Аляксей Вайткун,

Аляксей Вайткун саставіў чарговую “Асабістую справу”. На гэты раз госцяй журналіста стала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Імя гэтай цудоўнай жанчыны ва ўяўленні многіх людзей непарыўна звязана з вобразам шчырай беларускі і якасцямі, якімі спадарыня Захарэвіч цягам больш чым паўвека надзяляе сваіх гераінь. У яе творчым багажы – больш за 60 роляў на сцэне Купалаўскага тэтра, бліскучыя работы ў кіно і на радыё. Аб жыцці ў жыцці, тэатры і мастацтве Марыя Георгіеўна, якая адзначыла ў гэтым годзе свой юбілей, распавяла ў прамым эфіры TUT.BY-ТВ.




Спампаваць аудыё (23.24 МБ)


Спампаваць вiдэа

Якія ў вас узнікаюць думкі, калі, пераключаючы каналы, трапляеце на фільмы, ў якіх здымаліся?

Калі я гляжу ўсё тое, над чым я працавала, у першую чаргу я думаю, сорамна мне ці не. Я разважаю, дастойна гэта ці не. Іншы раз крытыкую сябе. Але калі адносішся да той ролі, якую табе даюць, з усёй душой, не сорамна.

У вас узнікаюць такія думкі нават з нагоды тых роляў, якія былі сыграны дзесяцігоддзі назад?

Наадварот, многія кадры я даўно не бачыла, таму мне цікава, якая я была. Адразу ўспамінаецца ўвесь спектакль, людзі, з якімі ты працаваў, тое, як працаваў, якая была прэм’ера, як атрымаў ролю… Гэта вельмі цікава. Безумоўна, глядзіш на прафесіяналізм: сорамна ці не.

Ці ёсць ролі, якія вы не любіце ўспамінаць?

Нават калі мне не падабалася роля, у працэсе працы, калі пачнеш думаць над ёй, разбярэш усё па костачках, гэтая роля становіцца блізкай. Таму я не магу сказаць, што ў меня былі нелюбімыя ролі. Для акцёра, калі ён заняты ў спектаклі, гэта ўжо свята, таму што бываюць многія гады прастою.

У вас таксама былі?

Таксама.

Калі я вас правільна зразумеў, каб зразумець ролю, яе спачатку трэба палюбіць?

Безумоўна, не толькі палюбіць, а зразумець лёс гэтага чалавека, чаму ён такі стаў. І знаходзіш гэтаму апраўданне.

Як вы прымяраеце ролю на сябе?

Гледзячы якая роля. Напрыклад, роля ў “Плачы перапёлкі” мне добра знаёма: я ведаю лёс такіх жанчын. Зараз у “Паўлінцы” я іграю маці Паўлінкі, у “Тутэйшых” – маці Мікіты Зносака – усё гэта мне вельмі знаёма, таму што я таксама з вёскі. Я знаю характары і лёсы гэтых жанчын. А калі атрымліваеш больш складаную ролю, як, напрыклад, камісара, што я іграла ў "Аптымістычнай трагедыі", прыходзіцца вельмі многа думаць, прыслухоўвацца да рэжысёра. Гэта была жанчына з такім характарам, якога ў мяне не было. Гэта няцяжка, але трэба ведаць, чаго яна хоча, для чаго гаворыць гэты тэкст, для каго.

Як я зразумеў, гэта “вашы” ролі, паколькі ў гэтых жанчынах ёсць тыя якасці, якія вам знаёмыя, і вы ў гэтых ролях жывяце…

Я павінна жыць у кожнай ролі, нават калі я атрымліваю ролю не па сваiм характары, як напрыклад, Варвара ў “Навальніцы” Астроўскага. Я заўсёды марыла сыграць Кацярыну, але не сыграла. У тэатры Леанід Хейфец ставіў гэты спектакль, Барыс Забораў быў мастак. Гэта быў цудоўны спектакль, былі заняты Макарава, Кармунін. Але я была ўжо ў такім узросце, калі не магла сыграць Кацярыну. Як сказаў мне рэжысёр, Кацярына кідаецца ў Волгу ў канцы, таму што толькі юная дзяўчына можа так зрабіць. Таму я з задавальненнем іграла Варвару.

