Фота Мікалая Батвінніка
22 чэрвеня беларускі гурт "У нескладовае" і расійскі калектыў "Братья Грим" у эфіры TUT.BY прэзентуюць новы сінгл "Станцыя". А ўвечары музыкі прадставяць яго на канцэрце ў клубе "Мулен Руж Show".
 
Гурт "У нескладовае" – праект Рамана Арлова (экс-"J:морс") і Вадзіма Марголіна (экс-Postscriptum), створаны з мэтай папулярызацыі беларускамоўнай музыкі. У 2010 годзе калектыў выдаў дэбютны альбом "У нескладовае", у запісе якога бралі ўдзел вакалісты беларускіх гуртоў "Без Білета", "Дзецідзяцей", "J:морс", Neo, The Stokes і інш., а прэзентацыя адбылася пры падтрымцы культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!".
 
Сінгл "Станцыя" будзе выкладзены ў інтэрнэт 22 чэрвеня. Гэта не толькі анонс другога альбома, над якім зараз працуе калектыў, але і выхад гурта на новы этап.
 
"Адна з галоўных мэтаў нашага праекту – прадстаўляць музыку на беларускай мове за межамі нашай краіны, – распавядае Раман Арлоў. – За першы год пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" мы знялі кліп у Маскве і cыгралі там некалькі канцэртаў. Зараз мы пачынаем уцягваць замежных музыкаў у працэс творчасці на беларускай мове. З іх дапамогай мы хочам данесці нашу мову да больш шырокай аўдыторыі па ўсім былым Саюзе, пераўтварыць яе з дзівоцтва ў модную фішку".
 
Першым крокам ў гэтым напрамку стане супрацоўніцтва з гуртом "Братья Грим", вядомым па хітах "Ресницы", "Кустурица" і інш. У 2009 годзе калектыў прыпыняў сваю дзейнасць пасля сыходу з яго Барыса Бурдаева, аднаго з двух братоў-лідараў, аднак ужо напрыканцы 2010 года гурт вярнуўся на сцэну з новым альбомам "Крылья Титана".
 
Песню для дуэта напісаў Раман Арлоў. Вакальныя партыі для яе лідар гурта "Братья Грим" Канстанцін Бурдаеў запіша ў Мінску. 22 чэрвеня ён выканае кампазіцыю "Станцыя" з гуртом "У нескладовае" падчас канцэрта ў клубе "Мулен Руж Show". У межах выступу адбудзецца яшчэ шэраг прэм’ер з будучага альбома з удзелам Аляксандра Памідорава (Pomidor/off), Яўгена Чалышава ("Харлі"), Віктара Рудэнка (Dali), Вадзіма Касалапава (Neo) і інш.
 
"Супольныя імпрэзы праекта "У нескладовае" і культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" цалкам заканамерныя. У нас аднолькавая мэта – прасоўванне сучаснай беларускай культуры як адметнай і ўнікальнай. Мы рады, што дзякуючы "У нескладоваму" да гэтага працэсу далучаюцца і расійскія зоркі. Нашыя думкі ў кантэксце падключэння замежных зорак да папулярызацыі беларускай мовы апынуліся паралельнымі – увосень слухачоў чакае музычны дыск, які кампанія робіць супольна з "Тузіном Гітоў". На ім зоркі з розных краінаў спяваюць свае хіты на нашай мове", – гаворыць каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская.
 
22 чэрвеня ў клубе "Мулен Руж Show" гурт "У нескладовае" з прэзентацыяй сінгла "Станцыя". Адмысловы госць – гурт "Братья Грим" (Расія). Пачатак у 20.00. Квіткі: 30 тыс. (танцпол), 50 тыс. (столік). Інфалінія: (029) 671 58 65, (029) 254 49 09.
{banner_819}{banner_825}
-11%
-10%
-26%
-25%
-20%
-7%
-50%
-10%