Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ,

Сёння споўнілася б 75 гадоў славутаму беларускаму пісьменніку і літаратуразнаўцу Міхасю Стральцову. Журналіст па адукацыі, пісьменнік па прызванні, псіхолаг па натуры, ён неверагодна ўзбагаціў не толькі айчынную літаратуру, але і агульнаеўрапейскую. Чалавек-загадка ён сам усё жыццё разгадваў чужыя літаратурныя загадкі, рабіў адкрыцці і выдатна разбіраўся ў тонкасцях чалавечай душы. "Звязда" пацікавілася ў вядомых беларускіх літаратараў, што яны думаюць пра ролю асобы Міхася Стральцова ў літаратуры.

Раіса Баравікова, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы:


— Памятаю Міхася Стральцова яшчэ з часоў, калі мы разам працавалі ў газеце "Літаратура і мастацтва". Гэта быў вельмі інтэлігенты, ветлівы, сціплы і адукаваны чалавек. Гэта сапраўды класік нашай літаратуры. Яго больш ведаюць як празаіка. І сапраўды, у яго выдатныя апавяданні. Але яго ўнёсак у беларускую літаратуру ўяўляецца яшчэ больш бясцэнным, калі ўлічваць і яго паэзію. Вельмі люблю яго зборнік вершаў "Ядлоўцавы куст". Быў Міхась Стральцоў і цудоўным літаратуразнаўцам. Пісаў шмат пра літаратурныя пытанні, заўсёды падтрымліваў маладых літаратараў. Шкада толькі, што сёння яго мала ўзгадваюць у друку. Я лічу, што ён варты вялікага поўнага збору твораў.

Пятро Васючэнка, літаратуразнаўца, пісьменнік, кандыдат мастацтвазнаўства:

— Нават на фоне свайго пакалення, якое называлі пакаленнем "дзяцей вайны", "шасцідзясятнікамі" і філалагічным пакаленнем, Міхась Стральцоў вылучаўся. Вылучаўся, можа быць, тым, што ў многіх жанрах і відах творчасці быў першапраходцам, першаадкрывальнікам. Калі я працаваў над яго творчай біяграфіяй, вылучыў некалькі адкрыццяў, якія Міхась Стральцоў зрабіў і якімі ён узбагаціў беларускую і еўрапейскую літаратуру. Ён адкрыў тып чалавека, які пакінуў вёску і не прыжыўся ў горадзе. Хоць пра такога чалавека пісалі ў свой час і Гарэцкі, і Калюга, і Чорны, але Міхась Стральцоў знайшоў ёмістую формулу такога стану і вызначыў яго як "сена на асфальце". Адной формулай ён ахапіў многія нюансы гэтага стану, якіх ніхто не закранаў раней. Стральцоў таксама стаўся першаадкрывальнікам жанру постмадэрнісцкага апавядання, стварыўшы аповед аповедаў, навелу навел з непераўзыдзеным сюжэтам — "Смаленне вепрука". Яму належыць прыярытэт у распрацоўцы тэхнікі пераходу ад мікрападзей да макрападзей. У прыватнасці, у аповесці "Адзін лапаць, адзін чунь" гэта вельмі добра відаць. І ў тым жа "Смаленні вепрука". Апроч таго, ён з'яўляецца першаадкрывальнікам загадкі Максіма Багдановіча. Ён загадаў гэтую загадку, паспрабаваў яе разгадаць — якім чынам юнак, які навучаўся і сталеў за межамі Беларусі, мог стаць класікам беларускай літаратуры, думаць на беларускай мове і пісаць на ёй? Гэта загадка да канца не разгадана. Яе працягваюць разгадваць іншыя багдановічазнаўцы.

Віктар Гардзей, пісьменнік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя І. Мележа:

Пра Міхася Стральцова-празаіка яшчэ пры ягоным жыцці гаварылі так: слова Стральцова стаіць побач са словам класікаў сучаснасці — Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. І на памяць адразу прыходзяць шэдэўры вялікага таленту: апавяданні "Свет Іванавіч, былы донжуан", "Смаленне вепрука", "На чацвёртым годзе вайны", аповесць "Адзін лапаць, адзін чунь". Нават кароценькі ўступ да гэтай непараўнальнай аповесці хвалюе:

Ноччу, бязлюднай і цёмнай,
Іду па зямлі.
Вышэзны і лёгкі,
Пакалыхваюся ад тугі.
Галава прыгнута небам...
Я плачу.
Зоркі — слёзы мне.


Ён — паэт высокай культуры, думкі, пачуцця. Самая заўважная здольнасць паэзіі Міхася Стральцова — прыносіць дабрыню ў звярэджаную душу, напаўняць злагадай і спакоем балючае сэрца. Бо і сам ён, як і кожны сапраўдны талент, быў чалавекам чыстага сумлення, незвычайнай чуласці і тактоўнасці. Можа, таму ў вельмі сумныя хвіліны прыходзіць да мяне яго верш:

Прысніўся верш — не верш, а два радкі.
Абломак лодкі ўсплыў са дна ракі,
І кружыць вір счарнелую траву.
З абломкам лазні к берагу плыву.
Прачнуўся. Дзень трывогаю прапах,
І два радкі гаркотай на губах.
Просценькі верш, але калі капянуць глыбей?


Дарэчы, што казалі пра Міхася Стральцова-крытыка? Сваім эсэ "Загадка Багдановіча" ён адкрыў нам аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, Міхась Стральцоў расказаў не біяграфію паэта, а яго лёс. Зноў жа, якая высокая культура радка, эстэтычнай думкі!

