5 сакавіка 2011 года - 115 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Кандрата Крапівы – Кандрата Кандратавіча Атраховіча (1896–1991).

Здымкi павялiчваюцца



Кандрат Крапіва

Актыўная, разнастайная творчая і грамадская дзейнасць К. Крапівы – паэта-сатырыка, байкапісца, празаіка, драматурга, крытыка, вучонага, віцэ-прэзідэнта АН БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР – прынесла яму шырокую вядомасць не толькі ў сваёй краіне, але і далёка па-за яе межамі. Многія з яго неўміручых сатырычных твораў і сёння не страцілі сваёй актуальнасці, з’яўляюцца своеасаблівай школай мастацкага майстэрства.

Будучы пісьменнік нарадзіўся 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года ў в. Нізок Узденскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі мелі 6 дзесяцін зямлі і хацелі перадаць нажыты цяжкай працай набытак адзінаму сыну: з васьмярых дзяцей жывымі засталіся толькі сын Кандрат ды дачка Сцепаніда. Пачаткі ведаў К. Крапіва набываў ў царкоўна-прыходскай школе ў роднай вёсцы, потым – у народным вучылішчы ва Узде, Стаўбцоўскім і Койданоўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах.

Восенню 1913 года К. Крапіва экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і праз год атрымаў месца ў земскім народным вучылішчы ў в. Мнішана Пяршайскай вол. Мінскага павета, але ўжо ў жніўні 1915 года ён быў прызваны на вайсковую службу і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, а ў кастрычніку 1916 года адпраўлены на Заходні фронт, атрымаў баявое хрышчэнне ў Румыніі. У 1918 годзе К. Крапіва быў дэмабілізаваны, вярнуўся на радзіму, некаторы час настаўнічаў у пачатковай школе ў в. Каменка, што на Уздзеншчыне.. У 1919 годзе набыў новы сацыяльны статус – ажаніўся са сваёй сяльчанкай Аленай Канстанцінаўнай Махнач, але разам маладыя пражылі зусім нядоўга – у 1920 годзе К. Крапіву на тры гады мабілізавалі ў Чырвоную армію.



Справа налева: Атраховіч Кандрат Міхайлавіч (бацька), Кандрат Крапіва, Атраховіч Алена Канстанцінаўна (жонка), Барыс (сын), Махнач Канстанцін Фаміч (бацька жонкі). 1930 год.



Салдат царскай арміi. 1915 год.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся у родную вёску, працаваў на гаспадарцы, потым разам з сям’ёй пасяліўся ў в. Астравок, куды быў прызначаны настаўнікам пачатковай школы.

У маі 1925 года пераехаў у Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Актыўна ўключыўся ў літаратурны працэс. Ён – член літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” (1924–1926) і “Узвышша” (1926–1931). Менавіта ў гэты перыяд з’ўляюцца яго першыя літаратурныя зборнікі “Апавяданні”, “Асцё” і “Крапіва”. З 1926 па 1930 год К. Крапіва – студэнт літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педфака БДУ. З 1932 па 1936 год – загадчык аддзела ў рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”.



Пасведчанне аб заканчэнні ў 1930 годзе літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ.



“Асцё”. Першы друкаваны сборнік. 1925 год.

У перыяд з 1939 па 1940 год К. Крапіва быў ізноў прызваны ў армію, прымаў удзел ва ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР, потым – у ваенным канфлікце з Фінляндыяй.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны К.Крапіва працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, франтавой газеты Заходняга фронта “За Савецкую Беларусь”. З сакавіка 1943 года і да канца вайны быў адказным рэдактарам сатырычнага ілюстраванага выдання – газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.


К. Крапіва. 1941 год.



З сынам Барысам. 1942 год.



Беларускія пісьменнікі сярод дзяржаўных і палітычных дзеячаў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вайны на працягу двух гадоў займаў пасаду адказнага рэдактара сатырычнага часопіса “Вожык”.

Значны перыяд ў жыцці К.Крапівы звязаны з дзейнасцю ў Акадэміі навук Беларусі: з 1947 па 1951 год ён загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, з 1952 года – дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1956 годзе К. Крапіва быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, у 1982–1989 гадах працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

Кандрат Кандратавіч Крапіва адыграў значную ролю ў развіцці беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства: прымаў актыўны ўдзел у стварэнні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, быў навуковым рэдактарам “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” у 5 тамах, узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, займаўся пытаннямі выпрацоўкі тэрміналогіі ў розных галінах навукі. К. Крапіва – аўтар шматлікіх даследаванняў па праблемах развіцця беларускай мовы і літаратуры. Асаблівую увагу надаваў вывучэнню тэарэтычных аспектаў у галіне драматургіі. Адзін з напрамкаў яго дзейнасці быў звязаны з выхаваннем маладых навуковых кадраў.

