Зміцер Лукашук,

Вядомыя беларускія поп-спевакі расказалі, на канцэрты каго з айчынных рокераў хадзілі і як паставіліся да ўнясення іх у “чорны спіс”

Нягледзячы на тое што сама працуе ў жанры папулярнай музыкі, Іна Афанасьева лічыць сябе рокерам у душы. Кажа, што выхоўвалася на песнях лепшых заходніх рок-выканаўцаў, пачынала працу на сцэне з рок-калектывам. І сёння, прызналася Еўрарадыё спявачка, любіць паслухаць песні “Крамы”.

Іна Афанасьева: “Мы некалі пачыналі разам. І я Ігара Варашкевіча вельмі добра ведаю. Адзін раз мяне “Крама” запрасіла на свой канцэрт-прэзентацыю, і я з задавальненнем прыйшла. І я б з задавальненнем хадзіла на канцэрты нашых выканаўцаў, калі б у нас была такая практыка запрашаць адно аднога на канцэрты”.

Вось толькі апошнім часам у краіне з’явілася іншая практыка - адмяняць з розных прычынаў канцэрты рок-гуртоў. Найперш тых, хто трапіў у чарговы так званы чорны спіс. Праўда, Іна Афанасьева лічыць, што справа тут не столькі ў нейкіх чорных спісах, колькі ў нежаданні арганізатараў канцэртаў і ўладальнікаў памяшканняў нармальна працаваць .

Іна Афанасьева: “Людзі, якія хочуць працаваць, - яны зробяць сваю працу. А тыя, хто не хоча, - яны будуць вам расказваць пра тое, што: “Вы ведаеце, нам забаранілі, вось нам даслалі спіс, вось нам прыйшоў ліст, а вось гэты прыйшоў з лістом”. Я не хачу пра гэта чуць! Я гэта чую цягам 10 гадоў. І еду працаваць туды, дзе мяне хочуць бачыць, дзе прадаюцца мае квіткі, а не туды, дзе мне расказваюць, што з нейкімі лістамі нехта прыехаў. Гэта глупства! Я ведаю: людзі, якія хочуць працаваць, зробяць сваю працу на 100%. Не хочуць - яны будуць расказваць розныя жахлівыя гісторыі пра тое, як ім забараняюць нешта рабіць!”.

І параіла музыкам з “чорнага спісу” упарта рабіць сваю справу, не зважаючы на любыя перашкоды.

Іграў рок-музыку ў свой час і Аляксандр Ціхановіч. Зараз, кажа, яму падабаецца J:Mopc, нават выступалі разам. І прызнаўся, што яму даводзілася сутыкацца з адменамі і забаронамі сваіх канцэртаў, “выпаданнем” з радыёэфіру па незразумелых прычынах песень. Таму не бачыць у гэтым нічога страшнага для айчынных рокераў з “чорнага спісу”.

Аляксандр Ціхановіч: “Нічога страшнага ў гэтым не бачу. Трэба працаваць і пісаць песні. А далей - як атрымаецца”.

Не згодны з такім меркаваннем фронтмэн гурта “Тяни-Толкай” Павел Клышэўскі. Кажа, што добра знаёмы з лідарамі “Нейра Дзюбеля” Аляксандрам Кулінковічам і “Палаца” Алегам Хаменкам. Таму вельмі негатыўна паставіўся да інфармацыі пра “чорны спіс”, куды трапілі гэтыя гурты.

Павел Клышэўскі: “Гэта вяртанне ў СССР, мне падаецца. І гэта не тое, што трэба адтуль цягнуць у сённяшні дзень. Такія спісы не патрэбныя. Творчым людзям паўсюль мусіць быць "зялёнае святло". Каб яны маглі самавыяўляцца і паказваць сваю творчасць людзям”.

Аня Шаркунова прызналася, што рокершай сябе не лічыць нават у душы. Але з захапленнем расказала пра сумесную працу з “Ляпісам Трубяцкім”, пра тое, як была на канцэрце “Палаца”.

Аня Шаркунова: “Што тычыцца канцэртаў “Ляпіс Трубяцкога”, то мне пашэнціла з імі працаваць. І гурта “Палац” канцэрт я наведвала. І яшчэ не раз гэта зраблю з вялікім задавальненнем. У “Крамы” музыка добрая. Я не ведаю, ці буду яе слухаць у машыне, але на канцэрт з задавальненнем бы схадзіла”.

Вось толькі верагоднасць таго, што бліжэйшым часам такой магчымасці ў яе можа не надарыцца, абурыла спявачку.

Аня Шаркунова: “Сумна, канечне, што такое адбываецца... Але я спадзяюся, што ўсё будзе добра. Усё вернецца на сваё месца, і час усіх рассудзіць. Любоў людзей і папулярнасць нічым не забараніць і не задушыць. І ўсе канцэрты нельга адмяніць”.

Спявак Саша Нэма расказаў Еўрарадыё, што ганарыцца знаёмствам з Алегам Хаменкам і бываў на канцэртах шмат каго з айчынных рокераў. А таксама з задавальненнем наведаў бы канцэрт таго ж “Палаца” ізноў. Прызнаўся, што мае і сваё меркаванне наконт “чорных спісаў”, і сваю палітычную пазіцыю. Але, кажа, нікому і ніколі іх не агучвае. А аддае перавагу песням пра каханне, пра каханне да кахання, удзелу ў канцэртах “За Беларусь” і ў падтрымку прэзідэнта. Адзінае, рызыкнуў выказаць меркаванне, што вядомым музыкам даведацца пра траплянне ў “чорны спіс” было, відаць, непрыемна. 
-40%
-40%
-15%
-10%
-10%
-10%
-50%
-10%
-50%