Наогул такія дарагія ўспаміны пра гэты спектакль… Ішла рэпетыцыя, на сцене былі Кацярына і Барыс. Я і Хейфец сядзелі ў зале, і ён папрасіў мяне спець што-небудзь. Я прапела, і яму спадабалася. Потым маім голасам акапэльна быў агучаны ўвесь спектакль. Канешне, для мяне гэта быў падарунак, я запісвала на радыё мелодыю, якую напісаў Андрэй Мдзівані. Бываюць такія выпадкі, што рэжысёр адштурховаецца ад акцёра.

Вы сказалі зараз вельмі важную рэч: калі марылі сыграць Кацярыну, не маглі гэтага зрабіць па ўзросце. Атрымліваецца, што ў вас прафесія ўпушчаных магчымасцяў…

Я не сыграла ў тэатры многія такія ролі, якія магла б сыграць. Па-першае, іх не ставілі ў той час, калі я была ў такім ўзросце. Напрыклад, я не сыграла Машу ў “Трох сёстрах”, аб якой марыла.

Ці варта перажываць з гэтай нагоды, як вы думаеце?

Канешне, я шкадую. Аб гэтых ралях мараць усе актрысы.

А якія ў вас адносіны з узростам?

Зусім нядаўна я глядзела перадачу, прысвечаную 60-годдзю Патрыярха Кірыла і прыслухалася, што ён прамаўляе. Ён сказаў, што ўзрост – гэта светапогляд, і тое, што робіць ён, не могуць зрабіць многія маладыя, значыць, усё добра. Калі акцёр выходзіць на сцэну з галаўным болем і робіць што-небудзь спараўды, ён не адчувае болю, ён праходзіць. Патрыярх казаў, што калі ён прыходзіць на службу з высокім ціскам, дрэнна сябе адчувае, пасля службы ён здароў. Так і акцёры, калі яны займаюцца не тэхнікай, а падключаюць сваю душу і сэрца.

Як думаеце, ці няма ў гэтым несправядлівасці: з аднаго боку ўзрост – гэта вопыт, мудрасць, і, здавалася б, ва ўзросце ты можаш ствараць ролі больш асазнана, аднак з другога боку, гэта мудрасць аказваецца непатрэбнай у тым узросце, калі т ы гатовы да ролі.

Мудрасць заўсёды патрэбна. Мне здаецца, што самае галоўнае – твой жыццёвы лёс і твая жыццёвая мудрасць, якую табе падаравала жыццё: твае няўдачы, перажыванні, радасці. Ад маёй маці, простай вясковай жанчыны, можна было навучыцца больш чым ад якога прафесара. Яна нікому не зайздросціла, знала Пушкіна, малітвы… А аказваецца, для жыцця больш і не трэба.

Людзям, якія жывуць па законах Божых, больш нічога не трэба. Сёння я паглядзела кусочак інтэрв’ю Віктара Астаф’ева, і ён казаў: “Часта на сустрэчах мяне пытаюцца: “Як жыць?” І я паказваю гэты лісток с дзесяццю запаведзямі – вось так жывіце. Іісус Хрыстос ужо даўно пра гэта казаў”. Мудрасць прыходзіць не да ўсіх, гэта вялікі дар.

Аднак у акцёрскім асяродку далёка не ўсім удаецца спасцігнуць мудрасць. Ёсць вельмі павярхоўныя акторы…

Канешне, ёсць і такія. Бываюць старанныя, а іх слёзы часам не кранаюць.

Калі калегі пытаюць аб сыграных імі ролях, выказваецеся?

Вельмі асцярожна. Акцёры – вельмі ранімыя душы.

Вы такая ж ранімая?

