Аляксей Вайткун,

6 студзеня 2012 года (24 снежня 2011 г. паводле старога стылю) спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Адама Вінцэтавіча Станкевіча (1892–1949) – беларускага гісторыка, публіцыста, кнігавыдаўца, асветніка, вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, каталіцкага святара.

Адам Станкевіч. 1930 г.

Адам Станкевіч нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павета, Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў.

Выпіска з метрычнай кнігі пра нараджэнне і хрышчэнне А. Станкевіча. 1905 г.

Хлопчык вельмі рана навучыўся грамаце, і бацькі, заўважыўшы яго цягу да вучобы, аддалі яго ў царкоўна-прыходскую школу ў в. Баруны, але праз год перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Ашмянах, а ў 1910 годзе паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, дзе арганізаваў беларускі гурток, у якім разам з сябрамі-аднадумцамі абмяркоўваў пытанні, звязанныя з беларускім нацыянальным адраджэннем.

З 1914 па 1918 год А. Станкевіч працягваў адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, куды быў рэкамендаваны як выдатны вучань. У Пецярбургу ён далучыўся да прагрэсіўнай беларускай моладзі з ліку студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта і беларускага гуртка пры духоўнай акадэміі, пазнаёміўся са многімі дзеячамі, што стаялі ля вытокаў беларускага адраджэнскага руху. Напрыканцы 1914 года А. Станкевіч быў пасвячоны ў ксяндзы, а на новы 1915 год у Крэўскім касцёле адправіў сваю першую імшу.

Памятка першай імшы, адпраўленай А. Станкевічам. 1915 г.

Атэстат А. Станкевіча. 1918 г.

Па заканчэнні акадэміі А. Станкевіч, атрымаўшы ступень кандыдата кананічнага права, пачаў сваю пастырскую дзейнасць: спачатку на Дзісеншчыне, а з 1919 года ў Віленскім касцёле св. Мікалая. Ён адзін з першых беларускіх ксяндзоў пачаў ужываць у набажэнствах родную мову.

Хадайнiцтва Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні на імя Віленскага каталіцкага архібіскупа аб увядзенні ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі выкладання беларускай мовы, беларускай літаратуры і беларускай гісторыі. Копія. 1927 г.

Але А. Станкевіч быў не толькі беларускім каталіцкім святаром. Ён выдатна спалучаў сваё духоўнае прызначэнне з актыўнай грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай працай, што ў яго разуменні складала непарыўнае цэлае. Яшчэ ў 1917 годзе, калі была заснавана Беларуская хрысціянская дэмакратычная злучанасць (БХД), ён актыўна ўключыўся ў яе дзейнасць, спачатку як сябра, а потым і як адзін з яе кіраўнікоў. У 1922 годзе на выбарах у Польскі сейм сярод тых, хто атрымаў пасольскі мандат быў і Адам Станкевіч. У якасці пасла ад БХД у сейме беларускі ксёндз на працягу некалькіх гадоў (да 1928 года) шчыра адстойваў інтарэсы і правы свайго народа.

Пасведчанне пасла ў Польскі сейм на імя Адама Станкевіча. 1925 г.

А. Станкевич сярод паслоў і сенатараў Беларускага пасольскага клуба. 1922 г.

Палітычную дзейнасць кс. Адам арганічна спалучаў з грамадскай, асветніцкай і дабрачыннай працай. Так, Станкевіч быў адным з ініцыятараў стварэння Віленскай беларускай гімназіі, у якой з 1919 па 1933 год выкладаў рэлігію і лацінскую мову.

Службовае пасведчанне А. Станкевіча 1922 г.

А. Станкевіч сярод вучняў Віленскай беларускай гімназіі. 1930-я гг.

А. Станкевіч. “Alma mater…”. Артыкул. 1944 г.

З 1924 па 1926 год А. Станкевіч з’яўляўся старшынёй Таварыства беларускай школы, адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926–1936), асноўны напрамак дзейнасці якога быў звязаны з арганізацыяй сярод беларускага насельніцтва культурна-асветніцкай і гаспадарчай працы.

Будынак па вул Завальнай у Вільні, дзе месціліся беларускія арганізацыі. 1930-я гг.

“Кніжка пратаколаў Віленскага гуртка Беларускага Інстытуту Культуры і Гаспадаркі на 1927/28 год”.

Па-за увагай айца Адама не заставаліся тыя, каму асабліва былі патрэбны дапамога і падтрымка. Ён узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, клапаціўся пра дзетак з сіроцкіх прытулкаў.

Рукапісны буквар для беларускіх дзетак. 1920-я гг.

 У 1920-я гады плённай была дзейнасць кс. Адама як рэдактара і выдаўца. Пры яго непасрэдным удзеле была заснавана друкарня імя Ф. Скарыны (1926–1940), якая адыграла важную ролю ў беларускім адраджэнскім руху, “Беларускае каталіцкае выдавецтва”. Ён рэдагаваў і выдаваў часопіс “Хрысціянская думка” (1928–1939), працягваў супрацоўніцтва з газетай “Крыніца”, бяззменным рэдактарам і выдаўцом якой быў з 1919 па 1922 год, супрацоўнічаў з беларускімі выданнямі “Калоссе”, “Шлях моладзі”, “Сялянская ніва”.

Пісьмо Рыжскага епіскапа Антонія, адрасаванае А. Станкевічу. 1920 г.

