Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Адзін з самых велічных архітэктурных помнікаў Беларусі — палац Сапегаў у Ружанах на Берасцейшчыне — пачынае паўставаць з руінаў. Карэспандэнт TUT.BY пераканаўся ў гэтым на ўласныя вочы.



Ружанскі палац — уласнасць i рэзідэнцыя слыннага роду Сапегаў — адзін з найбуйнейшых палацавых комплексаў Беларусі. Канцлер ВКЛ Леў Сапега паставіў раскошны палац яшчэ на пачатку 17 стагоддзя. Аднак вядомы нам выгляд ў пераходным стылі ад барока да класіцызму ён набыў пасля перабудовы 1784-1786 гадоў паводле праекту прыдворнага архітэктара Сапегаў Яна Бекера.

Тут гасцявалі каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У правым корпусе палацавага комплексу месціўся тэатр і манеж, у заходнім — карцінная галерэя...

На жаль, “беларускі Версаль”, як яго нярэдка называюць за веліч і прыгажосць, не вытрываў шматлікіх выпрабаванняў лёсу. У 1914 годзе палацавы комплекс згарэў, быў часткова рэстаўраваны ў 1930-м, але ў 1944-м разбураны канчаткова. Да нашага часу датрывалі адно толькі рэшткі галоўнага і ўсходняга карпусоў, аркады, уязная брама і флігелі па баках.

Рэстаўрацыя брамы пачалася яшчэ за савецкім часам, але з распадам “вялікага і магутнага” усё замёрла. Першыя за многія дзесяцігоддзі грунтоўныя работы па аднаўленню помніка гісторыі і архітэктуры пачаліся ў 2008 годзе з рэстаўрацыі ўязной брамы і ўсходняга флігеля.

Генпадрадчыкам работ выступіла ААТ “Брэстрэстаўрацыя”. Праектаваннем узнаўлення палаца займаецца “Брэстрэстаўрацыяпраект” на чале з Уладзімірам Казаковым.

Што ж удалося зрабіць за тры гады? Ужо здадзены ў эксплуатацыю усходні флігель, дзе размясцілася экспазіцыя музея “Палацавы комплекс Сапегаў". Яго наведнікі могуць даведацца і пра слынны магнацкі род, і пра тое, што з сябе ўяўляла іхняя рэзідэнцыя ў перыяд росквіту.







Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, які заўжды надзвычай патрабавальна ставіцца да работ на архітэктурных помніках, у дадзеным выпадку адзначае даволі высокі ўзровень іх правядзення.

Гэтак, рэстаўратары імкнуцца выкарыстоўваць матэрыялы максімальна блізкія да аўтэнтычных. Як распавёў у нядаўнім інтэрв’ю газеце “Вечерний Брест" дырэктар “Брэстрэстаўрацыі” Сцяпан Прыходзька, адмыслова для ўзнаўлення Ружанскага палаца на Гарынскам цагляным заводзе (Столінскі раён) па гістарычным модулі выраблена 80 тысяч псеўда-аўтэнтычных цаглінаў. “Дахоўка таксама не серыйная а індывідуальнай вытворчасці. Гэта вам не “Керамін” у гістарычным цэнтры Мінску”, — адзначае Астаповіч.



Цікава, што аднаўленне аб’екта фінансуецца ў асноўным з абласнога і раённага бюджэту.

Улетку 2010-га на выязной калегіі Мінкультуры Павел Латушка заявіў, што былая рэзідэнцыя Сапегаў можа папоўніць спіс аб’ектаў, што войдуць у Дзяржінвестпраграму на 2011 год. На жаль, гэтага не адбылося. ”Сёлета мы ўжо ў трэці раз будзем спрабаваць уключыць аб’ект у рэспубліканскую праграму, — распавядае TUT.BY дырэктар “Брэстрэстаўрацыяпраект” Уладзімір Казакоў. — Дзве папярэднія спробы былі няўдалыя”.



Па словах аўтара праекта рэстаўрацыі, пры належным фінансаванні да канца году будуць скончаны аднаўленчыя працы і на заходнім флігелі, дзе мяркуецца размясціць другую частку музейнай экспазіцыі. Паводле задумы праекціроўшчыкаў, адным з яе элементаў могуць стаць раскапаныя на месцы пабудовы гісторыка-культурныя слаі, якія даюць зразумець, што было на гэтым месцы да ўзвядзення палацавага комплексу.

“На ўзнаўленне і ўнутраную абробку заходняга флігеля неабходна 4 мільярды рублёў. Нам абяцаюць: “Рабіце, усё будзе!” Таму хочацца верыць, што ўсё будзе добра”, — кажа Казакоў.



Карэсспндэнт TUT.BY таксама звярнуў ўвагу на шыльдачку ля ўвахода ў палац аб тым, што “праект рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы ЕС у рамках праграмы Добрасуседства Польшча-Беларусь-Украіна”. Аднак, па словах дырэктара “Брэстрэстаўрацыяпраекта”, ніякай еўрапейскай грашовай падтрымкі няма: “Я ім сказаў, здыміце шыльду, каб яна нікога не засмучала!”





Відавочна, пры наяўнасці большых сродкаў, паўставанне ружанскага фенікса з попелу адбывалася б куды больш хуткімі тэмпамі. Пакуль жа пасля аднаўлення ўязной брамы з флігелямі рэстаўратары плануюць узяцца за рэканструкцыю ўсходняга комплексу палаца, у якім калісьці месціўся ўнікальнага тэатр Сапегаў і манеж. Пры належным фінансаванні будаўнічыя работы пачнуцца ўжо ў наступным годзе.





Таксама ёсць спадзеў, што палац атрымае дадатковую падтрымку ў межах дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, праект якой падрыхтаваны Міністэрствам культуры. Яна прадугледжвае рэстаўрацыю альбо кансервацыю 38 гісторыка-культурных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.



Гэтыя грошы вельмі спатрэбіліся б для навуковых пошукаў мтэрыялаў, якія дапамаглі б ўзнавіць унутраны выгляд памяшканняў палацавага комплексу. Паколькі дакументы расцярушаны па скрбніцах нашых больш магутных суседзяў, міністр Латушка летась прапанавазў прафінансаваць паездкі спецыялістаў. Аданак ніхто так пакуль нікуды не ездзіў. “Мы карыстаемся матэрыялам архітэктара Бекера, аднак матэрыялаў па ўнутраных памяшканнях няма. Гэта вялікая праца, але вельмі хацелася б пашукаць”.

А пакуль 4 чэрвеня на тэрыторыі былой рэзідэнцыі Сапегаў прайшло першае масавае свята.




Фота: аўтар
{banner_819}{banner_825}
-10%
-10%
-10%
-21%
-20%
-30%
-50%