Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

18 красавіка ва ўсім свеце адзначылі Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў (International day for Monuments and Sites). Рыхтуючыся да гэтай падзеі, TUT.BY зладзіў дыскусію адмыслоўцаў, якія разважалі аб тэхнічным стане архітэктурных помнікаў Беларусі. Больш дакладна — пра "дамы без даху".

Гэта сур'ёзная праблема для нашых гарадоў і мястэчак, калі падчас рамонту (рэканструкцыі) з будынкаў, помнікаў гісторыі здымаюць дах, пасля чаго перапыняюць будоўлю. У выніку аб’екты разбураюцца і гінуць. Чаму так адбываецца і як гэтага пазбегнуць? Што найперш — кансервацыя ці рэстаўрацыя, і дзе знайсці грошы на тое і другое? 

Пра гэта і многае іншае ў эфіры TUT.BY-ТВ дыскутавалі начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, галоўны архітэктар праектаў ААТ “Белтэхнадзор” Зміцер Мурашка, юрыст, дырэктар дабрачыннага фонду "Крэўскі замак" Вольга Кастрамінава, кіраўнік фонду "Любчанскі замак" Іван Пячынскі і намеснік старшыні Беларускага камітэту Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) Цімох Акудовіч.



Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампаваць відэа


Дзяржпраграма выратуе “Замкі Беларусі”?

 
— Ці шмат архітэктурных помнікаў у Беларусі знаходзяцца ў незакансерваваным выглядзе?
 
Ігар Чарняўскі (І.Ч.): Дастаткова шмат. Мы прызвычаіліся гаварыць пра рэстаўрацыю. Многія бачаць сэнс у тым, што рэканструяваны аб’ект можна скарыстаць пад нейкую функцыю, што вымагае значных інвестыцый. Аднак міжнародныя дакументы і методыкі найперш рэкамендуюць займацца кансервацыяй аб’ектаў — іх захаваннем, экспанаваннем. У некаторых з іх можна зрабіць памяшканні, якія будуць выкарыстоўвацца для пэўных функцый. У прыватнасці, такая задума ёсць па Гальшанскаму і Навагрудскаму замкам. Спадзяюся, па апошнім да канца года будзе распрацавана праектная дакументацыя, што дазволіць пачаць работы. Перш за ўсё плануецца кансервацыя рэшткаў дзвюх вежаў, выяўленне абарончых муроў. Як мяркуюць архітэктары, у ніжнім ярусе цалкам магчыма стварыць музейную экспазіцыю.
 
Мы ведаем шмат прыкладаў — у Еўропе, і ў нашых суседзяў, калі кансервацыя дазваляе не проста захаваць аб’ект, але і экспанаваць яго. Напрыклад, Верхні замак у Вільні. Ён закансерваваны, але прыцягвае мноства турыстаў. Тое самае тычыцца і Ковенскага замка.
 
Падобную перспектыву мы бачым і шмат для якіх аб’ектаў у Беларусі. Ужо падрыхтаваны праект дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”. Гэта была ініцыятыва Міністэрства культуры і асабіста Паўла Латушкі. Першапачаткова планавалася ахапіць 21 замак і замчышча, а ўрэшце атрымалася 38. Фінансаванне — сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Усе аб’екты падзелены на тры катэгорыі. Першая — аб’екты, якія могуць быць прыстасаваны пад пэўныя функцыі (Мір, Нясвіж, Стары замак у Гродне, Лідскі замак). Другая катэгорыя — кансервацыя аб’ектаў (Крэва, Гальшаны, Наваградак, Быхаў, Смаляны). Трэцяя — добраўпарадкаванне тэрыторыі каля замчышч, якія, па сутнасці, з’яўляюцца ўжо помнікамі археалогіі. Але ў некаторых з іх (напрыклад, у Геранёнах), варта праводзіць кансервацыю рэшткаў, якія выходзяць на паверхню.
 

Як прадухіліць знішчэнне помнікаў?

 
Цімох Акудовіч (Ц.А.): За апошнія пяць год у розных гарадах Беларусі было больш за 10 выпадкаў, калі па розных прычынах з помніка гісторыі здымаўся дах. Найчасцей прыватны інвестар рабіў гэта для рамонту. Але нярэдка ці то з-за браку грошай, ці то з іншай прычыны будоўля зацягвалася, будынак па два гады прастойваў без даху, прыходзіў у неналежны стан, і яго зносілі.
 