Адам Станкевіч вядомы як аўтар шматлікіх публікацый. І хаця яго першыя літаратурныя спробы з’явіліся у перыядычным друку яшчэ ў 1913 годзе, першая грунтоўная праца – кніга “Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі (1525 – 1925)” выйшла ў свет у 1925 годзе. Гісторыі беларускага народа прысвечаны яго працы “Вітаўт Вялікі і беларусы” (1930), “Кастусь Каліноўскі: “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі” (1933). Пытанням ўжывання роднай мовы ў рэлігійным жыцці і ў беларускіх школах у мінуўшчыне – працы “Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.” (1928) і “Родная мова ў святынях” (1929). Гісторыю хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі аўтар прааналізаваў у грунтоўных даследаваннях “Беларускі хрысціянскі рух” (1939) і “Хрысціянства і беларускі народ” (1940).

А.Станкевіч. “Да “мэтрыкі” “Беларускай крыніцы”. Артыкул. Чарнавы аўтограф. 1937, 1939 гг.

Друкаваныя працы А. Станкевіча. 1925 – 1933 гг.

Друкаваныя працы А. Станкевіча. 1933 – 1940 гг.

Яго пяру належаць нарысы “Францішак Багушэвіч: яго жыццё і творчасць. У 30-я ўгодкі смерці (1900 – 1930)” (1930), “Казімір Сваяк: нарыс аб ягонай ідэалогіі” (1931), “Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы” (1935), “З жыцця і дзейнасці Казімера Сваяка: У дзесятыя ўгодкі яго смерці (1926 – 1936)” (1936), “Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня” (1938) і іншыя.

Друкаваныя працы А. Станкевіча. 1935, 1938 гг.

А. Станкевіч. “Католическая проблема в БССР”, “Католический вопрос в БССР и проект его разрешения”. Аўтограф. 1945, 1947 гг.

У 1938 годзе А. Станкевіч быў высланы на 5 годоў польскімі ўладамі ў Слонім.

Пастанова Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы аб высылцы А. Станкевіча з Вільні і Віленскага ваяводства на 5 гадоў. 1939 г.

Восенню 1939 года вярнуўся ў Вільню, працаваў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі, выкладаў там рэлігію і гісторыю. Пасля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве ўзначаліў Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты “Крыніца”.

У 1940 годзе беларуская культурная грамадскасць шырока адзначыла 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці А. Станкевіча. Гэтай падзеі былі прысвечаны шматлікія публікацыі ў заходнебеларускім друку (напрыклад, асобны юбілейны нумар газеты “Крыніца”), а таксама і ў польскіх і літоўскіх перыядычных выданнях.

Нумар газеты “Крыніца”, прысвечаны 25-годдзю святарскай і грамадскай дзейнасці А. Станкевіча. 1940, № 3, 12 студзеня.

У час Вялікай Айчыннай вайны, як і мае быць святару, ён праводзіў набажэнствы ў касцёле, бласлаўляў маладых, хрысціў немаўлят і, як мог, падтрымліваў сваіх суайчыннікаў у нялёгкіх для іх выпрабаваннях, што прынесла фашысцкая акупацыя. Разам з супрацоўнікамі Беларускага музея імя І. Луцкевіча ратаваў найбольш каштоўныя музейныя экспанаты.

Пратакол вобыску. 1944 г.

 У снежні 1944 года А. Станкевіч быў арыштаваны органами НКУС, але неўзабаве адпушчаны. У гэты час, прадчуваючы новы арышт, ён складае так званае завяшчанне пад назвай “Моя апошняя воля”.

Завяшчанне А.Станкевіча “Мая апошняя воля”. Аўтограф. 1944 г.

Нават у такіх не спрыяльных умовах ён не спыняе літаратурнай дзейнасці – распачынае сваю апошнюю грунтоўную працу “Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)”, якую, на жаль, так і не паспеў завершыць.

А.Станкевіч. “Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)”. Чарнавы аўтограф. 1944 г.

Дазвол на атрыманне А. Станкевічам рэчавай і прадуктовай перадачы і заява М. Шутовіч на імя начальніка турмы з просьбай прыняць перадачу арыштаванаму А.Станкевічу. 1949 г.

У красавіку 1949 года новы арышт Адама Станкевіча прынёс для яго спачатку зняволенне, якое ён адбываў на Лукішках, а 31.08.1949 года і прысуд Асобай нарады пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР – 25 гадоў пазбаўлення волі з высылкай за межы Беларусі ў “Азерлаг” Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці. Там, у снежні таго ж 1949 года, беларускі святар, асветнік, грамадска-палітычны дзеяч Адам Станкевіч, ці як яго часцей называлі, айцец Адам, скончыў свой зямны шлях.

Заява М. Шутовіч на імя пракурора Літ.ССР з просьбай паведаміць аб месцы знаходжання зняволеннага А. Станкевіча. 1950 г.

На радзіме, на магіле Антаніны Станкевіч – маці Адама Станкевіча – ўдзячныя беларусы паставілі скромны помнік свайму пастыру-заступніку са словамі: “…Вечная яму чэсць і слава…”.

Адам Станкевіч і помнік яму на могілках каля Крэва.

Рукапісны архіў Адама Вінцэтавіча Станкевіча захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі у асабістым фондзе пад нумарам 4 і складаецца з 125 адзінак захавання. Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі.

TUT.BY – рукапісы не гараць… 
-20%
-20%
-25%
-46%
-20%
-20%
0066856