За вялікія заслугі ў развіцці беларускай навукі ў галіне мовы і літаратуры К. Крапіве было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі (1978), ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі (1971). Імя К. Крапівы носіць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Сваю шматгранную навуковую дзейнасць К. Крапіва арганічна спалучаў з актыўнай грамадскай працай. У 1946 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 1–й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947–1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, уваходзіў у розныя грамадскія аб’яднанні.



З членамі беларускай дэлегацыі на І-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Лондане. 1946 год.

Але ж перадусім найбольшую вядомасць, сусветную славу К. Крапіве прынесла літаратурная праца, у якой яго разнастайны талент высвеціўся найбольш грунтоўна і яскрава. У 1956 годзе К.Крапіва быў удастоены звання народнага пісьменніка Беларусі, тройчы адзначаўся Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР: за п’есы “Хто смяецца апошнім”(1941), “Пяюць жаваранкі”(1951), камедыю “Брама неўмiручасці”(1974). У 1975 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Распачаўшы свой творчы шлях у 1922 годзе з вершаванага фельетона ў “Красноармейской правде”, К. Крапіва вырас у сапраўднага пісьменніка – таленавітага і рознабаковага, якому была падуладна і паэзія, і проза, і драматургія.

Яго пяру належыць незавершаны раман “Мядзведзічы”, прысвечаны жыццю беларускага сялянства канца 1920-х гадоў, які быў надрукаваны асобнай кніжкай у 1932 годзе, сатырычныя апавяданні.

К. Крапіва – прызнаны майстра сатырычнага жанру, з дапамогаю якога пісьменнік здолеў прафесійна і эмацыянальна выкрыць многія негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, узбагаціў айчынную і сусветную літаратуру ёмістымі, яркімі, запамінальнымі вобразамі.



"Наўздагон за модаю". Сатырычны верш. Аўтограф. 1964 год.

Значнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры займае драматургія К. Крапівы. Менавіта ў гэтым жанры ён сказаў сваё самабытнае важкае слова і тым самым падняў на новую вышыню айчынную драматургію, а некаторыя яго творы ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай і замежнай камедыяграфіі і сённяшняга часу яшчэ не страцілі сваёй актуальнасці. Пасля напісання ў 1933 годзе першай п’есы “Канец дружбы”, па словах пісьменніка, ён “грунтоўна “заграз” у драматургіі на шкоду іншым жанрам”. К. Крапіва – аўтар п’ес “Партызаны”, “Хто смяецца апошнім”, “Проба агнём”, “Валодзеў гальштук”, “Мілы чалавек”, “З народам”, “Пяюць жаваранкі”, “Зацікаўленая асоба”, “Людзі і д’яблы”, “Брама неўміручасці”, “На вастрыі”. Яго творы ставіліся многімі тэатральнымі калектывамі, а п’еса “Пяюць жаваранкі” была экранізавана на кінастудыі “Беларусьфільм”.



Эпіграмы. Аўтограф. 1970-я гады.



"Брама неўміручасці". 1973 год.



Пісьмо загадчыка літаратурнай часткай тэатра імя Я.Вахтангава. 1952 год.

К. Крапіва – сусветна вядомы байкапісец. Яго высокамастацкія байкі, што склалі шматлікія зборнікі, набылі шырокую папулярнасць, перакладаліся на многія мовы народаў свету.

Дзейнасць К. Крапівы-перакладчыка адлюстравана ў яго перакладах твораў такіх вядомых майстроў мастацкага слова, як Д. Фанвізін, І. Крылоў, А. Пушкін, М. Гогаль, А. Астроўскі, А. Чэхаў, Т. Шаўчэнка, Я. Гашак і інш.

К. Крапіва пражыў доўгае, насычанае разнастайныміі падзеямі жыццё (памёр 7.01.1991, пахаваны на Усходніх могілках.). Ён пакінуў пасля сябе велізарную духоўную спадчыну і добры, цёплы ўспамін.



П. Броўка, Я. Колас, К. Крапіва, А. Куляшоў. 1948 год.



У кругу сям’і. 1950-я гады.



Віншавальны адрас рэдакцыі часопіса “Вожык” у сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння К.Крапівы. 1956 год.



Кандрату Крапіве – 80!

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) разам з разнастайнай друкаванай літаратурнай і навуковай спадчынай Кандрата Крапівы зберагаецца і яго асабісты архіў.

Матэрыялы падрыхтавалi Т. Жук, М. Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

TUT.BY – рукапісы не гараць… 
-10%
-10%
-30%
-10%
-10%
-50%
-10%
-10%
-20%