гістарычны будынак працягваў сваё жыццё, хоць без рэстаўрацыі яно больш нагадвала проста існаванне… А цяпер ён проста ператвараецца ў друз, шыльда з надпісам “ахоўваецца дзяржавай” ад гэтага не ратуе, а прадугледжаная заканадаўствам адказнасць, відаць, нікога не палохае і сумленне не абуджае. 




{banner_819}{banner_825}
-10%
-40%
-15%
-40%
-10%
-40%
-10%