
Гісторыя пошуку вобраза Беларусі пачалася ў 2008 годзе. Для кампаніі "Будзьма беларусамі" мастак Міхал Анемпадыстаў стварыў плакат, на якім было намалявана шмат вобразаў, і кожны мог знайсці нешта сваё, дарагое. Але адзінага сімвала, пазнавальнага ўсімі, не было. Пасля сацыялагічнага апытання разглядалі вобразы зубра і бусла, але неўзабаве ўзнік вобраз цмока - найцікавейшай асобы беларускай міфалогіі.
Цікава, што беларускі цмок з цягам часу набываў рысы людзей. Ён чысцюля, пераборлівы, нават сноб, можа наводзіць грамадскі парадак. Да таго ж сёння вобраз цмока ў трэндзе, ён цікавы розным пакаленням, - адзначалі арганізатары прэзентацыі.
Разынкай імпрэзы стаў новы ролік “Краіна Цмокаў. Малюем разам”.
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 

Спампаваць відэа
У здымках роліка прынялі ўдзел: Ганна Хітрык, Валерыя Валодзька, Аляксандр Памідораў, Андрусь Такінданг, Сяргей Скараход і іншыя.
У межах "тура" прайшла таксама і выстава дзіцячых малюнкаў, створаных падчас конкурсу ад мінскай кампаніі "Тэхналогія". Вось некаторыя з іх:
![]() |
Аўтар - Аліса Бірукова, 8 гадоў |
![]() |
Аўтар - Арына Салата, 11 гадоў |
![]() |
Аўтар - Аляксандра Сідоранка |
Новы сімвал - частка камунікацыйнага праекту кампаніі, які спрыяе фармаванню сучаснага культурніцкага коду і візуальнай прасторы Беларусі на падставе нацыянальнага, беларусацэнтрычнага падыходу. Каментуе Алена Макоўская, каардынатар "Будзьма беларусамі!": "У нашым грамадстве назіраецца значная цікавасць да брэндынгу краіны, распрацоўкі сімволікі гарадоў, раённых цэнтраў, мястэчак. Мы прапанавалі ў якасці турыстычнага сімвала краіны цмока, якога лічым вельмі харызматычным персанажам айчынай міфалогіі. Пакуль у беларускага "калегі" шатландскай Нэсі няма ўласнага імя, але гэта справа часу".
Праект пачаўся ў кастрычніку 2011 года, калі журналіст Зміцер Навіцкі выправіўся шукаць цмока на Палессе і Лепельшчыну.
На яго думку, Лепельшчына – край цмокаў, з якога можна зрабіць сапраўдны “лахнэскі” цуд па-беларуску: “Калі нам добра распіярыць цмока, то ўвесь свет паедзе шукаць цмокаў на Лепельшчыну, там усё для гэтага ёсць, у тым ліку і цмокі”.
“Мне здаецца, мы недастаткова добра ведаем свой край. І можа, не варта ездзіць у далёкія краіны, напрыклад у Індыю, каб вывучаць там сланоў ці рэлігіі, калі можна практычна тое ж самае знайсці на сваёй радзіме”, - дадаў Зміцер.
Сапраўды, як адзначыла эксперт-цмокавед Ірына Дубянецкая, Беларусь – зямля цмокаў. Дзе, як не тут, іх шукаць?..
Пазней гісторыю і характар міфалагічнай істоты абмяркоўвалі ў студыі TUT.BY, на старонках часопіса "Большой", на папулярных моладзевых інтэрнэт-парталах, у сацыяльных сетках.
![]() |
Цмок Палескі |
"Будзьма беларусамі!" працягне "цмок-туры" і пасля 1 сакавіка.
Падчас імпрэзы Алена Макоўская таксама адзначыла: "На нашу думку, варта істотна пашыраць кола зацікаўленых у пошуку новых цікавых сімвалаў і багатых вобразаў, якія адпавядаюць беларускай ментальнасці і грунтуюцца на айчынных традыцыях і гісторыі. Гэта датычыць не толькі турызму, але і самых розных сфераў дзейнасці. Напрыклад, спецыялісты сведчаць, што айчынным вытворцам-экспарцёрам сёння востра не хапае яскравых беларускіх назваў для сваёй прадукцыі, каб вылучыцца з агульнай масы і падкрэсліць якасць маркі "Зроблена ў Беларусі".