Не, калі я сама ведаю, што гэта не вельмі добра, а мяне хваляць, я разумею гэта. А ёсць людзі, якія вераць кампліментам, гэта залежыць ад чалавека.

А калі вам не вельмі спадабалася, а вашай думкі пытаюцца, і адказаць трэба?

Я скажу, але далікатна. Мудрыя рэжысёры спачатку пахваляць: “Маладзец! Усё добра, але, ведаеш, вось тут не хапае…”.

Хто вам так казаў у вашай кар’еры? Каго вы можаце назваць мудрым рэжысёрам?

У асноўным так да меня адносіліся прыезжыя рэжысёры. Яўген Радамысленскі, рэктар школы-студыі МХАТ ставіў у нас “Верачку”. Калі закончылася праца над гэтым спектаклем, на мастацкай радзе ён сказаў, што хоча, каб я зрабіла ўводы. Я гэтага не рабіла, але мне было дорага, што ён так сказаў. У працэсе рэпетыцыі я не была абыякавая, падказвала, папраўляла, пыталася.

Что важна ва ўзаемадзеянні акцёра і рэжысёра?

Усё залежыць ад таго, які акцёр і які рэжысёр. Я чытала Бергмана, ён вельмі любіў акцёраў. Калі мне задаюць пытанне: “Што б вы сказалі на з’ездзе рэжысёраў?”, я адказала б: “Любіце акцёраў”. Калі акцёр дрэнна сябе адчувае ці ў яго нешта здарылася, ты павінен гэта ўбачыць, паклапаціцца аб ім. Калі нехта быў хворы, Бергман не рэпетыраваў. Яны пілі каву, гаварылі пра спектакль, ролю. Адносіны да акцёра – гэта вельмі важна. Усе акцёры ранімыя, яны любяць, каб іх хоць трошкі пахвалілі, заўважылі, але гэта трэба рабіць справядліва. Тады атрымліваецца і спектакль, і роля.

Ці былі ў вас выпадкі, калі працуючы з рэжысёрамі, вы пераступалі праз сябе?

Бывала, я не хацела выконваць тое, што гаварыў рэжысёр, таму што я была катэгарычна не згодна. Раней я плакала, раней мы ўвогуле шмат плакалі, калі дамагаліся гэтых роляў, выступалі на сходах. Мы ўвесь час гаварылі пра творчасць.

Але працаваць з нелюбімымі рэжысёрамі вам усё роўна прыходзілася?

Я не магу сказаць, што яны былі нелюбімыя. Можа, раней, у маладосці, і слова б не сказала. У рот я не глядзела, але старалася выконваць тое, шўто ён кажа, і больш нічога. А ўжо цяпер я магу сказаць, што не згодна, што лічу па-іншаму. І аказываецца, у некаторых выпадках я была права, і пасля рэжысёр адкрыта пра гэта казаў.

Каго вы можаце назваць "сваім" рэжысёрам?

Па-першае, мой настаўнік Канстанцін Саннікаў. Гэта ўнікальны чалавек, наш педагог, якога мы дагэтуль помнім і будзем помніць усё жыццё. Ён узяў нас у славуты тэатр, у які мы хадзілі кожны свабодны вечар, вучыліся, гледзячы на майстроў. Былі і другія рэжысёры, напрыклад, Ціхан Аляксеевіч Кандрашоў, цудоўны расійскі рэжысёр з харошай школай. Некаторы час ён быў у нас галоўным рэжысёрам, паставіў “Ночь лунного затмения”, “Залатую карэту”. Таксама Леанід Хейфец …

А чаго не хапае, на ваш погляд, сучасным рэжысёрам?

