Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

31 сакавіка Польскі Інстытут у Мінску і выдавецтва “Логвінаў” адкрылі Месяц польскай літаратуры ў кнігарні “Ў”. Першым госцем праграмы стаў беларускі пісьменнік з Падляшша Міхась Андрасюк, які прэзентаваў сваю дэбютную польскамоўную кнігу “Wagon drugiej klasy”.
 
Што значыць быць беларускім пісьменнікам у Польшчы? Ці адрозніваецца працэс стварэння літаратурных тэкстаў па-беларуску і па-польску? Ці змянілася стаўленне палякаў да беларусаў за гады незалежнасці? Якой польскія беларусы бачаць будучыню Беларусі? Пра гэта і многае іншае літаратар распавёў у студыі TUT.BY-ТВ.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампаваць аўдыя (13,08 МБ)
 
Міхась Андрасюк (Michał Androsiuk) нарадзіўся ў 1959 г. у Войнаўцы (Польшча). Пасля заканчэння беларускага ліцэя ў Гайнаўцы (1978) працаваў настаўнікам, каменячосам, журналістам, узначальваў радыё “Рацыя”. Дэбютаваў у “Ніве” (1979) вершамі. Аўтар кніг прозы “Фірма” (2000), "Мясцовая гравітацыя" (2004), “Белы конь” (2006), “Вуліца добрай надзеі” (2010), “Wagon drugiej klasy” (2010). Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2010).
 

“Навошта нам беларуская мова, калі яе няма ў Беларусі?”

 
— Спадар Міхась, як вы пачуваецеся падчас наведвання Беларусі?
 
— Нібыта на радзіме. Прычым гэтаксама я адчуваю сябе і ў Польшчы, на Беласточчыне.
 
— Дэбютны выступ перад мінскай аўдыторыяй атрымаўся?
 
— Раней я выступаў толькі ў Гродне і Брэсце. Не спадзяваўся, але на імпрэзу ў Мінску прыйшло шмат людзей. Мне сустрэча спадабалася, і, падаецца, я бачыў у вачах гледачоў зацікаўленне.
 
— Аб чым пісьменніка з Польшчы найчасцей пытаюць у Беларусі?
 
— Часта пытаюць, адкуль мы, беларусы, у Польшчы ўзяліся. Трэба тлумачыць, што мы жывем там спрадвеку. Гэта мяжа ездзіць з аднаго боку ў другі — людзі жывуць на месцы. Пытаюць таксама, чаму мы хочам быць беларусамі. Тут адказ просты: нашы продкі былі беларусамі, і мы імі застаемся, вывучаем мову, цікавімся тым, што адбываецца ў метраполіі.
 
— Аўтарытэтны беларускі гісторык у Польшчы Алег Латышонак, адказваючы на маё пытанне пра асіміляванне беларусаў у Польшчы, сказаў: “Мы таем, як снег на сонцы”...
 
— Гэта праўда. Працэс апалячвання ідзе несупынна. Асабліва выразна гэта бачна ў маладым пакаленні. Усё менш маладых людзей карыстаецца беларускай мовай. Хаця больш за 3 тысячы дзетак у школах вывучаюць беларускую мову. Але гэта ўжо не так шмат, як калісьці. Многім з нас выпадае адказваць на пытанне сваіх дзяцей: “Навошта нам беларуская мова, калі яе практычна няма ў штодзённым жыцці ў Беларусі?”. “Бо яна заўсёды была з нашымі продкамі. Няхай яна будзе і з намі”, — адказваем мы.

 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампаваць відэа (98,4 МБ)


“Бацькі нам казалі: “Толькі не прызнавайцеся, што вы беларусы”

 
— Ці змянілася стаўленне палякаў да беларусаў за 20 год незалежнасці?
 
— Вельмі моцна. Пры Народнай Польшчы не было ні казахаў, ні ўкраінцаў, ні беларусаў з літоўцамі. Усё, што знаходзілася за ўсходняй мяжой, у Польшчы называлася рускім. Цяпер палякі пачынаюць бачыць розніцу.
 
Хаця ў штодзённым жыцці, у польскіх медыях Беларусь згадваецца мала. Сітуацыя ажыўляецца пры нагодзе прэзідэнцкіх выбараў ці чарговага разгону мітынга апазіцыі.
 
— То бок, як правіла, гэта негатыўны кантэкст?
 
— Хутчэй так. Але гэта не дзіва, бо адзін з асноўных прынцыпаў сённяшніх медыяў: дрэнная інфармацыя — ёсць добрая інфармацыя. Пра Японію да жудаснага землятрусу ў Польшчы таксама шмат часу ніхто нічога не казаў.