Многія памятаюць гучную гісторыю з домам па Рэвалюцыйнай, 17 у Мінску, калі справа дайшла да пракуратуры. Цяпер падобная гісторыя адбываецца на Пралетарскай вуліцы ў Гомелі. Ці ёсць нейкія заканадаўчыя нормы, якія набываюць моц, калі будынак апынаецца без даху?

 
Вольга Кастрамінава (В.К.): Калі здымаецца дах, пагаршаецца тэхнічны стан будынка, што прыводзіць да падтаплення сценаў, парушэння канструкцый. У выніку робіцца заключэнне, што будынак не падлягае рэстаўрацыі, і яго зносяць, каб пасля адбудаваць копію. Самае прыкрае, што новаму будынку надаецца той жа статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адпаведна, на яго распаўсюджваюцца існыя ў краіне падатковыя ільготы і іншыя палёгкі.
 
Што да заканадаўства, у межах безгаспадарчага ўтрымання будынкаў маюцца некаторыя праблемы правапрымянення. Згодна Грамадзянскаму кодэксу, у выпадку безгаспадарчага ўтрымання і фіксавання такога факта будынак можа перадавацца дзяржаве альбо выкупацца з публічных таргоў. Гэта адбываецца на падставе рашэння суда. Прычым у суд могуць звяртацца не толькі юрыдычныя, але і фізічныя асобы — грамадзяне Беларусі.
 
Паводле заканадаўства, гэта норма тычыцца спецыяльных аб’ектаў, якія валодаюць выключнымі каштоўнаснымі якасцямі. У законе яны фігуруюць як “культурныя каштоўнасці”. Сам жа закон называецца “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Тут узнікаюць пытанні: як вызначыць мяжу статусу аб’екта, і як уласніку на месцы з гэтым разабрацца?
 
Другая праблема палягае ў тым, што большасць помнікаў знаходзяцца ва ўласнасці дзяржаўных органаў. Адпаведна, мы не можам уздымаць пытанне, каб дзяржава сама ў сябе выкупала ўласнасць.
 
Варта яшчэ раз нагадаць Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Паводле артыкулу 9, у выніку выяўлення фактаў парушэння ўласнікам тых ці іншых нормаў утрымання будынка Мінкульт можа выносіць пісьмовыя прадпісанні. Знос даху падпадае пад гэтую характарыстыку.
 
Ц.А.: Ці спрацоўваюць сродкі кантролю і ўплыву, якімі валодае Мінкульт?
 
І.Ч.: Спрацоўваюць. Толькі за апошнія некалькі дзён (дыскусія адбылася 14 красавіка. — TUT.BY) мы падрыхтавалі шэраг прадпісанняў. У прыватнасці, па палацава-паркавым комплексе Умястоўскіх у Жамыслаўлі. Прычым, гэтым разам прадпісанне накіравана не ўласніку, а ў Іўеўскі райвыканкам. Калі мясцовыя ўлады ставяцца абыякава да праблем, ратаваць сітуацыю выпадае рэспубліканскім інстанцыям.
 
Яшчэ адно прадпісанне — Валожынскаму касцёлу, дзе парафія з ініцыятывы ксяндза без узгадненняў пачала мяняць сталярку, характар якой не адпавядае неагатычнаму касцёлу.
 
Патлумачу, што прадпісанне прадугледжвае спыненне альбо прыпыненне работ, падрыхтоўку належнай праектнай дакументацыі, атрыманне дазволу Мінкультуры на выкананне работ. Паралельна робіцца запіс аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці вінаватых у парушэнні. Найперш гэта адміністратыўная адказнасць.
 
