Людміла МІНКЕВІЧ,

Адкуль у беларускіх храмах з’явіліся ўсходнія “цыбуліны” і якую архітэктурную ідэю мы падказалі суседзям

Некалькі тыдняў таму мы пісалі пра велічныя неагатычныя храмы, якіх шмат на нашай зямлі. Між тым неаготыка — не адзіны стыль, які бурна развіваўся на Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Паралельна са стрэльчатымі каталіцкімі храмамі на Беларусі шырока будаваліся праваслаўныя цэрквы так званага рэтраспектыўна-рускага ці псеўдарускага стылю — бела-чырвоныя храмы з залацістымі цыбулінамі купалоў, з найбагацейшымі па колеры і адценнях аздабленнямі. 

Чые “цыбуліны?”

Разглядаючы царкву Святога Аляксандра Неўскага на ваенных могілках у Мінску (на фота ўверсе), яе ляпніну і кераміку, круглыя акенцы і пабеленыя аркі, вежы і дэкаратыўныя глаўкі, міжволі ўяўляеш сабе цудадзейную далонь, на якой быў перанесены сюды гэты храм. Проста неяк цяжка паверыць, што гэты, здавалася б, зусім не беларускі цуд мог з’явіцца амаль у цэнтры нашай сталіцы натуральным спосабам. Дарэчы, гэта зараз храм аказаўся ў цэнтры. Калі ж ён узводзіўся, тут была далёкая ўскраіна Мінска, якая называлася Доўгім Бродам.

— Царкву Святога Аляксандра Неўскага пабудавалі на ваенных могілках у 1898 годзе, каб увекавечыць памяць воінаў, забітых на полі бітвы падчас руска-турэцкай вайны, — расказвае айцец Ігар, настаяцель храма. — Дарэчы, іх імёны па сёння знаходзяцца ў царкве. Захоўваюцца ў храме і рэліквіі з тых ваенных часоў — палкавыя харугвы і драўляная паходная царква.

Архітэктурны стыль царквы падказаў час. Псеўдарускі напрамак узнік у Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагоддзя ў рамках агульнаеўрапейскага ўздыму цікавасці да нацыянальнай архітэктуры. Спрабуючы знайсці свой нацыянальны стыль, тагачасныя рускія архітэктары ўзялі за аснову ідэі маскоўска-яраслаўскага дой-лідства XVI стагоддзя, перыяду казанскіх заваёў Івана Грознага. Кажуць, менавіта адтуль і перакачавалі на храмы адметныя “цыбуліны”, падобныя нечым на ўсходнія чалмы.

Дарэчы, “цыбуліны” не сталі для Беларусі навінкай ХІХ стагоддзя. Яны былі ўжо, да прыкладу, на драўлянай царкве Святога Георгія 1713 года ў Давыд-Гарадку ці Спаса-Праабражэнскай царкве ХІІ стагоддзя ў Полацку, якая, дарэчы, лічыцца найбольш самабытным помнікам архітэктуры на землях усходніх славян.

Вокны, якія не свецяць

Цікава, гэтыя “цыбуліны” для нечага прыстасаваны ў храме? Разважаю, разглядаючы залатыя глаўкі на царкве Аляксандра Неўскага.

— Можна надта не прыглядацца, — адрывае ад думак айцец Ігар. — “Цыбуліны” выконваюць чыста дэкаратыўныя функцыі. Дарэчы, як і лжывыя акенцы на барабане галоўнага купала.

Да слова, менавіта па функцыянальнасці гэтых самых купалаў псеўдарускія храмы адрозніваюць ад неавізантыйскіх.

— Многія лічаць, нібы псеўдарускі стыль пабудаваны на візантыйскіх элементах. Але гэта няправільна, — тлумачыць доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь. — Ёсць у архітэктуры неавізантыйскі стыль і ўзнікае ён практычна ў адзін час з псеўдарускім стылем. Але гэта два розныя напрамкі. Для неавізантыйскіх храмаў характэрны светавыя купалы — вялікія паўсферы на барабанах з вокнамі, што свецяцца ўнутры храма. У псеўдарускіх цэрквах фігурныя цыбулепадобныя глаўкі ў інтэр’еры не ўдзельнічаюць. Да таго ж для храмаў рускага стылю характэрны звышдэкаратывізм.

Бомба ля алтара

Ляпніна, кераміка, паліва... Храм Аляксандра Неўскага можна абыходзіць бясконца і пры гэтым штораз знаходзіць на яго сценах новыя ўзоры і элементы. Будаваліся рускія храмы, як правіла, з чырвонай цэглы. Чаму, у такім разе, мы сустракаем часам белыя псеўдарускія храмы?

— Гэта між іншым вынаходніцтва беларусаў, — раскрывае архітэктурны сакрэт Тамара Габрусь. — У нас даўно бялілася цэгла, яшчэ ў готыцы. А потым, калі ў XVІІ стагоддзі многія беларусы пераехалі ў Маскву, гэта перадалося і рускім.
Дарэчы, ёсць чаму здзівіцца і ўнутры псеўдарускіх храмаў. Асабліва ўражваюць распісаныя фрэскамі скляпенні і трафарэтныя арнаменты, херувімы пад купаламі і пазалота на іканастасе. Страшна і падумаць, што ўсёй гэтай прыгажосці магло і не быць. У 1941 годзе адна з бомб трапіла прама ў храм, звалілася перад самым алтаром і... не ўзарвалася. Хваляй знесла галоўны купал царквы, загарэлася кроўля, але полымя хутка згасла. Усё — дзякуючы Божай літасці, вераць прыхаджане.

Убачыць кавалачак псеўдарускай архітэктуры можна не толькі ў Мінску, але і ў Баранавічах і Барысаве, Брэсце і Гародні, Гомелі і Магілёве... Найбольш удалымі творамі псеўдарускага стылю ў Беларусі лічацца мемарыяльны храм у вёсцы Лясной, капліца склепа Паскевічаў у Гомелі, Георгіеўская царква ў Чавусах, Васкрасенскі сабор у Барысаве (на фота ўнізе), Ільінская царква ў Оршы і сабор Трох Свяціцеляў у Магілёве .

Выбіраем цуд вобласці!

Сябры, нагадваем, што на сайце www.ng.by пачаўся абласны этап галасавання ў нашым праекце “Сем цудаў Беларусі”. Яго пераможцы змогуць у чарговым этапе прэтэндаваць на званне цуда краіны. Не лянуйцеся, заходзьце і стаўце адзнакі любым храмам, дрэвам, крыніцам... Ім неабходна ваша падтрымка! Самыя цікавыя і непаўторныя на ваш погляд аб’екты ўжо ў маі пачнуць барацьбу за званне ЦУДА ўсёй краіны!
-20%
-25%
-30%
-21%
-40%
-40%
-10%