Хейфец гаварыў нам на рэпетыцыях: “Мне мала слоў і эмоцый. Гэта яшчэ не ўсё. Я павінен бачыць, як акцёр маўчыць, што ён думае ў паўзах”. Напэўна, не хапае пражывання. Вельмі спяшаюцца са словам, накладваюць рэпліку на рэпліку. У жыцці так не бывае: трэба падабраць слова. Трэба больш унутранага жыцця, а не паверхневых эмоцый: калі акцёр маўчыць, а ад яго нельга адарваць позірку, калі акцёр не галоўны герой, непрыгожы, а ад яго нельга адарваць позірку. У ім прачытваецца асоба.

Вы таксама паставілі спектакль “Я не пакіну цябе” па п’есе Саймана. Вы выступілі не толькі як актрыса, але і як рэжысёр. Якія якасці ў сабе вы адкрылі, працуючы над гэтым спектаклем?

Я зусім пра гэта не думала. Пасля таго як у мяне 9 гадоў не было новых роляў, добрыя людзі, якія клапоцяцца пра маё творчае жыццё, запрасілі мяне ў Маладзечанскі тэатр. Я працавала там над культурай мовы, сцэнічнай мовай, а пасля паставіла там спектаклі, за якія мне не сорамна, - “Апошнюю ахвяру” Астроўскага, “Характары” Шукшына і драматычны твор Івана Мележа, які ён падараваў мне, толькі напісаўшы яго.

Мае Сайман напісаў мне пьесу. Я прачытала яе і была ўражана. Гэта пьеса атрымала першы прыз на фестывалі драматургіі ў Амерцы ў Луіс-Віле. Я баялася, што там такая скруха і такі сум, што людзям будзе сумна глядзець на пажылых хворых жанчын. Але аднойчы я выпадкова сустрэлася з Наталляй Гайдай, у яе тады таксама было няшмат працы, і я казала, што ёсць харошая пьеса, расказала адну сцэну. А пасля мы задумаліся і вырашылі, што адна з гэтых жанчын будзе знакамітай драматычнай акторкай, а другая – вар’етэ-кабарэ.

У п’есе ідзе размова аб двух актрысах сталага ўзросту, якія дапамагаюць адна адной.

Яна ўспрымаецца не толькі пажылымі людзьмі, але і моладдзю. Хлопцы прыходзяць за кулісы, дзякуюць, кажуць, што задумваюцца пра гэта.

Вам было камфортна ў ролі рэжысёра?

Я не думала пра гэта. Мы сядзелі ў грымёрцы і разбіралі кожную фразу. Наталля Гайда не дужа добра валодала беларускай мовай. Праз два тыднi яна ведала ўвесь тэкст. Яна такая працаздольная, ні на хвіліну не спозніцца на рэпетыцыю.

Скажыце, якая Гайда партнёрка?

Харошая. Яна бачыць любы фальш. Калі я раблю нешта не тое, яна раіць мне. Яна сур’ёзна адносіцца да працы, хоча нешта рабіць, рухацца наперад, а не карыстаца лаўрамі.

Якія патрабаванні вы прад’яўляеце да сваіх партнёраў па сцэне?

Па-першае, павінна быць вырашэнне сцэны. Гэта павінен рабіць рэжысёр: для чаго мы гаворым, пра што гаворым. Сцэны павінны быць вырашаны, гэта не проста тэкст. Калі кожная сцэна вырашана, кожны з партнёраў ведае, што яму рабіць, што ён хоча, чаму ён гаворыць гэтыя словы, што высвятляюць героі. Гэта самае галоўнае. Часам глядзіш на сцэну, усё ярка, але пра што гэта? Ціхан Аляксеевіч і Барыс Эрын гаворылі: “Не як, а што”. Можна як заўгодна, але калі ты ведаеш “што?”, тады будзе і “як?”.

Як ставіцеся да крытыкі?