За апошні год было заведзена некалькі адміністратыўных спраў, бо прадпісанні ні ў кожным разе даюць плён. Тады мы вымушаны складаць пратаколы, рыхтаваць цэлы шэраг дакументаў, прадугледжаных Адміністрацыйна-працэсуальным кодэксам, перадаваць справы ў адміністрацыйныя камісіі. Некаторыя з іх даходзяць да суду. Літаральна тыдзень назад праходзілі судовыя разбіральніцтвы па адным з аб’ектаў Капыльскага раёна. Нашаму спецыялісту прыйшлося тройчы выязджаць на месца. Пры наяўнасці ў міністэрстве ўсяго 10 спецыялістаў, якія займаюцца пытаннямі аховы спадчыны, такія выезды, канечне, парушаюць эфектыўнасць работы Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
 
Што да “дому без даху”, бываюць розныя сітуацыі. Напрыклад, сёння ў Мінску на плошчы Свабоды, 15 ідуць работы, і, не зняўшы даху, там немагчыма было выняць пашкоджаныя канструкцыі і ўмацаваць перыметр сцен. Гэта прадугледжана праектнай дакументацыяй. Альбо іншы аб’ект на Кірылы і Мяфодзія, 8.
 
— Ці ёсць у законе нормы, якія рэгламентуюць, колькі будынак можа стаяць без даху?
 
І.Ч.: Няма, але ёсць нормы па рэалізацыі праектнай дакументацыі, паводле якіх устанаўліваецца тэрмін. Таксама ёсць каляндарны графік выканання работ, што рыхтуецца падрадчыкам і зацвярджаецца заказчыкам. Спецыялісты Мінкультуры, разглядаючы такія сітуацыі, кіруюцца на праектную дакументацыю, якая вызначае ў тым ліку і тэрміны правядзення работ. 
 
— А ці трэба такія нормы ўвесці?
 
Зміцер Мурашка (З.М.): Цяжка сказаць, бо разбурэнне будынку без даху залежыць ад розных чыннікаў: ад самой канструкцыі, ад умоваў, у якіх яна стаіць... Няма вызначаных параметраў.
 
Ёсць, праўда, рэгламентаваныя тэрміны здачы праекта, і тады зняцце даху і замаруджванне работ можна разглядаць як нанясенне будынку шкоды.
 
Ц.А.: Ці ёсць розніца паміж пытаннямі кансервацыі і супрацьаварыйнымі мерамі?
 
І.Ч.: Гэта дзеянні аднаго парадку. Калі канструкцыя ў аварыйнай сітуацыі, трэба распачынаць супрацьаварыйныя работы для ўмацавання канструкцыі. Далей — чарга кансервацыі, якая прадугледжвае пэўныя нагрузкі на ўтрываленыя канструкцыі.
 
Ёсць устаноўленыя дырэктыўныя тэрміны будаўніцтва, рэстаўрацыі, рэканструкцыі, іншых відаў работ. Акрамя таго шмат залежыць ад органаў мясцовага кіравання, бо любое дзеянне на аб’екце праводзіцца па іх рашэнні. Спачатку прымаецца рашэнне па распрацоўцы праектнай дакументацыі. Калі дакументацыя праходзіць узгадненне ў Міністэрстве культуры, яна зацвярджаецца заказчыкам і перадаецца на зацвярджэнне мясцоваму органу кіравання.
 
Мне падаецца, пры прыняцці такіх рашэнняў павінны быць дакладна ўстаноўлены тэрміны на выкананне работ. Інакш сапраўды можна прыйсці на аб’ект, нічога на ім не рабіць, а потым канстатаваць, што канструкцыі сталі непрыдатныя.
 
Тыя, з кім я апошнім часам размаўляю на месцах, прызнаюць, што раней гэтыя тэрміны ў рашэнні не закладаліся. Цяпер сітуацыя мяняецца. Гэтак, калі вырашалася пытанне з Нясвіжам, для інвестара або заказчыка закладаліся канкрэтныя тэрміны рэалізацыі праектнай дакументацыі на аб’екце.
 

Чаму інвестары не стаяць у чарзе?

 
— Калі ўжо закранулі тэму інвестыцыяў у архітэктурную спадчыну, якая цяпер сітуацыя?
 
І.Ч.: Мы павінны рэальна глядзець на рэчы. Сёння, на вялікі жаль, чарга інвестараў не стаіць. Ёсць “План дзеянняў па перадачы сядзібаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, суб’ектам агратурызму”. Аднак за два гады ўдалося перадаць лічаныя сядзібы. Зусім нядаўна інвестар аформіў дакументы па сядзібе ў вёсцы Альшэва Мядзельскага раёна. Завяршаецца працэс па перадачы сядзібна-паркавага комплексу Бішэўскіх у Лынтупах Пастаўскага раёна. Інвестары — расійскія, таму ёсць трывога, наколькі ім патрэбны аб’екты турызму ў Беларусі і што яны будуць з імі рабіць.
 