Былі ж у лёсе самога Міхася Стральцова і мёрзлая бульба, і драўляная ручка ад гранаты, якой галодныя дзеці забілі чужую курыцу, была, на жаль, і маўклівая станцыя "Адгуканск".

Творцы майго пакалення на памяць ведалі сяброўскі шарж на Міхася Стральцова, надрукаваны неяк у адным з чарговых выпускаў "Дня паэзіі":

Спрачаліся за Гамера сем гарадоў,
тры секцыі — за Міхася Стральцова:
празаік-Стральцоў, паэт-Стральцоў,
Крытык-Стральцоў...
За кім праўда?
За вечнасцю слова!


Тая даўняя спрэчка "трох секцый" скончылася на карысць сапраўднага шматграннага таленту, і праўда засталася адна — праўда за вечнасцю Слова. Слова Міхася Стральцова.

Уладзімір Гніламёдаў, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Мы шмат гутарылі з Міхасём Стральцовым пра літаратуру. Прыемны, вытанчаны, інтэлігенты быў чалавек. Шкада, што ён надта рана пайшоў з жыцця. Жыццё ў яго было не дужа вясёлае наогул. Асабліва пад канец — Міхась моцна хварэў. Але заўжды быў поўны аптымізму і жадання жыць. Яго зараз вельмі паважаюць. І маладыя ў тым ліку. Больш чым каго з яго пакалення "шасцідзясятнікаў". Паважаюць за тонкае майстэрства, праўдзівасць. Творчасць Міхася Стральцова — гэта вялікі падарунак беларускай літаратуры. Яна каштоўная не толькі для беларусаў, але і для ўсяго свету, таму што Міхась у сваёй творчасці расказваў пра Беларусь. Памятаю, апавяданне "Смаленне вепрука" вельмі ацанілі многія нашы суседзі: рускія, украінцы, літоўцы. Апавяданне для іх было адкрыццём адносін беларусаў са светам, жыццём, адкрыццём нашага светапогляду, характару, як беларус любіць прыроду. "Смаленне вепрука" — этапнае апавяданне для беларускай навелістыкі. Адзін з маіх улюбёных яго твораў — "Адзін лапаць, адзін чунь". Пра вясковае, пасляваеннае, беднае гаротнае дзяцінства. Такое было і ў мяне...

Анатоль Крэйдзіч, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ:

— У Міхася Стральцова мне было чаму павучыцца на самым пачатку ўласнай літаратурнай дзейнасці, ёсць чаму павучыцца і цяпер. На жаль, вельмі рэдка выпадае магчымасць асвяжыць у памяці тое з прачытанага, да чаго карціць вярнуцца. Але ёсць у пісьменніка апавяданне, якое, нягледзячы ні на што, не выпускае з палону. Хоць не сказаў бы, што яно, скажам, вызначальнае ў яго творчасці альбо самае моцнае. Тым не менш, нечым яно вельмі сугучнае з маімі ўласнымі літаратурнымі летуценнямі. Гэта апавяданне "Перад дарогай". Дарэчы, бессюжэтнае, чым мяне і падкупіла, бо ў мастацтве больш за ўсё люблю стыхію. Пра што гэты аповед? У ім трое гараджан-грыбнікоў чакаюць, калі скончыцца дождж, каб вярнуцца ў горад. Пакуль яны гамоняць, удумлівы чытач мае магчымасць ацаніць кожнага з суразмоўцаў, зверыць сказанае імі з уласнымі думкамі, перажываннямі. Што важна: дыялог вельмі просты, прыземлены, але якія розныя светаадчуванні суразмоўцаў! Сямён Захаравіч, напрыклад, разважае, як ён навучыўся ў цяжкіх абставінах ладна жыць з жонкаю: "...навучыўся трымацца наводдаль ад той мяжы, за якою каса, як кажуць, звычайна находзіць на камень". Усё часцей унутрана ён вяртаецца ў сваю ваенную маладосць. Паралельна і яго жонка ўспамінае цяжкі час вайны ды свой горкі вопыт гараджанкі, змушанай, каб уратаваць дзяцей, стаць сялянкаю і спраўляцца з нязвыклай і цяжкою працай, пакуль яе муж быў на фронце...

Адметна, што ў прозе Стральцова, і ў гэтым апавяданні асабліва, гучыць паэзія. Ён — паэт. Паэт, які практыкаваўся ў прозе.

Не выпала мне з ім сустрэцца, але буду і буду паўтараць: "Калі маўчыць душа, гібее розум наш". І гэтым лучны з майстрам.

Міхась Мушынскі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа:

— У мяне вельмі паважлівае стаўленне да Міхася Стральцова як да чалавека, пісьменніка, даследчыка творчасці Багдановіча, Гарэцкага. Як мастак ён мне вельмі падабаецца сваім уменнем пранікнуць у псіхалогію свайго героя, тонкім адчуваннем мастацкага слова. Калі чытаеш Стральцова, то ёсць адчуванне, што прысутнічаеш пры гэтых падзеях. Стварэнне эфекту прысутнасці — гэта прыкмета вялікага майстэрства. Яно ідзе ад таленту глыбока разумець чалавека. Ён не стараўся абысці вострыя вуглы, пісаў так, як было насамрэч, бо жыццё супярэчлівае, складанае, з канфліктамі... Міхась Стральцоў — мой зямляк. У нас з ім заўсёды было адчуванне зямляцтва. Ён быў прыветлівым чалавекам, шчыра распытваў, як справы.
 
-30%
-10%
-30%
-10%
-10%
-15%
-21%
-30%
-5%
-50%
-30%