— Гледзячы на гэтыя негатыўныя падзеі ў Беларусі, ці не бывае вам сорамна перад палякамі за тое, што вы беларус?
 
— Бывае сумна, смутна, калі чуем, што малады чалавек невядома чаму атрымаў 3-4 гады турмы. Калі падчас дэбатаў у Сойме чуем закід адных палітычных сіл ў бок другіх: “А вы ідзяце ў накірунку Беларусі!”.
 
— Часам здаецца, што, нягледзячы на прынцыповую пазіцыю польскіх уладаў, Беласточчына ў Польшчы (ці Віленшчына ў Літве) досыць станоўча ставяцца да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ці так гэта?
 
— Бывае такое, асабліва ў старэйшым, вясковым насельніцтве польскіх беларусаў, якое мала чым адрозніваецца ад іх раўналетак у Беларусі. Яны не ведаюць, што такое свабода слова, і ўяўляюць Беларусь такой, якой яе паказваюць па беларускім тэлебачанні: добрыя дарогі, чыстыя вуліцы, пенсіі на час, адсутнасць мафіі… У нас, у Польшчы, можна выходзіць на вуліцу, крытыкаваць прэзідэнта ці мэра горада, і ніхто за тое не штрафуе. Людзі, пэўна, уяўляюць, што і ў Беларусі можна ўсё.
 
У маладога пакалення стаўленне больш крытычнае. Больш за тое, многія маладыя людзі ў Польшчы адыходзяць ад беларускасці, каб не атаясамлівацца з гэтай беларускай дзяржавай, дзіўнай і малаеўрапейскай, як яны лічаць. Ці гэта сапраўды дзяржава альбо толькі палітычны твор на карце Еўропы?

 
— Ці не замінае датычнасць да беларушчыны прасоўвацца ў польскім грамадстве?
 
— Калі пры Народнай Польшчы мы ехалі вучыцца ў вялікія гарады, бацькі заўжды нам казалі: “Толькі не прызнавайцеся, што вы беларусы, праваслаўныя, бо нічога добрага не будзе”. Была такая партызаншчына, мы хаваліся. Але пасля 1989 года і палітычнай трансфармацыі ў Польшчы шмат чаго змянілася. Цяпер, калі маладзёны ў Варшаве кажуць, што яны беларусы, гэта ўспрымаецца са станоўчым зацікаўленнем. Гэтак, 25-26 сакавіка ў Польшчы адбываліся акцыі салідарнасці з Беларуссю. Дык разам з беластоцкімі беларусамі на вуліцы выйшлі і маладыя палякі.
 
Калі ў Беларусі адбываецца канфлікт паміж уладамі і Саюзам палякаў, на беларускую меншасць у Польшчы гэта таксама не пераносіцца.
 

“Думаю і бачу сны на дзвюх мовах”

 
— Ад палітыкі — да творчасці. Калі ў вас з’явілася жаданне пісаць?
 
— Як не дзіўна, я заўсёды хацеў пісаць. Калі ў пачатковай школе мае аднакласнікі казалі, што хочуць стаць касманаўтамі ды капітанамі, я казаў, што буду пісаць кніжкі. Так урэшце і атрымалася, хоць выспяваў я да гэтага вельмі доўга.
 
Як і шмат хто з беларусаў Польшчы, яшчэ ў школе пачынаў друкавацца ў тыднёвіку “Ніва”. Потым быў доўгі-доўгі перапынак, і толькі ў 40 год выйшла друкам мая першая кніга.
 
— Даволі незвычайна. Да гэтага спрычыніліся нейкія асаблівыя жыццёвыя варункі?
 
— Не. Проста з’явілася жаданне выявіць сваё бачанне свету, людзей праз літаратуру. Увогуле складана сказаць, чаму людзі пішуць кнігі, малююць ці спяваюць. Чаму птушка спявае? Чаму кветка расцвітае? Проста так ёсць.
 
— Асноўная тэма вашых твораў — свет людзей, што жывуць на беларуска-польскім памежжы. А для каго вы пішыце? Ці ставіце перад сабой звышмэты?
 
­— Мяняць праз сваю літаратуру свет не збіраюся. Калі пішу, нават не думаю, што будзе з кнігай далей. Ніколі таксама не планую, што ў гэтым годзе павінна выйсці кніжка, а ў наступным дзве, не вызначаю тэрміны…
 
Пішу перадусім таму, што ёсць унутраная патрэба, не думаючы, хто гэта прачытае: жыхар памежжа, правінцыі ці метраполіі. Прачытае той, каму будзе цікава. Таму і пісаць стараюся так, каб было цікава.
 