З.М.: Вядома, што малабюджэтны рамонт ці кансервацыю яшчэ можна правесці за кошт валанцёраў, але калі аб’ект вымагае значнага ўмяшальніцтва, паўстае пытанне інвестыцый. Дзякуй богу, ёсць прыклад Любчанскага замка, але ў большасці выпадкаў інвестару трэба, каб укладзеныя ў аб’ект грошы працавалі. Якія ільготы, праграмы ёсць у Беларусі, каб завабіць інвестара?
 
І.Ч.: На сёння, на жаль, у нас няма вялікіх падатковых ільгот, якія б дапамаглі завабіць інвестара. Яны ёсць ва ўсім свеце, патрэбны яны і ў Беларусі. Якія ільготы ўсё ж ёсць? Калі ўласнік прывядзе аб’ект у належны стан, будзе выкарыстоўваць яго і атрымліваць прыбытак, то можа атрымаць ільготу па падатку на нерухомасць і ільготу па падатку на зямлю. Гэта тычыцца пераліку аб’ектаў, зацверджанага прэзідэнтам. Літаральна кожны год мы ўносім дапаўненні ў два гэтыя ўказы.
 
Цяпер выпрацоўваецца пытанне па вяртанні ільготы па падатку на дададзеную вартасць (ПДВ). Некалі ПДВ быў 18%, цяпер 20%. Гэта істотная сума, якую пры існаванні адпаведных ільгот уласнік можа зэканоміць пры правядзенні рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ.
 
Іван Пячынскі (І.П.): За мяжой, калі чалавек захацеў ахвяраваць пэўную суму на аднаўленне помніка, то менавіта з гэтых сродкаў ён не плаціць падаткі. Таму там помнікі аднаўляюцца лепей, чым у нас.

 
І.Ч.: Міністэрства культуры ініцыявала шэраг падатковых ільгот у сферы культуры з мэтай пашырыць развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства (14 красавіка прэзідэнт Беларусі падпісаў указ № 145 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі", які ўсталяваў шэраг падатковых ільготаў. Аднак, пазнаёміўшыся з тэкстам дакумента, эксперты ў сферы нерухомай матэрыяльнай спадчыны выказалі сумнеў, што ён палепшыць складаную сітуацыю з захаваннем архітэктурных помнікаў. — TUT.BY).
 
“Змяншэнне падатку на пэўны працэнт пры ўмове ўкладання грошай у аднаўленне аб’екта — гэта фактычна тая самая дзяржаўная інвестыцыя. Сапраўды, дзяржава не атрымае ў бюджэт пэўную суму падаткаў, але ж гэтыя грошы будуць укладзены ў аб’ект. Да таго ж, калі адноўленая каштоўнасць будзе прыстасавана пад пэўныя функцыі, дзяржава атрымае падатак ад яе функцыянавання. Плюс аддача будзе і праз прыцягненне ўвагі да гэтага аб’екта (турысцкая дзейнасць, развіццё інфраструктуры). Урэшце, гэта і адпаведны імідж дзяржавы.
 
Апроч таго, мы імкнёмся давесці, што на помнікі гісторыка-культурнай спадчыны трэба глядзець крышку шырэй. Імі трэба не проста любавацца — яны павінны працаваць.
 
Як толькі былі завершаны работы ў Мірскім замку, колькасць наведнікаў вырасла ў разы, і цяпер мы павінны стрымліваць ініцыятыву, каб ахвочыя не пабудавалі рэстаран, гатэль там, дзе не трэба — амаль пад замкам.
 
В.К.: Пытанне наконт абароны гарантыяў саміх інвестараў. Чула, што гатэль-рэстаран у Мірскім замку прадалі буйной фірме з Мінска. Гэта быў тэндэр, конкурс ці нейкі іншы шлях?
 
І.Ч.: Быў вельмі доўгі пошук інвестара. Калі сказаць, не раскрываючы ўсёй тэхналогіі, мы проста ўпрасілі інвестара ўзяць на сябе развіццё гэтай інфраструктуры. Падобная сітуацыя і ў Нясвіжскім замку. У былой стайні зроблены гатэль, а ў замку будзе рэстаран. Пытанне, хто гэта возьме.
 
