Фота Таццяны Пашковiч,

Напярэдадні праваслаўнага Раства ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці прайшоў традыцыйны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Нашы продкі прыдумалі гэты абрад для таго, каб моладзь з розных вёсак магла весела і як бы выпадкова знаёміцца паміж сабою. Кожны мужчына ў гэты вечар становіцца Цярэшкай і выбірае сабе «жонку». Сэнс забавы — згуляць жартаўлівае вяселле з вялікай колькасцю народных песень, танцаў і жартаў.

Традыцыйна дзея адбываецца ў вялікай хаце.

Аднак у гэтым годзе ўсе пачалося з карагодаў вакол вогнішча. Большасць пар вызначылася ўжо тут.

Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан

Перад тым, як зайсці ў дом, дзяўчаты ў жартаўлівай гульне вызначалі, праз колькі месяцаў выйдуць замуж. Для гэтага яны з заплюшчанымі вачыма абдымалі плот. Кожная дошчачка сімвалізуе адзін месяц.

Пачатак уяўляе сабой звычайную танцавальную вечарынку: полька, кракавяк, падэспань…

Потым моладзь запрашае самых шаноўных удзельнікаў - «бацьку» і «матку».

У нейкі момант абвяшчаецца: «А ці не пажаніць нам Цярэшку?» «Матка» вядзе гульню, «бацька» дапамагае, падбіраюць пары. Сімвалічная «жаніцьба» маладых здзяйсняецца па чарзе падчас адмысловага танца-рытуала.

Аб сваіх сімпатыях удзельнікі павінны ўпотай паведаміць «матцы» перад гульнёй, іначай ёсць небяспека атрымаць непажаданага партнёра. «Матка» бярэ за руку хлопца, «бацька» — дзяўчыну, спяваючы, выводзяць у круг выбраную пару, і «перакручваюць» іх разам у абрадавым танцы. Гэту пару сімвалічна «пажанілі», яны становяцца «дзядулькай» і «бабулькай». Тады выбіраюць наступную пару, потым наступную…

Самая эмацыйная і вясёлая частка ігрышча — гульні і выпрабаванні, праз якія праходзяць «маладыя»

Напрыклад, у гэтай гульні пары садзіліся на лаўку спінай адзін да аднаго і па камандзе паварочваліся. Калі напрамак супадаў, «маладыя» цалаваліся.







А ў гэтай забаве пацалаваць «нявесту» было даволі складана — даскочыць да яе маглі толкі самыя спрытныя.



Закончыўся абрад традыцыйным святочным частаваннем.



«Я ніколі не прысутнічаў на такім абрадзе, таму з задавальненнем прыняў запрашэнне. Я ў захапленні, для мяне гэта вялікая прыгода. Вельмі прыемна, што ёсць людзі, якія захоўваюць гэтыя традыцыі», — падзяліўся ўражаннямі пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.



Прэзентацыя абрада праводзілася ў рамках праекта БГА «Адпачынак у вёсцы» «Турызм у рамках мясцовых супольнасцяў як сродак захавання, фарміравання партнёрства і развіцця сельскіх тэрыторый», падтрыманага Праграмай малых грантаў амбасады ЗША ў Беларусі.
-10%
-10%
-20%
-10%
-20%
-10%
-10%
-15%
-20%
-25%