— Спачатку вы зарэкамендавалі сябе як беларускамоўны пісьменнік, але ў мінулым годзе выйшла ваша першая польскамоўная кніга “Вагон другога класу”? Спрабуеце заваяваць польскамоўнага чытача?
 
— Беларуская была маёй першай мовай. Польскую пачаў вывучаць, калі пайшоў у школу. Тое, што я беларускамоўны аўтар, было натуральна ад самага пачатку. Аднак калі чалавек паўстагоддзя жыве паміж палякамі, побач з імі, польская мова таксама становіцца роднай і натуральнай.
 
— Ці адрозніваецца працэс стварэння беларускіх і польскіх тэкстаў?
 
— Калі шчыра, па-польску мне пісаць хутчэй. Як пішу па-беларуску, часам уключаюцца тармазы, калі трэба скарыстацца слоўнікам, знайсці дакладнае слова. У штодзённым бытаванні для вырашэння задач хапае некалькіх соцень словаў, а ў літаратуры патрэбны тысячы.
 
— А на якой мове вы думаеце?
 
— На польскай і на беларускай. Сны таксама часам сняцца па-польску, а часам па-беларуску. А яшчэ на падляшскай гаворцы ­— гэта мая трэцяя мова, якой карыстаюцца тысячы людзей старэйшага пакалення на беларуска-польскім памежжы.
 
— Якія былі водгукі на першую польскамоўную кнігу?
 
— Я хваляваўся, што яна знікне ў літаратурным акіяне, бо ў Польшчы штогод выдаюцца сотні тысяч кніг. Аказалася, што не. Кніга пайшла значна далей за Падляшша. Узяць у мяне інтэрв’ю прыязджаюць журналісты з усёй Польшчы. Кажуць, у польскай літаратуры з’явілася нешта новае. Можа, таму і новае, што кніга насычаная Усходам і з-за польскіх слоў вытыркаецца беларуская душа.
 
Мне ж падаецца, што “Wagon drugiej klasy” — не столькі польская ці беларуская кніга, колькі чэшская ці сярэднееўрапейская, бо падобны свет існуе не толькі на нашым польска-беларускім памежжы. Такую ж правінцыю і мястэчкі можна знайсці ў Славакіі, Чэхіі, Літве і дзесьці яшчэ.

 

“Калі сапраўднай беларускай дзяржавы не існуе, трэба ствараць мікрадзяржавы ў кожнай хаце”

 
— Кім вы сябе лічыце — беларускім пісьменнікам у Польшчы ці польскім пісьменнікам, які піша па-беларуску?..
 
— Гэтай польскай кнігай нарабіў сабе праблем, бо раней у мяне былі толькі беларускамоўныя кнігі і мне не трэба было думаць, як адказаць на гэта пытанне. Напэўна, я беларускі пісьменнік у Польшчы. Мова — інструмент. Музыка ж можа зайграць на скрыпцы, піяніна, трубе...
 
Апроч таго, я лічу сябе чалавекам Вялікага княства Літоўскага. Мае продкі стагоддзямі жылі на “заходніх крэсах” ВКЛ, паміж палякамі і беларусамі.
 
— Напрыканцы не магу не задаць моўнае пытанне. Ці бачыце вы будучыню краіны беларускай дзяржавы без беларускай мовы — расійскамоўную Беларусь?
 
— Тэарэтычна, так. Дзесьці ў Паўднёвай Амерыцы ж існуюць незалежныя іспанскамоўныя дзяржавы, ёсць англамоўная Аўстралія…
 
Але побач з вялікай Расійскай імперыяй мова выконвае і іншыя функцыя. Напрыклад, яна можа быць інструментам русіфікацыі беларускай душы, менталітэту. Таму, баюся, расійскамоўная Беларусь не выжыве ў бясконцасць. Калі ў нас не будзе адзінай беларускай дзяржаўнай мовы, сумняюся, ці зможам праз 100 год паказаць на карце Беларусь.
 
Таксама перакананы, што беларуская мова павінна пачынацца дома, у кожнай сям’і. Калі мы адчуваем, што сапраўдная беларуская дзяржава не існуе, трэба ствараць свае мікрадзяржавы ў кожнай хаце. Гэтак, у нас на Беласточчыне калісьці ўсе беларускія сем’і размаўлялі па-беларуску. Польшчы не існавала на палітычнай карце Еўропы 120 гадоў, але польская мова жыла ў кожнай сям’і.
 
Па вялікім рахунку, дзяржава, прэзідэнт, губернатар і іх стаўленне да мовы тут ні пры чым. Усё залежыць ад вас, бо кожны сам сабе прэзідэнт у сваёй хаце.
-90%
-40%
-10%
-35%
-30%
-40%
-10%
0071696