Пакуль, як і з сядзібамі, тут няма чаргі.
 
В.К.: У дадзеным выпадку аб’екты перадаюцца інвестарам у аператыўнае кіраванне?
 
І.Ч.: Пакуль што гэта арэнда.
 

З чаго пачынаць кансервацыю?

 
Ц.А.: Вернемся да нашай больш вузкай тэмы. Калі прыходзяць не інвестары, а група маладых людзей, якія хочуць уратаваць помнік. Умоўна кажучы, забіць вокны, накрыць дах. Што ім трэба, каб атрымаць дазвол на гэтыя працы?
 
І.Ч.: У 2003 годзе да нас звярнулася група жыхароў мястэчка Любча на чале з Іванам Антонавічам (Пячынскім. — TUT.BY) з прапановай аднавіць тамтэйшы замак. У нас нарадзілася супольная ідэя стварыць фонд, бо гэта юрыдычная асоба, якая можа кантактаваць з мясцовымі ўладамі, іншымі юрыдычнымі асобамі.
 
Што трэба, каб пачаць работы? Дазвол Міністэрства культуры на распрацоўку дакументацыі. Пасля атрымання дазволу складаецца рэстаўрацыйнае заданне, дзе прапісваецца парадак і віды работ, ставіцца задача па іх распрацоўцы...
 
І.П.: Хачу адзначыць, калі я звярнуўся да Ігара Мяфодзевіча (Чарняўскага. — TUT.BY), нас прынялі з адкрытай душой і параілі, што рабіць. Сярод нас тады не было спецыялістаў, але Мінкульт у пэўнай ступені пайшоў на эксперымнт і даў дазвол праводзіць кансервацыйныя працы.
 
Ц.А.: Тут самае складанае — падрыхтоўка архітэктурнага праекта…
 
І.Ч.: Калі мы гаворым не пра рэканструкцыю, а пра кансервацыю, то найчасцей патрэбна праектная прапанова.
 
Элементарныя кансервацыйныя работы, мэта якіх — прадухіліць будынак ад атмасфернага і чалавечага ўздзеяння, можна правесці з мінімальнымі выдаткамі. Менавіта з гэтага мы і раім пачынаць органам мясцовага кіравання.
 
З.М.: Было слушна адзначана: праблему варта вырашаць да таго, як яна ўзнікла. Шмат помнікаў знаходзіцца ў аварыйным стане. Многія з іх неабходна паправіць аператыўна, і зрабіць гэта можна малымі сродкамі. Але тут вельмі важна, каб быў спрошчаны працэдурны механізм, каб валанцёры і праекціроўшчыкі-добраахвотнікі маглі распрацаваць і ажыццявіць праект, які не мусіць праходзіць усе стадыі экспертызы і ўзгаднення. Мы ўжо мелі падобную практыку на некалькіх сядзібах, калі са згоды Упраўлення па ахове гісторыка-культурных помнікаў Мінкультуры праводзілі аварыйныя працы за кошт валанцёраў з падрыхтоўкай мінімальнага праекта.
 
І.Ч.: Гэта якраз тое, што я называў праектнай прапановай. 
 
— Ці часта яны рэалізуюцца ў Беларусі?
 
І.Ч.: Вельмі рэдка. Па-першае, замала ініцыятывы. Як сказаў Іван Антонавіч, і гэта вызначана заканадаўствам, у кожным раёне павінна быць свая праграма. Па кожным аб’екце мае быць прапісаны стан, характар, патрэбы і патэнцыйныя сродкі, каб было зразумела, дзе іх браць.
 
— Хачу ўдакладніць: калі ў даху неабходна замяніць адну шыферыну, ці трэба для гэтага рыхтаваць такія самыя дакументы, як пры замене цэлага даха? 

І.Ч.: У Законе “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” ёсць артыкул 38, які дазваляе праводзіць работы па належным падтрыманні тэхнічнага і санітарнага стану аб’екта без узгадненняў і дазволаў. Патрэбны рукі і ініцыятыва.
 
Ц.А.: Калі на аб’екце трэба прыбраць бярвенні, што абрынуліся, усё проста. А калі ўзяць больш складаны прыклад?
 