Спакойна. Часам мы ўспамінаем нашыя мастцкія рады пасля здачы спектакля. Тады заўважалі акцёрскія работы, адзначалася, як рухаецца акцёр. Былі і крытычныя заўвагі, прысутнічалі крытыкі, прыходзіў нехта з пісьменнікаў. Таму для ўсіх было вельмі цікава, што скажуць, якую заўвагу зробяць, чаго не хапае. Макаёнак – гэта ўвогуле цэлая эпоха ў нашым тэатры. Калі Макаёнак чытаў пьесы, акцёры слухалі яго, і ўсё рабілася зразумелым. Ён быў цудоўны акцёр і рэжысёр. На падыходзе спектакля да здачы, ён сядзеў у зале і ціха кожнаму рабіў заўвагі. Ён клапаціўся пра кожнага акцёра, хацеў, каб давалі званні.

Гэтага сёння не хапае?

Цяпер другое жыццё. У нас паказваюць спектакль адразу “на гледача”, а пасля мы абмяркоўваем. Але што-небудзь змяніць ужо складана, таму што рэжысёр так хоча.

Вы столькі гадоў прапрацавалі ў Купалаўскім тэатры … Што, на ваш погляд, з гадамі пайшло з гэтага легендарнага тэатра?

Мабыць, тады мы гралі больш зямных пьес – Астроўскага, нейкія камедыі. Зараз ёсць пластычныя, музычныя спектаклі. Гэта проста такі перыяд. Я ўпэўнена, што ў нас яшчэ будзе Чэхаў.

9 год у вас не было новых роляў...

Бог зрабіў мне такі падарунак. У гэтыя гады меня запрасілі ў навукова-творчую экспедыцыю ў рамках Дзён пісьменнасці з благадатным агнём ад гроба Гасподня. У гэтым годзе экспедыцыі споўнілася 18 год. З гэтых 18 год 16 год па пяць дзён я ездзіла па Беларусі. Гэтыя дні такія насычаныя: па чатыры-пяць сустрэч на плошчах, у храмах, бібліятэках, дамах-інтэрнатах. Я так абагацілася! Мая душа так прасвятлялася! Праз хрэсныя хады, маленне, высланыя кветкамі дарожкі, святочна апранутых людзей усё забываеш. Быў хрэсны ход у Бабруйску, і са мной ішла старэнькая бабулька з кіёчкам. Яна пайшла ў хрэсны ход з бальніцы, каб прынесці гэты агонь і даць людзям надзею. Пра гэта не раскажаш, гэта трэба бачыць. Сотні людзей выходзяць з храма з запаленымі свечкамі! Мы прыехалі ў Хойнікі, было цёмна, ветрана, холадна, але амаль з кожнай хаты людзі сабраліся каля царквы. Маленькія дзеці спалі на плячах у маці, старэнькія з кіёчкамі прыйшлі, каб артымаць агонь і памаліцца. Пасля быў урок Мележа ў школе, мы былі ў яго музеі. Гэта кампенсавала мой прастой.

Чаго вам сёння не хапае?

Я не сяжу без працы, у меня многа сустрэч, тры спектаклі ў тэатры з харошымі ролямі. Усё гэта мяне падтрымлівае. Канешне, я чакаю новай работы. Я падтрыліваю сябе паэзіяй, нашай літаратурай. На сустрэчах я чытаю вершы пра Беларусь, маці, радзіму, гэта дае мне сілы.

А чаго ўсёж-такі не хапае?

Безумоўна, тэатральнай работы. Мне пашчасціла, што ў мяне на радыё былі такія прэм’еры, якія не заменіць ні адна теэтральная прэм’ера. Нядаўна я запісала кампазіцыю па вершах Караткевіча. У гэтым месяцы яна будзе ісці ў 9 вечара. Я запісала таксама кампазіцыі па вершах Багдановіча, Канстанцыі Буйло. Гэта проста падарункі. Гадзіна такой паэтычнай сустрэчы са слухачамі – для меня гэта прэм’ера.

Жыццё цікавае вам гэтак жа, як і 20-30 гадоў назад?

Безумоўна. Я не адчуваю зморанасці. Іншы раз ёсць фізічная зморанасць, але для творчай працы мая душа адкрыта. Дзякуй богу за ўсё.

-50%
-25%
-10%
-35%
-10%
-15%
-20%