З.М.: Пытанне ўзнікае там, дзе трэба рабіць складаную канструкцыю, якая выконвае нясучыя функцыі. На такіх аб’ектах валанцёрскі праект можа не прайсці. Тут мусіць працаваць даследчая група, якая вызначае стан канструкцыі. Гэта ўжо ліцэнзуемая дзейнасць.
 
Ц.А.: Давайце паспрабуем разабраць сітуацыю на канкрэтным прыкладзе. Вось капліца-пахавальня Рэйтанаў у Грушаўцы на Ляхавіччыне. Сцены стаяць без даха — аварыйная сітуацыя. З’явіўся ініцыятар, які хоча з мэтай кансервацыі зрабіць дах. Ці дорага правесці аналіз і запрасіць архітэктара, які мог бы прапанаваць часовую канструкцыю?
 
З.М.: Кошты на правядзенне праектных работ вызначаюцца зборнікам базавых коштаў. Аднак дзякуючы добрай волі праекціроўшчыкаў любы праект можна зрабіць без выдаткаў. У тым жа Любчанскім замку архітэктар Андрусь Шалаеў зрабіў праект бясплатна.
 
І.Ч.: У любым раёне ёсць праектнае бюро пры галоўным архітэктары, у якім працуе каштарыснік. Заўжды можна дамовіцца з кіраўніцтвам раёна, сумесна з каштарыснікам выехаць на аб’ект, прыкінуць, што трэба і колькі гэта будзе каштаваць. Гэта ж уклад у развіццё раёна.
 
З.М.: Насамрэч, не ўсё так проста. Ёсць пытанне ўзгаднення, і праектаў, якія проста так, без падрыхтоўкі, не зробіш.
 

Праблема — у мясцовых уладах

 
І.П.: Любыя пытанні павінны мець арганізацыйныя рашэнні. Усе праблемы можна вырашыць толькі тады, калі на мясцовым узроўні будуць складзены доўгатэрміновыя праграмы па захаванні спадчыны. Каб кожны з нас мог прыехаць на месца і папрасіць праграму, колькасць уключаных у яе помнікаў і аб’ём выкананых работ.
 
І.Ч.: Паўтаруся, усе прысутныя тут некалі былі ці цяпер з’яўляюцца валанцёрамі. Мы разумеем адзін аднаго, аднак калі звяртаешся на мясцовы ўзровень, пачынаюцца непаразуменні. Маўляў, гэта ўсё настолькі складана, і калі вы звернецеся ў Мінкульт, вас там і закапаюць. Гэта няпраўда!
 
Калі б ўсе структуры — ад рэспубліканскіх да мясцовых — належным чынам выконвалі сваю працу, пытанняў (Чаму не даглядаюць? Чаму помнікі прастойваюць без даху?) не было б.
 
Праблема яшчэ і ў тым, што спецыялісты па ахове помнікаў на месцах — гэта супрацоўнікі музеяў, бібліятэк. У Магілёўскім раёне ёсць нават тэхнік, які адказвае за ахову спадчыны. Наколькі эфектыўнай будзе ягоная работа?
 
Цяпер прапрацоўваецца магчымасць стварэння дзяржаўнай інспекцыі па ахове спадчыны. Калі ў кожнай вобласці з’явіцца 8-10 спецыялістаў, якія здолеюць адзін працоўны дзень на тыдзень займацца выключна пытаннямі аховы спадчыны, думаю, многія пытанні будуць вырашацца значна прасцей. Інспекцыя здолее не толькі самастойна арганізоўваць тэрміновыя работы на аварыйных аб’ектах, але і скіроўваць да гэтага мясцовую ўладу.
 
На сёння большасць аблвыканкамаў падтрымалі неабходнасць стварэння такой прафесійнай структуры. Галоўная праблема — дзе знайсці грошы.
 

Дзе ўзяць аўтэнтычныя матэрыялы для помнікаў гісторыі?

 
З.М.: Хачу засяродзіць увагу яшчэ на адным важным аспекце — матэрыялах рэканструкцыі. Перад людзьмі, якія вядуць будаўніцтва на помніку гісторыі, паўстае пытанне, з чаго яго рабіць. Рынак матэрыялаў у нашай краіне вельмі абмежаваны. У параўнанні з Літвой няма арганізацый, якія вырабляюць такія матэрыялы. Вядома, калі ў чалавека няма выбару, а імпартныя матэрыялы вельмі дарагія, ён пачынае выкарыстоўваць тое, што даступна на рынку. У выніку атрымліваюцца муляжы...
 
І.Ч.: Мы дастаткова доўгі час абмяркоўвалі гэтую тэму і прыйшлі да высновы: калі мы не будзем патрабаваць пэўных вырабаў ад сучасных вытворцаў, справа не пасунецца з месца.
 
В.К.: Мы працуем на Крэўскім замку з 2004 года. Гэта была студэнцкая ініцыятыва. Атрымаўшы дазвол ад Міністэрства культуры, цягам некалькіх год мы выконвалі кансервацыйныя працы. Падчас працы мы сутыкнуліся з праблемай адсутнасці спецыяльнага раствору для ўмацавання сценаў, а таксама вырабу спецыяльнай цэглы. Таму магу падтрымаць Змітра, што неабходна адмысловая вытворчасць спецыялізаваных матэрыялаў для аднаўлення помнікаў архітэктуры.
 
І.Ч.: Гэта істотная праблема. Ведаеце, чаму ў гістарычным цэнтры Мінска цэгла на старых будынках рассыпаецца ў парашок? Бо пасля шматлікіх знішчальных пажараў гарадская дума праняла рашэнне забудоўваць не драўлянымі, а мураванымі будынкамі. Аднак вытворчасць не была гатова даць патрэбны матэрыял.
 
Сёння выйсце знойдзена. Усе памятаюць работы на Аўгустоўскім канале. Стаяла задача вырабіць такую цэглу, якая б вытрымлівала замарозку-размарозку, вільготнасныя ўмовы. І Обальскі керамічны завод зрабіў такую цэглу! Тамсама ж вырабілі матэрыялы для рэканструкцыі Нясвіжскага замка. Спецыялісты кажуць, што здольны вырабіць практычна любую цэглу, але просяць даваць ім замовы хаця б за паўгода. Нюанс у тым, што пры цяперашняй тэхналогіі вытворчасці керамічных вырабаў у Беларусі няма глінаў, якія спякаюцца. Прыходзіцца завозіць іх з Расіі.
 

Вынікі дыскусіі: "Галоўнае не грошы, а жаданне"

 

 
Ц.А.: Такім чынам, рэстаўрацыя — справа выключна для спецыялістаў. А вось паўдзельнічаць у кансервацыі — патраціць вольны час і адносна невялікія грошы, папрасіць дапамогі ў мясцовых ўладаў — могуць усе ахвочыя. У Мінску сфармавалася правераная “база” архітэктараў і валанцёраў, якія гатовы прыехаць і “за ідэю” тыдзень-два папрацаваць на аб’ектах. Трэба толькі арганізаваць гэтых энтузіястаў.
 
В.К.: Вельмі добра, што на міністэрскім узроўні прагучала ідэя дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб захаваць нашу спадчыну. Кожны з удзельнікаў гэтай дыскусіі можа даць патрэбную кансультацыю ўсім ахвочым, што рабіць на першых кроках, да каго звяртацца. Для гэтага не патрэбны вялікія сродкі. Галоўнае — жаданне.
 
І.Ч.: У нас не было яшчэ ніводнага пытання, якое б не вырашылася. На сайце Міністэрства культуры ёсць тэлефоны Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Тэлефануйце, задавайце пытанні. Галоўнае, калі берацеся за працу, не знікайце.
 
З.М.: Вельмі цешыць, што ёсць нямала людзей, якія хочуць займацца дабрачыннасцю. Гэта і валанцёры, і інвестары. Важна разумець, што ўсё залежыць ад нас, і ўдзел кожнага можа дапамагчы справе захавання нашых помнікаў і нашай спадчыны.


З пытаннямі і прапановамі па тэме таксама звяртайцеся:

Цімох Акудовіч, намеснік старшыні ІКАМОС: cymus1@gmail.com 
Вольга Кастрамінава, дырэктар дабрачыннага фонду "Крэўскі замак": kreuskizamak@gmail.com
{banner_819}{banner_825}
-50%
-21%
-20%
-10%
-30%
-35%
-50%
-21%
-20%
-20%
0063297